пераме́на, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пераменьваць — перамяніць.

2. Замена аднаго другім. Дзедава настаўленне было доўгім. Усе яго часткі вялі да таго, каб коні не адчулі перамены гаспадара-даглядчыка. Ермаловіч.

3. Змена, паварот да чаго‑н. іншага. Яшчэ адна вялікая перамена сталася з Лукавіцыным — ён стаў шчырым беларусам. Крапіва.

•••

Перамена дэкарацый — пра змену абставін, агульнага выгляду чаго‑н. і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрыя́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які спрыяе, памагае чаму‑н.; карысны для чаго‑н. І тут паўстала пытанне: дзе можна наглядаць за жыццём чаек у найбольш спрыяльных і характэрных умовах? В. Вольскі. Дактары параілі Цётцы перамяніць вільготны львоўскі клімат, паехаць куды-небудзь, дзе больш спрыяльны клімат для яе хворых лёгкіх. Панізнік.

2. У якім выяўляецца прыхільнасць, павага да каго‑н. Спрыяльныя адносіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змяні́ць, змяню́, зме́ніш, зме́ніць; зме́нены; зак.

1. каго-што. Зрабіць інакшым.

З. канструкцыю машыны.

2. каго-што. Замяніць другім.

З. кіраўніка аддзела.

З. работу.

3. каго (што). Пачаць дзейнічаць замест другога, заняўшы чыё-н. месца.

З. дазорных.

4. каго-што. З’явіцца ўслед за кім-, чым-н., замяняючы сабой каго-, што-н.

Лета змяніла вясну.

5. што. Пачаць карыстацца чым-н. замест чаго-н. іншага, перамяніць.

З. бялізну.

|| незак. змяня́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е і зме́ньваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. змяне́нне, -я, н. (да 1 знач.) і зме́на, -ы, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

перахадзі́ць, ‑хаджу, ‑ходзіш, ‑ходзіць; зак.

1. што. Перабыць якую‑н. пару, ходзячы ў чым‑н. або як‑н. Перахадзіць зіму ў асеннім паліто.

2. чым. У гульнях — пайсці іначай, перамяніць ход. Перахадзіць пешкай.

3. што. Разм. Перанесці хваробу на нагах. Перахадзіць грып.

4. Разм. Пахадзіць цяжарнай звыш тэрміну.

5. што і без дап. Прайсці, абысці ўсё або многа чаго‑н. Колькі я перахадзіў за год! Усе дарогі ў наваколлі перахадзіў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перайна́чыць, ‑чу, ‑чын, ‑чыць; зак., каго-што.

Змяніўшы, зрабіць іншым; перамяніць. Перайначыць жыццё. Перайначыць характар. □ У гэты момант я зусім яшчэ не думаў, што прыму рашэнне, якое пазней перайначыла ўсе мае меркаванні. Галавач. Усё яму не гэтак, усё хочацца перайначыць, перарабіць па-свойму. Кулакоўскі. // Падаць у іншым выглядзе, змяніць пры пераказе, перадачы і пад. Перайначыць матыў песні. □ Там, у кнізе, гэта было напісана ад трэцяй асобы, я перайначыў у думках усё на першую асобу і — запомніў назаўсёды. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пералама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; заг. пераламі; зак.

1. што. Паламаць напалам, на часткі. Пераламаць палку. // Ударам пашкодзіць, перабіць (пра косці). Пераламаць руку. □ Як баліць спіна, здаецца — яе пераламалі ў паясніцы. Пташнікаў.

2. што. Паламаць усё, многае. Вецер пераламаў усе дрэвы.

3. што. Крута сагнуць. Пераламаць ліст кардону.

4. перан.; каго-што. Перамяніць, зрабіць іншым (характар, звычкі, паводзіны і пад.). Максім з гэтага зрабіў вывад, што Таня і тут патрапіла пераламаць свой характар. Машара. Не знайшлі падыходу к чалавеку, не дапамаглі яму па-сапраўднаму пераламаць сябе. Казлоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перае́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; зак.

1. што і цераз што. Праехаць цераз што‑н., на другі бок чаго‑н. Пераехаць цераз мост. Пераехаць гасцінец. □ Пераехалі [сябры] сухі луг і спыніліся начаваць. Якімовіч.

2. каго. Наехаўшы, задушыць, пакалечыць калёсамі, гусеніцамі. — Сцеражыся, дзядзечка, а то пераеду! Васілевіч. Другое дзіця, таксама хлопчыка, пераехаў цягнік. Навуменка.

3. Перамяніць месцапрабыванне; перасяліцца, перабрацца. Рагуля паведаміў Філістовічу, што ён можа пераехаць у Лувен і там скончыць універсітэт. Паслядовіч. Новая кватэра, куды пераехалі Віталік і Раман, знаходзілася ў доме з шыльдай «Дзіцячы свет». Даніленка. [Мікола:] Я мяркую, што Настасся Рыгораўна павінна ў наш калгас пераехаць. Крапіва.

