бара́н ​1, ‑а, м.

1. Самец авечкі.

2. Дзікая млекакормячая траваедная жывёліна сямейства пустарогіх з густой кучаравай шэрсцю, якая водзіцца ў высакагорнай мясцовасці. Горны баран. Снежны баран.

3. Тое, што і бакас. Баран увесь час крычыць над лугамі, лётаючы недзе вельмі высока. Лупсякоў.

4. Лаянк. Пра тупога, някемлівага чалавека. Другі баран — ні «бэ», ні «мя», А любіць гучнае імя. Крапіва.

•••

Уперціся як баран гл. уперціся.

Як баран на новыя вароты (глядзець) — глядзець на што‑н. разгублена, тупа, нічога не разумеючы.

Як баран у аптэцы (іран.) — пра чалавека, які нічога не разумее.

Як баран у біблію (глядзець) — глядзець, нічога не разумеючы.

бара́н ​2, ‑а, м.

Двухручны рубанак для стругання дошак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прачы́сціць, ‑чышчу, ‑чысціні, ‑чысціць; зак., што.

1. Зрабіць чыстым (адтуліну, паглыбленне і пад. у чым‑н.). [Туравец] атрос пясок, які насыпаўся за каўнер, прачысціў вушы... Мележ. Багдан спыніў работу, прачысціў рубанак і прысеў на дошку ў чаканні. Дуброўскі. // Вызваліць ад чаго‑н. пэўную прастору; расчысціць. Прачысціць дарожку ад снегу. □ І больш чым на вярсту тады Прачысціў ён [вадзіцель] дарогу. Смагаровіч.

2. Часткова высякаючы, зрабіць больш рэдкім (лес, зараснік і пад.). Прачысціць сад. Прачысціць яблыні. Прачысціць лес.

3. перан.; і каго. Прабраць за што‑н. Я падумваў ужо аб парадку сходу, на якім патрэбна будзе прачысціць Міколу за марнатраўства грамадскіх сродкаў. Нядзведскі. Прачысцілі яго [нарыхтоўшчыка] на сходзе, Яшчэ вымову Запісалі ў пратакол. Корбан.

4. і без дап. Чысціць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калёўка ’спецыяльны рубанак для выстругання дошак і планак з фігурнымі краямі (багетаў, карнізаў і інш.)’ (БРС, ТСБМ; драг., Жыв. сл.; Касп., Клім., Мат. Гом.), ’фігурны профіль дошкі або бруска, які атрымліваецца струганнем’ (ТСБМ, Мат. Гом.). У рус. мове адзначана калёвка ’жалабок, канаўка (у сталярнай справе)’, колёвки ’паглыбленні, выемкі, канаўкі ў налічніках; розныя ўпрыгожанні на іх’. На рус. слова звярнуў увагу яшчэ Матцэнаўэр (LF, 8, 41), які лічыў, што яно запазычана з франц. cale ’клін, падстаўка’, супраць Фасмер (2, 166). Ён лічыць асноўнай формай дзеяслоў калевать ’выдзёўбваць, выразаць (карніз, жалабок)’, для якога ў якасці крыніцы запазычання мяркуецца (aus) kehlen у тым жа значэнні. З пункту погляду рэаліі такая этымалогія можа быць прынята; аднак няясным застаецца шлях запазычання. Лінгвагеаграфія выразу (калі толькі бел. слова не запазычана параўнальна позна з рус. мовы) сведчыць аб магчымым польскім пасрэдніцтве.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хва́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Удалы, спрытны; маладзецкі. Пахмурна і ўрачыста выглядалі хвацкія хлопцы з пачэснага каравула. Лынькоў. [Клаўдзія Пятроўна:] — Я і не ведала, што ты [Харытон Ігнатавіч] ў мяне такі хвацкі прамоўца. Васілёнак.

2. Разм. Вельмі добры, слаўны. [Дзед:] — Кара цяпер добра здымаецца, свісцёлкі дужа хвацкія будуць. Рылько. Боты не надта хвацкія: да старых, абшарпаных халяў прышыў Адам галоўкі. Навуменка. // Вясёлы, заліхвацкі. З балалайкай у Андрэя заўсёды спалучалася ўяўленне шырокай вуліцы рускага сяла, хвацкай прыпеўкі. Пестрак. З прыемнасцю чуў, як падпяваў сабе гэты вясковы хвацкі танцор, слоў не знаходзячы ад весялосці. Брыль.

