трапята́цца, ‑пячуся, ‑печашся, ‑пачацца; незак.

1. Тое, што і трапятаць (у 1, 2 знач.). Пушысты звярок трапятаўся ў яго руках, бо хлапец, мусіць, душыў яго за горла. Самуйлёнак. У руках [Нічыпар] нёс кацялок з плоткамі. Яны трапяталіся ў вадзе, плёхаліся, як малыя дзеці. Баранавых.

2. перан. Старацца, намагацца рабіць што‑н. [Карызна] трапечацца, напінаецца ў адчайных патугах, і яму часам нібы ўдаецца на момант расхінуць праклятае вязьмо. Зарэцкі. // Супраціўляцца. Глядзіць Грамабой, як нудзіцца Яначка .. Няхай натоміцца Яначка, лягчэй тады Грамабою будзе ўзяць яго сваімі заграбастымі рукамі. Не так трапятацца будзе. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Расхры́станы ’расшпілены, расхлістаны’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Бяльк., Ян.), расхрэ́станы ’тс’ (Скарбы), расхрыста́ны ’тс’ (Янк. Мат.). Дзеепрыметнік ад расхры́стацца ’агаліць грудзі’ (Нас.), ’расшпіліцца і расхінуць адзенне’ (Варл.), расхрэ́стацца ’тс’ (Сцяц.). Параўн. укр. росхри́станий ’з адкрытымі грудзямі, незашпілены’, рус. экспр. расхри́станный ’у расшпіленай, разарванай на грудзях вопратцы’, што ўтворана ад расхристать < *христать ’рваць’, гл. Мяркулава, Этимология–1970, 194, дае прыводзіцца толькі рус. дыял. хрыста́ть ’скабліць, стругаць’. У сувязі з гэтым дапускаецца вывядзенне з расхрыданы (гл.) з распадабненнем зычных: *xrydti > *xrysti > *христатъ ’рваць’ (там жа). Гл. аднак хры́ста (хри́ста) ’той, хто ходзіць незашпілены’ (Нас.), хрысце́нь (хрысце́нь) ’хто ходзіць з голымі грудзямі; прастак’ (Нас.), што не выключае ўтварэнне ад экспрэсіўнага хрысці́ць ’біць, лупцаваць’ (гл.) аналагічна да расхлі́стацца (гл.) ці на аснове апошняга; да фанетыкі параўн. укр. росхри́стя ’хто ходзіць з расшпіленай сарочкай’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разгарну́ць, -гарну́, -го́рнеш, -го́рне; -гарні́; -го́рнуты; зак., што.

1. Раскрыць што-н. згорнутае, загорнутае, складзенае.

Р. сцяг.

Р. пакунак.

Р. газету.

2. Расхінуць, рассунуць.

Разгарнулі хлопцы прысак і дасталі печаную бульбу.

3. Выпрастаць, расправіць.

Р. свае плечы.

4. Раскрыць, распусціць.

Разгарнула пялёсткі шыпшына.

5. перан. Падрабязна выкласці, выказаць, апісаць.

Р. тэму сачынення.

6. перан. Даць магчымасць сілам, здольнасцям поўна і свабодна развіцца.

Р. талент.

7. перан. Павялічыць аб’ём, паглыбіць змест, зрабіць буйнейшым па жанры.

Байку пісьменнік паспрабаваў р. у вялікую аповесць.

8. Зрабіць, арганізаваць што-н. у шырокіх маштабах.

Р. спаборніцтва.

9. Падрыхтаваць да дзеяння, функцыянавання.

Р. выстаўку.

10. Размясціць у шырыню па лініі фронту, прыняць баявы парадак (спец.).

11. Начарціць на плоскасці паверхню геаметрычнага цела (спец.).

Р. мнагаграннік.

|| незак. разго́ртваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. разго́ртванне, -я, н.

Р. сюжэта рамана.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

разгарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак., што.

