сцяць 1, сатну, сатнеш, сатне; ‑нём, ‑няце; пр. сцяў, сцяла, ‑ло; зак., што.

Зняць, аддзяліць чым‑н. вострым, ссячы, зрэзаць. Сцяць галаву. Сцяць касой траву.

сцяць 2, сатну, сатнеш, сатне; ‑нём, ‑няце; пр. сцяў, сцяла, ‑ло; зак., каго-што.

Разм.

1. Абхапіўшы, сціснуць. Сцяць рукі рамянямі. □ [Дзедзіха] нагнуўся да зямлі, зачэрпнуў жменяй снегу, сцяў у кулаку, скамячыў снежку. Пташнікаў. // Моцна трымаючы што‑н., заціснуць (у руках, зубах). Гаўрыла .. ляжаў акалелы і піпку зубамі сцяў. Гарэцкі.

2. Сціснуць (грудзі, горла), перашкаджаючы дыхаць. Я паставіў чамадан, пачаў мацаць кішэні, каб закурыць, бо нешта сцяло грудзі, пераняло дыханне. Радкевіч. / у безас. ужыв. Ад жаху вусны сцяло. // перан. Выклікаць адчуванне болю, цяжару (на душы, сэрцы). Нейкі сум, трывога зноўку сэрца маё сцялі. Вялюгін.

3. Шчыльна злучыць (губы, зубы, пальцы і пад.). [Дзед] пакрыўджана сцяў сухія губы, адвярнуўся ад мяне. Хомчанка. Піліпка да болю сцяў зубы, каб не расплакацца. П. Ткачоў.

4. безас. Сцягнуць, схапіць (пра мароз). Ваду сцяло як след.

•••

Сцяўшы (сціснуўшы) зубы — падаўляючы свае жаданні, стрымліваючы пачуцці (рабіць што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узня́ць, -німу́, -німеш, -німе і уздыму́, узды́меш, узды́ме; -ня́ў, -няла́, -ло́; -німі́ і уздымі́; -ня́ты; зак.

1. каго-што. Нагнуўшыся, узяць што-н. (з зямлі, падлогі і пад.).

У. лыжку.

2. каго-што. Падняць, аддзяліць ад зямлі, маючы дастаткова сілы, каб утрымаць (навісу).

У. бервяно.

3. каго-што. Падняць уверх, надаць чаму-н. вышэйшае становішча.

У. рукі.

У. бровы.

У. галаву (таксама перан.: стаць бадзёрым, смелым). У. сцяг.

У. заслону сцэны.

4. каго-што. Прымусіць устаць, скрануцца з месца з якой-н. мэтай.

У. полк у атаку.

У. з ложка каго-н. (разбудзіць). У. мядзведзя з бярлогі (успудзіць, выгнаць).

5. што. Падняць уверх (пыл, снег і пад.).

Машына ўзняла на дарозе пыл.

6. перан., каго (што) на што. Натхняючы, схіліць да актыўных дзеянняў.

У. народ на барацьбу.

7. што. Зрабіць вышэйшым.

У. узровень вады.

У. чый-н. аўтарытэт (перан.: зрабіць больш значным у чыіх-н. вачах).

8. перан., што. Павялічыць, павысіць.

У. прадукцыйнасць працы.

У. цэны.

9. перан. Зрабіць больш актыўным, прыўзнятым, палепшыць.

У. настрой.

10. што. Наладзіць, палепшыць, развіць.

У. гаспадарку.

У. эканоміку.

11. што. Зрабіць, пачаць дзеянне, названае назоўнікам.

У. плач (расплакацца). У. шум.

У. трывогу.

У. пытанне.

12. што. Тое, што і узараць (спец.).

У. цаліну.

13. звычайна безас., перан., каго. Узлаваць, вывесці з сябе.

Сказанае чалавека ўзняло.

|| незак. узніма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е і уздыма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. узня́цце, -я, н. (да 3, 6, 10—12 знач.), узды́м, -у, м. (да 2, 3, 6 і 10 знач.), узніма́нне, -я, н. і уздыма́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сляза́, ы́; мн. слёзы (з ліч. 2, 3, 4 слязы́), слёз; ж.

