сцяць 1, сатну, сатнеш, сатне; ‑нём, ‑няце; пр. сцяў, сцяла, ‑ло; зак., што.

Зняць, аддзяліць чым‑н. вострым, ссячы, зрэзаць. Сцяць галаву. Сцяць касой траву.

сцяць 2, сатну, сатнеш, сатне; ‑нём, ‑няце; пр. сцяў, сцяла, ‑ло; зак., каго-што.

Разм.

1. Абхапіўшы, сціснуць. Сцяць рукі рамянямі. □ [Дзедзіха] нагнуўся да зямлі, зачэрпнуў жменяй снегу, сцяў у кулаку, скамячыў снежку. Пташнікаў. // Моцна трымаючы што‑н., заціснуць (у руках, зубах). Гаўрыла .. ляжаў акалелы і піпку зубамі сцяў. Гарэцкі.

2. Сціснуць (грудзі, горла), перашкаджаючы дыхаць. Я паставіў чамадан, пачаў мацаць кішэні, каб закурыць, бо нешта сцяло грудзі, пераняло дыханне. Радкевіч. / у безас. ужыв. Ад жаху вусны сцяло. // перан. Выклікаць адчуванне болю, цяжару (на душы, сэрцы). Нейкі сум, трывога зноўку сэрца маё сцялі. Вялюгін.

3. Шчыльна злучыць (губы, зубы, пальцы і пад.). [Дзед] пакрыўджана сцяў сухія губы, адвярнуўся ад мяне. Хомчанка. Піліпка да болю сцяў зубы, каб не расплакацца. П. Ткачоў.

4. безас. Сцягнуць, схапіць (пра мароз). Ваду сцяло як след.

•••

Сцяўшы (сціснуўшы) зубы — падаўляючы свае жаданні, стрымліваючы пачуцці (рабіць што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)