сысці́ся, сыду́ся, сы́дзешся, сы́дзецца; сышо́ўся, -шла́ся, -шло́ся; сыдзі́ся; зак.

1. Дайшоўшы да якога-н. месца, сустрэцца.

С. на скрыжаванні дарог.

2. (1 і 2 ас. адз. звычайна не ўжыв.). Прыйсці ў адно месца, сабрацца (пра многіх).

На сход сышлася ўся вёска.

3. перан., з кім. Пасябраваць.

Мы сышліся яшчэ са студэнцкіх гадоў.

4. з кім. Уступіць у шлюб, наладзіць сумеснае жыццё.

5. перан., у чым, чым. Аказацца адзінадушным у чым-н., прыйсці да згоды.

С. думкамі.

С. ў цане.

6. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Злучыцца, прымкнуўшы шчыльна адзін да аднаго канцамі, краямі.

Маснічыны сышліся.

Канцы папругі не сышліся.

7. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Супасці, аказацца ў адпаведнасці адно з адным.

Паказанні аналізаў сышліся.

|| незак. схо́дзіцца і сыхо́дзіцца, -джуся, -дзішся, -дзіцца.

|| наз. сыхо́джанне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пастара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Праявіць стараннасцю рупнасць у якой‑н. справе, рабоце. — Калі добра сягоння пастараемся, можа, як-небудзь заўтра да вечара ўправімся [дажаць], — думала Алена. Мележ. — А мы сёння пастараліся ўранку і вунь які клін на расцяробах дабілі: ведаеш, там, дзе летась Аўдзея секанула маланка. М. Стральцоў.

2. з інф. Зрабіць спробу дасягнуць, дабіцца чаго‑н.; прыкласці намаганні да чаго‑н. [Русаковіч:] Ён пастараецца даказаць, што я не праў. Крапіва. Сабіна разумела: гэтыя хлопцы — частка Вацлава. Вацлаў — частка Алеся. І таму яна пастаралася пасябраваць з імі і дабіцца іхняй прыхільнасці. Караткевіч. [Кастусь:] — Калі толькі Язэп не расказаў каму пра нас, мы пастараемся яго вярнуць. Якімовіч.

3. Дастаць, набыць з цяжкасцю, раздабыць; расстарацца. [Паўлік:] — Я, кажа ён [Нахлябіч], мог бы пастарацца твайму бацьку дрэва на гумно і на ўсе будынкі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уладкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.

Разм.

1. што. Прывесці ў належны парадак што‑н.; наладзіць як след. Старэйшыя дзяўчынкі сталоўку падмятаюць, хлопцы асцярожна ёлку ў кут перасоўваюць. Назаўтра, да снедання, трэба ўсё ўладкаваць. Нядзведскі. Раніцаю на завод .. [Міхал] пайшоў з жаданнем як мага хутчэй вярнуцца, каб уладкаваць яшчэ што-небудзь у кватэры. Карпаў. // Давесці да канца якую‑н. справу. — Яшчэ не снедалі? — спытала Таня. [Максім:] — Снеданне потым... Перш-наперш трэба з начальствам пагутарыць, усё ўладкаваць. Машара. Каб я расказаў усю праўду гэтаму даволі прыстойнаму і добрасумленнаму чыноўніку, ён, мабыць, справу ўладкаваў бы. Карпюк. // Узгадніць, прымірыць, урэгуляваць непаразуменні, канфлікты і пад. Думаў [Азарчук] памагчы ўладкаваць .. адносіны [Змітрака] з Інай, хацеў памірыцца з Змітраком, пасябраваць, а выйшла наадварот. Ваданосаў.

2. каго-што. Стварыць неабходныя ўмовы для жыцця, існавання. Не ставала часу, каб падумаць пра самога сябе, неяк уладкаваць асабістае жыццё. Шахавец. // Прыстроіць каго‑н. куды‑н., даць месца для жылля і пад. Пусціўшы ў ход свае здольнасці, я нават уладкаваў .. [Стасю] ў гасцініцу. Навуменка. [Таня і Вера:] «Калі надыдзе пара радзіць, мы зможам уладкаваць цябе ў радзільны дом». Машара.

3. каго. Дапамагчы паступіць на работу, вучобу. Прыехаў дзядзька-рачнік, забіў аполкамі дзверы і вокны хаты і забраў з сабой Максіма ў горад, уладкаваў на параход матросам... Каршукоў. Пасля Новага года ў той жа Рызе мяне ўладкавалі добрыя людзі на прыватныя вячэрнія курсы для дарослых. Мядзёлка.

4. каго-што. Зручна размясціць, палажыць, паставіць і пад. [Іліо] дапамог байцам хутка ўладкаваць Васіля Іванова на насілкі .. і даў знак хутчэй несці цяжкапараненага камандзіра. Кавалёў. Рыбак памог .. [Сотнікаву] перабрацца на лаўку, уладкаваў на ёй параненую нагу. Быкаў. — Перадайце яму, Максімку, што будуць у яго галубы, — хрыплым голасам папрасіў .. [дзядзька Барыс]. — Я галубятню сваю дзе-небудзь паблізу ўладкую... Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сысці́ся, сыдуся, сыдзешся, сыдзецца; пр. сышоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. сыдзіся; зак.

