поспо́рить сов.

1. паспрача́цца;

2. (заключить пари) залажы́цца, пайсці́ ў закла́д;

3. (вступить в состязание, в спор) перен. пазмага́цца;

мы ещё поспо́рим с тобо́й мы яшчэ́ пазмага́емся з табо́й.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

разгубі́цца, ‑гублюся, ‑губішся, ‑губіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Згубіцца, прапасці — пра ўсіх, многіх.

2. Страціць на нейкі час рашучасць, здольнасць разумець, дзейнічаць (ад хвалявання, страху, збянтэжанасці); прыйсці ў замяшанне. Даярак загадчыцамі ферм! Нават самі новыя загадчыцы разгубіліся, даведаўшыся аб прызначэнні. Дуброўскі. [Антон] тады разгубіўся на бюро, не змог па-сапраўднаму паспрачацца, хоць і меў патрэбныя факты пад рукою. Савіцкі. Бацька разгубіўся, як дзіця. Пабялеў з твару, слова не мог вымавіць. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паваява́ць, ‑ваюю, ‑ваюеш, ‑ваюе; зак.

1. Ваяваць некаторы час. Паваяваць некалькі месяцаў. □ Калі [Фёдар] паправіўся — трапіў яшчэ далей — на Далёкі Усход, дзе паспеў паваяваць яшчэ і з японцамі. Кірэенка.

2. перан. Разм. Пазмагацца за каго‑, што‑н. Усё-такі я некалі кахаў .. [Іру] і мо нават трошкі вінаваты, што яна стала такою. Не хапіла рашучасці паваяваць за чалавека. Сабаленка. // Разм. Пасварыцца, паспрачацца некаторы час. — Браточку, паедзем, бо калі я тут з сваёй бабай яшчэ паваюю, дык і пад бярозу будзе пара!.. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.

1. Сказаць жарт. Усе пакочваюцца з рогату, дзед умее пажартаваць. Лужанін. Воранаў прыняў земляка ветліва, нават пажартаваў: «На чужой старонцы рад сваёй варонцы». Пальчэўскі. // з каго-чаго, (рэдка) над кім-чым і без дап. Сказаць або зрабіць што‑н. дзеля жарту; пасмяяцца з каго‑, чаго‑н. Зноў захацелася [Таццяне] пажартаваць з.. [Жэні], падражніцца, паспрачацца, як калісьці ў школе. Шамякін. Цяпер мне здаецца, што нехта вельмі злосна пажартаваў нада мной, прызначыўшы за брыгадзіра. Асіпенка.

2. Жартаваць некаторы час. А жыццё сабе ішло. Патроху пачало ўсё ўваходзіць у норму. Збіраліся [сяльчане] пасядзець то на вячорках, то на прызбах, каб і пажартаваць і паплакаць. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слепата́, ‑ы, ДМ ‑паце, ж.

Поўная або частковая адсутнасць зроку. Сляпы Гамер быў і, глухі Бетховен... Відушчы, чуйны, кожны б з нас хацеў свой зоркі зрок, свой тонкі слых настроіць па іхняй слепаце і, глухаце... Рудкоўскі. // перан. Няўменне заўважаць, правільна разумець, разбірацца ў чым‑н. Зайчык, той знарок пацяшаўся, чапляў, абы паспрачацца, абы падсмяяцца з куранёўскай слепаты ды скнарлівасці. Мележ. — Марыя Дзям’янаўна, выбачайце за маю такую слепату, някемлівасць, — прамовіў Грушка, — вось сяджу і не бачу, хто сядзіць са мною побач. Пестрак. Мароз выкарыстаў гэту паўзу, каб дакорліва зірнуць на Вячыстага: вось бачыш, да чаго давяла твая палітычная слепата! Лобан.

•••

Колеравая слепата — тое, што і дальтанізм.

Курыная слепата — а) хвароба вачэй, пры якой чалавек не бачыць пры слабым святле, у цемры; б) народная назва некаторых травяністых раслін, кураслеп. Лета ў самым пачатку, і столькі курынай слепаты, што не ступіць нагою, каб не трапіць на краску. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рот, -а, М ро́це, мн. раты́, -о́ў, м.

1. Поласць паміж верхняй і ніжняй сківіцамі, якая мае адтуліну ў ніжняй частцы твару.

Паласкаць р.

Горка ў роце.

Дыхаць ротам.

