вараннё, ‑я, н., зб.

1. Чарада варон. Над свежай раллёй каркала і круцілася, ходзячы за плугамі, вараннё. Краўчанка.

2. перан. Разм. Пра зайздросных, прагных людзей, якія імкнуцца пажывіцца чужым дабром. Тут папаўся раннім ранкам Партызан Камінскі. Незлічона паляцела Варання ліхога. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ры́на, ‑ы, ж.

Абл. Металічная труба для сцёку дажджавой ці снегавой вады з даху; вадасцёк. Толькі цяпер угледзеў, што рына на доме вісіць зусім крыва. Карпюк. Калі ж, нарэшце, раннім ранкам Гром грымне, дождж заплешча ў рынах, Ён [Я. Колас] выйдзе радасны на ганак З усмешкай мудрай селяніна! Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

яра́нга, ‑і, ДМ ‑нзе, ж.

Пераноснае жыллё некаторых народаў Поўначы, якое складаецца з драўлянага круглага каркаса з дахам канічнай формы, пакрытага шкурамі аленяў. На Чукотцы, дзе цяпер ярангі Засыпае снегам, праз гадоў Гэтак трыццаць-сорак добрым ранкам Зацвіце ўся тундра ад садоў. Панчанка. Дым клубіцца над ярангай. Звонак.

[Чукоцкае.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хрысці́цца, хрышчуся, хрысцішся, хрысціцца; незак.

1. таксама зак. Падвяргацца (падвергнуцца) абраду хрышчэння. [Лапінка:] — Чакаюць яны [баптысты], чакаюць, пакуль я паверу ды хрысціцца пайду. Брыль. Дзе радзіўся? — У сваёй вёсцы. Дзе хрысціўся? — Пры дарожцы. Купала.

2. Хрысціць (у 3 знач.) сябе. [Глушак] яшчэ слабымі, дрыготкімі рукамі хрысціўся, жагнаўся, аддана шаптаў малітвы. Мележ. Ранкам і ўвечары кожны дзень стары.. доўга гаворыць малітвы, доўга хрысціцца сваёй жорсткай далонню ў сухіх мазалях. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́мятны, ‑ая, ‑ае.

1. Які добра захаваўся ў памяці, незабыўны. З адной памятай ліпеньскай ночы.. лес для мяне стаў усім — і домам, і школай, і месцам шматлікіх дзіцячых забаў і гульняў. Сачанка. Край мой! Ты памятны мне Ранкам сваім прамяністым. Броўка.

2. Які служыць для заметак, для даведак. [Уладзік:] — А як ты яго знойдзеш? — Па памятных кніжках Мінскай губерні. Колас.

3. Які служыць для напаміну аб кім‑, чым‑н., які зроблены як памяць аб чым‑н. Памятны медаль. Памятны вымпел.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўдзённы 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паўдня ​2; які бывае ў поўдзень ​2. У паўдзённую спякоту яны былі ўжо каля.. лясной рачулкі. Сачанка. Слязіцца, смолкаю пацее Сцяна ў паўдзённы сонцапёк. Бялевіч.

паўдзённы 2, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і паўднёвы ​1. Гэта — дар паўдзённы ад братоў, Пэўна з Ерэвана і з Тбілісі, З цёплых чарнаморскіх берагоў. Танк. Веюць ветры з паўдзённых зямель, Ахінаюць цяплынню зямлю ўсю. З добрым ранкам, сяло Церабель — Любы сэрцу куток Беларусі. Ляпёшкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скаблі́ць, скаблю, скобліш, скобліць; незак., што.

1. Знімаць, здзіраць з паверхні чаго‑н. верхні слой, кару і пад. [Настаўнік:] — Што гэта ў цябе, хлопчык? [Міхаська:] — А гэта скобля, жэрдзе скабліць. Скрыпка. Дошкі сонечным ранкам.. майстра сушыў, Як паспелі, рубанкам, фуганкам Скабліў і скабліў. Куляшоў. // Абл. Чысціць (бульбу). А дзяўчынкай, яшчэ да вайны, часта гаспадарыла ў суседчынай хаце: падмятала і мыла падлогу, памагала бульбу скабліць. Лось.

