любе́зность ж.

1. (свойство) ласка́васць, -ці ж., ве́тлівасць, -ці ж., прыя́знасць, -ці ж.;

2. (комплимент) кампліме́нт, -та м., мі́лая рэч;

говори́ть любе́зности гавары́ць кампліме́нты (мі́лыя рэ́чы);

3. (одолжение) ла́ска, -кі ж.; (услуга) паслу́га, -гі ж.;

оказа́ть любе́зность зрабі́ць ла́ску;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

шурпа́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае нягладкую, з невялікімі няроўнасцямі паверхню. Шурпатыя дошкі. □ [Сцяпан] прыгнуў арэшыну, .. абшастаў рукою лістоту — раз-пораз пальцы намацвалі шурпатыя цвёрдыя каробачкі. Гіль. Трымаючыся за моцныя сукі, я ступіў да Зоні па тоўстым шурпатым камлі. Адамчык. // Нягладкі, агрубелы (пра скуру, цела, пакрытае такой скурай). А тут шурпатыя Трахімавы пальцы спрытна хапаюць яго за вуха, рыжая з сівізною барада набліжаецца аж да самага Уладзікавага носа і страшна шыпіць. Крапіва. Далонь.. [Надзежды Іванаўны] была шурпатая, мазолістая — жанчына не цуралася любой працы. Шамякін. Гладзіў.. [сына], цалаваў валасы, шурпатую абветраную шчаку. Лынькоў. // З густым ворсам (звычайна грубым, калючым). Ночы пад канец лета святлейшыя, пад раніцу халаднавата — не ратуе нават шурпатая даматканая коўдра. Навуменка. Было прыемна цяпер скінуць цесныя чаравікі, абкруціць нагу сухой і шурпатай анучкай, надзець шырокі.. бот. М. Стральцоў.

2. перан. Недапрацаваны, з хібамі, недахопамі. Толькі сэрца зловіць Шчырую прыязнасць у шурпатай мове. Буйло. Войцік прачытаў.. [матэрыял] і, нібы сам сабе, заўважыў, што для пачатку атрымалася нядрэнна, толькі стыль шурпаты. Машара. Гаварыў [Міход] ветла, спагадліва, ніводнага шурпатага слоўца. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палюбі́ць, ‑люблю, ‑любіш, ‑любіць; зак., каго-што.

1. Адчуць любоў да асобы другога полу; пакахаць. [Настаўнік:] — Чаму не сказаць.. [Ядвісі], што я так шчыра і моцна палюбіў яе? Колас. [Анісся:] — Любіла яго? Любіла.. Ды і не разбярэш, часам, за што палюбіш чалавека... Лынькоў.

2. Адчуць глыбокую прыязнасць да каго‑, чаго‑н., стаць адданым каму‑, чаму‑н. За тыя некалькі дзён, што пражыў у Саўкі, Язэп прывык да Стракача, нават палюбіў яго. Якімовіч. Нахмураны і сур’ёзны хадзіў Сцёпка каля будынка рабфака. Зжыўся з ім, палюбіў яго. Колас.

3. і з дадан. сказам. Адчуць схільнасць, цягу да чаго‑н.; упадабаць што‑н. Палюбіць жывапіс. □ Паступіў [Ермакоў у артвучылішча] і хутка палюбіў артылерыю. З той пары ён гаварыў, што «бога вайны» не прамяняе ні на што. Мележ. Кожную вольную часіну я пачаў прападаць толькі на рацэ. Я палюбіў начлегі ля Дняпра. Лупсякоў. [Ладынін:] — Будзеш і ты шукаць людзей, а то ты палюбіў, каб толькі цябе шукалі. Шамякін. // Адчуць задавальненне ад сузірання чаго‑н., адчуць замілаванне да чаго‑н. Я горы палюбіў, з якімі Калісьці Лермантаў дружыў. Смагаровіч. Я палюбіў гасцінны горад Вільнюс, Як родны дом, як Мінск, дзе я жыву. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захава́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Не прапасці, не знікнуць; застацца ў наяўнасці. Цяпер жа дрэвы парадзелі, і ўвесь парк прасвечваўся з аднаго канца ў другі... Захаваўся толькі барок на адным з узгоркаў. Хадкевіч. Аб жыцці і творчасці Паўлюка Багрыма захавалася мала дакументальных звестак, нічога пэўнага не могуць сказаць яго землякі. С. Александровіч. // Не змяніцца, застацца ў ранейшым стане. — Дзіўна, як голас .. у чалавека захаваўся. Чорны. // Застацца ў каго‑н., пры кім‑н.; не страціцца. Я ля брамкі стаю. Прыглядаюся пільна і строга. Штосьці ўсё ж захавалася, штось пазнаю Ад таго птушаняці малога. Гілевіч. // перан. Утрымацца ў памяці, запомніцца. У галаве цьмяна захаваліся толькі некаторыя эпізоды [сустрэчы з Данутай]. Карпюк. У мяне трывала захаваліся ў памяці вялікі луг з густой і высокай травой і дубы на беразе Сажа. Шамякін.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не папсавацца, не пашкодзіцца. Бульба ў склепе добра захавалася.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не прайсці, не страціцца (пра пачуцці, настрой). І хоць часу прайшло багата і абое яны сталі не такія, якімі былі шмат гадоў назад, але ж колішняя прыязнасць захавалася. Новікаў. Ваяўнічы, прыўзняты настрой захаваўся ў Міхала і назаўтра. Карпаў.

