Накольнік ’неслух, свавольнік, гарэза’ (Касп., Яўс., ТСБМ), накольніца ’круцёлка, гарэзніца’ (слуц., Жыв. сл.). Казлова (БЛ, 21, 62) лічыць, што яно ўтворана на базе прыметніка на́кальны ’ўпарты, разбэшчаны, дураслівы, непаслухмяны’ (гл.), і параўноўвае яго з балг. нако́лник ’вулічны хлапчук, вісус, гарэза’, што дае падставы для рэканструкцыі лакальнага прасл. *nakolьnikъ — суфіксальнага дэрывата ад прыметніка *nakolьnъjь. Балг. нако́лник выводзяць ад ко́ло ’кола’ (Младэнаў, 328) з першапачатковым значэннем ’вёрткі, рухавы чалавек’. Казлова (там жа) адносіць сюды ж бел. падкольнік ’чорт’, ’той, хто надакучае сваім свавольствам і пранырствам’, суадноснае з падкольны ’чартоўскі’, параўн. яшчэ подко́льная ’злы дух, які, паводле павер’яў простых людзей, жыве пад колам у млыне’ (Нас.). Іншы падыход дыктуе параўнанне з раскол ’разбойнік’, аскола ’вісус, чалавек, што ўсюды паспее’ (Бяльк.). Хутчэй больш прыдатнай з’яўляецца іншая этымалогія, згодна з якой на́кальны, параўн. таксама накольны ’даходлівы’ (Сцяшк. Сл.), відаць, ’праныра’, са спалучэння на кол (пасаджаны), пра што сведчыць і архаічны тып націску на прыстаўцы (прыназоўніку); семантычная паралель добра прадстаўлена ў аторва ’шыбенік, вісус’, рус. сорване́ц ’тс’, польск. urwaniec ’тс’, г. зн. ’той, хто вырваўся з-пад шыбеніцы (калі адарвалася вяроўка)’. Тады накольнік ’той, хто варты быць пасаджаны на кол’. Такая этымалогія не перашкаджае пагадзіцца з рэканструкцыяй праславянскага дыялектызма, прапанаванай Казловай, паколькі і балгарскія факты сведчаць аб такім жа паходжанні слова, параўн. тлумачэнне, якое даецца слову нако́лник ў слоўніку Герава — ’обесник, въжник’ (= ’шыбенік’), народную прымаўку: Събрали се ут кол, уд въже і тлумачэнне да яе ’набітыя на кол’ і ’павешання на вяроўцы’ (Сборник на Българско книж. дружество в София, 1, София, 1901, 27).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скрыпі́цы: pan… kajdanoszy hotuje, a skrypicy na ruczycy (Зянк.). Кольберг (Kolb., 385) тлумачыць ‘пастронкі’, што недакладна, параўн. тлумачэнне Шымкевічам укр. скрипни́ци ‘драўляныя клешчы, якія надзявалі на ногі злачынцам’ (Шымк. Сл., 127), параўн. таксама скрипи́ца, скрепи́ца ‘драўляныя кайданы або калодка’. З іншай суфіксацыяй укр. дыял. скри́пці ‘блокі ў кроснах’, польск. skrzypic, skrzypce ‘кайданы, калодка’, чэш. skřipec ‘блок у кроснах’, ‘дыба, прыстасаванне для катавання’, славац. škripec ‘тс’, в.-луж. skřipk ‘блок у кроснах’, серб.-харв. шкрипац ‘блок’, славен. škrípec ‘блок’, ‘клешчы’, балг. скрипе́ц ‘частка кроснаў; блок’, макед. скрипец ‘блок’. Прасл. *skripьcь. Трубачоў (Ремесл. терм., 135) адносіць да *skripěti ‘скрыпець’. Варбат (Этимология–1981, 17–18) у сувязі з апошняй версіяй падкрэслівае, што ўсе вышэйпамянёныя рэчы маюць паз, шчыліну, адкуль ‘прыстасаванне з пазам, жолабам для змацавання, сціскання, сцягвання’ і г. д., што дэманструе сувязь з зыходным дзеясловам. Гл. таксама БЕР, 6, 798 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 288 (слова не звязана з гукапераймальнай асновай *skrip‑, а непасрэдна выводзіцца ад і.-е. *sker‑ ‘рэзаць, калоць’ з семантычным развіццём ‘раскол’ — ‘кляшчотка, клешчы’, ‘дыба’, ‘блок’). Борысь (Etymologie, 666–669) выводзіць назвы рознага тыпу дэталяў, сярод іх каш. skřëpk ‘бэлька, у якой паварочваюцца вароты; калодка, ступа з гняздом для восі варот’, з прасл. *skripъ, *skripa, фармальна тоеснага прасл. *skripъ, *skripa ‘скрып, трэск, скрыгат’, якое ў познепраславянскую эпоху набыло спецыфічнае (тэхнічнае) значэнне. Паводле Басая і Сяткоўскага (Słownik, 668), польск. skrzypiec ‘прылада для катаванняў’ можа быць багемізмам, але не выключаецца і захаванне ўласнага архаізма.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)