плёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Празрыстая эластычная, цэлулоідная стужка са святлоадчувальным слоем для фатаграфічных і кінематаграфічных здымкаў. За якой паўгадзіны Айзік мог аббегаць паўгорада, напстрыкаць на плёнку свае «лейкі» кадраў з дваццаць. Сабаленка.

2. Тонкая празрыстая бясколерная матэрыя сінтэтычнага паходжання. Поліэтыленавая плёнка. Трымаць раннія агуркі пад плёнкай.

3. Тое, што і плеўка. Халаднаваты метал быў пакрыты васковай плёнкай тавоту. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Ласк. да пена (у 1 знач.); невялікая пена. Пахне поле пірагамі, Цёплым з пенкай малаком. Парахневіч.

2. Плеўка, якая ўтвараецца на некаторых вадкасцях пры іх астыванні. // Пеністы слой сіропу, які з’яўляецца ў час варкі варэння. Калі ўсе паснедалі, мама ўзялася варыць на кухні малінавае варэнне, а мы стаялі збоку і па чарзе з’ядалі са сподка пенку, якую мама здымала драўлянай лыжкай. Пальчэўскі.

пе́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Лёгкі порысты вогнетрывалы матэрыял.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пуза́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З вялікім жыватом, пузам. Ля камбайна, акрамя Шапавалава і Пятра,.. [Касцянок і Баранаў] убачылі старшыню калгаса Махнача, нізкага і пузатага чалавека з шырокім чырвоным тварам. Шамякін. Тут быў таран, мянёк пузаты, Шчупак, лінок, акунь, карась. Колас.

2. перан. Нізкі і шырокі, з пукатымі, акруглымі бакамі (пра прадметы). Пузаты чыгун. Пузаты партфель. □ Гаспадыня ўсё-такі злезла з печы, бразнула засланкай і выцягнула пузаты паліваны гарлачык, на якім трошкі прыгарэла жоўтая плеўка. Сабаленка. Рыма трымала ў руках баравік і абразала белы пузаты корань. Васілеўская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мяздра́, мездра́, міздра́ ’падскурная клятчатка ў жывёл, адваротны бок шкуры’, ’благі бок вырабленай скуры’, ’мякаць у гарбузе, дзе знаходзіцца насенне’, ’мяккая частка дрэва паміж карой і драўнінай’ (ТСБМ, Яруш., Касп., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС; в.-дзв., Шатал.; КЭС, лаг.), міздря́ ’нікчэмнасць’, міздрычка ’нікчэмны, дробязь’ (Бяльк.), ашм. мяздрава́ты хлеб ’ацеслівы’ (Сл. ПЗБ), мяздроны ’не вельмі добра ачышчаны ад мяздры’ (Нас.). Укр. міздря́, міздро, мездро, ніздра́, ніздря́, мяздра ’кара’, ’унутраны бок скуры’, рус. мяздра́, мездра́, рус.-ц.-слав. мяздрица ’абалонка яйка’; польск. mizdra, miazdra, miązdra, miazda, mięzdra ’мяздра’, ’эпідэрміс’, каш. miåzdra ’колер твару’, в.-луж. mjazdro ’бяльмо’, mjadreskoплеўка на яблыку вока’, чэш. mázdra ’скурка, плеўка’, валашск. mʼazgra, miígra, mjazdro ’слабы (чалавек)’, mázderko ’кавалачак’, mazgera ’малы чалавек’; славен. mezdro ’лыка’, mézdra, mȇzdra ’ўнутраны бок скуры’, ’смятана на малацэ’, ’абалона пад карой дрэва’, ’маладая плеўка на ране’, серб.-харв. ме́здра ’скурка, плеўка’, макед. мездра ’мяздра’, ’брушына’, балг. мездра ’ныркавы тлушч’, ’сала’. Многія этымолагі выводзяць прасл. męzdra (Копечны, Zákl. zás., 203; Махэк₂, 356; Шустар-Шэўц, Этимология–1970, 88; Бязлай, 2, 182), якое не мае яснай этымалогіі. Рэканструюецца і.-е. *memsdhrom (Бругман, 38, 437) і супастаўляецца з лац. membrum ’член’, membrāna ’скурка’, іншыя выводзяць *memsro‑, якое мусіла б даць *męstra (а не męzdra). Мее (129 і 409), Фасмер, (3, 29) выводзяць лексему з мяса і драць, супраць чаго Ільінскі (RS, 6, 224). Аткупшчыкоў (Из истории, 148), падкрэсліваючы змешванне ў слав. дыялектах слоў мязга і мяздра па семантыцы, бачыць блізкае словаўтварэнне: ст.-слав. мѧ‑з‑д‑ра мае суфіксальнае ‑(z)d‑; назіраецца чаргаванне d/g, параўн. мез‑д‑ра і мез‑г‑а, якія ўзыходзяць да кораня *men‑ ’мяць’, і першапачаткова абедзьве абазначалі ’мякаць, цёртае, патоўчанае рэчыва’. Карпенка (у канд. дыс. «Слав. терминол. обработки кожи (назв. сырья и ремесленников)», Киев, 1984) выводзіць наступны шлях развіцця лексемы мездра: і.-е. meig̑h ’кіпець, віраваць, цячы’ > *moig̑zghā, *moighsqā ’тое, што цячэ, вільготнае’ > мезга ’ўнутраная слізкая абалонка дрэва’ > мездра ’падскурная клятчатка, адваротны бок скуры’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абало́нка1, параўн. укр. болона ’тонкая плеўка’, польск. błona, чэш. blona, славац. blana ’тс’, якія, магчыма, генетычна суадносяцца з лац. follis ’пузыр’, folliculusплеўка’ < і.-е. *bholnis (гл. Покарны, 120), хаця лінгвагеаграфія гэтых слоў супярэчыць непасрэднаму супастаўленню з лацінскімі формамі. Яшчэ менш верагодна з фармальнага і семантычнага боку супастаўленне са ст.-грэч. φόλίς ’луска паўзуноў’ (гл. Фасмер, 1, 189). Цікавая здагадка аб генетычнай суаднесенасці з прасл. *pelna, *pelena (рус. пелена і інш. славянскія паралелі) (гл. Махэк₂, 55 і 458). Пры бездакорнасці семантычнага боку даводзіцца ў гэтым выпадку дапусціць змяшэнне p/b. Лінгвагеаграфія, магчыма, сведчыць у карысць такога збліжэння. Мяркуемыя прасл. bolna і pelna знаходзяцца арэальна ў дадатковым размеркаванні (bolna — захад і цэнтр, pelna — усход і поўдзень). Гл. Мартынаў, SlW, 62–63. Параўн. абалонь.

