ззяць, ззяю, ззяеш, ззяе; незак.

1. Вылучаць ззянне; ярка свяціць. Зоркі — бліскучыя, ззяюць, пераліваюцца. □ Высока ззяла ў небе сонца, прыветліва шумела пад ветрам маладая бярозка. Гамолка. // чым і без дап. Быць ярка асветленым, залітым святлом. Справа, у лесе, высокія санаторныя будынкі ззяюць агнямі і тушаць над сабою зоры. С. Александровіч. Золатам ззяе ўсход. Танк. // перан. Быць, паяўляцца ва ўсёй велічы, славе, бляску. У выдатным сузор’і вялікіх сыноў рускага народа ярка ззяе слаўнае імя.. Суворава — фельдмаршала і генералісімуса рускай арміі. «Беларусь». // чым і без дап. Вылучацца яркім колерам, чысцінёй, навізной. Ззяе фарбаю новай Кабінетны раяль. Бачыла. Два ордэны ззяюць яго баявыя, Яны за Бярозу, за Мінск і за Кіеў. Хведаровіч.

2. Блішчаць, зіхацець, адбіваючы святло, прамяні. Як хораша пад месяца святлом Прайсціся полем ціхім, Звонкім гаем Ці паўз раку, што ззяе серабром. Астрэйка. Бліскучаю сталёваю стужкаю ззяе Прыпяць. Колас. // перан.; чым. Вылучацца якімі‑н. заслугамі, вартасцямі. [Язва:] І вы сёння ззяеце водбліскам славы, як спадарожнік гэтага вялікага свяціла. Крапіва.

3. Блішчаць ад радасці, шчасця (пра вочы); свяціцца ад радасці, шчасця (пра твар). Упершыню паглядзеў ён на бацьку вачамі, якія ззялі ад шчасця і захаплення. Мележ. Твары.. [людзей] ззялі радасцю. Кавалёў. // перан.; чым. Паказваць сваім выглядам пачуццё радасці, шчасця (пра чалавека). Мала таго, што гаварыла .. [Вераніка] выразна, правільна будуючы кожны сказ, у яе яшчэ быў надзвычай прыемны голас, і сама яна ў гэты час ззяла нябачаным хараством... Навуменка. // перан. Ярка праяўляцца ў чым‑н. (пра пачуцці). Радасць ззяла ў вачах людзей. □ Юнакоў, дзяўчат усмешкі Ззяюць водбліскам зарніц. Жычка.