1. толькі мн. (слёзы, слёз). Бясколерная, празрыстая саленаватая вадкасць, якая выдзяляецца асобымі залозамі вачэй пры раздражненне болі або моцных перажываннях. Цякуць слёзы. □ І Міколка плакаў. Зашыўшыся ў каноплі, ён праляжаў усю ноч, пакуль не выплакаў усіх слёз. Лынькоў. На вачах у Васіля паказаліся слёзы, твар перасмыкнуўся ад болю. Краўчанка. Сівы глядзеў .. [Міколу] ў вочы вялікімі поўнымі слёз вачыма. Брыль. Міхайла Варута ціха ў вус усміхаецца, а Сцёпкава маці ўцірае слёзы радасці і жалю. Колас. / адз. у знач. зб. Слязу ўспамінаў сатры, Салдатаў лясных матуля! Барадулін. Гаручая сляза пячэ мне вочы. Зарыцкі.

2. Адна кропля такой вадкасці. Дзве слязы паказаліся з-пад павек, пацяклі па скронях і скацілася на падушку. Арабей. Па левай шчацэ коціцца сляза. Жычка.

3. толькі мн. (слёзы, слёз). Плач. Давесці да слёз. □ Замест адказу Аўгінька, ледзь стрымліваючы слёзы, жорстка і суха загаварыла. Зарэцкі. Маці ў слёзы: — А мой сынок, а мой сакалок. Якімовіч. [Антусёк:] — Зараз ясна будзе ўсё, Толькі слёз не трэба. Гілевіч. Я тапчуся на ўскраі пагорка, мяне душаць слёзы, і я пытаюся ў кургана: — Татачка, дзе ты тут? Лось. / адз. у знач. зб. Лёгкі на слязу.

4. перан. Кропля соку, вільгаці, якая выдзяляецца на паверхні чаго‑н., у чым‑н. Сыр са слязой.

5. Разм. Пра гарэлку. [Перагуд:] Падай мне гэту слязу. (Дубавец падае чацвяртушку з гарэлкай). Крапіва. [Рыгор:] «З дарогі за сталом бы пасядзелі, па чарачцы на сон божы ўзялі... Эх, і першачок жа там дома ў мяне! Сляза...» Ракітны.

•••

Абліцца слязамі гл. абліцца.

Адальюцца каму чые слёзы — хто‑н. паплаціцца за зробленае камусьці зло, крыўду і пад.

Адны слёзы — а) бяда, гора; б) вельмі мала.

Асушыць слёзы гл. асушыць.

Выціснуць слязу гл. выціснуць.

Глынуць слёз гл. глынуць.

Глытаць слёзы гл. глытаць.

Да слёз (цяжка, крыўдна, балюча і пад.) — вельмі, надзвычайна. Было сорамна, брыдка і балюча да слёз, што ў такі адказны момант не здолеў стрымаць сябе. Асіпенка.

Заліцца (горкімі) слязамі гл. заліцца ​1.

Кракадзілавы слёзы — пра няшчырае, прытворнае шкадаванне, спачуванне.

Ліць кракадзілавы слёзы гл. ліць.

Ліць слёзы гл. ліць.

Наліцца слязамі гл. наліцца.

Пусціць слязу гл. пусціць.

Скрозь (праз) слёзы — са слязамі на вачах, плачучы.

Слёзы падступілі да горла — гатоў расплакацца.

Увесці ў слёзы гл. увесці.

Умыцца слязамі гл. умыцца.

Уцерці слёзы каму гл. уцерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Адпусціць, вызваліўшы ад заняткаў, абавязкаў (усіх, многіх). Корзун распусціў дзяцей на тыдзень, пакуль кончыцца разводдзе. С. Александровіч. // Дазволіць, даць магчымасць разысціся, разбегчыся. Праз хвіліну Генрых Візэнер распусціў строй і з трыма салдатамі накіраваўся ў хату. Шамякін. // Расфарміраваць, ліквідаваць (установу, прадпрыемства, арганізацыю і пад.). Калі пачалі галасаваць прапанову Алеся: хто за тое, каб культурна-асветніцкі гурток распусціць і ўсю працу весці ў ячэйцы, — у класе ўзняўся зноў дружны гоман. Галавач. — Таварыш камандзір, Іван Іванавіч распусціў сваю брыгаду. Шчарбатаў.