1. Ідучы з розных бакоў, сустрэцца, сутыкнуцца з кім‑н. [Хлопцы] і не заўважылі, як амаль усутыч сышліся з незнаёмым чалавекам. Колас. А то яшчэ сыдуцца твар у твар на шматлюднай вуліцы, [нібы] знарок падстроена кім-небудзь гэтая сустрэча. Пальчэўскі.

2. Прыйсці з розных бакоў у адно месца; сабрацца — пра ўсіх, многіх. Сход быў доўгім .. Сышлася ўся вёска — і калгаснікі, і гаспадары. Чорны. Паглядзець на студэнту сышлася радня. Васілевіч. Хаваць Леаніда Андрэевіча з блізкіх і далёкіх вёсак сышліся тысячы людзей. Грахоўскі. // Прыйшоўшы куды‑н., убачыцца, сустрэцца з кім‑н. [Старэйшы:] — На сёння хопіць работы. Трэба, каб і заўтра ў нас яшчэ была прычына сысціся тут. Машара. Развіталіся з містэрам Тэлпі і раз’ехаліся ў розныя бакі. Раз’ехаліся, каб зноў сысціся праз тыдзень, вырашыць спрэчку... Б. Стральцоў. // Аб’яднацца (у які‑н. калектыў). Але калі Старыца апынулася ў партызанскай зоне, яе жыхары зноў сышліся ў калектыў і ўвялі ў вёсцы даваенныя парадкі. Хадкевіч.

3. Сустрэцца для паядынку, спаборніцтва, бітвы. На кросе мы яшчэ з табою сыдземся. Савіцкі. У хмызняку, за гародамі, нашы танкі замаскіраваліся і ў змроку, перад світаннем сышліся з фашысцкімі браневікамі і танкеткамі. Кухараў.

4. Уступіць у блізкія, сяброўскія адносіны; пасябраваць. Гаваркі, рухавы Іван умеў сысціся з кожным, але былі тайны, у якія пасвячаўся адзін толькі Ягор. Навуменка.

5. перан. Уступіць у шлюб, у любоўную сувязь, сужыццё. [Бабка:] — Я ж у Лукерчыка жонкай была — не служанкай. Праўда,.. не першай — сышліся мы ў пяцідзесятым годзе. Вышынскі. Малодшая ж хітрэйшай, відаць, была, — махнула ў Кустанай і там сышлася з камбайнерам, па сэрцу, без вянца. Корбан.

6. перан. Аказацца адзінадушным у чым‑н., прыйсці да згоды. [Лях:] — І пасварыўся і не пасварыўся — не разбярэш. Духу майго Журавінка не зносіць, а я — яго. [Вот] так і не сышліся характарамі. Лобан. І сышліся хлопцы-верхаводы на Алесевай кандыдатуры. Шынклер. // Аказацца аднолькавым з чым‑н., падобным да чаго‑н. Так мы з сынам шчасліва У сваіх думках сышліся. Кірэенка.

7. перан. Разм. Прыйсці да пагаднення, згаварыцца. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў і надта даражыўся. Якімовіч. — Дам стрэліць, — сказаў Сцёпка. [Яська:] — Тры разы? — Адзін раз. — Жмінда. — Сышліся на двух стрэлах. Хомчанка.

8. Разм. Атрымацца, аказацца ў адпаведнасці адно з другім; супасці. Паказанні прыбораў сышліся. □ Вулю трэба закрыць ведамасць — і ўсё. Яшчэ — каб сышлося капейка ў капейку. Пташнікаў.

9. перан. Разм. Адбыцца адначасова (аб якіх‑н. падзеях). — Толькі што сын мой паехаў у войска служыць, — гаварыў Марцін, — а ў Перавозе дачка сабралася дзіця раджаць. Нейк усё сышлося адразу як з-пад маланкі. Чорны.

10. Наблізіцца адзін да аднаго, даткнуцца, дакрануцца. І задрамаў ён [сын] стомлены, Бы явар ля ракі, Як абцугі, над скронямі Сышліся дзве рукі. Панчанка. Калматыя бровы гаспадара сышліся над перанос[сем], папаўзлі ўгору. Асіпенка. // Разм. Аказацца па памерах дастатковым для таго, каб зашпіліць або захінуць (пра адзенне). Пояс сышоўся.

11. Прымкнуўшы шчыльна адно да аднаго, злучыцца. Высозныя горы, як сцены, Абапал. То воддаль адступяць Ад Струмы-ракі, То блізенька-блізенька Сыдуцца раптам. Гілевіч. А ён [чалавек] у траву паваліўся, У зялёных хвалях стаіўся. Сышліся над ім тыя хвалі, І вершаліны, як хвалі, Над гэтым месцам сышліся — Чалавека схавалі. Сіпакоў. У пачатку стагоддзя хаткі рабочых амаль сышліся з горадам. П. Ткачоў.

12. Аказацца, сканцэнтравацца ў адным месцы. Лініі сышліся ў адной кропцы. □ Усе сляды сышліся ля Яўхімавай пуні. Жычка. // перан. Злучыцца. Бачанае і чутае, перажытае і перадуманае — усё сышлося ў адно і разгортваецца перад вачамі, як доўгі маляўнічы скрутак. Палтаран.

•••

Свет клінам (не) сышоўся гл. свет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)