растапы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Разм.

1. Няўклюдна расставіць, развесці, рассунуць у бакі (рукі, ногі і пад.). Стафанковіч.. шырока растапырыў ногі і ўзліў сабе на галаву ражку цёплай вады. Чорны. [Ілонка] падняла ўверх свае рукі і растапырыла пальцы. Хомчанка. Качаня растапырыла кволенькія крыльцы і наўскасяк зляцела ў кусты. Пальчэўскі. // Раздзьмуць, адтапырыць. Стаенны прыгажун захроп, шырока растапырыўшы ноздры, павёў вушамі і пачаў грабці нагою зямлю. Кулакоўскі. // перан. Раскінуць, распасцерці ў бакі (вецце, галіны і пад.). А затое елка, нібы сваха, Лапы растапырыла свае. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пранікнуць куды‑н., запоўніць сабою што‑н. (пра пясок, пыл і пад.). Снег заляпіў твар жанчыны, набіўся пад хустку. Асіпенка. Сарочка.. [Віктара] была падрана на шматкі, у валасы набілася леташняе сухое лісце. Кулакоўскі. / у безас. ужыв. У той дзень зранку хадзіў.. [Павал] па раллі і поўныя лапці набілася яму пяску. Чорны. // Разм. Сабрацца ў вялікай колькасці дзе‑н., унутры чаго‑н. Звычайна.. [гурткоўцы] заходзілі ў прасторныя хаты, каб туды магло набіцца пабольш суседзяў. Рамановіч. / у безас. ужыв. Разам з мужчынамі ў хату набілася поўна жанок. Чарнышэвіч.

2. Разм. Напрасіцца, навязацца. Набіцца ў сааўтары. □ Алімпа сама набілася камандзіру схадзіць і разведаць, што дзеецца вакол. Сабаленка. Бойкі і спрытны прыгажун, Лясота сам і вельмі хутка набіўся да Руневіча з дружбай. Брыль.

•••

Бітком набіцца — найсці ў вялікай колькасці, шчыльна запоўніць сабою што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскруці́цца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Развіцца (пра што‑н. звітае, туга скручанае). Перавясла раскруцілася. // Перастаць быць завітым, закручаным. Валасы раскруціліся.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разгарнуцца (пра што‑н. скручанае). Трубка палатна зачапілася канцом за сучок вішні, раскруцілася і легла дарожкай цераз усю вуліцу. Жычка.

3. Вызваліцца ад чаго‑н. наматанага, накручанага. [Майка:] — Ты накідай на сябе сена. А то давай я раскручуся і дам табе частку плашча. Караткевіч.

4. Разм. Пачаць круціцца з узрастаючай хуткасцю, сілай. Калаўротак раскруціўся, і вядро са звонам ланцуга плюхнулася ў ваду. Лобан. Шарэйка, прыгажун, артыст. Тыя разы, на танцах, раскруціцца з якой-небудзь увішнай Веркай ці Алесяй. Брыль.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павялічыцца ў дыяметры ад кручэння, свідравання. Адтуліна раскруцілася да патрэбнага памеру.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Расшрубавацца, расківацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грэ́бці і грабці́, грабу, грабеш, грабе; грабём, грабяце; пр. гроб, грэбла і грабла, грэбля і грабло; незак., каго-што.

1. Збіраць, зграбаць у кучу граблямі, віламі і пад. (звычайна пра сена). Вяскоўцы на беразе косамі звоняць, Сена сухое дзяўчаты грабуць. А. Александровіч.

2. Працаваць рукамі або вёсламі, плывучы, едучы ў лодцы. Пакуль шынель не намок, Чыжык яшчэ трымаўся на паверхні. Потым яго пацягнула на дно. Левая рука чамусьці зусім анямела, і ён гроб толькі правай рукой. Няхай. Цішэй грабіце, — закамандаваў Лёнька, — каб човен не пабіць. Савіцкі.

3. Капаць, разграбаць. Стаенны прыгажун захроп,.. павёў вушамі і пачаў грэбці нагою зямлю. Кулакоўскі. Спыніўся я на міг — Няма ні палісадніка, ні хаты, І экскаватар, грузны і рукаты, Грабе пясок каля бяроз маіх. Бураўкін.

4. перан. З прагнасцю браць, захопліваць сабе. Нікому добрага Клім не зрабіў за век, Адно — гроб пад сябе, шукаў адной выгоды. Валасевіч. [Скіба:] Жывёлу забіраюць, хлеб... Што на вока трапіць, то і грабуць. Крапіва. // Хапаць, браць каго‑н. куды‑н. Паліцыянты, бадай, кожную ноч грабуць людзей ды ў астрог запраторваюць. Сабаленка.

•••

Грэбці грошы лапатай — мець вялікія даходы, атрымліваць многа грошай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разра́д 1, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Група, катэгорыя асоб, прадметаў або з’яў, якія адрозніваюцца ад іншых падобных якімі‑н. агульнымі прыкметамі. Граматычны разрад слоў. □ Аднак самы вялікі разрад лацінізмаў старабеларускай мовы ўтвараюць словы абстрактнага значэння. Жураўскі.

2. (з парадк. ліч. і прым.). Ступень кваліфікацыі ў якой‑н. спецыяльнасці, у спорце і пад. Рэстаран першага разраду. □ Паслаў .. [Заслонаў] Жэню ў дэпо вучыцца на слесара, а праз два месяцы яму прысвоілі трэці разрад. Шчарбатаў. Вучняў запрашаюць на такія заводскія мерапрыемствы, як прысваенне кваліфікацыйных разрадаў, ушанаванне пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва. «Звязда». Красуцкі — высокага росту, прыгажун, здаравяк, мае спартыўны разрад і піша дысертацыі. Навуменка.

3. У арыфметыцы — месца, якое займае лічба пры пісьмовым абазначэнні ліку. Лічба другога разраду.

4. Гіст. Цэнтральная ўрадавая ўстанова ў Рускай дзяржаве 16–17 стст., якая ведала служылымі людзьмі, вайсковымі справамі і кіраўніцтвам паўдневых гарадоў і паветаў.

разра́д 2, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разраджаць — разрадзіць (у 1 знач.).

2. Страта электрычнасці якім‑н. целам, якое мае электрычны зарад; з’ява, якая суправаджае гэтую страту. Электрычны разрад. Атмасферны разрад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)