4. Быць адкрытым, паказваць глыбіню, правал (пра яму, рану і пад.). Ля падножжа гары ззяў уваход у пячору. Шыцік. Яшчэ здалёк хлопцы ўбачылі, што частка даху дэпо знесена і ў адной з сцен ззяе велізарная прабоіна. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каза́ць ’выказваць у вуснай форме якія-небудзь думкі, меркаванні, расказваць, гаварыць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; міёр., З нар. сл.; Гарэц., Касп.; палес., КЭС; Мал., Нас., Нік. Напаў., Сержп., Радч., Сцяшк., Шат., Яруш.), ’абавязваць, загадваць’ (БРС, ТСБМ, Нас.), ’паказваць’ (ТСБМ). Крыніцы, на жаль, вельмі неаб’ектыўна паказваюць геаграфію слова; гэта зразумела, таму што дыферэнцыяльныя слоўнікі не ўключаюць лексіку такога тыпу. У іншых слав. мовах: укр. казати ’гаварыць, абавязваць’, казатися ’паказвацца, яўляцца’, рус. казать ’паказваць’, ’гаварыць’, ’абавязваць’, ’даваць параду, вучыць’, казатьсяпаяўляцца’ і інш., польск. kazać ’расказваць, настаўляць’, ’прапаведаваць’, ’абавязваць’, ’патрабаваць’, славін. kȧ̃zăc ’прапаведаваць’, каш. kazac ’прапаведаваць’, ’загадваць, абавязваць’, н.-луж. kazaś ’загадваць’, ’запрашаць’ і інш., в.-луж. kazać ’загадваць, патрабаваць’, чэш. kázati ’прапаведаваць’, ’загадваць’, славац. kázať ’загадваць’, ’чытаць пропаведзь’, славен. kázati ’паказваць’, серб.-харв. kázati ’выказаць, паказаць’, макед. каже ’выказаць’, ’паказаць’, балг. кажа ’выказаць’, ’назваць’, ’загадаць’. Паводле Трубачова, Эт. сл., 9, 169, прасл. форма гэтых слоў kazati дуратыўны дзеяслоў на ‑ati з падоўжаным каранёвым галосным а < ō. Слоўнік дапускае, што ў аснове kazati ляжыць, такім чынам, *koz‑, якое непасрэдна ў слав. мовах не зафіксавана. Магчыма, існаванне такой формы ўскосна пацвярджае быццам бы роднаснае čeznǫti, дзе, як нейкі эквівалент нулявой ступені, рэгулярнай для дзеясловаў на ‑nǫti, прысутнічае апафанічна зыходная ступень ‑e‑. Адносна семантыкі Слаўскі (2, 110) мяркуе, што зыходным значэннем было ’даць магчымасць бачыць, аглядаць’ (’даць бачыць’, ’паказаць’). Развіццё гэтага — з’яўленне значэння ’гаварыць’ (⩾ ’расказваць, загадваць’) і інш. Агульная семантыка ’звяртаць нечым увагу на што-н. (з дапамогай жэста або слоў)’. У якасці паралелі прыводзіцца лац. dīcō ’кажу’ пры грэч. δείκνῡμι, ’паказаць’ (так яшчэ ў Патабні, РФВ, III, 1880, 102–103). Трубачоў (Эт. сл., 9, 169), прымаючы такую версію, мяркуе, што на гэтай жа падставе сюды неабходна аднесці і каўзатыўнае kaziti, уласна ’меціць’ → ’псаваць’, нягледзячы на тое што kazati і kaziti звычайна разглядаюцца асобна. Ніжэй Трубачоў (там жа) падкрэслівае, што для гнязда kazati, kaziti, čeznǫti дамінуючымі і зыходнымі былі значэнні ’паказваць, рабіць знак, меціць’, па гэтай прычыне некаторыя з і.-е. паралелей нельга лічыць надзейнымі. Для слав. kazati мяркуецца сувязь з і.-е. *k​ek̑, *k​ok̑‑ ’блішчаць, паказвацца; бачыць’ (Слаўскі, 2, 110). З лексемных адпаведнікаў можна прывесці ст.-інд. kā́śate ’з’яўляецца, блішчыць’, ст.-іран. čašte ’ён вучыць’, ākasat ’(ён) пабачыў’, грэч. τέχμαρ ’знак, прыкмета’. Што ж датычыцца адзначаных у славянскіх мовах значэнняў, то пры іх аналізе, на думку Слаўскага (там жа), неабходна лічыцца з магчымым уплывам прыставачных утварэнняў. Параўн. яшчэ Махэк₂, 246, дзе прапануецца выводзіць слав. kazati з і.-е. *kās, аб чым можна меркаваць, параўноўваючы слав. kazati са ст.-інд. śās‑ti ’паказвае, папракае, павучае і інш.’ Аднак гэта версія мала пераканаўчая па прычыне неадэкватнасці фанетыкі слав. і ст.-інд. слоў. Няясныя магчымыя трансфармацыі фанетыкі і для Махэка, і таму ён дапускае адваротны ўплыў на kazati прасл. kaznь (гл. Махэк₂, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

представля́ться несов.

1. (называть себя при знакомстве) рэкамендава́цца, знаёміцца, прадстаўля́цца;

2. (представать в воображении) прадстаўля́цца, уяўля́цца; (казаться) здава́цца; (слышаться) чу́цца;

и́здали всё представля́ется ме́ньшим здалёк усё здае́цца (уяўля́ецца) ме́ншым;

э́то вам то́лько представля́ется гэ́та вам то́лькі здае́цца; (слышится) чу́ецца;

3. (представать, являться) паўстава́ць (перад кім, чым); з’яўля́цца, паяўля́цца (перад кім, перад чым); (показываться) пака́звацца;

де́ло представля́ется в тако́м ви́де спра́ва паўстае́ ў такі́м вы́глядзе;

4. (притворяться) разг. прыкі́двацца, стро́іць з сябе́ (каго, што);

представля́ться глухи́м прыкі́двацца глухі́м, стро́іць з сябе́ глухо́га;

5. (возникать, случаться) трапля́цца; быць;

представля́ется возмо́жность трапля́ецца (ёсць) магчы́масць;

6. страд. падава́цца; прыво́дзіцца; прадстаўля́цца; прад’яўля́цца; дастаўля́цца; ста́віцца; знаёміцца, рэкамендава́цца, малява́цца; пака́звацца, выво́дзіцца; см. представля́ть 1—5, 8.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

бра́цца, бяруся, бярэшся, бярэцца; бяромся, берацеся, бяруцца; незак.

1. за каго-што. Хапацца рукамі за які‑н. прадмет, за каго‑н. Калі дзед бярэцца за бараду, гэта значыць, што ён узрушаны, узлаваны. Лынькоў. Бяруся за бліжэйшую ад сябе ручку дзверцаў, спрабую адкрыць. Кулакоўскі. [Млынар] асцярожна кладзе на дно чоўна восці, выкідае ў рэчку рэшткі абгарэлых смалякоў з лучніка, бярэцца за шост і адплывае ад берага, у туман. Барашка.

2. за што. Пачынаць работу, якую‑н. дзейнасць прыладай працы, зброяй. Усе жнеі падняліся ўжо, — адны ваду пілі са збанкоў, другія весела перакідваліся смешкамі, браліся за сярпы. Мележ. Заўсёды ў час пагранічнік бярэцца за зброю. Заўсёды гатовы перамагчы і заўсёды гатовы памерці. Брыль.