Абало́нка2 ’шыба ў акне’ (Шат., Касп., Сцяшк., Янк. I, Маш.), оболонечка ’фортачка’ (Булг., Доўн.-Зап.), ст.-бел. оболонкі ’плеўкі жывёл, якія ўжываліся як шыбы ў вокнах’ з 1494 г. (Нас. гіст., 249), польск. błona, чэш. blána, славац. blana ’тс’. Гл. абалонка1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бало́на1 ’шкло ў раме’, бало́нка (Гарэц., Др.-Падб., БРС, Касп., Бяльк.). Рус. дыял. боло́на, боло́нка ’тс’, укр. боло́на ’шкло ў ахне’, болонка́рь ’шкляр’, польск. błona ’тс’, чэш. blána прамасленая папера ў акне (замест шкла)’ і г. д. Слова, ідэнтычнае па паходжанню з прасл. bólna, bolnь ’перапонка, плеўка, верхні слой, мяккая кара, скурка і да т. п.’ (рус. болона́, бо́лонь, укр. боло́на, польск. błona, чэш. blána і г. д., гл. балонкі ’перапонкі’). У некаторых славянскіх мовах гэтае слова азначае і ’аконнае шкло’. Мабыць, зыходзіць трэба ад значэння ’плеўка’ (замест шкла раней ужываліся плеўкі з пузыроў жывёлін і пергаментная папера). Параўн. блона і абалонка1 (гл.).