1. Расправіць, расцягнуць што‑н. згорнутае ў даўжыню або шырыню. І вось Алёнка, самая бойкая з пяцікласніц, паднялася на сцэну і разгарнула вышыты партрэт Леніна. Скрыпка. Столькі выткала маці кроснаў, Што калі разгарнуць іх на травах росных, То яны б увесь свет абнялі. А. Астапенка.

2. Вызваліць ад абгорткі; зняць тое, чым было што‑н. загорнута, закрыта. Дзяўчынка села на траву, разгарнула фартух, — там былі кветкі. Краўчанка. Ганна Лявонаўна дастала з партфеля пакунак у жоўтай упаковачнай паперы, разгарнула яго і ахнула. Корбан.

3. Раскрыць што‑н. складзенае. — А зараз пачнём урок, — Іван Сяргеевіч разгарнуў класны журнал. Курто. Галіна Фёдараўна зараз жа разгарнула раскладушку, кінула на яе падушку, прасціну, коўдру. Паслядовіч. // Расхінуць, рассунуць што‑н. у бакі; развесці. Хлопец разгарнуў рукамі чарот, выбег на палянку. Гамолка. Задаволены Кулік разгарнуў прысак і пачаў даставаць печаную бульбу, яна прыемна пахла. Гурскі. // Разабраць. За ім ішла сястра: яна паказала хвораму месца на ложку ў куце і хуценька разгарнула пасцель. Быкаў. // перан. Зрабіць даступным зроку, як бы разаслаць перад вачамі. А Дняпро з лясоў дрымучых Праз мой родны край плыве. Увабраўшы нашы рэкі, Разгарнуў блакітны плёс. Светлым поясам навекі Наш звязаў братэрскі лёс. Бялевіч.

4. Выпрастаць, расправіць, развёўшы ў процілеглыя бакі. [Стафанковіч:] — Я яшчэ .. магу разгарнуць свае плечы, я яшчэ моцна трымаю гэбаль у руках. Чорны. Рукі .. [Алены] навярэджаны, і яна адчувае сябе, як набітая, а назаўтра не можа рук разгарнуць. Колас. // Раскрыць, распусціць (кветкі, лісце). Разгарнула пялёсткі шыпшына — ужо пяць гадзін раніцы, падняў угору галоўку жоўты адуванчык — лічы шэсць гадзін. Хомчанка. // Спец. Начарціць на плоскасці паверхню геаметрычнага цела. Разгарнуць мнагаграннік.

5. перан. Падрабязна выказаць, выкласці, апісаць што‑н.; раскрыць сутнасць, змест чаго‑н. — Тады я мог бы разгарнуць і пачуцці, і паказаць душэўныя зрухі, словам, тут бы ў мяне ўсё разраслося вельмі шырока. Скрыган. Тут Сымонка сваю душу Мог прад дзедам разгарнуць. Колас.

6. перан. Даць чаму‑н. (сілам, здольнасцям) свабодна і поўна праявіцца, развіцца. Разгарнуць музыкальныя здольнасці. // Павялічыўшы аб’ём, паглыбіўшы змест, зрабіць буйнейшым па жанру (літаратурны, музычны твор). Вось гэтую невялікую байку Змітрок Бядуля паспрабаваў разгарнуць у вялікую аповесць. Кучар.

7. Зрабіць, арганізаваць што‑н. у шырокіх маштабах. Разгарнуць будаўніцтва. Разгарнуць спаборніцтва. □ — Камуністам трэба таксама, — гаварыў далей падпалкоўнік, — разгарнуць самадзейнасць. Мележ.

8. Падрыхтаваць да дзеяння, функцыяніравання. [Радыст] выбраў пад елкай высокую купіну, хутка разгарнуў рацыю, закінуў на елку антэну, нацягнуў супрацьвагу і пачаў працаваць. Ваданосаў. // Спец. Размясціць у шырыню па лініі фронту, прыняць баявы парадак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскры́ць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., што.

1. Рассунуць, расхінуць, паказаць што‑н. [Міхалка] ужо адчуваў радасную хвіліну ў змучанай голадам сям’і, калі там ён раскрые перад усімі мяшок! Чорны. // перан. Зрабіць што‑н. даступным, магчымым для каго‑н. То — год семнаццаты Раскрыў нам далі І парадніў народы Між сабой. Прыходзька.