2. Развязаць, паслабіць (што‑н. завязанае, сцягнутае). Павел з выглядам пераможцы паставіў на траву паўнюсенькі рэчавы мяшок і паволі распусціў зашмаргу. С. Александровіч. У адказ .. [Алесь] распусціў гальштук і пацягнуў з мускулістай і стройнай шыі ланцужок. Караткевіч. // Развязаць, зняўшы завязку. — Ідзі, Люба, у пуню, прынясі пару кулёў, распусці на падлозе людзям спаць. Чорны. // Расплесці (касу). — Як распусціць [пані], бывала, чорныя косы, дык ледзь не да долу звісалі... Колас. // Раскідаць што‑н. вязанае, спусціўшы з петляў. Тады Аграфена Карабанава распусціла па нітцы свой світар. Лупсякоў. // Зрабіць шырэйшым. — Вось тут трэба крышку падрэзаць, а ўнізе распусціць, — казала Ганна Лявонаўна, паказваючы на паясніцу. Корбан.

3. Разгарнуць што‑н. згорнутае, складзенае. Іра адразу ж дастала парасон і распусціла яго, як грыб, над галавой. Сабаленка. // Расправіць, раскласці ў якой‑н. прасторы, на якім‑н. месцы. [Сувязная] была апранута па-сялянску, вялікую цёплую хустку павязала на патыліцы, а махры распусціла на плячах і на грудзях. Новікаў. Дуб галлё распусціў каранасты над ім [курганам], Сухазелле ў грудзі ўпілося. Купала. // Выставіць наверх, выпусціць (кіпцюры). [Кот] грозна натапырыў рэдкія вусы, замурлыкаў і распусціў свае вострыя кіпці... Бядуля. // Раскрыць, разгарнуць (пра пупышкі, лісце і пад.). [Яблыня] распусціла маленькія лісточкі. М. Ткачоў.

4. Разм. Дапусціць да свавольства, зрабіць недысцыплінаваным, знізіўшы патрабавальнасць, аслабіўшы нагляд. Распусціць дзяцей. Распусціць работнікаў. □ — Вы, дзядзька Ліпскі, трымаеце сваю дачку ў добрай строгасці. — А як жа, распусці іх, — прагаварыў Ліпскі. Лупсякоў. — Разгільдзяй той распусціў роту! — Гэта быў намёк на ранейшага камандзіра роты. Быкаў.

5. Зрабіць вадкім або напаўвадкім, растапіць. Распусціць масла. // безас. Размачыць, зрабіць гразкім. Была незвычайная бездараж. Дарогі ўсе распусціла. Мележ. Але стэп распусціла, верхні, чарназёмны пласт увесь час сплываў у нізіну, і цяжка было паверыць, каб слупы ўтрымалі напор ветру. Лупсякоў.

6. Разм. Прымусіць разысціся ў якой‑н. вадкасці. Распусціць фарбу ў вадзе. // Распаўсюдзіць вакол сябе. Кнігі сапраўды распусцілі па хаце нейкі свой пах, як і ўсякая рэч, якую даўно не чапалі. Ермаловіч.

7. Расказаць многім (чуткі, плёткі). Гардыенка распусціў чуткі, што Тарас Ігнатавіч сам не ведае матэматыкі. Чарнышэвіч.

8. Распілаваць удоўж. Мусіць, не ўтрымаўся які грамычакін — цішком зрэзаў адно-другое дрэва, а пасля распусціў на шалёўку. Даніленка.

•••

Распусціць вушы — тое, што і развесіць вушы (гл. развесіць).

Распусціць нервы — даць волю пачуццям, настрою. «Старэеш, Андрэй Бабейка, — папракнуў ён сябе, адвязваючы стаенніка і ўсаджваючыся ў брычку. — Старэеш, і нервы распусціў, і язык». Хадкевіч.

Распусціць нюнірасплакацца, разжаліцца. — А гэта чаго сырасць разводзіць? — Віцька кіўнуў галавой на дзяўчыну. — Майстар пасватаўся, вось і распусціла нюні. Асіпенка. — Ты не калека. Толькі абмяк, нюні распусціў. Машара.

Распусціць язык — нагаварыць многа лішняга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)