заця́ць, затну, затнеш, затне; затнём, затняце; пр. зацяў, ‑ла, ‑ло; зак., што.

1. Заціснуць, сцяць. Зацяць зубы. Зацяць вусны. □ Маці будзіць жаць, Але сон зацяў твае павекі... Глебка. // перан. Затаіць у сабе, у душы. Відавочна было, што пытанне гэтае, аб якім з самага пачатку ўсе думалі, турбаваліся.., прымусіла цяпер усіх зацяць у душы балючы, трывожны сум. Быкаў. // перан. Прыпыніць, сцішыць, зрабіць нячутным (дыханне). Іван зацяў дыханне, стараючыся як найлепей пацэліць, і, трошкі не падпусціўшы сабаку да каменя, стрэліў. Быкаў.

2. Пазбавіць магчымасці дыхаць, гаварыць. Увайшоўшы ў бацькаў пакой, .. [Сашка] не выгаварыў ні слова, быццам паралюш зацяў яму мову. Чорны. / у безас. ужыв. Вада была такая халодная, што ў Ніны зацяло дыханне. Мележ. // безас. Разм. Адняць мову, голас. Бабы змоўклі адразу, як зацяло ім. Чорны.

•••

Няма за што рук (рукі) зацяць (зачапіць) — нічога няма, няма чым заняцца. [Сярмяжка:] — Паглядзеў я, хлопча, што сумна табе, няма за што рукі зацяць. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зба́віць 1, збаўлю, збавіш, збавіць; зак., што.

1. Адняць (якую‑н. частку) ад агульнай колькасці, вагі і пад. Збавіць кілаграм вагі.

2. таксама чаго. Зменшыць велічыню або колькасць чаго‑н.; убавіць. Збавіць цану. Збавіць крок (пайсці цішэй). Збавіць вагі, у вазе (пахудзець). □ Нам нічога не аставалася, як толькі збавіць ход, каб ненарокам не перакуліць лодку. Сачанка. // Зменшыць сілу чаго‑н.; аслабіць, знізіць. Збавіць тон. □ Калі абставіны склаліся так, што Дарошку не давялося ўключыцца ў другі тур конкурсу, юнак не збавіў тэмпаў, не пачаў працаваць горш. Арабей.

•••

Збавіць газ — зменшыўшы наступленне гаручага, сцішыць ход машыны.

зба́віць 2, збаўлю, збавіш, збавіць; зак., каго-што.

Памагчы пазбегнуць каго‑, чаго‑н.; пазбавіць, вызваліць ад каго‑, чаго‑н. Збавіць ад бяды. Збавіць душу ад пакут. □ Адзіны выхад іх ад смерці збавіць — У час зацішша з крэпасці адправіць. Бачыла.

•••

Божа збаў гл. бог.

зба́віць 3, збаўлю, збавіш, збавіць.

Зак. да бавіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпыні́ць, ‑пыню, ‑пыпіш, ‑пыніць; зак., каго-што.

1. Спыніць рух каго‑, чаго‑н. на некаторы час. Сцяпан прыпыніў машыну, і Рыгор, шчыра падзякаваўшы хлопцу, вылез з кабіны. Краўчанка. На Залессі, каля Цімохавага стажка, прыпынілі статак. Колас. // Сцішыць, зменшыць скорасць хады, руху. Прыпынілі і коні хаду ля яе [дзяўчыны], ад здзіўлення застыў падзішах на сядле. Дубоўка.

2. Перастаць рабіць што‑н., спыніць што‑н. на некаторы час. Старыя прыпынілі нейкую сваю гаворку і абое глядзелі на Зосю. Крапіва. [Косця] прыпыніў нараду і заявіў, што зараз жа пойдзе да дырэктара. Карпюк. Пакуль ён апамятайся, у памяшканні засталіся толькі брыгадзір, некалькі мужчын ды хлопцы — шахматысты. Апошнія нават прыпынілі гульню. Кулакоўскі.

3. Разм. Кончыць рабіць што‑н., управіцца з чым‑н. А дома з дзецьмі была маці. Яе жаночая работа І гэта вечная турбота То каля печы, то на полі, Сказаць, не зводзіцца ніколі. Адно прыпыніш — там другое, Глядзіш, як бачыш, набяжыць. Колас.

4. Даць прыпынак, прытулак, схованку. Спяшаліся сеяць, спяшаліся хаваць, спяшаліся прыпыніць худобу па мала вядомых выспах, па недаступных астравах. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каро́на, ‑ы, ж.