Бало́на2, бало́нка ’палянка на нізкай лугавой мясціне’ (Гарэц.), бало́нне ’ўскраіна лесу’ (Інстр. III), ’багна, нізіна’ (Касп.), бало́ння ’заліўны луг, вельмі нізкі’ (Янк. Мат.), балу͡онне ’плёс’ (Лысенка, ССП). Рус. болонь, боло́нье ’поймавы луг, нізіна’, укр. боло́ня, боло́нє і да т. п. ’раўніна, паша, выган і г. д.’, польск. bl̃oń, błonie, błonia, чэш. blana, балг. блана́ ’роўнае месца, поплаў’ і г. д. Прасл. bolnь, bolna, bolnьje. Далейшыя сувязі слова не вельмі ясныя. Паводле Фартунатава, AfslPh, 4, 579, ёсць сувязь з прасл. bolto ’багна’ (гл. бало́та), літ. báltas ’белы’, balà ’тарфянік’ (гл. і Слаўскі, 1, 37), а таксама з прасл. bólna плеўка і г. д.’ (гл. бало́на1 і бало́нкі ’перапонкі’): усё гэта далей да *bělъ ’белы’. Гэту версію падтрымліваў Траўтман, 25 (які зыходзіў з балта-слав. праформы *bālna‑ ’белы’). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 189. Падрабязна пра форму, семантыку і магчымую гісторыю слав. форм гл. Талстой, Геагр., 74–76.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяга́рка (пега́рка), мн. л. пе́гаркі ’бульба з прыгаркамі’ (барыс., Шатал.), пыга́рка ’трохі падсмажаная ці падпечаная корка густой стравы або плеўка ў вадкай страве’ (драг., З нар. сл.), параўн. рус. калуж. пяга́рка з няясным значэннем. Відаць, ад пяга́ць ’пячы’: цэлы дзень пякотка пяга́е (жлоб., Мат. Гом.), дзе выступае варыянт кораня пяк‑ (гл. пекці, пячы) з азванчэннем у інтэрвакальным становішчы; менш верагодна сувязь з пе́га ’пляма, рабацінне’, гл. пе́гаркі, пе́гі, або як вынік “спешчанага” (дзіцячага) вымаўлення прыстаўкі пры‑, параўн. піга́рка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Балонкі ’перапонкі на нагах вадаплаўных птушак’ (Інстр. II). Гэта слова адносіцца да прасл. bólna, bolnь, якое мела шмат значэнняў: ’перапонка, плеўка, верхні слой, мяккая кара, скурка і да т. п.’ (рус. болона́, бо́лонь, укр. боло́на, польск. błona, чэш. blána, славен. blána і г. д.). Слав. слова лічыцца ідэнтычным па паходжанню з прасл. bolna і г. д. ’паляна, луг’ (гл. бало́на2) і з’яўляецца роднасным з літ. bálnas ’белы’, грэч. φολίς луска’. Бернекер, 69; Фасмер, 1, 189; Траўтман, 25; Слаўскі, 1, 37. Параўн. блонка. Гл. яшчэ абалонка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бало́нь ’абалонь, верхнія слаі драўніны’ (Бяльк.), боло́на (Нас.), болона́ ’абза, верхні слой дрэва’ (Мядзв.), болонь ’не смалістая частка сасны’ (палес.). Рус. болона́ ’нарасць на дрэве’, бо́лонь ’верхні слой, мяккая кара дрэва’. У іншых слав. мовах формы з іншай семантыкай. Параўн. бало́на1, бало́на2, бало́нкі ’перапонкі’ (там і формы). Да прасл. bolna, bolnь, якое мае шмат значэнняў — ’перапонка, плеўка, верхні слой, мяккая кара, скурка і г. д.’ і, мабыць, ідэнтычнае з *bolna ’паляна, луг’. Адпавядае літ. bálnas ’белы’, грэч. φολίς ’луска’. Гл. Бернекер, 69; Фасмер, 1, 189; Траўтман, 25; Слаўскі, 1, 37; Шанскі, 1, Б, 157. Гл. абалонь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ску́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Памянш. да скура (у 1 знач.). Можна было б, вядома, знайсці, а то і самому вырабіць яшчэ адну скурку па бубен, ды нешта не з’яўлялася ўжо цяга да такіх турботаў. Кулакоўскі. // Тонкая маладая скура. Кроў прасочваецца праз тонкую аксамітную скурку. Крапіва. У фізрука на галаве тонкаю маладою скуркаю дыхала глыбокая рана. Адамчык. // Разм. Тонкае празрыстае покрыва па некаторых гастранамічных вырабах (каўбасе, сыры і пад.), плеўка. На стале былі акуркі, ад кілбас шнуркі і скуркі, ля стала стаяла урна — жыў мядзведзь больш-менш культурна. Шушкевіч.

2. Невялікая вырабленая шкура жывёлы (звычайна для пашыву шапак, каўняроў і пад.). [Багуцкі:] — Якія ж скуркі, галоўным чынам, цікавяць вашу фірму? [Прадстаўнік фірмы:] — О-о... розныя... Вавёркі, выдры... Лынькоў.

3. Верхняе покрыва, абалонка пладоў. Скурка яблыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)