Адкрыць р. (таксама перан.: надта здзівіцца; разм.). У р. не лезе што-н. каму-н. (не хоча і не можа есці; разм.). Не браць у р. чаго-н. (не есці або не піць, не ўжываць; разм. У р. не бярэ гарэлкі).

Разявіць р. (таксама перан.: тое, што і адкрыць рот; разм.). Баяцца р. разявіць (перан.: баяцца што-н. сказаць, паспрачацца; разм.). Заціснуць р. каму-н. (таксама перан.: не даць свабодна выказацца; прымусіць маўчаць; разм.). Заляпіць Р. каму-н. (перан.: подкупам, падарункамі прымусіць маўчаць, не гаварыць праўду; разм., неадабр.). Не закрываючы рота гаварыць (не змаўкаючы; разм.). У р. глядзець каму-н. (таксама перан.: угодліва слухаць або слухацца каго-н.; разм., неадабр.).

2. Абрысы і разрэз губ.

Вялікі р.

Прыгожы р.

3. У жывёл: тое, што і пашча. Рыбін р.

4. перан. Ядок, утрыманец (разм.).

Карміць шэсць ратоў.

Лішні р. у сям’і.

|| памянш. ро́цік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 і 2 знач.) і рато́к, -тка́, мн. -ткі́, -тко́ў, м. Маленькі роцік або раток.

|| павел. раці́шча, -а, мн. -ы, -аў, м. (да 1—3 знач.).

|| прым. ро́тавы, -ая, -ае (да 1—3 знач.; спец.).

Ротавая поласць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

абудзі́ць, абуджу, абудзіш, абудзіць; зак., каго-што.

1. Перарваць, перапыніць чый‑н. сон; прымусіць ачнуцца; разбудзіць. Зосю абудзіў рык прыгнаных на ранкі кароў і прарэзлівыя гукі пастуховай трубы. Гартны. Вось і агністае убранне Скідае лес сярод балот. Пара! І крыкам на світанні Ён [жораў] абудзіў увесь свой род. Кірэенка.

2. перан. Парушыць спакой, напоўніць гукамі, галасамі і пад. Людзі, высыпаўшы з душнага памяшкання, ажывіліся, абудзілі вуліцу смехам і гоманам. Дуброўскі. // Вывесці са стану спакою, вярнуць да жыцця, дзейнасці. Любіць песняю дзяўчына З нашым садам прывітацца, Абудзіць спакой птушыны, З салаўямі паспрачацца. А. Астапенка.

3. перан. Выклікаць, выявіць якія‑н. пачуцці, уласцівасці, якасці. Абудзіць дзіцячую фантазію. Абудзіць творчую думку народа. □ Сваё галоўнае назначэнне, як настаўніка, Лабановіч вызначаў так: абудзіць у вучнях і выклікаць да дзеяння крытычны розум, каб да кожнай з’явы і факта яны падыходзілі з пытаннямі — як выніклі? у чым іх прычыны? Колас. Слова здольна суцешыць гора, выклікаць весялосць, натхніць на подзвіг, спыніць злы намер, абудзіць да дзеяння цэлыя народы. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак.

1. што і без дап. Скончыць гаварыць; давесці да канца сваю гаворку. — Наперад, хлопцы!.. Бі штыкамі!.. — Начдыў не даказаў, Ён паў над жоўтымі пяскамі, Як быццам задрамаў. Броўка. Пры гэтым Лабановіч зазірае ў вочы Вользе Віктараўне з хітраватаю ўсмешкаю, каб сказаць гэтым поглядам тое, чаго не даказаў словамі. Колас. Ганна не даказала — нервовасць скрала словы. Гартны.

2. што і з дадан. сказам. Пацвердзіць правільнасць чаго‑н. фактамі, пераканаўчымі довадамі. Даказаць тэарэму. Даказаць сваю вернасць радзіме. □ Не трэба баяцца З жыццём паспрачацца І праўду сваю даказаць. Чарнушэвіч. Дакажам працаю, што можам Мы гаспадарыць на зямлі, І ўраджаем упрыгожым Нашы калгасныя палі. Чарот. // Паказаць, выявіць. Сусветная сістэма сацыялізма менш чым за чвэрць стагоддзя свайго існавання даказала ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці сваю велізарную перавагу над аджываючай сістэмай капіталізму. «Звязда».

3. на каго. Разм. Данесці, нагаварыць. — Гэта ж я даказала на .. [дэзерціраў], калі і хто дома будзе. Крапіва.