3. за што. Прыступаць да чаго‑н., распачынаць якую‑н. дзейснасць. Рана ў калгасе браліся за сяўбу. Адамчык. І заўсёды, што б.. [Аксіння] ні рабіла, за якую б справу ні бралася, у кожным жэсце яе, у кожным руху і слове заўсёды адчувалася жанчына, чулая, пяшчотная, клапатлівая. Васілевіч. Калі ўсе разыходзяцца з хаты, тады Пятро вяртаецца і бярэцца за снеданне. Пестрак.

4. з інф. Збірацца, намервацца, наважвацца зрабіць што‑н. Карніцкі як браўся апрануць кіцель, так і знямеў. Паслядовіч. Хлопцы ўжо ці раз браліся правучыць Сыса. Вітка. Нэлачка бралася плакаць — маці вярнулася да пасцелі. Грамовіч.

5. з інф. Прымаць абавязацельства, адважвацца, умець, магчы зрабіць што‑н. [Забалотны:] — Бяруся правесці сваім лакаматывам цяжкавагавы састаў! Васілёнак. Паважаны чалавек адзін З далёкіх і чужых краін Прыехаў вандраваць па Беларусі, Чаго — сказаць я не бяруся. Крапіва.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паяўляцца, узнікаць. І дзе браліся толькі сілы ў гэтай хударлявай дзяўчынкі! Лынькоў.

7. Разм. Наставаць, пачынацца (пра з’явы прыроды). Зіма бралася нядружна. Дуброўскі. Мароз бярэцца, паціскае, Па лесе лускае, гуляе. Колас. / у безас. ужыв. Бралася на дзень. Бралася на мароз.

8. Разм. Ісці, рушыць, падавацца ў пэўным напрамку, накіроўвацца. Калі.. [дзядзька] даведаўся, што мы едзем паглядзець коласаўскія мясціны, дык прамовіў: — Э-э, тады вам трэба брацца толькі праз Акінчыцы. С. Александровіч. [Алесеву] ўвагу прыцягнула адзінокая постаць, якая віднелася здалёк і сцяжынкаю бралася да сяла. Броўка.

9. Хапаць насадку, лавіцца на вуду, спінінг (пра рыбу). І рыба не хацела брацца ні на блёсны, ні на нажыўку. Брыль.

10. за каго-што. Ліпнуць, прыставаць да каго-чаго. Пад каламі трашчала ламачча, мокрае лісце бралася за колы і мокрая зямля наліпала на шыны, як жаўтаватая жарства. Чорны.

11. за што. Разм. Выказваць старанне, ахвоту да якой‑н. работы. Гадоў пяць таму назад хадзіла вучыцца адна дзяўчынка, адна на ўсю школу. І бралася яна добра, ды захварэла нейк зімою і памерла. Колас. Дзень і ноч сядзіць [меншы сын] з вудаю на рэчцы, за гаспадарку ж ані не бярэцца. Якімовіч.

12. за каго-што. Разм. Заступацца, ручацца за каго‑н.; абараняць. [Сёмка з Рыгорам] браліся адзін за другога, калі хто хацеў аднаго з іх пакрыўдзіць. Гартны.

13. за каго. Разм. фам. Прымаць меры ўздзеяння.

14. чым. Набываць новую якасць, змяняцца; ператварацца ў што‑н. Неба на ўзбалотку ўжо вельмі пасвятлела, нават крыху пачало брацца чырванню. Мележ.

15. Разм. Расці, набірацца сілы. Пшаніца бралася ў рост. □ Вось пачало ў нас расці.. на полі, добра, няхай расце, пасеем яшчэ сёе-тое новае, няхай бярэцца. Кулакоўскі. Усюды.. браліся густыя, у пояс чалавека, травы. Лынькоў.

16. Зал. да браць (у 1–8, 10, 13, 14, 16, 18 знач.).

•••

Брацца за бокі (за жывот) — смяяцца, рагатаць да болю ў жываце.

Брацца (узяцца) за галаву — а) быць вельмі здзіўленым, уражаным чым‑н.; б) своечасова спахапіцца, зразумець.

Брацца загрудкі (за чубы) — задзірацца, даходзіць да сутычкі.

Брацца (узяцца) за гуж — пачынаць якую‑н. сур’ёзную справу.

Брацца за зброю — пачынаць узброеную барацьбу супраць каго‑, чаго‑н.

Брацца (узяцца) за розум — стаць на правільны шлях.

Брацца (прымацца) ў разлік — улічвацца, брацца пад увагу.

Брацца ў рожкі — адчуць сілу, пачаць выяўляць сваю самастойнасць, спрачацца з кім‑н.

Брацца ў сілу — пачынаць хутка расці, буйна развівацца; усталёўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)