ро́спіс, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. распісваць — распісаць (у 4 знач.).

2. Мастацкае ўпрыгожанне каляровымі фарбамі сцен, столі і пад.; насценны жывапіс. Фрэскавыя роспісы. □ Унутры .. [царквы], пад пазнейшымі слаямі фарбы, вучонымі выяўлены ўзоры першапачатковага мастацкага роспісу сцен. Хадкевіч. // Такое ж упрыгожанне сценак якіх‑н. начынняў, пасудзін і пад. Шырока за межамі Палесся вядомая і прадукцыя огаўскіх (в. Огава Іванаўскага р-на) майстроў, якія рабілі скрыні з характэрным менавіта для Палесся народным роспісам. «Помнікі».

3. Тое, што і подпіс. Пад паведамленнем стаяў уласнаручны подпіс дырэктара, стацкага саветніка Акаронкі, і выкрутасты роспіс дзелавода Давідзіка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лапа́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Памянш. да лапата; невялікая лапата. Трымаючы ў руках лапатку са збожжам, [Васіль] .. азірнуўся. Мележ. Яшчэ выняць некалькі лапатак зямлі — і залатая шабля апынецца ў іхніх руках. Лынькоў.

2. Тое, што і лопасць (у 2 знач.). Лапаткі турбіны.

3. Плоская шырокая косць трохвугольнай формы ў складзе плечавога пояса чалавека і хрыбетных жывёл. Андрэй і Гарась ляжалі на жыватах, падпёршы галовы рукамі, і ў абодвух вытыркаліся лапаткі. Каваль. Вось-вось гатоў .. [Чоран] збіць Лысага і распісаць яму рогам бок каля .. лапаткі. Колас. // Плечавая частка мясной тушы. Лапатка бараніны.

4. Плоскі няспелы стручок гароху ці другой бабовай расліны.

•••

Ва ўсе лапаткі — вельмі хутка, з усіх сіл (бегчы, ехаць, ляцець і г. д.). Лот між тым ва ўсе лапаткі Прэ, адно мільгаюць пяткі. Крапіва.

Класці на абедзве лапаткі гл. класці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. разнёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; заг. разнясі; зак., каго-што.

1. Носячы, даставіць кожны прадмет у пэўнае месца, пэўнай асобе. А цяпер, брат, паштар у нас, з сумкай, кожную хату абыдзе, да паперачкі ўсё разнясе. Ермаловіч. Ніхто за .. [Андрэя] .. [коням] ні сена не разнясе, ні гной з-пад ног на двор да паветкі не выкіне. Пташнікаў. // Ходзячы, вандруючы, распаўсюдзіць што‑н. сярод каго‑н., дзе‑н. Разнесці заразу. // і без дап. Разм. Паведаміць многім, зрабіць вядомым усюды. Не дай бог трапіць .. [дзецям] на вока, разнясуць на ўсю вёску. С. Александровіч. На другі ўжо дзень газеты і радыё на ўвесь свет разнеслі звестку аб ашчасліўленым латарэяй чалавеку. Быкаў.

2. Размеркаваць, запісаўшы ў розных месцах; распісаць. Разнесці па графах.

3. Разм. Расцягнуць па частках, раскрасці. Зладзеі маглі б разнесці сад за два дні. Корбан.

4. Рассеяць, развеяць; разагнаць. Вецер ужо абарваў з дрэў пажоўклае лісце, разнёс яго па лесе. Ляўданскі. Вецер выдзьмуў з нечай цыгаркі зыркія іскрынкі, падхапіў іх і разнёс. М. Стральцоў.

5. Разм. Разбурыць, разбіць, разламаць. Непаваротлівая, цяжкая, прызначаная для стральбы з тылу гаўбіца сваім магутным снарадам разнесла танк на кавалкі. Быкаў. Спрытныя суседчыны рукі ўмомант разнеслі старую арфу на трэскі. Васілевіч. / у безас. ужыв. — Разнясе станок, — усё яшчэ з разгубленым здзіўленнем на твары сказаў Піліп. Кулакоўскі. // Забіць, разарваўшы на кавалкі. Нейкія людзі, у парыве сыноўскай удзячнасці, кінулі дзве бомбы ў цара-вызваліцеля і разнеслі яго ў шматкі. Караткевіч. / у безас. ужыв. Па інструкцыі, калі міна «на батарэйку» не ўзарвецца, кранаць яе нельга: замыканне можа наступіць зусім нечакана і партызана разнясе на кавалкі. Карпюк. // Перакуліць, выкінуць (пра коней). Іншага двухгодка сам чорт у аглоблях не ўтрымае, разаб’е, разнясе ўсё, а Нямко возьме яго за повад, і адразу дзікая жывёліна становіцца рахманым кацянём. Кулакоўскі.

6. перан. Разм. Моцна аблаяць, падвергнуць знішчальнай крытыцы. Не думаў .. [Шаройка], што яго, лепшага гаспадара, могуць так разнесці. Шамякін.

7. безас. Разм. Пра ўтварэнне апухласці на чым‑н. Занылі ў вавёркі зубы. Даводзіць боль яе да згубы, Шчаку разнесла як падушку. Валасевіч. // Пра чыю‑н. празмерную паўнату. [Матруна:] — І прападзеш, калі піць не кінеш! Вунь цябе ўжо як разнесла... Зуб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)