4. Разм. Размясціцца так, каб другія не маглі ўбачыць, знайсці; схавацца. Па бацькавых старых плячах Гуляў бізун белапаляка... Са страхам жудасным у вачах Сын захаваўся й горка плакаў. Чарот. // Стаць нябачным або малапрыметным сярод чаго‑н., у чым‑н. Рады бярозавых крыжоў.. амаль што захаваліся ў густых зялёных травах. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́заць, рэжу, рэжаш, рэжа; незак., каго-што.

1. Чым‑н. вострым раздзяляць на часткі. Рэзаць нажом хлеб. Рэзаць шкло. Рэзаць паперу. □ [Аміля] рэзала вялікім нажом буракі і кідала карове. Чорны. // без дап. Дзейнічаць пры выкарыстанні (пра вострыя прылады). Нажніцы добра рэжуць. Нож тупы, не рэжа. // Пілаваць. Асабліва любіў .. [Віктар Сяргеевіч] займацца хатняй гаспадаркай: рэзаў і калоў дровы, насіў ваду. Якімовіч. // Раніць, пашкоджваць чым‑н. вострым. Сухая асака, купіны да крыві рэзалі рукі, драпалі твар. Шамякін. // Імклівым рухам рассякаць, раздзяляць (паветра, ваду і пад.). Параход мой будзе грозна Рэзаць хваляў грудзі. Купала. Леўкін задзірае галаву. Моўчкі глядзіць на кранаўшчыка, потым прыпадымае крыху руку і імклівым рухам рэжа паветра. Дадзіёмаў. // перан. Праходзячы, пралягаючы, раздзяляць (пра дарогу, рэчку і пад.). У два рады між палёў Роўна рэйкі ляглі, Рэжуць нетры лясоў, Точаць грудзі зямлі. Колас. Перад тым берагам рэзала балота рэчка, цераз якую трэба было перабірацца ўброд. Мележ.

2. Разм. Рабіць аперацыю, разразаць. На твары ў хірурга кроплі поту. Адна з сясцёр узяла марлевы тампон, выцерла твар хірурга. «Спакойна рэжа», — падумаў веставы і выйшаў. Асіпенка.

3. Забіваць чым‑н. вострым. Рэзаць курэй. Рэзаць авечку. □ Гэтых людзей ніхто не біў, не рэзаў, не страляў. Яны перамёрзлі.. у тую завейную ноч. Лынькоў. Усю ноч .. [Койферу] трызнілася, што хтосьці паўзе да дома, рэжа вартавых і лезе праз акно да яго. Шамякін. // Разм. Загрызаць. Воўк рэзаў авечак.

4. Рабіць балюча, непрыемна. То на камень ён [Мікіта] сядзе пры лесе У новай турбоце І рукой у халяву палезе — Рэжа цвік яму ў боце. Куляшоў. Плашч настываў, карабаціўся на холадзе і рэзаў .. голыя рукі. Пташнікаў. Гаркаваты дым поўніў паветра, лез у нос, рэзаў вочы. Васілевіч. / у безас. ужыв. Пакой зноў наліўся яркім святлом, аж пачало рэзаць у вачах. Асіпенка.

5. Разм. Ставіць дрэнную адзнаку на экзамене. З таго часу наш «святы айцец», як пачуе, што [семінарыст] з Мінскай губерні, робіцца вар’ятам, усіх рэжа на экзаменах. Сяргейчык.

6. і без дап. Разм. Гаварыць проста, адкрыта, без хітрыкаў. — А па-другое, я не люблю, калі ў дзяўчыны вось тут вецер. Галя паказвае на Ірын лоб. — У цябе самой вецер! — рэжа Іра. Гарбук. [Алаіза] глядзела, як Піліп распранаўся, прычэсваў на прабор свае валасы, і думала, што сапраўды адчувае прыязнасць да гэтага чалавека, што ёй падабаюцца яго неспакой, шчырасць, з якой ён заўсёды рэжа ўсё, што думае. Арабей.

7. Разм. Рабіць што‑н. з азартам. Азартна рэжуць туз на туз, Чырвоны туз на туз віновы. Аўрамчык. — А помніце яшчэ, як Давыд Агафонаў рэзаў. От ужо граў! І ўсё вальс любіў. Ракітны. Ля машыны ўжо .. скокі, рэжуць гармонікі. Кірэйчык.

•••

Вуха (вушы) рэжа (дзярэ) — рэзка, непрыемна гучыць, раздражняе.

Рэзаць без нажа — губіць, ставіць у безвыходнае становішча.

Рэзаць праўду (у вочы) — гаварыць смела, адкрыта праўду. [Вусаты:] — Тарашкевіч доўга расказваў, праўду рэзаў. Янкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)