1. Галаўны ўбор з каштоўнымі ўпрыгожаннямі, які з’яўляецца знакам улады манарха. Царская карона. □ Жыў ды быў найлюты цар, Той краіны ўладар. У залатой сваёй кароне Ён сядзеў сабе на троне. Якімовіч. // Адбітак, малюнак падобнага прадмета па гербах, ордэнах і пад. Усе леснікі былі ўжо ў зборы, У лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі, На шапках «Н» было з каронай. Колас. Эмблемай, адметным знакам царскай юстыцыі была карона на падстаўцы з надпісам «Закон». Г. Кісялёў. // перан.; чаго. Аб прадмеце падобнай формы, падобнага выгляду. Калі хто-небудзь сцішыць мог Той боль, што я з тугою нёс, Дык гэта ты — зямны мой бог З каронай сонечнаю кос. Кірэенка. / у знач. прысл. каро́най. Дзяўчына паправіла рукой тугія бялявыя косы, што каронай ляжалі на галаве. Васілёнак.

2. перан. Улада манарха. Адрачыся ад кароны. Прыняць карону. // Дзяржаўная ўлада ў манархічнай краіне. Ходзіць май па свеце, Сцяг яго чырвоны Патрасае грозна Троны і кароны. Купала. Тут пад ярмом кароны жыў, Цярпеў галечу, крыўду, здзек І чалавекам век не быў Забіты горам чалавек. А. Александровіч.

3. Тое, што і крона ​1. Пад каронай — Парасонам Ліпы пышнай і зялёнай — Адзінокі колас жыта Рос замкнёна і забыта. Колас. Уверсе ж кароны старых хвой, сходзячыся з двух бакоў сценкі, спляталі жывы полаг. Гартны.

4. Светлы арэол вакол Сонца, бачны ў час сонечнага зацьмення. Сонечная карона.

•••

Карона з галавы не зваліцца (не спадзе) — гонар не будзе закрануты, аўтарытэт не паменшае.

[Ад лац. corona — вянок.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту́хнуць1 ‘пераставаць гарэць, свяціць’, ‘гаснуць’ (Некр. і Байк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ, ТС, Варл.): его зорка тухне (Сержп. Прымхі), ‘слабець, памяншацца’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Некр.), ‘спадаць (пра пухліну)’, ‘змяншацца’ (беласт., Сл. ПЗБ), ту́хнуті ‘гаснуць’ (Вруб.). Параўн. укр. ту́хнути ‘гаснуць’, ‘спадаць (пра пухліну)’, рус. ту́хнуть ‘гаснуць’, стараж.-рус. потухнути ‘патонуць’, ‘сціхнуць’; ц.-слав. потухнѫти ‘спадаць (пра пухліну)’; польск. tęchnąć ‘тс’, чэш. tuchnouti ‘гаснуць’, ‘губляцца, знікаць’, мар.-славац. duchnúť ‘гаснуць’. Прасл. *tuxnǫti, другаснае *tǫxnǫti ‘спадаць, змяншацца’ знаходзіцца ў сувязі з каўзатывам прасл. *tušitiсцішыць, супакоіць, прыглушыць, прыгасіць’ (гл. тушы́ць) (Борысь, 630; Сной₂, 790); параўноўваюць з роднаснымі формамі літ. tausýtis ‘сціхаць (аб ветры)’, прус. tusnan ‘спакойны’, ст.-ірл. ‘ціхі, маўклівы’ (< *tauso‑), ст.-інд. tōṣáyati ‘заспакойваецца’, авест. tušňa‑, tušni‑ ‘ціхі’ (Фасмер, 4, 128; Махэк₂, 660; Скок, 3, 528; Трубачоў, Этимология–1965, 61; ЕСУМ, 5, 687).

Ту́хнуць2 ‘загніваць і непрыемна пахнуць’ (ТСБМ, Касп.), ‘тхнуць, гніць’ (Некр. і Байк.), ‘смярдзець, псавацца’ (Яруш., Гарэц.), ‘выдаваць смурод (ялавічына, рыба і інш.)’ (Нас., Бяльк.), ту́хнуці ‘тс’ (беласт., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ту́хнути ‘псавацца, рабіцца нясвежым’, рус. ту́хнуть ‘псавацца, пратухаць’, польск. tęchnąć ‘тс’, чэш. tuchnouti ‘тс’, славац. tuchnúť ‘тс’, в.-луж. tychnuć ‘пратухаць’, харв. tuhnuti ‘смярдзець, пахнуць гніллю’, серб. тукнути ‘тс’, славен. túhniti, tóhniti ‘смярдзець’. Разглядаецца як вытворнае ад папярэдняга слова з развіццём значэння ‘гаснуць, слабець, спадаць’ > ‘псавацца з-за адсутнасці праветрывання, плеснявець, смярдзець’ (Янышкава, Prasl. dijalektizacija, 117, гл. таксама Борысь, 631, інакш — Махэк₂, 660, які бачыў у гэтых формах незалежныя амонімы). Меркаванне аб розным паходжанні тухнуць1 і тухнуць2 прапануецца ў Фасмер, 4, 128; Арол, 4, 122; процілеглыя думкі пра паходжанне слоў у Бязлай (4, 244) дэманструюць Сной: прасл. *tъxnǫti ‘згаснуць’ > ‘набыць слабы пах’ з другасна назалізаваным *tǫxnoti, і Фурлан: прасл. *tuchъ ‘смурод, задуха’ звязвае з прасл. *tukati ‘таўчы, біць’, што параўноўваецца са славен. udárati ‘смярдзець, пахнуць чым-небудзь’; да апошняга гл. тухляк у розных значэннях.