2. перан. Біць, катаваць; караць. [Дзед:] — І пачалі яны [ворагі] там, у нейкім сутарэнні, скабліць мяне бізунамі, ліць мне ў нос ваду з газай... Брыль. Астап Вячэра расказвае, як яго скаблілі бізунамі за ўдзел у паўстанні рыбакоў. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́на1 ’пашкоджанне тканак жывога арганізму’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, Варл., ТС), ст.-бел. рана ’тс’ (Сл. Скар.), ’кара, катаванне’ (Карскі, Труды, 339). Параўн. укр., рус. ра́на ’адкрытае пашкоджанае цела’, польск., н.-луж., в.-луж. rana ’тс’, палаб. råno ’тс’, чэш. rána ’тс’, ’удар, няшчасце’, славац., rana ’адкрытае пашкоджанне цела’, славен. rána ’тс’, серб.-харв. ра̏на ’тс’, балг. ра́на ’тс’, макед. рана, ст.-слав. рана ’тс’. Прасл. *rana, параўн. літ. ronà ’тс’, rõnyti ’раніць’, ronótas ’з ранамі, ранены’ (запазычанні са славянскіх моў). Роднаснае да ст.-інд. vraṇá‑ ’рана, шчыліна, драпіна’, алб. varrë ’рана’, vras ’забіваю’ (Фасмер, 3, 441; Бязлай, 3, 150). Узыходзіць да і.-е. *u̯er‑ ’раскрыць, разарваць, разадраць’, адлюстраванага ў рус. воро́нка ’лейка’, польск. wrona ’адтуліна, дзіра’ і інш., гл. ESJSt, 12, 748; БЕР, 6, 181 (звяртаецца ўвага на фармальныя цяжкасці пры рэканструкцыі); Глухак, 518; Шустар-Шэўц, 2, 1205.

Ра́на2 ’раніцай, ранкам, уранні, раннім часам, раней пэўнага часу, загадзя’ (ТСБМ, Бяльк., Шат.; ашм., Станк.; Сл. ПЗБ, Ян.), ’ранні час’ (Варл.), ра́но ’тс’ (ТС), ст.-бел. рано ’тс’ (Сл. Скар., Альтбаўэр). Параўн. укр. ра́но, рус. ра́но, ст.-польск. rano ’раннім часам’, польск. ranoранкам’ і ’ранак’, палаб. ronü/rånă ’тс’, в.-луж., н.-луж. rano, чэш., славац. ráno ’раніцай, дачасна’, серб.-харв. ра̏но, славен. ráno, балг. ра́но, макед. рано, ст.-слав. рано ’раней пэўнага часу’ і ’ранак’. Слова не мае канкрэтнай этымалогіі. Прыстае тлумачэнне *rano < *radno < з *ordno/*vordno < і.-е. *urōdhno‑ ’час нараджэння сонца’, што мае тую ж аснову, што і *rodъ, адсюль рана ’час нараджэння дня’, параўн. грэч. ὄρορος ’раніцай’, да гэтага ж літ. ritas ’раніца’ (ESJSt, 12, 748 з аглядам версій). Длугаш-Курчабова (429) адзначае, што форма *rano з’яўляецца рэліктавай нячленнай формай прыметніка н. р. адз. л., які субстантывізаваўся, а не адвербіялізаваўся, параўн. прысутнасць склонавых форм яшчэ ў ст.-польск. z rana, po ranu (XVI ст.), а прыкладам далейшай субстантывізацыі польск. rano можна лічыць адсубстантыўнае суфіксальнае ўтварэнне ranek, параўн. бел. ра́нак, раніца (гл.). Паводле заўваг Брукнера (453), польск. z rana узнікла па аналогіі са скланеннем назоўніка zaranie (н. р.) альбо zarań (ж. р.), адсюль польск. z rana памылковае, замест z rania. Параўн. да гэтага рань ’раніца’ (Растарг.), ра́нне ’пачатак дня, раніца, ранак’ (Нас., Байк. і Некр., Растарг., Бяльк., Сл. ПЗБ), ра́не (Сл. ПЗБ, ТС)., з ра́ння́ ’з раніцы’ (Шат., Гарэц.), да ра́ння ’да ўсходу сонца’ (Шат.), параўн. ст.-бел. лежи до ранья (Альтбаўэр), зара́нне, зра́нне ’зранку, вельмі рана’ (Растарг.). Рэйзак (527) лічыць, што *rana з’яўляецца прыслоўем і ўтворана ад прыметніка *ranъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чу́тны, ‑ая, ‑ае; чуцён, чутна.