3. Разм. Спрытны, умелы. Хвацкія рукі ў дзеда. □ Паглядзеў пан на работу ды кажа: — Ты, чалавеча, хвацкі майстар, але такую штуку, відаць, не патрапіш зрабіць, — і падаў Паўлюку сцізорык, дзе было многа ножыкаў і розных іншых прычындалаў. С. Александровіч.

4. Разм. Прыдатны для выкарыстання, ёмкі. Хвацкі рубанак. □ Даніла тым часам нікнуў за шафу і дастаў адтуль вельмі ж хвацкую кавеньку. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бара́н 1 ’баран’. Рус. бара́н (ст. таксама бора́н), укр. бара́н, польск. baran, чэш. beran (дыял. baran), славац. baran, в.-луж. boran, н.-луж. baran. Прасл. форма няясная (*boranъ, *beranъ, *baranъ?). Старое еўрапейскае слова цёмнага паходжання. Звычайна лічыцца альпійскім словам, звязаным з выклічнікам ber‑. Гл. Бернекер, 43; Мейе, RS, 2, 69–70; Фасмер, RS, 3, 256; гл. яшчэ Слаўскі, 1, 27; Махэк₂, 51. Параўн. грэч. βάριον ’авечка’, алб. berr ’тс’, італ. bero ’баран’, bera ’авечка’, франц. berri ’баран’. Параўн. і выклічнікі для падзывання (укр. бирь, рус. бар, бырбы́р; Коржынэк, LF, 58, 430; Фасмер, 1, 123–124). Няпэўна Машынскі, JP, 33, 365–366 (ад і.-е. *u̯er‑ ’авечка, шэрсць’; сюды параўн. і Трубачоў, Происх., 74–75). Таксама няпэўная версія пра запазычанне з цюрк. (тат.) bärän (Міклашыч, Türk. El. Nachtr., 2, 83; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 18–19). Брукнер (15) думаў пра сувязь з *borvъ ’вяпрук і г. д.’ (гэту версію падтрымлівае Шанскі, 1, Б, 39). Няпэўна таксама Трубачоў, Происх., 73–76, які, зыходзячы з словаўтваральнай няяснасці слова і адсутнасці яго ў паўд.-слав. мовах, думае пра запазычанне з цюрк. *baran ’той, які ідзе’. Гл. яшчэ Губшмід, Этимология, 1967, 245–246.

Бара́н 2 баранок (Інстр. II), бара́нчык, баранэ́ць ’птушка бакас’ (КЭС, Лысенка, ССП). Параўн. рус. бара́шек, укр. баране́ць, баранчик, бара́нок (апошняе з польск. baranek ’тс’), польск. baranek ’бакас’. Гл. Фасмер, 1, 125. Параўн. яго назвы ў іншых мовах: франц. chevrelle, chèvre céleste, ням. Нimmelsgeiß, Himmelsziege.

Бара́н 3 ’вялікая рыбацкая лодка’ (палес., Маслен.). Бясспрэчна, да бара́н 1. Вельмі вялікія прадметы, прылады часта носяць назву бара́н (параўн. Ісерлін, РЯШ, 1940, 4, 20–23).

Бара́н 4 ’прылада для сушкі сена’ (Влад.). Да бара́н 1. Розныя драўляныя збудаванні, прылады, асабліва вялікія, часта называюць імёнамі жывёлін: часцей бара́н (так і ў іншых слав. мовах). Параўн. яшчэ казёл (у розных значэннях). Адносна ўжывання слова бара́н як тэхнічнага тэрміна (рычаг, брус і г. д.’, падрабязна гл. Ісерлін, РЯШ, 1940, 4, 20–23. Параўн. яшчэ бара́н ’баба для забівання паляў’ (Нас.).

Бара́н 5 ’рубанак з дзвюма ручкамі’ (Сцяшк. МГ, Інстр. II, Касп.), ’фуганак’ (Янк. Мат.). Рус. бара́нок, укр. баранок ’тс’. З слова руба́нок (< ням. Rauhbank) перастаноўкай гукаў спачатку атрымалася бара́нок (Фасмер, 1, 124). Гэта форма ўспрымалася як памяншальная і было створана новае слова («непамяншальная» форма) бара́н.

Бара́н 6 грыб ваўнянка’ (Сцяшк. МГ). Параўн. укр. баранячка ’ваўнянка’. Мабыць, па знешняму падабенству ад бара́н 1 (шапка грыба пакрыта валаскамі). Параўн. і франц. назву ваўнянкі — mouton‑zoné (да mouton ’баран’). Да матывацыі гл. яшчэ Мяркулава, Очерки, 172–173.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)