аўра́л, ‑у, м.

1. Сумесная работа на марскім судне, у якой удзельнічае ўся каманда.

2. перан. Празмерна спешная работа ўсяго калектыву, выкліканая адсутнасцю планамернасці ў працы. Па вадзе, падкасаўшыся, бегалі хлапчукі і дзяўчаткі, будавалі земляныя «плаціны». Але вада рвала іх, і тады аб’яўляўся аўрал: крычалі, папракалі адзін аднаго, камандавалі. Шамякін. Для мар і спрэчак ночы не хапала, а ў дзверы грукаў раніцай прафорг. — Выходзь, навукі геніі, аўралам ад утылю ачысцім двор! Русецкі.

[Англ. over all — наверх усе.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абшчы́на, ‑ы, ж.

1. У дакласавым і як перажытак у класавым грамадстве — форма аб’яднання людзей, якой характэрна калектыўная ўласнасць на сродкі вытворчасці, сумесная праца з ураўняльным размеркаваннем, а таксама частковае або поўнае самакіраванне. Першабытная абшчына. Сямейная абшчына. Сялянская абшчына. □ Рускія рэвалюцыянеры-дэмакраты хоць і былі сацыялістамі-утапістамі, бо марылі перайсці да сацыялізма праз сялянскую абшчыну, мінаючы капіталіам, аднак яны карэнным чынам адрозніваліся ад сацыялістаў-утапістаў Заходняй Еўропы. Ларчанка.

2. Добраахвотнае аб’яднанне для сумеснай дзейнасці; брацтва, садружнасць, арганізацыя. Раскольніцкая абшчына. Абшчына хрысціян.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каланты́рыць ’выпрошваць, клянчыць’ (Бяльк., Нас.), калантырыцца ’тс’. Рус. смал. колотырить ’тс’, арл., бран., смал., арханг. колотырник ’чалавек, які выпрошвае, клянчыць’. Магчыма, сумесная бел.-рус. інавацыя, генетычна да колотить ’калаціць’, параўн. валаг., вяц. колотиться ’прасіць’, алан. ’жабраваць’. Развіццё семантыкі не вельмі яснае, магчыма, калаціцца ’трэсціся’ > ’скнарнічаць’ > ’таргавацца > выпрошваць, жабраваць’. Утворана з экспрэсіўным суфіксам; Праабражэнскі (1, 337–338) меркаваў адносна рус. колотырить, што слова ўтворана ад колотыра колотить, семантыку якога праясняе «денежки сколачивать», колотить копейки. Такі варыянт тлумачэння, асабліва з боку семантыкі, не вельмі пераконвае. Адносна ўтварэння параўн. яшчэ калантыр.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́бра ‘талака, калектыўная дапамога’ (карэл., кліч., бялын., мазыр., ДАБМ, камент., 905). Рус. валаг., алан. себра́ ‘праца грамадой, сумесна; талака’. Даль (4, 169) узводзіць да сябр (гл. сябар). Рус. слова сумесна з алан. себра́, сябра́, ся́бра ‘абшчына, арцель, сумесная справа’ разглядалі як запазычанне з вепск. sebr‑ (sebra‑) ‘калектыўная праца’; гл. Фасмер, 3, 586. Трубачоў (История терм., 165) усе гэтыя словы звязвае са слав. *sębrъ ‘сябра’. Фрэнкель (768–769) лічыць магчымым балцкае паходжанне: параўн. літ. sébras ‘саўдзельнік, супольнік’, лат. sēbrs ‘сусед, прыяцель’. Лаўчутэ (Балтизмы, 148) балцкае паходжанне слова разглядае як недостаткова аргументаванае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сачэ́нь ’выраб з кіслага або прэснага цеста ў выглядзе тоўстага бліна без начыння’ (ТСБМ, Нас., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Мядзв., Малч., Шн. 3, Нар. сл.), сачэ́нь, сашэ́нь ’тс’ (Сл. ПЗБ), паўн.-усх. сачэ́нь, цацэ́нь, чачэ́нь (Цыхун, Бел.-рус. ізал., 90), сачэ́нь ’буханка хлеба, абкачаная ў муку’ (рас., Шатал.), ст.-бел. сачень ’праснак’ (Ст.-бел. лексікон). Рус. паўн.-усх., усх. со́чень ’від перапечкі на канапляным алеі’, пск. соче́нь ’перапечка’, смал. саче́нь, сачни́ ’бліны’. Ад сок1 (гл.), гл. Міклашыч 313; Фасмер, 3, 730. Сумесная беларуска-руская інавацыя з цэнтрам на рускай тэрыторыі; гл. аб гэтым Цыхун, там жа, 90.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

змацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.

1. Моцна злучыць адно з другім, далучыць адно да другога пры дапамозе чаго‑н. Змацаваць бярвёны скабамі. □ Аставалася галоўнае — змацаваць абедзве палавіны фермы на самым вільчаку будучага дома. Карпаў. // Склеіць, звязаць вяжучым рэчывам. Змацаваць цагліны цэментам. // перан. Зрабіць моцным, непарушным. Сумесная барацьба з агульным ворагам яшчэ больш змацавала адзінства савецкіх людзей усіх нацыянальнасцей. «Звязда».

2. Засведчыць подпісам ці пячаткай які‑н. дакумент. Сяляне рушылі да стала і мазолістымі загрубелымі пальцамі выводзілі свае прозвішчы ці проста стаўлялі крыжыкі, а нарэшце паперу змацаваў пяча[ткай] стараста Бабіч. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Супрага ’аб’яднанне цяглавай жывёлы гаспадароў для сумеснай работы’ (беласт., У новай айчыне, Беласток, 2001, 32), су́праж, су́пражка ’прыпрэжка’ (Нас.), су́пражка ’тс’ (Байк. і Некр.), сюды ж супра́жнік ’напарнік па працы, супольнай апрацоўцы зямлі’ (Сцяшк., Скарбы), супрага́нё ’аб’яднанне гаспадароў для сумеснай апрацоўкі зямлі’, супрага́цца ’аб’ядноўвацца для сумеснай апрацоўкі зямлі’ (слонім., ЖНС), супра́жыць ’апрацоўваць суполкай зямлю’ (Скарбы), супра́гай ’парай коней’ (беласт., Сл. ПЗБ). Укр., рус. супрягасумесная апрацоўка зямлі некалькімі гаспадарамі’, укр. яшчэ ’прыпрэжка’, таксама су́пряж ’тс’, супря́жник ’той, хто сумесна з кім-небудзь працуе на запрэжаных жывёлах’, серб.-харв. дыял. suprežnik ’тс’. Борысь (Prefiks., 113) разглядае гэтыя лексемы як аддзеяслоўныя дэрываты ад *sǫ‑pręgti (гл. прэгці) — магчыма, ужо ў асобных славянскіх мовах, улічваючы розную суфіксацыю і значэнні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

удзе́л 1, ‑у, м.

Сумесная дзейнасць пры выкананні чаго‑н., супрацоўніцтва. Прыняць удзел у выбарах. □ Маршрут паходу быў вызначан Букрэем і дзедам Талашом пры жывым удзеле паўстанцаў-партызан. Колас. Міколкавы прыгоды надалей доўга абыходзіліся без удзелу дзеда Астапа. Лынькоў. // Непасрэдныя адносіны, дачыненне да чаго‑н. Давесці ўдзел у злачынстве. // Наяўнасць, прысутнасць чаго‑н. у чым‑н. На ўдзелу голасу і шуму зычныя падзяляюцца на санорныя і шумныя. Юргелевіч.

удзе́л 2, ‑а, м.

Гіст. На Русі 12–16 стст. састаўная частка буйных вялікіх княстваў, якая кіравалася членам велікакняжацкай сям’і; удзельнае княства. Зямля Полацкая была багатая і адчувала сілу, каб не лічыць сябе дробным удзелам, пазбаўленым пэўнай аўтаноміі. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)