1. Даступны слыху; які ўспрымаецца слыхам. І дзявочы голас звоніць над лясамі: «Будуць у калгасе слаўныя дажынкі, Будуць чутны песні за гарой высокай». Панчанка. Рагочуць мужчыны. Доўга адзін да аднаго бародамі варочаюцца, а тады паасобныя галасы — кожны па-свойму чуцён. Скрыган. А гэта што — ледзь чутны крок? Ці проста шоргнула ігліца? А. Вольскі. // перан. Вядомы. Бедны хлопец Кастусь, Што каленьмі свяціў у апратцы кастравай, Выспеў коласам буйным, а Беларусь Стала чутнай і знанай на свеце дзяржавай. Лужанін.

2. у знач. вык. Чуецца, гучыць. Ледзь чутны ціхі звон Звычайным свежым ранкам, Калі страсае клён З галін сваіх мядзянкі. Астрэйка. У кнізе чутны і рэха гераічнай.. гісторыі Беларусі, і перазвон зброі ў часы рэвалюцыйных выступленняў народных мас. Ярош.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няро́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Нягладкі, з упадзінамі і ўзвышшамі. Дарога была няроўная, з каляінамі, Варавіцкі ледзь выкручваў машыну паміж імі. Лобан. Месца тут няроўнае — то высокая гара, то глыбокая нізіна. Шамякін.

2. Размешчаны не па прамой лініі; крывы. Пёрка выводзіць на паперы няроўныя радкі. Гартны.

3. Неаднолькавы па велічыні, памерах, якасці, умовах і пад. з кім‑, чым‑н. І хаты няроўныя тут, як і людзі: адна большая, другая меншая. Колас. У наваколлі тутэйшых трох вёсак зямля была вельмі няроўная. Дзе вышэй — радзіла добра, дзе ніжэй к балоту — усё ўшчэнт вымакала. Чорны. Аднаго бацькі і адной маткі няроўныя бываюць дзіцяткі. Прыказка.

4. Нераўнамерны ў працэсе дзеяння; перарывісты, з перабоямі. Няроўны пульс. Няроўнае дыханне. □ Калі-нікалі халадзіў лагодны, ціхі ветрык, што варушыўся няроўнымі слабымі павевамі. Мележ. [Газоўка] кідала няроўнае, трапяткое святло на сцены з бярвенняў, між якіх тырчаў сухі.. мох. Васілеўская.

5. перан. Неўраўнаважаны; няўстойлівы. Няроўны характар.

6. перан. Не заўсёды аднолькавы, з лепшымі і горшымі часткамі (пра стыль).

7. Такі, у якім прымаюць удзел неаднолькавыя ў якіх‑н. адносінах бакі. Весці няроўны бой. □ Аб .. падзеях [у Іспаніі] пісалася ў газетах, аб іх гаварылі ў школе, у часе піянерскіх кастроў, дома. І ўсім так хацелася дапамагчы тады іспанскім героям у іх мужнай і няроўнай барацьбе. Лынькоў. І жнівеньскім ранкам У сорак другім Змаганне няроўнае Выпала ім. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)