Гало́п ’галоп’ (БРС, Бяльк., Сцяшк. МГ). Рус. гало́п, укр. гало́п. Запазычанне з зах.-еўрап. моў: ням. Galopp (< франц.) або франц. galop. Параўн. Фасмер, 1, 389. Шанскі (1, Г, 18–19) удакладняе, што запазычанне адбылося (прынамсі, для рус.) з франц. мовы (яшчэ ў Пятроўскую эпоху). Пытанне, адкуль канкрэтна прыйшло гэта слова ў бел. мову (праз якую мову-пасрэднік), пакуль што застаецца адкрытым.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Даскана́лы ’дасканалы’ (БРС). Параўн. укр. доскона́лий, рус. доскона́льный. Лічыцца запазычаннем з польск. doskonały ’тс’ (у польск. мове слова зафіксавана ў помніках, прынамсі, з XV ст.). У ст.-бел. помніках няма (параўн. Булыка, Запазыч.). Гл. Слаўскі, 1, 157; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 173. Апошні ўказвае, што, паводле гістарычных даных, слова прыйшло з мовы паўднёва-заходняй Русі, куды яно трапіла з польскай крыніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Брухме́ль ’чалавек з тоўстым жыватом’ (КЭС, лаг.), брухе́ль ’празмерна тоўсты чалавек’ (Янк. Мат.). Бясспрэчна, экспрэсіўныя формы да бру́ха ’жывот’. Прынамсі брухме́ль сустракаецца, напр., у рус. гаворках (таксама ў форме брюхмель!) як назва брызгліны. Можна меркаваць, што назва расліны (ягад) тыпу брухме́ль нейкім чынам асацыіравалася з бру́ха ’жывот’ (аб гэтым сведчыць форма брюхмель у рус. гаворках) і была перанесена на тоўстага, брухатага чалавека. Гл. яшчэ брухе́ль.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бі́ндус ’гультай’ (Сцяц., Нас.). Аткупшчыкоў (Лекс. балтызмы, 34–35) хоча бачыць тут літуанізм (з меншай пэўнасцю аб гэтым Лаўчутэ, там жа, 22). Брукнер (27) дапускае, здаецца, магчымасць сувязі з bindas ’сякера’ (< ням. Bindaxt; так прынамсі Варш. сл., 1, 156). Параўн. бінда́с ’сякера’, дурань’ (Касп.), бі́ндас ’бамбіза’ (Нас.). Аткупшчыкоў, там жа, лічыць літуанізмам і бел. біндзю́к ’хлапчук гультай і гарэза’ (Нас.). Ці не сюды адносіцца біндзюга́йла ’гультай’ (Нас.)?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дрыгва́ (БРС, Касп., Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Сюды ж драгба́ ’тс’ (Касп.). Паводле Трубачова (Слав. языкозн., V, 178), гэта прасл. дыялектызм: прасл. *dręg(ъ)va, роднаснае літ. drė́gnas, лат. drę̂gns ’сыры’. Лексема гэта, прынамсі, усх.-слав. (рус. дря́гва, укр. дрягови́на ’балота’). Фасмер (1, 545) лічыць яго звязаным з рус. дряга́ ’сутарга’, дряга́ть ’калаціцца’, дрягва́ ’від студзеню’ (зыходнае *dręg‑). Параўн. драгба́. Адносна назвы дрыгва́ ’застылы адвар’ гл. Сцяц. Нар., 49–50.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гала́нка ’парода кароў, курэй’ (БРС). Параўн. рус. гола́нка, гала́нка, якое азначае ’галандскую гародніну’, а таксама ’пароду курэй, кароў, гатунак селядца і г. д.’ З гала́ндка < гол(л)андка; ад назвы краіны. Сюды ж і гала́ндка ’грубка’ (Сцяшк. МГ), рус. гала́нка ’тс’. Назва ўзнікла на базе словазлучэння тыпу голландская печь з дапамогай суфікса ‑к(а). Гл. Фасмер, 1, 385; Шанскі, 1, Г, 118. Прынамсі, для назвы ’грубкі’ крыніцай бел. слова з’яўляецца, магчыма, рус. назва.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́хар ’цукар’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), ’строгі, суровы, сварлівы муж’ (Нас.). Ст.-бел. сахаръ ’тс’ (Булыка, Запазыч., 294). Рус. са́хар, укр. са́хар(ь), ст.-рус. сахаръ (Кірыла Тураўскі, Афанасій Нікіцін і інш.). З грэч. σάκχαρο ад палі sakkharā, ст.-інд. çárkarā ’гравій, галька, пясок; цукар-пясок’ (гл. Праабражэнскі, 2, 254; Фасмер, 3, 567 з іншай літаратурай). Сучаснае беларускае са́хар, відаць, новае запазычанне з рус., прынамсі аўтары Сл. ПЗБ (4, 376) параўноўваюць з рускім са́хар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скры́пень ‘расліна Epilobium angustifolium Scop.’ (ТСБМ, Кіс., Дэмб.), скрыпе́нь (Касп.), скрыпун, скрыпель, скрыпнік (Кіс.), скрыпіцень (Мядзв.), скрыпу́н (Сцяшк.) ‘тс’, скрыпе́ль ‘дзедзвель, Sonchus paluster L.’ (кругл., ЛА, 1), іншая народная назва — хробуст. Рус. дыял. скрипу́н, скры́пень, скры́пник, скрыпе́й і г. д. ‘тс’. Да скрып, скрыпець; прынамсі Махэк (Jména, 149) мяркуе аб адным паходжанні гэтай назвы з чэш. skřípina ‘чарот’. Матывы намінацыі не заўсёды зусім ясныя; магчымы перанос назвы з адной расліны на іншыя па знешнім падабенстве.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барацьба́ (БРС, Касп.), укр. боротьба́. Крамко (Гіст. мовы, II, 141) лічыць, што прынамсі бел. слова з’яўляецца няпоўнай калькай (у дакастрычніцкі перыяд развіцця бел. літаратурнай мовы) з рус. (борьба́), якая ад рускага слова адрозніваецца словаўтваральным элементам. Вывад вельмі няпэўны. Хутчэй барацьба́, боротьба́ — бел.-укр. утварэнне (з новым суфіксам ‑тьба, які ўзнік на базе дэкампазіцыі такіх слоў, як малацьба́). Бел. барадзьба́ ’баранаванне’ (Касп.) < барацьба (кантамінацыя з словам бараньба ’баранаванне’). Да ўтварэнняў тыпу бел. барацьбі́т гл. Кіш, SSlav., 2, 365–371.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́ймі ў выразе: наймі відзець — бачыць сваімі вачамі (іўеў., Сл. ПЗБ). Відаць, са спалучэння на імя (ведаць), першапачаткова ’добра, дакладна (ведаць)’, пасля ў выніку дээтымалагізацыі спалучаецца і з іншымі дзеясловамі; канцавое і адлюстроўвае, відаць, змененае -е (< на́йме). Параўнанне з польск. przynajmniej ’прынамсі’ (Сл. ПЗБ) не мае падстаў, бо не стасуецца да прыведзенага кантэксту. Дакладная паралель чэш. najmę, славац. najmä ’іменна’ (ад jmerio, Махэк₂, 230), серб.-харв. найме ’а іменна’. Гл. таксама Копечны, LF, 89, 1966, 1, 82–86.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)