прызвыча́іцца, ‑чаюся, ‑чаішся, ‑чаіцца; зак.

1. Прывыкнуць да чаго‑н. як да звычайнага, абавязковага. Часта .. [Манг] адлучаўся на некалькі дзён, і бацькі прызвычаіліся да гэтага і не пярэчылі. Маўр. Быстры, уладны і настойлівы, .. [Коля] заўсёды кіраваў іншымі і прызвычаіўся, каб яго паважалі і слухаліся. Мележ. [Цярэшка] прызвычаіўся да жыццёвага дабрабыту і не хацеў страціць яго. Мікуліч. // Адчуць сябе звычайна, нармальна ў якой‑н. абстаноўцы; асвойтацца, звыкнуцца. Ужо дні праз чатыры Віцька прызвычаіўся да работы. Паслядовіч. [Зіна] прызвычаілася да чужых людзей. Брыль. Пакрысе прызвычаіўшыся да цемры, Аўсееў стаў бачыць цьмяную лінію чыгункі. Быкаў.

2. Адчуць сімпатыю, прывязанасць да каго, чаго‑н. [Марыя:] Пажывуць далей-болей, паразумнеюць абое, прызвычаяцца адно да аднаго [дачка з мужам]. Пальчэўскі.

3. Набыць навык да чаго‑н., прывучыцца рабіць што‑н. У апошні час .. [Чыжык] прызвычаіўся не выказваць сваіх адносін да людзей і навін. Лупсякоў. Ніякай працы .. [Лабановіч] не баіцца, бо змалку прызвычаіўся да яе... Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывы́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прывык, ‑ла; зак.

1. Набыць прывычку да чаго‑н.; прывучыцца рабіць што‑н. Прывыкнуць да працы. □ Відаць было, што гэтыя стварэнні [малпы] прывыклі ўжо рабіць рукамі разнастайныя рухі. Маўр. Яго ўсе прывыклі клікаць — Ладымер Паляруш. Чорны. — Абручоў то хопіць, а клёпкі трэба рыхтаваць. — Гутарыць сам-насам .. [бондар] прывык даўно. Чарнышэвіч. // Засвоіць што‑н. як абавязковае, звычайнае. З даўніх год ён прывык да таго, што гаспадаркай займаецца жонка. Бядуля. Рамантык, чалавек адкрытай душы, Алік змалку прывык бачыць у людзях толькі прыгожае, добрае. Дадзіёмаў.

2. Асвоіцца, асвойтацца з кім‑, чым‑н. Першы раз .. [качка] спалохалася, узляцела, а потым прывыкла да Мікіткі. П. Ткачоў. Паступова Якаў прывык да сваёй машыны, стаў добра на ёй ездзіць, толькі даглядаць не надта любіў. Кулакоўскі. Спачатку Саша палохалася [начных птушак], нават ускрыквала ад страху, потым прывыкла і не звяртала ўвагі. Шамякін. // Адчуць сімпатыю, прывязацца да каго‑н. Хлопцы так прывыклі да ветлівай бабулькі, што вельмі часта наведвалі яе. Чарнышэвіч. Выправіўшы Міколу, дзед Лукаш моцна засумаваў. Ён прывык да яго, як да роднага сына. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)