перакруці́цца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.
1. Павярнуцца кругом, процілеглым бокам або канцом. На сярэдзіне рэчкі кругляк перакруціўся, [плывец] бухнуўся галавой у ваду, а ногі са шкарпэткамі задраліся ўгору! Колас. Юрка скінуў шапку і, папляваўшы на рукі, так пацягнуў пілу, што аж палена перакруцілася. Курто. Жанчына ўздрыганулася і, як вяртлявы звярок, у момант перакруцілася тварам да чалавека — у профіль да акна. Чорны. — Во! Гэта дарэчы! — перакруціўся на адной назе Віктар. Маўр.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сапсавацца ад частага або празмернага закручвання. Кран перакруціўся. // Распасціся напалам, на часткі ад кручэння. Алюмініевы дрот лёгка перакруціўся.
3. перан. Разм. Рэзка перамяніцца, перайначыцца. Віхляй уголас пераказваў Вінцусю Шавелю нечаканае яму рашэнне акругвыканкома. А той пазіраў на сакратара з лёгкім недаверам і не ведаў, як яно так раптам усё перакруцілася... Гартны.
4. Заблытацца, зблытацца. Перакруціліся ніткі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паві́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. павіс, ‑ла і павіснуў, ‑нула; зак.
1. Зачапіўшыся за што‑н., застацца вісець, утрымлівацца на чым‑н. Павіс снег на галінах. Павіслі слёзы на вейках. □ Ад сасны адламалася вялікая галіна і павісла над галовамі. Шамякін. Нарэшце.. [чалавек] ухапіўся рукамі за апошні сук, павіснуў на момант і тады ўжо скокнуў на зямлю. Чыгрынаў. // Абаперціся на каго‑н. усім цяжарам. Лёдзя шчыльней прыхінулася да брата і амаль павісла ў яго на руцэ. Карпаў.
2. Абвіснуць; апусціцца. Павіслі галіны да зямлі. □ Міхась пабялеў.. Чуб яго смешна павіс на правае вуха. Чарнышэвіч. Капітан глядзеў на профіль Колі, у якога над невялікім носам павіс казырок кепкі. Пестрак.
3. Стварыць уражанне чаго‑н. завіслага або нерухомага ў паветры. Павіслі туманы. □ Сіняя страказа, што сядзела на гарлачыку, успырхнула, павісла над вадой. Хомчанка. / Пра нябесныя свяцілы. Над далёкім борам павісла вялікае чырвонае сонца. Грахоўскі. Залатымі яблыкамі павіслі над галавою зоры. Нікановіч. / Пра гукі, пахі. Над вёскай павісла цішыня, толькі на далёкім жытнім палетку перагукваліся перапёлкі. Чарнышэвіч. // перан. Пра якія‑н. пачуцці, прадчуванні. Ужо два тыдні як над сялом павіс нейкі страх і трывога. Колас.
4. Выступіць, навіснуць над чым‑н. Скала павісла над морам. // Нахіліўшыся над чым‑н., звесіцца. Якуб Сегень павіс тварам цераз трыбунныя балясы над натоўпам, каб прывітаць усіх ад імя калгаснікаў. Чорны. // Вісець, будучы прычэпленым, прымацаваным да чаго‑н. Нерухома павіслі пустыя каўшы. Карпаў. Адзін самалёт цягнуў на правым крыле доўгую чорную пасму дыму. Неўзабаве з яго выкінуліся і павіслі на парашутах чорныя кропкі. Паўлаў.
•••
Павіснуць у паветры — застацца нявырашаным.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)