чы́сты, -ая, -ае; чысце́йшы.

1. Незабруджаны, незапэцканы.

Чыстая бялізна.

Чыстая падлога.

2. Пра работу: які патрабуе кваліфікацыі, умення; звязаны з тым, што не вельмі пэцкае, брудзіць.

Ён прывык працаваць на чыстай рабоце.

3. Выкананы, зроблены акуратна, старанна, без хібаў.

Шкатулка чыстай работы.

4. Са свабоднай, адкрытай, нічым не занятай паверхняй.

Чыстае поле.

Ч. ліст паперы.

Чыстае неба.

5. Без пабочных дамешак або з нязначнымі дамешкамі.

Ч. спірт.

Чыстая шэрсць.

Чыстае паветра.

Чыстая вада.

6. Выразны ў гучанні, без пабочных шумаў, гукаў.

Даносіўся ч. гук званоў.

Ч. голас салаўя.

7. Які адпавядае пэўным нормам, правілам (пра мову, склад і пад.).

Гаварыў на чыстай беларускай мове.

8. перан. Маральна бездакорны, сумленны, шчыры; без карыслівых думак і дзеянняў.

Чалавек з чыстым сумленнем.

Чыстыя пачуцці.

9. Абсалютны, поўны (разм.).

Чыстая праўда.

Гэта чыстая выпадковасць.

10. Не звязаны з практычным прымяненнем; проціл. прыкладны́.

Чыстая тэорыя.

Чыстая вага — вага чаго-н. без посуду, без упакоўкі і пад.; нета.

|| наз. чыстата́, -ы́, ДМ -таце́, ж. (да 1, 3—5 і 8 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

фанта́зія, ‑і, ж.

1. Творчае ўяўленне. Паэтычная фантазія. Узлёт фантазіі. □ У пані Даміцэлі была багатая фантазія, і сваё даўнейшае жыццё ў Польшчы яна шчодра аздабляла паэтычнымі выдумкамі. Колас. Апора на народную традыцыю не азначае, што паэт абмяжоўвае ўласную, індывідуальную творчую фантазію. Навуменка. Народная фантазія акружыла паэтычнай выдумкай паходжанне скалы, што тырчыць з вады, пры выхадзе Ангары з Байкала. М. Стральцоў. // Выдумка, вынаходлівасць. [Алег:] — Дэкарацыя, касцюмы. Там [у спектаклі] шмат фантазіі, выдумкі. Ермаловіч. Малады запал знаходзіў выхад у размашыста накіданых фрэсках, вясёлкавых вітражах, з фантазіяй убранай зале. Ліс.

2. Прадукт чыйго‑н. уяўлення; мара. Спачатку гэта [скараціць рабочы дзень] здалося нават фантазіяй. Карпаў. Гэта не фантазія, а наша новая ява, рэчаіснасць нашага часу. Бялевіч. // Нешта неверагоднае, глупства. [Міхась:] — У рэстаран ты мяне ўсё роўна не пусціш.. [Стэфа:] — Я пушчу цябе ў інстытут! [Міхась:] — Усё гэта, залаценькая мая, фантазія. Савіцкі.

3. Разм. Нечаканы, незразумелы ўчынак; дзівацтва. [Бэсман:] — Загад Аб наступленні зараз на Барысаў — Фантазія штабных. Глебка.

4. Музычны твор свабоднай формы, імправізацыйнага характару. «Камарынская» — фантазія для аркестра на дзве рускія народныя тэмы: вясельную і вядомую «Камарынскую». «ЛіМ».

5. Літаратурны твор фантастычнага зместу. // Літаратурны твор, які з’яўляецца творчай перапрацоўкай якіх‑н. твораў.

[Грэч. phantasia — уяўленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)