пяву́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які многа спявае, любіць спяваць, здольны пець. Пявучая птушка. Пявучы народ. □ Прывет табе, зямля Тараса, Зямля пявучая братоў. Танк. // Які выклікае жаданне пець. Пявучы настрой.
2. Меладычна-працяжны, падобны на спеў. Пявучы акорд. Пявучая гаворка. □ Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя Льюцца вячэрняй парой. Колас. Расія.. словам Пушкіна пявучым з дзяцінства ўскалыхала нас. Броўка. Я чуў яе [Іры] пявучыя словы: — Макарка, як добра, як хораша нам на нашай вуліцы. Сабаленка. // перан. Які ўтварае працяжныя манатонныя гукі. Вецер, рэзкі і пякучы, заскуголіў пад акном. Машара. Над Дзвіною бары пявучыя. Бураўкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
развіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., з кім-чым і без дап.
Абмяняцца развітальнымі словамі, націснуць адзін другому рукі і пад. пры расставанні. Не даходзячы трохі да сяла, прыяцелі развіталіся. Колас. Андрэй, Плаха і Габрусь развіталіся з усімі за рукі, падзякавалі гаспадыні за пачостку і выйшлі з хаты. Гартны. // перан. Расстацца з чым‑н., пакінуць што‑н. надоўга, назаўсёды. Хоць даўно развітаўся са службай марской і ў цывільным хаджу гарнітуры, — горад мой! — уяўляю цябе я парой караблём, што адольвае буры. А. Вольскі. [Лейтэнант:] — Вось каб усе так дзейнічалі, з парушэннямі можна было б развітацца. Корбан.
•••
Развітацца з жыццём (з белым светам) — памерці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эпі́страфа, ‑ы, ж.
Стылістычная фігура, якая заключаецца ў паўтарэнні аднаго і таго ж слова або выразу на пачатку і ў канцы ці толькі ў канцы строф, напрыклад: «Зорка Венера ўзышла над зямлёю, Светлыя згадкі з сабой прывяла... Помніш, калі я спаткаўся з табою, Зорка Венера ўзышла». Багдановіч. «У тым сяле, дзе я не быў ніколі, І нават дзе яго шукаць — не знаю, Ёсць хата ў яблынях, парог якое Я толькі ў сне парой пераступаю. І зноў і зноў там, ледзь сцямнее ў полі, Хаджу, як прывід, з вечара да ранку — Ўсё запаветную шукаю брамку У тым сяле, дзе я не быў ніколі». Гілевіч.
[Ад грэч. epistrophe — вярчэнне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасо́л, ‑ела, м.
1. Дыпламатычны прадстаўнік вышэйшага рангу адной дзяржавы, акрэдытаваны пры ўрадзе іншай дзяржавы. Гэтай вячэрняй парой на балконе аднаго з дамоў на Арцішчаўскай вуліцы стаяў паўнамоцны пасол РСФСР Сяргей Міронавіч Кіраў. Самуйлёнак. Паслы імперыялістычных дзяржаў, якія спадзяваліся на магчымую змену палітычнага курсу, былі расчараваны. В. Вольскі.
2. Той, хто пасланы куды‑н. з якім‑н. даручэннем; пасланец, пасыльны. Прыйшлі паслы — Ад плугоў, ад пілы. Павялі паслаў Да прыбраных сталоў. Лось.
3. У Польшчы — дэпутат сейма. На з’ездзе выступалі два беларускія паслы сейма, якія прыехалі з Вільні. Пестрак. З часу абрання Тарашкевіча паслом сейма ўвесь свой творчы запал ён аддае палітычнай барацьбе. Ліс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паўно́чны 1, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да поўначы 1; які знаходзіцца на поўначы, размешчаны на поўнач ад чаго‑н. Паўночны полюс. Паўночнае паўшар’е. Паўночны напрамак. Паўночнае лета. □ Там .. [Туравец] даведаўся, што штаб брыгады знаходзіцца непадалёк, у гэтым жа лесе, на паўночнай ўскраіне. Мележ. // Які дзьме з поўначы (пра вецер). На дварэ дзьмуў рэзкі паўночны вецер. Якімовіч. // Уласцівы поўначы, характэрны для поўначы 1 (у 1 знач.). Паўночная расліннасць.
•••
Паўночнае ззянне гл. ззянне.
Паўночны захад гл. захад.
Паўночны ўсход гл. усход.
паўно́чны 2, ‑ая, ‑ае.
Які адносіцца да поўначы 2; які адбываецца, бывае ў поўнач. Я прачнуўся паўночнай парой. — Зуб на зуб не трапляе. Куляшоў. І якое можна суцяшэнне Ў паўночны час прыдумаць мне. Пысін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нагада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. каго-што. Паказацца падобным на каго‑, што‑н. Косця ў гэты момант нагадаў Веры пакрыўджанае дзіцё, і ёй захацелася зрабіць яму што-небудзь прыемнае. Шыцік. Раптам, аднекуль зверху, данёсся жалобны пералівісты звон, які нагадваў звон маленькага ляснога вадаспада. Аляхновіч.
