Ту́ліць ‘вадзіць у гульні ў хованкі’: у хованкі гулялі, адзін ту́ліць, а ўсе хаваліса (гродз., Нар. словатв.). Магчыма, да тулі́ць (гл.) у значэнні ‘закрываць вочы’.

Тулі́ць ‘прыхіляць, гарнуць да сябе з ласкай, пяшчотай, шчыльна прыціскаць, гладзіць, прытульваць’ (ТСБМ, Гарэц.), ‘прымаць каго-небудзь пад заступніцтва, ахову (напр., сірату)’ (Нас.), ‘закрываць, затуляць’ (Яруш.), ‘утойваць, хаваць’ (ТС, Байк. і Некр., ТСБМ, Нас.), ‘служыць прытулкам для каго-небудзь’ (ТСБМ, Ласт.), перан. ‘гаварыць праўду ў вочы’: ён вока ня ту́ліць (Шат.); тулі́цца ‘хавацца, затойвацца’ (Нас., Байк. і Некр., Шат.), ‘размяшчацца дзе-небудзь у зацішным месцы, пад аховай чаго-небудзь’ (ТСБМ, Касп.), ‘гарнуцца, з любасцю прыхінацца’ (Некр. і Байк., Варл.), ‘хінуцца, прыязна адносіцца, песціцца, прыхіляцца’ (Касп., Сл. ПЗБ, ТС, Яруш.), тулі́тисʼе ‘прыціскацца, хавацца’ (Вруб.), тулэ́тысь ‘тс’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Укр. тули́ти, тули́тися ‘туліць, абдымаць’, рус. тули́ть ‘хаваць, закрываць’, тули́ться ‘хавацца, затойвацца’, польск. tulić (się) ‘чулліва прыціскаць, -цца’, ст.-польск. tulić ‘хаваць’, н.-луж. tuliś ‘гнуць’, ‘утаймоўваць’, ‘хаваць’, в.-луж. tuleć, tulić ‘прыціскаць, гнуць’, чэш. tuliti se ‘сціскаць’, ‘туліцца, прыціскацца’, славац. túliť sa ‘тс’, славен. дыял. tuliti ‘загортваць, звіваць у рулон’, ‘мяць’, túliti se ‘сціскаць’, ‘прыціскаць’, серб. дыял. ту́лʼит ‘гасіць полымя’, ‘згортваць, згібаць’, ‘схіляць галаву’, макед. тули ‘хаваць, прыкрываць’, тули се ‘хавацца’, балг. ту́ля (се) ‘тс’, ц.-слав. затулити ‘схаваць’. Прасл. *tuliti (sę) ‘прыціскаць, туліць, хаваць, утаймоўваць; заспакойваць’ суадносяць з *tulъ ‘калчан’ (гл. тул2), што сустракаецца з пэўнымі семантычнымі цяжкасцямі, гл. Фасмер, 4, 117. Трубачоў (Дополн., 4, 118) услед за Якабсонам (IJSLP, 1/2, 1959, 273) звязвае рус. тули́ть з тул, туловище, тулья (гл. тулава). Гл. таксама ЕСУМ, 5, 671–672; Арол, 4, 115–116. Борысь (653) бачыць у прасл. *tuliti (sę) адыменны дзеяслоў, утвораны ад прасл. *tulъ/*tulo ‘труба, трубка, калчан’, першасным значэннем якога было б ‘навіваць на трубку’. Значэннем і формай лексема *tuliti злілася з блізкім прасл. *toliti ‘заспакойваць, утаймоўваць’: ст.-польск. tolić ‘ахопліваць рукамі, гарнуць да сябе’, ст.-рус. толити ‘прысаромліваць, сарамаціць’, рус. толить ‘заспакойваць’, укр. толи́ти ‘стрымліваць, заглушаць, уціхамірваць’, серб. то̀лити, харв. tòliti ‘заспакойваць, суцяшаць, спатольваць’, бел. напато́ліць, пато́ля (гл.), якое ад і.-е. асновы *tel‑/*tol‑/*tl̥‑. Меркаванні аб запазычанні з польск. tulić się (Сл. ПЗБ, 5, 145) не маюць падстаў. Гл. таксама туляць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цяга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Валачыся па зямлі. Канец ланцуга цягаўся па зямлі.

2. Хадзіць дзе‑н., куды‑н. доўга, без мэты, без пільнай патрэбы. Уладзя пабыў у .. [цёткі] два дні, а пасля пайшоў цягацца па Слуцку цэлымі суткамі. Чорны. [Колас:] — Хлопцы мы былі смелыя. Цягаліся па лесе, заходзілі далёка ад сядзібы. Лужанін. // Хадзіць следам за кім‑н. Увабраўшы ў плечы галаву, .. [гаспадар] цягаецца з кульбай за намі і, здаецца, не толькі на зямлі, але і пад зямлёю ўсё бачыць. Бажко. Ходзіць па дварэ Марыля, бядуе-гаруе, дзеткі за ёй цягаюцца, плачуць... Нікановіч.

