трафарэ́т, ‑а і ‑у, М ‑раце, м.
1. ‑а. Пласцінка з металу, кардону, фанеры і пад. з прарэзанымі літарамі, малюнкамі, прызначанымі для нанясення падпісаў на плакаты, малюнкаў на сцены і пад. Трафарэт для плакатаў. // Малюнак, літары і пад., зробленыя з дапамогай такога прыстасавання. Пагоны з жоўтымі трафарэтамі вучылішча акуратна сядзелі на .. плячах [Васіля]. Алешка.
2. ‑у; перан. Раз і назаўсёды прыняты ўзор каго‑, чаго‑н., якога слепа прытрымліваюцца; шаблон. І тут уладальнік шаноўнай лысіны не то што разгубіўся, а праваліў сябе, бо не змог выйсці з прызвычаенага трафарэту сваіх выступленняў. Лынькоў.
[Ад іт. traforetto — прадзіраўленае.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шабло́н, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а. Прылада ў выглядзе лекала, патрона і інш., па якой штампуюцца аднолькавыя па форме, памеру і пад. вырабы. Выразаць шаблон. □ Выконваючы першую самастойную работу, .. [Міхал Гуд] раптам прапанаваў зрабіць металічны шаблон для раздзелкі карнізаў унутраных вуглоў будынкаў. Харкевіч. // Прыстасаванне, інструмент для праверкі правільнасці формы і памеру гатовых вырабаў. Разьбовы шаблон. Радыусныя шаблоны. □ Напарніца Ніны Валянціна Пархоц бярэ цэлулоідны празрысты шаблон і накладае на экран. «Маладосць».
2. ‑у; перан. Неадабр. Агульнавядомы, збіты ўзор, які слепа пераймаюць; штамп. [Захараў:] — Нас, членаў бюро, непакоіць, што ў вас пачаў выпрацоўвацца трафарэт, шаблон у рабоце. Сіўцоў. Можна было б пахваліць аўтара [А. Вярцінскага] і за разнастайнасць саміх тыпаў верша, якімі ён карыстаецца: тут і класічная рыфмаваная сілаба-тоніка, і белы верш, і верлібр. У гэтым таксама відаць імкненне быць арыгінальным, пазбягаць аднапланавасці і паэтычных шаблонаў. Бугаёў.
3. ‑а. Спец. Чарцёж архітэктурнай дэталі ў натуральную велічыню.
[Ням. Schablone.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ста́так, ‑тка, м.
1. Жывёлы, часцей аднаго віду, якія пасуцца або ўтрымліваюцца разам, гуртам. Хлапчук летам пасвіў вясковы статак, лазіў з ім па балотах, каб схаваць ад варожага вока. Капусцін. [Хмялеўскі:] — Калісьці тут [у дуброве] коз было да халеры. Статкамі хадзілі, а цяпер рэдка дзе ўбачыш. Чарнышэвіч. // Наогул вялікая колькасць якіх‑н. звяроў, птушак; чарада. Статак кароў, свіней у Літвінаве пераваліў перад вайной за тысячу галоў. Навуменка. Хто яго тут [у лесе] пакінуў, Гэта рэха жывое? Можа статак ласіны, Ідучы з вадапою? Кірэенка. Спалоханы .. грукатам [танкаў], аднекуль з гародаў шугае ў паветра вялізны, на паўнеба, статак вераб’ёў. Быкаў. Я потым бачыў, як качыны статак валюхаўся па полі — белы-белы. Хомчанка. / у вобразным ужыв. На шчасце наша, на шляху Сустрэлі статак хвой. Астрэйка. Толькі на дваццаць шосты дзень, Калі палымнеў на палетках пажар, Прыгналі вятры на акрутны сухмень Чорнагаловыя статкі хмар. Хведаровіч.
2. Пагалоўе сельскагаспадарчай жывёлы. Племянны статак.
•••
Панургаў статак — натоўп, які слепа ідзе за сваім важаком.
[Ад імя Панурга, героя рамана Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль».]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)