2. Вызваліць ад таго, што накрывае каго‑, што‑н.; агаліць. [Клава], не зважаючы, пачала набіраць салому і раскрыла .. [Мішу] ўсяго. Чорны. Сарваўшы кастрыцу з вільчыка, вецер адарваў паплеціну і раскрыў цэлы рад саломы. Пальчэўскі. [Маша] раскрыла дзежку, удыхнула прыемны, кіслы пах рошчыны і раптам адчула, што ёй страшэнна хочацца .. квасу. Шамякін. // Зняць страху з чаго‑н. Раскрыць пуню.

3. Разгарнуць, раскласці, распасцерці (што‑н. складзенае). Раскрыць кнігу. □ І хаця ад дажджу застаўся толькі ўспамін, .. [дзяўчына] раскрыла над галавой парасон. Шыцік. // Распячатаць, распакаваць. Раскрыць канверт. Раскрыць пасылку. // Распусціць (пра пупышкі, кветкі). [Бэз:] — На час пялёсткі я раскрыў І зноў заплюшчу неўзабаве... Кляўко. // Развесці, распасцерці ў бакі (рукі, крылы). Адзін з буслоў, стоячы ў гняздзе, раскрыў шырокія крылы і з сілай пачаў узмахваць імі. В. Вольскі.

4. Адкрыць (пра рот, вочы). Сашка ад здзіўлення аж рот раскрыў, утаропіўшыся на вусы Тодара Казлянка. Даніленка. Вялічка заварушыўся і раскрыў вочы. Чорны.

5. Выявіць, зрабіць вядомым што‑н. невядомае, таемнае. Сакрэты ксяндза Аўгусціна ў той жа дзень мне раскрыла панна Марыся. Бажко. [Роля ў камедыі] раскрыла мяне з другога боку, як кажуць, раскрыла акцёрскія камедыйныя здольнасці. Сяргейчык. // Растлумачыць, паказаць сутнасць чаго‑н. Раскрыць характар героя. □ Трэба паглядзець на п’есу вачыма сучасніка, смела раскрыць яе глыбокі сацыяльны змест. «Звязда». [Маці] першая раскрыла перада мной хараство казак Пушкіна, вершаў Лермантава, твораў Талстога. Агняцвет. // Падрабязна і паслядоўна выкласці што‑н. Каб раскрыць тэму, трэба было карыстацца многімі архіўнымі фондамі. «Полымя». // Выкрыць. І, можа, ніхто не раскрыў бы Ніякай парубкі-пакражы, Бо ўмеў па-майстэрску Каліна Сляды за сабой заціраць. Танк.

6. Знайсці, устанавіць, адкрыць у выніку назіранняў, даследаванняў. Рыса нейкай нездаволенасці пракідалася праз усю яе гаворку і клала на твар пячаць глыбокай задуменнасці, чаго раней ніколі не было. Прычыну гэтага Валя скора раскрыла. Чорны. Шамяткоўцы з дапамогай мясцовага насельніцтва і партызанскіх сувязных раскрылі месцазнаходжанне двух аэрадромаў рэзервовай танкавай дывізіі і некалькіх складаў з боепрыпасамі. Курто.

7. Расказаць аб сваіх думках, пачуццях. Нешта перашкаджала .. [Аляксею Мікалаевічу] раскрыць перад Гарнастаем свае думкі і сумненні, пагаварыць душа ў душу. Навуменка.

•••

Раскрыць дужкі — зрабіць пэўнае матэматычнае дзеянне над выразам, заключаным у дужкі.

Раскрыць вочы каму — тое, што і адкрыць вочы (гл. адкрыць).

Раскрыць душу (сэрца) — тое, што і адкрыць душу (сэрца) (гл. адкрыць).

Раскрыць рот — тое, што і адкрыць рот (гл. адкрыць).

Раскрыць (свае) карты — перастаць трымаць у тайне свае намеры, планы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)