3. Шмат разоў хадзіць, ездзіць куды‑н. з якой‑н. мэтай, па якой‑н. справе. [Жагула:] — Што вы гэта кажаце, пане Свідэрскі! Як малы ўсё роўна! Буду я з мужыком па судах цягацца, сябе сарамаціць! Крапіва.

4. з чым. Насіць, вазіць з сабой што‑н., пастаянна мець пры сабе. Каб лішне не цягацца з мукой ды з розным другім харчам, [дзед Астап і Міколка] рашылі аднесці іх .. да маці. Лынькоў.

5. з кім, за кім. Заляцацца да каго‑н., быць у інтымных адносінах з кім‑н. [Зіна:] Успомні, што ты дазваляла сабе і яму, калі ён цягаўся за табой! [Гэля:] А што асаблівага дазваляла? Губарэвіч. [Коля:] — А яна [дзяўчына] сабе ўхмыляецца, цягаецца з кожным. Мыслівец.

6. Спаборнічаць; мерацца сіламі з кім‑н. [Балуеў:] — Дзе ўжо гэтаму пустазвону Калатухіну цягацца з Мясніковым. Гурскі.

7. Рабіць, працаваць. А пападалася там скварка, Была між імі чуць не сварка: — Бяры, Антось! — Я намакаўся, Бяры, брат, ты: ты больш цягаўся. Колас. Ад світання да змяркання Льецца пот: працуй, цягайся, За ўсё бульбай аддувайся. Васілёк.

8. Даглядаць каго‑н., няньчыць; пасвіць. Ёй [Дуні] ужо як жонцы шафёра неяк сорамна было цягацца з цялятамі. Ракітны.

9. Біцца з кім‑н., цягнучы за што‑н. Ці не ўчора з табой [аднакашнік] цягаліся За чубы ля кастроў лугавых? Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кало́ць 1, калю, колеш, коле; незак., каго-што.

1. Датыкаючыся чым‑н. вострым, выклікаць боль. Хвойнік рабіўся ўсё гусцейшым і гусцейшым. Іголкі балюча калолі рукі, твар. Шамякін. [Маці] засынала і пальцы калола іголкай. Бядуля. // Выклікаць востры, калючы боль. З мёрзлай зямлі ўзнімаўся пякучы пыл і калоў твар, як іголкамі. Чорны. // безас. Пра адчуванне вострага, пранізлівага болю, калацця. Ад невыразнага жалю падгіналіся ногі, тонкімі іголкамі калола пад сэрца, забівала дух. Мурашка. Далёка на захад распасцёрся акіян і так блішчаў на сонцы, што аж у вочы калола. Маўр.

2. Утыкаючы што‑н. вострае, рабіць дзірку, адтуліну ў чым‑н.; праколваць. Калоць паперу. Калоць шылам скуру.

3. Разм. Рабіць укол, уколы. — Дык жа баліць, як колюць, — жаласліва цягнуў Алік. Ваданосаў.

4. Разм. Бадаць, пароць (рагамі). Бедная тая дамова, дзе вала коле карова. Прыказка.

5. без дап. Ваюючы, б’ючыся, наносіць каму‑н. раны вострай зброяй. Усе стралялі з блізкай дыстанцыі. Крычалі, стралялі, падалі, стагналі, калолі штыхамі. Чорны.

6. Забіваць чым‑н. вострым (свіней). У адной з шчылін бервяна тырчала адмысловае шыла, якім Варташэвіч калоў свіней. Гурскі.

7. і без дап.; перан. Рабіць каму‑н. з’едлівыя, колкія заўвагі; папракаць каго‑н. [Жанчыны].. рабілі невялічкі перапынак, абедалі і з новымі сіламі калолі адна другую самымі адвостранымі словамі. Пянкрат. // Пра варожы, пільны позірк. [Таццяна] не бачыла .. [немцаў], але адчувала, што іх пільныя позіркі колюць яе спіну. Шамякін. Заўсёды былі мною нездаволены. Вечна калолі мяне, як цвікамі, злоснымі вачамі. Бядуля. // Выклікаць непрыемнае пачуццё, раздражняць. Другое, што [Любу] непрыемна калола — гэта сустрэча з новай свякрухай. Васілевіч.

•••

Калоць (у) вочы — а) чым папікаць, дакараць, сарамаціць. — Калоць мне вочы сынам я нікому не дазволю! — цвёрда папярэдзіў .. [Кірыла], чамусьці звяртаючыся да Тукалы. Шамякін; б) быць непрыемным каму‑н., раздражняць. Не так балеў Кустрэю гэты авёс, як калолі яму вочы і гладкія бакі і таўсматы карак Цімохавага бычка. Колас.

Праўда вочы коле гл. праўда.

кало́ць 2, калю, колеш, коле; незак., што.

Рассякаць на часткі; расшчапляць, раздрабняць. Калоць дровы. Калоць лёд. Калоць цукар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)