4. Разм. Праехаць — пра ўсіх, многіх. Пакуль Наталька спраўлялася ў сталоўцы, па вуліцы перайшло і пераехала шмат народу. Колас.

5. каго-што. Заехаць далей, чым патрэбна, мінуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падня́цца, падыму́ся, пады́мешся, пады́мецца; падымі́ся і -німу́ся, -ні́мешся, -ні́мецца; -німі́ся; зак.

1. Перамясціцца ўверх або прыняць больш высокае становішча.

П. на чацвёрты паверх.

Рука паднялася.

П. па службовай лесвіцы (перан.; дасягнуць больш высокага грамадскага становішча).

2. Устаць, перамяніць ляжачае або сядзячае становішча на стаячае.

П. з ложка.

3. Крануцца, рушыць.

Войскі падняліся ў атаку.

4. перан. Перайсці да актыўных дзеянняў.

П. на барацьбу з ворагам.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць вышэйшым, павысіцца ва ўзроўні.

Вада ў рацэ паднялася.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Павялічыцца, павысіцца.

Прадукцыйнасць працы паднялася.

Цэны падняліся.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Стаць больш актыўным, прыўзнятым, палепшыцца.

Настрой падняўся.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Наладжваючыся, палепшыцца, развіцца.

Прадукцыйнасць гаспадаркі паднялася.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узнікнуць, пачацца.

Падняўся шум.

У стане ворага паднялася паніка.

Падняўся вецер.

|| незак. падыма́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца і падніма́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

|| наз. падня́цце, -я, н. (да 1, 6—8 знач.) і пад’ём, -у, м. (да 1, 2 і 5 знач.).

|| прым. пад’ёмны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пера..., прыстаўка.

Абазначае:

1) накіраванасць дзеяння з аднаго месца на другое, з аднаго боку на другі, напр.: перабегчы, перавярнуць, перайсці;

2) накіраванасць руху цераз што-н., напр.: перакінуць, пераплысці, пераскочыць;

3) змену накіраванасці дзеяння, перадачу каму-, чаму-н., напр.: перадаць (у спадчыну), пераслаць;

4) паўтарэнне дзеяння нанава, напр.: перарабіць, перачытаць, перашыць;

5) празмернасць дзеяння, а таксама давядзенне дзеяння да адмоўнага выніку, напр.: пераесці, перасаліць, перахваліць;

6) перавагу, першынство ў дзеянні, напр.: перакрычаць, ператанцаваць, перахітрыць;

7) паслядоўны ахоп дзеяннем усіх або многіх асоб, прадметаў і вычарпальнасць такога дзеяння, напр.: пералавіць, перамыць (увесь посуд), перапэцкаць (рукі), перахварэць (усімі дзіцячымі хваробамі);

8) падзел чаго-н. папалам, на часткі, напр.: перакусіць (нітку); пераламаць;

9) запоўненасць дзеяннем якога-н. прамежку часу, напр.: перазімаваць, пераначаваць;

10) пераўтварэнне ў што-н. іншае, пераход у іншы стан, від, напр.: перакласці (на іншую мову), перарасці (сяброўства перарасло ў каханне), перамяніць (свой колер);

11) спыненне якога-н. дзеяння, стану, напр.: перабалець (перабалела сэрца), перабрадзіць;

12) слабае праяўленне дзеяння або яго кароткачасовасць, напр.: перадыхнуць, перакусіць;

13) узаемнасць дзеяння (у дзеясловах з часціцай -цца), напр.: перагаворвацца, перапісвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пераста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак.

1. што. Паставіць на другое месца. Пераставіць лямпу на другі стол. □ [Волька] узяла кветкі і пераставіла на акно, каб не так кідаліся ў вочы. Мікуліч. // Разм. Замяніць парадак чаго‑н. Пераставіць словы ў сказе. □ Можна напісаць на гэту тэму другі твор, .. але ў гэтым — ні замяніць, ні пераставіць нічога нельга, усё зроблена па закону абумоўленасці і неабходнасці. «Полымя».

2. што. Расставіць што‑н. іначай, на іншыя месцы. [Зіна] не толькі прыбрала, а і па-свойму пераставіла і стол, і крэслы, і тахту. Шыцік. Але аднойчы я прынесла смятану з крамы, і слоікі ў халадзільніку выпадкова пераставіла. Савіцкі. // каго. Разм. Размясціць каго‑н. больш зручна для выканання якіх‑н. абавязкаў. Пераставілі людзей, і атрымалася, што тыя ж аперацыі можна рабіць меншай колькасцю рабочых. Шыцік.

3. што. Пабудаваць, зрабіць нанава (хату, печ і пад.), перарабіць. Я з бацькам дуб пілую на штандары (Патрэбна ў хаце пераставіць печ). Гаўрусёў.

4. што. Разм. Перамяніць, перайначыць. — Чалавек, калі захоча, натуру можа пераставіць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)