прымо́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прымоўк, ‑ла; зак.
Разм. Спыніць размову, спевы, крык і пад.; прыціхнуць, замоўкнуць. Старая зразумела, што хлапец не хоча сур’ёзна адказваць на яе пытанні, таму зноў прымоўкла. Кулакоўскі. У седлавіне прымоўклі, прыціхлі, і вецер неўзабаве данёс прыцішаны адлегласцю голас. Быкаў. Салаўі адразу ж прымоўклі — мусіць, пераканаліся, што жаб перакрычаць сёння ім не ўдасца. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытаі́цца, ‑таюся, ‑тоішся, ‑тоіцца; зак.
Схавацца або прыцішыцца, імкнучыся застацца незаўважаным. Выслаўшы ў сяло разведку, партызаны прытаіліся ў нізінцы каля возера, у густым асінніку. Краўчанка. Прытаіўся дзед у хмызняку і асцярожна узіраецца перад сабою. Колас. // Прыціхнуць, замерці. Прытаіўся сход — слухаў, з чаго будзе пачын. Баранавых. Валька выпіла з імі паўчаркі, легла на печы з Верачкай і прытаілася. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папрыціха́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.
Прыціхнуць — пра ўсіх, многіх. Адчуваючы, што з дачкой робіцца нешта няладнае, папрыціхалі ў хаце бацькі. Карпюк. Дзяўчаты-даяркі спачатку паднялі хлопца на смех. А далей, убачыўшы, што ён не адстае ад іх, а каторых і пераганяе, яны папрыціхалі: тут ужо не да смеху, таго і глядзі, што гэты ціхі, рахманы хлопец прысароміць іх. Палтаран.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыні́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Прыціснуцца, прыпасці да каго‑, чаго‑н. Страпянуўся Міколка, удыхнуў паветра глыбей і, упаўшы на калені, прынік да маці. Лынькоў. За акном пачуліся крокі і зараз жа знаёмы Зосін тварык прынік да шыбы. Лупсякоў.
2. перан. Разм. Прыціхнуць, страціць бадзёрасць. [Ліпачка] яшчэ больш прынікла, сцішылася. Сабаленка. [Яўхім:] — Ды і Сафрон трохі прынік — прыглядваўся, ці па нораву жонцы яго разбойная жытка. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыглу́хнуць, ‑не; пр. прыглух, ‑ла; зак.
1. Стаць менш чутным, прыціхнуць. Гоман прыглух. □ Макарка і Лёнік пастаялі яшчэ трохі, пакуль адышоўся трактар і прыглух яго шум. Колас. // Спыніць дзеянне (пра матор). Васіль ужо быў павярнуўся і хацеў ісці, як раптам матор экскаватара зноў прыглух, і ён пачуў голас Алеся: — Гэй, Вася! Краўчанка.
2. перан. Аслабець, зменшыцца. [Зыбін] адчуваў сябе добра, і думкі пра зварот у Тагіл зноў адышлі кудысьці далей, прыціхлі, прыглухлі. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суці́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.
1. Перастаць хвалявацца, супакоіцца, прыціхнуць, заціхнуць. [Пагода] зарыўся тварам у куп’ё і суцішыўся. Бажко. Прыйшоўшы ў камітэт, Клара суцішылася і вельмі талкова расказала .. [Андрэю] пра недахопы ў рабоце. Асіпенка.
2. Аслабець у праяўленні чаго‑н. Закончан бой, і зарыва пажару То ўспыхне, то суцішыцца ў акне. Лойка. Свішча вецер, глуха стогне, Завывае ля дамоў, То суцішыцца, прыглохне, То усходзіцца ізноў. Васілёк.
3. Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Калі ж заліў суцішыцца да сну І стануць нанач мачты, як асверы, Ён [рыбак] пойдзе, узяўшы рыбіну адну, — Кату берагавому на вячэру. Лось. Навокал усё даўно суцішылася, усё замерла. Ус.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. аціх, ‑ла; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць ціхім; замоўкнуць (пра гукі, шум). Нехта праехаў з лёскатам конна па бруку, і потым аціхла зноў усё. Мурашка. Рой яшчэ нейкі час пагудзеў з перапуду, ды і аціх. Якімовіч.
2. перан. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аслабець у дзеянні, сіле; спыніцца (пра стыхійныя з’явы). Пад вечар завея аціхла. Колас.
