асу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Паступова апусціцца ўніз, асесці; спаўзці. І застагнала вёска, затрашчалі трухлявыя перакладзіны зрубаў, асунуліся на зямлю саламяныя стрэхі. Бажко. Глянуў угару Тараска, на сосны. А на галінах — поўна снегу. Вісіць глыбамі. Вось-вось асунецца ўніз. Юрэвіч.

2. Паволі апусціцца (пра чалавека або пра жывёлу); зваліцца, асесці. І толькі за поўнач.. [Геня] млява асунуўся на зямлю і заснуў моцным сном спрацаванага чалавека. Якімовіч.

3. перан. Моцна схуднець (пра твар або пра чалавека са схуднелым тварам); змарнець. [Ян Стафанковіч] з выгляду вельмі намнога пастарэў, асунуўся, стаў сухі і здаецца, яшчэ даўжэйшы, як быў. Чорны. Твар яе [Калістрыхі] пацямнеў, асунуўся. Пташнікаў. Ад цяжкіх думак і гора за цэлы дзень бедалага асунуўся, пахуднеў і на захадзе сонца ледзьве давалокся да вёскі следам за каровамі. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

съе́хать сов.

1. в разн. знач. з’е́хаць, мног. паз’язджа́ць; (сдвинуться, сползти — ещё) з’е́хаць, спаўзці́, ссу́нуцца;

съе́хать с горы́ з’е́хаць з гары́;

съе́хать с доро́ги з’е́хаць з даро́гі;

ша́пка съе́хала на́ ухо ша́пка з’е́хала (спаўзла́, ссу́нулася) на ву́ха;

2. (уехать) вы́ехаць, мног. павыязджа́ць, з’е́хаць, мног. паз’язджа́ць;

съе́хать с кварти́ры разг. вы́ехаць (з’е́хаць) з кватэ́ры;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

шу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Адразу, адным прыёмам зрабіць што‑н. Каб не давялося потым наракаць на сябе, яна [Юля] тут жа шухнула ў печ з вядра — вуголлі зашыпелі. Гроднеў. // Нечакана, раптоўна паваліцца. Стаяць нязручна, умошчваюся прысесці і чуць не шухнуў вобземлю. С. Александровіч.

2. Хутка абваліцца, асыпацца, спаўзці, з’ехаць куды‑н. Зямля шухнула ў дзірку і ледзь не засыпала мяне. Сачанка. Раптам зверху на яго [Петрыка] шухнула салаш. Гілевіч.

3. Надысці, настаць, прыйсці (пра якую‑н. з’яву, надзею). Пасля свята раптоўна шухнула адліга. Савіцкі.

4. Выехаць, выбыць адкуль‑н. [Галасок:] — Ды яно так і будзе, як Вербец кажа: з сваёю брыгадаю яны заробяць. Горад будуецца. І я прашу вас, таварыш старшыня, прыміце меры, бо ўслед за імі і ўся мая брыгада шухне. Савіцкі.

5. Рэзка, нечакана, з сілай падзьмуць, павеяць. Шухне [вецер], Аж самлееш, на нагах ты, Водар мяты і сасновых смол. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ссу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Зрушыцца з месца, перамясціцца, спусціцца куды‑н. Ваня неахвотна ссунуўся з куфра, папаў нагамі ў галёшы, пашлёпаў. Карпюк. На досвітку ссунуўся [Даніла] з печы, пачаў хадзіць з кута ў кут па хаце. Кулакоўскі. [Сяргей Карага] ціхенька ссунуўся з мяжы ў разору. Колас. Нічога не гаворачы, Сымон закруціўся ў світку і па сыпкім снезе з ехаў пад мост, Амяллян следам пусціў пілу і ссунуўся сам. Грахоўскі. // Сунучыся, з’ехаць набок. Калоды ссунуліся на адзін бок, і сані збілі з ног Данілу. Пальчэўскі. // Ідучы, едучы, трапіць куды‑н. Ідзеш, ідзеш па вуліцы і раптам ссунешся ў яр. Лужанін. Адна машына ссунулася колам у кювет, стаяла нахіліўшыся. Мележ.

2. Сунучыся, упасці адкуль‑н., з чаго‑н. Чарапіца з хрыбта страхі, відаць, ад выбуху, ссунулася. Алешка.

3. Рухаючыся, наблізіцца. Дзеці ссунуліся цясней адзін да другога. // Насупіцца, нахмурыцца (пра бровы). Але вось за акном з’явіліся руіны — сляды нядаўняй вайны, і твар таты спахмурнеў, сурова ссунуліся бровы. Бяганская.

4. Расслабіўшыся, з’ехаць, спаўзці ўніз, набок. Капюшон плашча ў вартавога ссунуўся з галавы, і Нова з радасцю пазнаў салдата Азёрнага. Хомчанка. Хустка яе ссунулася на вочы, і Арына нічога не бачыла, акрамя ступы і жоўтых у ёй кіяхоў. Ракітны. Вінты з раненай рукі ссунуліся ўніз,.. [Зыгмунт Асядовіч] гэтага не заўважыў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з’е́хаць, з’еду, з’едзеш з’едзе; зак.

1. Едучы, спусціцца адкуль‑н. З’ехаць з гары на санках. □ З гары аж да моста з’ехалі лёгка і нячутна. Пташнікаў. // Саслізнуць, ссунуцца ўніз. [Ірынка] ўжо некалькі разоў з’ехала па лесвічных парэнчах, і ўсё было добра. Арабей.

2. Едучы, павярнуць куды‑н. З’ехаць з дарогі. □ Машына з’ехала ўбок і перавярнулася пад адкос. Чорны.

3. Выехаць, паехаць адкуль‑н. (звычайна далёка або надоўга). Сама Галя ніяк не магла заснуць. Думала: а чаму б ім сапраўды не з’ехаць туды, дзе іх ніхто не ведае, з’ехаць ад гэтай паняверкі, ад косых позіркаў. Сабаленка. [Мая] сабралася і пайшла да сваіх сябровак, але з палавіны дарогі вырашыла вярнуцца, забраць небагатыя рэчы і з’ехаць куды-небудзь. Дуброўскі.

4. Ссунуцца са свайго месца; збіцца, спаўзці. Шапка з’ехала на патыліцу. □ Белая хустка, завязаная пад барадой, з’ехала на шыю. Васілевіч. // Асунуцца, апусціцца ўніз. Грузным мяшком бандыт з’ехаў пад абгарэлы пянёк, адну руку падкурчыўшы пад сябе, а другой хапаючыся за прыламаныя галінкі. Кірэенка. [Зося] хацела апусціцца на лаву, страціўшы яснасць думак — што рабіць, і з’ехала на зямлю. Чорны.

5. перан. Разм. Непрыкметна, паступова перайсці на другую тэму, тон і пад. (у гутарцы, пісьме і пад.). Але пан Богут з’ехаў з тону І ўжо гаворыць чуць мякчэй. Колас.

6. каго або каму. Груб. Моцна, з размаху ўдарыць. Лезе пан да Бандароўны, Ўвесь гарыць, бы ў жары: Тая, жартаў не пазнаўшы, З’ехала па твары. Купала.

7. Разм. Пахудзець. З’ехаць на шыла. З нар. // Спасці, знікнуць (пра тлустасць). Як цяжка папрацаваў, дык сала з яго і з’ехала.

•••

З глузду з’ехаць — страціць розум, развагу; адурэць, звар’яцець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)