Рэ́ечка ’лёстка ў возе’ (Сл. ПЗБ). Памяншальнае ад рэя1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэй1 у спалуч. весці рэй ’верхаводзіць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). З польск. rej ’шэраг, рад’. Параўн. яшчэ чэш. rej ’танец, карагод’, в.-луж. rej ’тс’, rejewodźer ’распарадчык танцаў’. Запазыч, з с.-в.-ням. rei(e)/reige ’веснавы або летні карагод’ (сучаснае ням. Reigen ’карагод’), якое з ст.-франц. raie ’танец’ (Борысь, 513).

Рэй2 ’ёўня’ (Анім. дад.). Гл. рэя3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́жа1, рэж, рыж ’палатно для рыбалоўных сетак з буйнымі вочкамі’ (мін., гом., ЛА, 1), ре́жа ’тс’ (Нар. лекс.). Сюды ж рэжо́ўка ’двухпалотная рыбалоўная сетка з буйнымі і дробнымі вочкамі’ (ПСл, ТС), рэжу́ха ’тс’ (ТС). Укр. режь ’крыло рыбалоўнай сеткі’, рус. режь, режа ’рэдкая рыбалоўная сетка’. Прасл. *rědia. Да рэдкі (Фасмер, 3, 461).

Рэ́жа2 ’даўгі капец бульбы’ (ЛА, 2). Фанетычна змененае рэя3 (гл.), дзе адбыўся пераход ‑j‑ > ‑ž‑, магчыма, пад уплывам рэж (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́йка1 ’вузкі стальны брус на чыгунцы’ (ТСБМ, Касп., Шат., Байк. і Некр.), ’вузкая тонкая дошчачка’ (ТСБМ, Бяльк., Шушк.), ’жалезная шына (у плузе) да якой прымацоўваецца лямеш і паліца’ (Бяльк.). Ад рэя1.

Рэ́йка2 ’сэрца, лёгкія, печань у жывёлы’ (Бяльк., Нас., Дабр.). Паводле Фасмера (3, 463) — няяснае. Пятлёва суадносіць гэту лексему з *rějati (), для якой на базе рус. дыял. ре́ять ’часта дыхаць, запыхацца’, ре́яться ’задыхацца’ выводзяць яе семантычнае адгалінаванне ’дыхаць’. Такім чынам, рэ́йка можа азначаць ’тое, чым дыхаюць; орган дыхання’ або, што больш верагодна ’тое, што мае малую вагу і таму усплывае у вадзе (супе)’ (Пятлёва, Этимология–1975, 42–44). Параўн. у Фасмера, які рус. лёгкое суадносіць з лёгкий, таму што, калі вантробы жывёл кладуць у ваду, лёгкія застаюцца на паверхні. Таксама ён прыводзіць адпаведнікі з іншых моў: англ. lights ’лёгкія некаторых жывёл’ > light ’лёгкі’, парт. leves ’лёгкія’ > leve ’лёгкі’ (Фасмер, 3, 474).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арэ́лі ’гушкалка’ (РБС, Гарэц., Касп., Рам., Кос.), ’гушкалка на вісячых вяроўках’ (Нас.), гушкалка з вяровак’ (Яруш., Мядзв.), рэ́лі (Рам., Бяльк., Палявы). Я. Камароўскі (Бел. лекс., 62) лічыць арэлі правінцыялізмам. Згодна з Рапановічам («Полымя», 1968, 10, 237; Лекс. і грам., 28–29), арэлі ўжываецца шэрагам пісьменнікаў з розных раёнаў. Чэрнякевіч адзначыў прыметнік арэльскія (гвазды) ’вялікія гвазды, якія выкарыстоўваюцца для забіўкі плытоў’ (рукап. рэферат БДУ, 1969) у Брэсц. вобл. Аднак у цэлым слова арэлі/рэлі пашырана на ўсходзе Беларусі. Магчыма, сюды ж трэба аднесці рэ́лкі ’жэрдкі, якія замацоўваюцца на бэльках у асеці ў якасці каласнікоў’ (Малчанава, Мат. культ., 38). Рус. арели ’гушкалка шыбеніца’, рели ’поручні, казлы, агароджа на слупах, жэрдка, тонкае доўгае бервяно, сошкі на невадзе’ (Даль; СРНГ; Пск. сл.; Кардашэўскі, УЗ МОПИ, 88, 36–37; 48, 89–90). У рус. акад. слоўніку 1794–1822 гг.: рель ’два слупы з перакладзінай для павешання злачынцаў’. Укр. паўн.-усх. орель, ореля, орелі, релі ’гушкалка’; паўднёварускае, усходнебеларускае, паўночна-ўсходнеўкраінскае арэлі ’гушкалка’, паўночнарускае ’шыбеніца’, спарадычна сустракаюцца іншыя значэнні, звязаныя з паняццем жэрдкі, шаста, бэлькі, большай часткай папярэчнай. Старажытнейшая фіксацыя слова (а)рэль у «Уставе (Ярослава князя) о мостѣхъ» (Філін, Происх., 546). Існуючыя этымалогіі слова рель у рускай мове непераканаўчыя. Думка Юрэвіча («Полымя», 1969, 2, 242) пра літ. óras ’паветра’ ці orel̃vis ’паветраплавальнік’ як крыніцу бел. арэлі, калі ўлічыць яго геаграфічнае пашырэнне, значэнне і форму, не можа быць прынята. Нельга лічыць слова і ўласнабеларускім (яно значна пашырана ў рускай мове, параўн. Курс суч., 147). Рэканструкцыя славянскай праформы выклікае, як адзначыў Фасмер, цяжкасці (няясна таксама, ці трэба звязваць перакладзіну з рель ’заліўны луг’, што, на наш погляд, наўрад ці пажадана на сучасным этапе вывучэння). Так, адсутнасць ва ўкраінскай і на месцы е не дае магчымасці пагадзіцца з Зубатым I, 2, 113, і рэканструяваць *rělja, роднаснае з літ. rékles ’прыстасаванне для сушкі’ і пад. Цікавая спроба Торбьёрнсона, 1, 11, рэканструяваць *rьdlь, роднаснае з літ. ar̃das ’жэрдка’, мн. ar̃dai ’каласнікі’, якая сустрэла крытыку Міккалы Balt., 46: незразумелай будзе тады геаграфія славянскага слова. Гл. яшчэ іншыя малаверагодныя этымалогіі, якія крытыкуе Фасмер, 3, 466. Зважаючы на геаграфію, нельга выключыць запазычаны характар, хаця наўрад ці можна прыняць гіпотэзу пра англійскую крыніцу reel ’матавіла’, калі ўлічыць час з’яўлення слова і значэнне. Больш верагоднай можна лічыць версію Груненталя, KZ, 63, 122, пра ням. Riegel ’перакладзіна, засаўка’ як крыніцу слова (параўн. першасную рэгістрацыю слова з и, а не е; для неадлюстравання g параўн. вядомы подпіс ана ръина; сярэдненямецкія значэнні ў асноўным адпавядаюць рускаму развіццю). Супрун, Бел.-рус. ізал. Гл. рэлкі, рэя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)