3. Прыйсці ў спакойны стан; супакоіцца. Максім зусім аціх і .. без пілоткі на чорным чубе высока ляжаў галавой.. на падушцы. Брыль. // Замкнуцца ў сабе; прыціхнуць. Асцярожны немец і аціх і вёў сабе гаспадарку так, як яна вялася аканомам. Чорны. Адам нечакана аціх, замаркоціўся, панікла схіліў галаву. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыці́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.
1. Перастаць шумець; прыціхнуць. Нават работнікі галерэі пачалі ўжо на.. [хлопцаў] падазрона паглядаць. Прыйшлося крыху прыцішыцца. Шыцік.
2. Перастаць рухацца; замерці, супакоіцца. Калі .. [матыль] сеў і прыцішыўся на бервяне, сарока хацела яго клюнуць, але перадумала і ад вярнулася. Пташнікаў. Святлана прыцішылася, трошкі супакоіла сваю крыўду і пачала слухаць, што тата дыктуе. Кулакоўскі. // Паслабець у сіле свайго праяўлення, трохі суняцца. На дварэ прыцішылася пагода, нават сонца косымі праменямі адбілася ў акно і снег быў мяккім... Каваль. — Правільна, зараз такі час, калі рэвалюцыйны рух прыцішыўся. Колас.
3. Запаволіць свой рух; замарудзіцца. Рух канвеера крыху прыцішыўся: некалькі шкляных будак стаялі на ўз’ездзе на мост. Лынькоў. Новыя казакі, чалавек дваццаць, несліся наўскач, і адзін, рабы, віхрасты, прыцішыўся і завярнуў мяне назад. Гарэцкі.
4. Паслабець, стаць менш адчувальным (пра якое‑н. пачуццё, адчуванне). Боль прыцішыўся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцішэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць цішэйшым, перастаць чуцца (пра гукі, шумы). Галасы птушак у полі сцішэлі, зоры міргалі ўжо не так выразна. Лупсякоў. / у безас. ужыв. Але ўсюды неяк вельмі сцішэла, як наўмысля. Кулакоўскі. // Стаць нячутным. Галасы немцаў сцішэлі. Фашысцкая лінія абароны засталася ззаду. Новікаў.
2. Супакоіцца, перастаць хвалявацца і пад. На вуліцы .. [Нахлябіч] ужо сцішэў, вельмі ж пасля спаткання з сынам. Чорны. // Спыніць свае дзеянні і пад.; уціхамірыцца. — За апошні час мы трохі сцішэлі, — Алесь таксама сеў. — Усё ж не фельдфебель над галавою. Лягчэй стала жыць. Караткевіч.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паменшыцца ў сіле, аслабець (пра з’явы прыроды). Дождж, які пачаўся раніцай, трохі сцішэў; у твар палілася халодная, колкая імжа. Капыловіч. // Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Лясы сцішэлі. Мора сцішэла. // Крыху прыціхнуць (пра боль).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звон, звана́ і зво́ну, ж.
1. звана́; мн. званы́, ‑о́ў. Ударны сігнальны падвясны інструмент (з медзі або з меднага сплаву) у выглядзе ўсечанага пустога конуса з падвешаным усярэдзіне ўдарнікам (языком). Царкоўны звон. □ А выйдзе на бераг Дзвіны, заспявае песню — званы змоўкнуць у княжацкім Полацку, хвалі прыціхнуць каля берагоў, жаўранкі злятаюцца да яе, садзяцца на плячо і слухаюць тую Алёнчыну песню. Грахоўскі. Адзванілі званы на званіцах, І збуцвелі, паніклі крыжы, Знакі цемры-імжы. Колас.
2. зво́ну. Гук, які ўтвараецца гэтым інструментам, а таксама металічнымі або шклянымі прадметамі пры ўдары. Звон касы. Звон шклянак. Звон ланцуга. // Гудзенне насякомых, спеў птушак і інш. Камарыны звон плыў над млявым, ціхім балотам... Бялевіч. Заплюшчыць [Сцёпка] вочы — і чуе звон жаваранкаў, адчувае пах суніц, свежага сена, хвоі. Хомчанка.
3. зво́ну; перан. Пагалоскі, плёткі. Не хацеў.. [Пятро] чуць таго звону, што ўжо яго Улляна разнесла па сяле. Ракітны.
•••
Званіць ва ўсе званы гл. званіць.
Малінавы звон — вельмі прыемны, мяккі па сваім тэмбры звон.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)