4. (звычайна з адмоўем). Разм. Зраўняцца з кім‑н. у чым‑н., зрабіць так, як хто‑н. Была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

•••

Даказаць сваё — пераканаць каго‑н. у сваёй праваце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зарадзі́ць 1, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., што.

Разм. Выклікаць, парадзіць (думкі, пачуцці і пад.). Зарадзіць сумненне ў кім-небудзь.

зарадзі́ць 2, ‑раджу, ‑радзіш, ‑радзіць; зак., каго-што.

1. Уставіць зарад (снарад, патрон, узрывальнік і пад.) у што‑н. Зарадзіць гармату. Зарадзіць дыск. Зарадзіць міну. Зарадзіць стрэльбу шротам.

2. Падрыхтаваць да дзеяння, уставіўшы што‑н., заправіўшы чым‑н. Зарадзіць фотаапарат.

3. Перадаць якую‑н. энергію (целу, прыбору і пад.). Зарадзіць акумулятар. Зарадзіць анод дыёда.

4. перан. Абудзіць якое‑н. пачуццё, якую‑н. якасць. [Шыковіч] гарэў жаданнем паспрачацца. І не дзеля таго, каб нешта даказаць свайму апаненту, а хутчэй каб зарадзіць, распаліць самога сябе. Шамякін. А дзед, ці ўзяўшыся за якую работу, ці седзячы з палонныя за сталом, — усюды стараўся як мага лепш зарадзіць.. [Алеся] для ўдзячнай, самаахвярнай стараннасці. Брыль.

зарадзі́ць 3, ‑родзіць; зак.

Разм. Урадзіць, даць багаты ўраджай. — Сёлета ў нас пшаніца добрая зарадзіла. Лобан. Не зарадзіў мак — перабудзем і так. З нар.

зарадзі́ць 4, ‑раджу, ‑радзіш, ‑радзіць; зак., што і з інф.

Разм. Распачаць якое‑н. бясконцае, бесперапыннае дзеянне; пачаць гаварыць, паўтараць адно і тое ж. Зарадзіў адно і тое ж. Зарадзіў насвістваць. // без дап. Пачаць бесперапынна ісці, ліць (пра дождж). Па лужынах заскакалі бурбалкі, значыцца, дождж зарадзіў надоўга. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. што. Кранаць, зачэпліваць за што‑н., датыкацца да чаго‑н. Трэба быць сапраўдным акрабатам, каб ісці, не чапляючы галін, што тырчаць ва ўсе бакі. Цябут. // перан.; каго. Турбаваць, закранаць. Мачыха сядзела, гаманіла з Глушачыхай, з Глушаком, чапляла часам маўклівага, ваўкаватага Яўхіма. Мележ.

2. што. Захопліваць, зачэпліваць, браць чым‑н. вострым, учэпістым. Хлопчык.. пачаў глядзець, як Пракаповіч вырывае цвікі з падлогі, лоўка чапляючы іх за галоўкі жалезнай лапай. Радкевіч. [Даніла:] — То бяры, швагер, відэлец ды чапляй скварку. Чарнышэвіч.

3. што. Зачэпліваючы, прымацоўваць; прычапляць. Трактарысты ўжо чаплялі тросік к перадку машыны. Лобан. [Чыжык] саскоквае з каня, чапляе повад за агароджу і шпарка шыбае праз калітку. Лупсякоў. // Разм. Вешаць. У сцяну ўманціравана шафа, у якой Лявон Васільевіч чапляе сваё паліто і капялюш. Гроднеў. // Змацоўваць, нанізваючы адно на другое. Лісце [тытуню] чаплялі на ніткі і вешалі ў хаце пад бэлькамі. Пташнікаў.

4. што. Разм. Надзяваць што‑н. Чуць дзе з’явіцца дзірка, .. [Анісім] браў іголку, нітку, чапляў на нос акуляры і садзіўся за рапарацыю кажуха. Колас.

5. Разм. Тое, што і чапляцца (у 1, 4 знач.). За нізка навіслыя лапы ялін раз за разам чапляе крывая вішнёвая дужка. Брыль. Зайчык, той знарок пацяшаўся, чапляў, абы паспрачацца, абы падсмяяцца з куранёўскай слепаты ды скнарлівасці. Мележ.

•••

Чапляць нага (нагу) за нагу — ісці вельмі павольна, марудна.

Чапляць сабак на каго — тое, што і вешаць сабак на каго (гл. вешаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)