2. што, пра што, аб чым, з дадан. сказам і без дап. Напомніць каму‑н. пра што‑н., выклікаць успамін. Заспявалі пеўні, як гарністы, Нагадалі, што ўставаць пара. Скарынкін. У кішэньках астаткі махоркі Нагадалі мне восені пах. Хведаровіч. Помнік, што ўзняўся да зор, Парой нагадае былое... Кляўко.
3. што і без дап. Разм. Успомніць. У аповесці ёсць час — другая палова дваццатых гадоў, ёсць тапаграфія мясцовасці, ёсць добра выпісаны пейзаж. Варта нагадаць хоць бы ваколіцы Зялёнай Дубровы. Шкраба. Часамі, калі ў думках нагадаеш тую раннюю пару, уяўляюцца ласкавыя рукі маці. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нахапі́цца, ‑хаплюся, ‑хопішcя, ‑хопіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Нечакана настаць, надысці. Хутка развіднівае вясковай парой. Не паспееш дайсці з брыгаднага двара дадому, як, глядзіш, ужо нахапіўся дзень. Палтаран. Сонца заходзіла чыста. Раптам за чорнай сцяною далёкага лесу яно знікла, і змрок адразу нахапіўся. Чорны. // Нечакана пачацца, наляцець. [Дождж] нахапіўся раптоўна і лінуў як з вядра. Карпаў. Ужо блізка сенакосу нахапілася раптам некалькі навальніц. Мележ.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Разм. Ускочыць на скуры цела; уздуцца, нарваць. З непрывычкі смылелі далоні, Нахапіўся, як сліва, мазоль. Хведаровіч.
3. Нечакана, знянацку з’явіцца, прыйсці, сустрэцца і пад. А потым аднекуль нахапілася знаёмая .. расчырванелая дзяўчына з дужымі мужчынскімі рукамі і шырокім касцістым ілбом. Вышынскі. // перан. Аб пачуццях. Тады й нахапілася тая туга, З каторай шукаеш сяброўства сляды. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цыві́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Не ваенны, не вайсковы; грамадзянскі. Вайсковы люд і люд цывільны Вакзалы поўнілі сабой. Колас. У канцы чэрвеня і пачатку ліпеня тысяча дзевяцьсот сорак першага па ёй [дарозе] ішлі людзі — вайскоўцы і цывільныя, ехалі падводы і машыны. Янкоўскі. // у знач. наз. цыві́льны, ‑ага, м. Неваенны чалавек. З дома камендатуры выйшла некалькі афіцэраў, і сярод іх — нейкі цывільны. Хомчанка.
2. Які мае адносіны да невайсковых людзей, належыць, уласцівы ім. Цывільныя ўлады. Цывільны суд. □ На машыне сядзеў Хурс у цывільнай адзежы, як і заўсёды, і два-тры польскія вайскоўцы. Чорны. Хоць даўно развітаўся са службай марской і ў цывільным хаджу гарнітуры, — горад мой! — уяўляю цябе я парой караблём, што адольвае буры. А. Вольскі. // у знач. наз. цыві́льнае, ‑ага, н. Неваеннае, невайсковае адзенне. Ледзь толькі я дабраўся да краю лесу, як адразу ж натрапіў на ўзброеных людзей у цывільным. Сачанка.
[Ад лац. civilis — грамадзянскі.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
та́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца тайнай для каго‑н., які скрываецца ад іншых, вядомы нямногім. Першая тайная сустрэча з бацькам парушыла спакой, стрэмкай увайшла ў сэрца. Карпаў. Адна ў цябе сяброўка І друг табе адзін — халодная вінтоўка, Надзейны карабін. Вазьмі яго і дбайна, Як будзе цішыня, Схавай у месцы тайным Да заўтрашняга дня. Глебка. // Які дзейнічае скрыта, замаскіравана. Тайны вораг. □ Прайдзіся ж ты, сціплая песня, па мужных слядах Смалячкова, Па снайперскіх тайных засадах, па плошчах і шумных палях. Броўка. // Які скрываецца ў душы, не паведамляецца нікому. Дзесяцігодку я закончыў з тайнай надзеяй вучыцца на кінаакцёра. Асіпенка. Кожнаю вясенняю парой Я выходжу з тайнаю надзеяй На шляхі і на прасторы ніў. Танк. // Такі, узнікненне, паходжанне якога незразумела, неўсвядомлена. Тайнае прадчуванне.
2. Загадкавы, таямнічы. Тайнае знікненне дакументаў. □ Я зразумеў увесь тайны сэнс .. слоў, кінутых ім [Усцінычам] ноччу, у лесе, у засадзе. Лынькоў.
3. Звязаны з сакрэтнасцю. Тайны дагавор. // Прызначаны для вядзення сакрэтных спраў, сакрэтны. Тайная паліцыя. Тайны агент.
•••
Тайнае галасаванне гл. галасаванне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
часам, часамі, падчас, парой, момантамі, нячаста, рэдка, зрэдку, выпадкам, сяды-тады, калі-нікалі; зрэдчас, зрэдзь (абл.) □ час ад часу, мала калі, іншы раз, іншым разам, другі раз, іншы дзень, гады ў рады
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)