рэ́пліка, ‑і, ДМ ‑ліцы, ж.

1. Кароткі адказ, заўвага аднаго субяседніка на словы другога. Рабочыя працавалі моўчкі, зрэдку перакідваючыся скупымі рэплікамі. Лынькоў. // Заўвага, пярэчанне, выкрык з месца на сходзе і пад. Сышліся тут розныя групы настаўнікаў. Старэйшыя вялі рэй, а маладыя толькі прыслухоўваліся ды надавалі рэплікі. Колас. — Вы лепей пра кароў скажыце, — кінула рэпліку Вера. Асіпенка. За рэплікі ў бяссільнай злосці старшыня суда загадваў двойчы вывесці Тарашкевіча з судовай залы. Ліс.

2. Элемент сцэнічнага дыялога — адказ дзеючай асобы на словы партнёра, а таксама канец фразы, апошнія словы аднаго персанажа, пасля якіх гаворыць другі. [Настачка], успомніўшы якую-небудзь рэпліку ці жэст артыста, ціха смяялася. Ракітны.

3. Пярэчанне стараны на судовым працэсе. Права апошняй рэплікі заўсёды належыць адказчыку і яго прадстаўніку. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс БССР.

[Фр. réplique.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Разгу́жываць (разгу́живать) ’неадабральна адзывацца аб чым-небудзь; адкладваць, адмяняць’ (Нас.), разгу́живаннепярэчанне супраць добрай парады’ (Нас. Доп.), разгуджаць: коли Богъ судзиць, ни якій чортъ не разгудзиць (Нас. Сб.). Да гу́дзіць ’асуджаць, ганіць’ (Нас.), што ўзводзіцца да прасл. *gǫditi/*gǫděti значэнне ’ганіць’ развілося са значэння ’гудзець, выдаваць гук’ (Трубачоў, ЭССЯ, 7, 80; Фасмер, 1, 470–471).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абаро́на, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. абараняць — абараніць і абараняцца — абараніцца.

2. Сукупнасць сродкаў, накіраваных на забеспячэнне краіны, народу ад нападу ворагаў. Абарона сацыялістычнай Айчыны ёсць свяшчэнны абавязак кожнага грамадзяніна СССР. Канстытуцыя СССР.

3. Сістэма абарончых збудаванняў. Прарваць абарону праціўніка. Участак абароны.

4. Абарончы бок у судовым працэсе, у гульні. Пярэчанне абароны. Гуляць у абароне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пратэ́ст ’рашучае пярэчанне супраць чаго-небудзь, заява аб нязгодзе’ (ТСБМ), ст.-бел. протестъ ’тс’ (1711 г.), протестовати (1598 г.), укр. проте́ст ’тс’, рус. проте́ст ’тс’. Адваротны дэрыват дзеяслова протестовати, адпаведніка лац. prōtestāri ’ўрачыста абвяшчаць, сведчыць’; у далейшым запазычанне з ням. Protest у сучасным значэнні, што выводзяць з італ. protesto ’апратэставанне векселя’ (ЕСУМ, 4, 609; Банькоўскі, 2, 791; Фасмер, 3, 382).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

противоре́чие ср.

1. супярэ́чнасць, -ці ж.;

вну́треннее противоре́чие уну́траная супярэ́чнасць;

2. (возражение) пярэ́чанне, -ння ср.;

он не те́рпит противоре́чий ён не выно́сіць пярэ́чанняў;

дух противоре́чия дух пярэ́чання;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Перакара́цца ’ўпікаць, дакараць; перакідвацца жартамі’ (Др.-Падб.), перакара́ць ’гаварыць наперакор; назаляць’ (Нас.), перакор ’перакорлівасць’ (Др.-Падб., Яруш.), перако́ра ’наперакор’ (Нас.), укр. переко́рюватися ’спрачацца, узаемна дакараць’, перекір(очка)пярэчанне’, перекі́рливий ’які пярэчыць’, рус. переко́р ’усё, што робіцца на злосць; дакор, ганьбаванне’, перекора ’спрэчкі, сваркі’, перекораться ’сварыцца’, польск. przekora, przekór ’упартасць, свавольнасць; жарты’, н.-луж. pśekora ’ўпартасць; спрэчкі, сварка’, в.-луж. překora ’спрэчка, сутыкненне’, překorić so ’пасварыцца’, чэш. příkoří, валаш. na překor ’рабіць наперакор’, славац. priekor, robiť priekory ’тс’, славен. prekȍr ’сварка’, серб.-харв. prijèkor ’дакор, папрок, упікі’, макед. прекор ’тс’ < прасл. *per‑koriti > per‑korь. Да пера- і карыць2 (гл.) (Фасмер, 2, 320; Шустар-Шэўц, 1172; Бязлай, 3, 111).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пратэ́ст, ‑у, М ‑сце, м.