Ту́хнуць3 ‘спаць (гаворыцца з пагардай)’ (Нас., Рэг. сл. Віц.), ‘доўга спаць’ (Васільковая сп., Мат. Гом., Мат. Маг.), ‘спаць беспрабудна’ (Варл., Некр.), сюды ж то́хнуць ‘спаць, задаючы храпака’ (Нас.), тухля́ць ‘доўга спаць’ (Сцяшк. Сл.), ту́хляць ‘ляжаць, пазбягаць працы, валяцца’ (Зайка Кос.), тухля́к (tuchlák) ‘соня, сонька’ (ваўк., Федар. 4). Параўн. рус. смал., пск. ту́хнуць ‘спаць’. Відавочна, рэгіянальны экспрэсіўны наватвор на базе тухнуць1 ‘супакойвацца’, таго ж паходжання рус. смал. вы́тухнуться ‘выспацца’ (Анікін, РЭС, 9, 205). На экспрэсіўны характар слова паўплывала таксама тухнуць2 і тухлы (гл.), параўн. укр. аргат. пу́хнути ‘спаць’ (Горбач, Арго школярів).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

трапята́ць, ‑пячу, ‑печаш, ‑печа; незак.

1. Пастаянна рухацца, варушыцца, дрыжаць. У выбоінах асфальту зашэрхлі сінім ільдом лужынкі, на дрэвах інстытуцкага сквера трапятала на ветры ўцалелае жоўтае лісце. Навуменка. Гнуліся галіны арабіны пад цяжарам яшчэ зеленаватых ягад, трапятала даўгаватае лісце ясеня. Гурскі. // Развявацца. Калі былы марак прыходзіць На карабель, ён сцішыць крок І пры любой, як ёсць, пагодзе Зірне спачатку на флагшток, Дзе сцяг трапеча бела-сіні, Нібыта пеніцца вада. Жычка. На ветры хусткі трапяталі жанчын увішных, і здалёк Здавалася, што краскі ўсталі. Гаўрусёў. // Мігаць, мільгаць (пра агонь, святло і пад.), няроўна гарэць. А я ўсё гляджу, як трапеча далёка Агонь непагасны. Панчанка. За шырокімі вокнамі толькі трапяталі ўдалечы радасныя агеньчыкі... Мележ. У ліхтарах агні трапечуць! Колас. // Пастаянна трэсці, дрыгаць чым‑н. Вясёлы шпак трапеча крыльцамі, спявае сонцу сваю гуллівую песню. Брыль. Стасюк трапятаў нагамі, вырываўся, весела рагатаў. Чорны.

2. Быць ахопленым хваляваннем, неспакоем і пад. І не валодаю сабою, Гляджу — не бачу і маўчу, Ты, можа, пагарджаеш мною, А я ад шчасця трапячу. Астрэйка. І калі неба залівае зарава пажараў, .. [Цімох Будзік] любуецца справаю сваіх рук і, бачачы, як гіне ў агні чарговае асінае гняздо яго адвечных ворагаў, трапеча ад радасці. Карпаў. Душа .. [Шмульке] трапятала страхам адказнасць перад суайчыннікамі. Лынькоў. // перан. Ледзь прыкметна праяўляцца (пра думку, усмешку і пад.). Толькі недзе падсвядома трапятала горкая думка, што нельга ўмяшацца і змяніць ход падзей. Шыцік. На вуснах яе трапятала і было не ў сілах сарвацца адно ціхавейнае слова. Багдановіч. // Узмоцнена, часта біцца з прычыны хвалявання, неспакою і пад. (пра сэрца). Сэрца ў грудзях не б’ецца, а трапеча, уздрыгвае, як параненая птушка. Гамолка.

3. Моцна баяцца каго‑, чаго‑н.; быць нясмелым, баязлівым перад кім‑, чым‑н. Сярожа быў атаманам, перад ім трапяталі, яго паважалі. Шашкоў. Трапятала жывёла, Дрыжэлі звяры, І даніну пушнінай Плацілі яму [мядзведзю]. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)