наско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; зак.

1. З ходу, з разгону наткнуцца на каго‑, што‑н. Адна за адной загарэлася некалькі машын, два танкі наскочылі на міны. Мележ. — Не паспеў ты адысці ад нас, як жняярка наскочыла на камень. Кавалёў. // перан. Нечакана сустрэць каго‑, што‑н., натрапіць на каго‑, што‑н. Наскочыць на засаду. □ У любой вёсцы па гэты бок шашы можна было наскочыць на фашыстаў. Новікаў. У полі, за балотам, танкі наскочылі на варожую абарону. Шамякін.

2. Раптоўна накінуцца, напасці на каго‑н. [Палікар] адным махам наскочыў на фашыста і грукнуў яго вобземлю. Чорны. Жартачкі будуць дрэнныя, калі раз’юшаны звер наскочыць на чалавека. С. Александровіч.

3. Нечакана з’явіцца (прыехаць, прыйсці і пад.). Калі праз гадзіны дзве наскочылі сюды партызаны — Еўнічы дагаралі. Хадкевіч. Раздумваць доўга не было часу — маглі наскочыць з гарнізона. Шахавец. // перан. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца і г. д. (пра вецер, мяцеліцу і пад.). Наскочыў мароз. □ З поўначы сівер наскочыў сухі. Купала.

4. Разм. Хутка надысці, настаць (пра час, пару года). За якіх тыдні паўтара пасля Пятра магло наскочыць жніво. Гартны.

•••

Наскочыла каса на камень гл. каса.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. пра каго-што, аб кім-чым і без дап. Аддавацца роздуму; раздумваць, мысліць. Часта доўга думае стары Яўхім пра сваю дачку і яшчэ мацней яе шкадуе, любіць. Пестрак. Аб чым камандзір думаў так доўга, — цяжка сказаць. Брыль. Доўга думала Ганна і, урэшце, надумалася. Нікановіч.

2. з дадан. сказам. Лічыць, меркаваць. [Шкуранкоў:] Думаю, што пры наступнай сустрэчы мы лепш зразумеем адзін аднаго. Крапіва. Доўга хварэў пан. Усе думалі, што капцы ўжо яму. Якімовіч. // на каго. Мець падазрэнне, лічыць вінаватым у чым‑н. Думаў на Івана, што ён вінаваты.

3. з інф. Мець намер, збірацца што‑н. рабіць. Хоць у маткі і жылося .. [Аўгінні] нялёгка, але варочацца да Васіля яна не думала. Колас. [Страмілін:] Я думаю паставіць даклад галоўнага інжынера на парткоме. Крапіва.

4. аб кім-чым, пра каго-што. Клапаціцца, турбавацца. Думаць аб бацьках. □ [Людзі] найбольш думалі пра дзённы свой заработак. Чорны.

•••

А што ты думаеш! гл. ты.

Забыць (і) думаць гл. забыць.

І думаць няма чаго — пра поўную немагчымасць зрабіць што‑н.

І не думай (нават) — пра катэгарычную забарону рабіць што‑н.

Трэба думаць гл. трэба.

Я думаю гл. я.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)