1. Рашучае пярэчанне супраць чаго‑н., заява аб нязгодзе з чым‑н., аб нежаданні чаго‑н. Сваім удзелам у жалобным шэсці людзі дэманстравалі пратэст супраць паліцэйскага гвалту. У. Калеснік. Спроба бацькі забраць яго з рук Максіма сустрэла рашучы пратэст хлопчыка. Шамякін. Слухаючы разважанні старога Скуратовіча, Кандрат Назарэўскі не можа скрыць свайго абурэння і пратэсту. Барсток.

2. Афіцыйнае выказванне нязгоды з якім‑н. рашэннем, пастановай. Пратэст пракурора. // Спец. Афіцыйнае пацвярджэнне факта нявыплаты ў тэрмін па вэксалі, якое дае трымальніку апратэставанага вэксаля перавагі пры сыскванні доўгу. // Спец. Афіцыйная заява капітана марскога судна, якая пратакаліруе факт аварый судна або псавання грузу. Марскі пратэст.

[Ад лац. protestor — публічна даказваю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супярэ́чнасць, ‑і, ж.

1. Становішча, пры якім адно (выказванне, думка, учынак) выключае іншае, не сумяшчальнае, не ўзгодненае з ім. Прагараваўшы ўсю ноч у роздумах і душэўных супярэчнасцях, хлопец заснуў толькі пад раніцу і прачнуўся позна. Кулакоўскі. Усё, чым .. [Васіль] жыў у гэты вечар, было поўна супярэчнасці. Мележ. // Неадпаведнасць, няўзгодненасць. [Паддубны] разважае аб тым, што супярэчнасць паміж розумам і пачуццямі трэба вырашаць шляхам свядомага іх спалучэння. Хромчанка.

2. звычайна мн. (супярэ́чнасці, ‑ей). У філасофіі — адносіны процілегласцей, уласцівых прадметам і з’явам прыроды і грамадства. Класавыя супярэчнасці. Унутраныя супярэчнасці. □ Першая сусветная вайна вельмі абвастрыла і выявіла найглыбейшыя супярэчнасці капіталістычнай сістэмы. «Звязда».

3. Выказванне або ўчынак, накіраваныя супраць каго‑, чаго‑н.; супярэчанне, пярэчанне. Нарэшце ў ім [Максіме] ўзяло верх простае пачуццё супярэчнасці. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

э 1, нескл., н.

1. Трыццатая літара беларускага алфавіта. Малое э. Вялікае Э.

2. Галосны нелабіялізаваны гук пярэдняга рада сярэдняга пад’ёму.

э 2, выкл. (працяжнае вымаўленне выклічніка звычайна перадаецца на пісьме некалькімі э: э-э, э-э-э).

1. Выражае з дапамогай інтанацыі розныя пачуцці, перажыванні: здзіўленне, прыкрасць, адчай і пад. «Э, глупства!» — сказаў я сам сабе. Колас. [Загурскі:] — Э-э-э, браце ты мой, той не салдат, хто не марыць быць генералам. Асіпенка.

2. Выражае нязгоду, пярэчанне субяседніку. — Э, дарагі, — жалкуючы, адказаў адзін з мужчын, — не па дарозе нам. Краўчанка. [Бацька:] — Э, не! Пакуль не збяруцца ўсе, не пакажу. Кандрусевіч.

3. Выражае затрымку ў гутарцы ад нечаканасці, здзіўлення і пад. Выбіраецца на сходзе брыгадзір ці жывёлавод — чалавек міжволі ў мінулае кідае: — Э, а з якога ён роду? Як яго бацька ці дзед некалі дбаў? Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

але́¹, злуч.

I. супраціўны.

1. Злучае процілеглыя члены сказа і сказы; адпавядае па знач. словам «а», «аднак», «наадварот».

Хлопец гаварыў па-беларуску, але з моцным польскім акцэнтам.

2. Злучае члены сказа і сказы з узаемным выключэннем.

Ты ведаеш, але казаць не хочаш!

3. Злучае сказы, у адным з якіх выказваецца неадпаведнасць таму, аб чым гаворыцца ў другім сказе.

Быў ён там ці не быў, напэўна ніхто не ведаў, але ж людзі называлі яго імя.

II. далучальны.

1. Далучае сказы і члены сказа, якія развіваюць, дапаўняюць або паясняюць выказаную ў папярэднім сказе ці словазлучэнні думку.

Кожны выбірае свой шлях да шчасця, але толькі яно не заўсёды даецца лёгка і проста.

2. Далучае члены сказа і сказы, звязаныя паміж сабой часавай паслядоўнасцю.

Яна зачыніла дзверы, але праз хвіліну хтосьці пачаў стукаць у іх.

3. Ужыв. ў пачатку самастойных сказаў пры рэзкім пераходзе да новай думкі і адпавядае злучніку «ды».

Нават і ён маўчаў...

Але што я кажу, — ён, напэўна, лепш за ўсіх разумеў нас.

4. у знач. наз., нескл., н. Пярэчанне, перашкода (разм.).

Ніякіх але!

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)