сялі́цца, сялюся, селішся, селіцца; незак.

1. Уладжвацца на незаселеных месцах; атрымліваць месца для жыхарства. Людзі, якія сяліліся спачатку толькі на адкрытых месцах, па цячэнню вялікіх рэк, пачалі ўсё глыбей пранікаць у самыя нетры дзікіх і непрыступных лясоў. В. Вольскі. У горадзе самая жывая вуліца — гэта Шасэйная. Ля яе ўсё народ дзелавы селіцца, гандлёвы. Галавач. // Пасяляцца, займаць пад жыллё хату, участак. Няўтульная хаціна проста пуставала: ніводная, нават бежанская, сям’я не рашалася ў ёй сяліцца хоць бы часова. Лось. // Пра птушак, жывёл і пад. А .. [сава] ўсё роўна кожны год сялілася толькі ў тым дупле. Кірэйчык.

2. перан. Узнікаць, папаўняць (пра пачуцці, настрой і пад.). Аднак не адна толькі ўдзячнасць селіцца ў маім сэрцы. Васілевіч.

3. Зал. да сяліць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паі́ць, паю, поіш, поіць; заг. паі; незак., каго-што.

1. Даваць піць каму‑н. Жанчына нахіляецца, набірае ў прыгаршчы ваду, поіць хлопчыка і дзяўчынку. Гамолка. На момант заціхае бою гром, І маці хлеб байцам выносіць спешна І поіць іх ля весніц малаком. Лойка. // Даваць піць спіртныя напіткі, частаваць імі. Хлопцы недзе пілі і паілі музыканта. Адамчык. // Выкормліваць малаком (пра маладых свойскіх жывёл).

2. перан. Насычаць вільгаццю, вадой. Усходы набіралі рост і сілу, Дажджы і росы іх паілі, Як маткі малаком сваіх дзяцей. Пушча. Летняе сонца.. варыла святло і цеплыню, навальнічныя дажджы шчодра паілі глебу. Хадкевіч. // Забяспечваць, папаўняць чым‑н. Возера паілі крыніцы, яны, відаць, нябачна білі з дна, таму вада была такая празрыстая і мала награвалася. Навуменка.

•••

Паіць і карміць каго — мець каго‑н. на поўным утрыманні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плод ’частка расліны з насеннем’, ’зародыш дзіцяці’, ’вынік, прадукт дзейнасці’ (ТСБМ, Яруш.; маг., Шн.); ’дзеці’, ’племя’ (Нас.); ’яйка’ (брагін., Мат. Гом.), ’прыплод’ (шчуч., Сл. ПЗБ), сюды ж плодна ’ўрадліва’ (Нас.), плодная ’паросная (свіння)’, плодны ’ўраддівы, пладавіты’ (Жд. 3; Сл. ПЗБ), ’хто шмат дае прыплоду’ (Варл.), пладны́ ’тс’ (паст., Сл. ПЗБ), пладзіцца ’расплоджвацца’ (Сл. ПЗБ), плод ’расплод’ (ТС), пло́цтво ’размнажэнне’ (свісл., Сл. ПЗБ). Укр. плід, рус. плод, польск. płód, н.-луж. płod, в.-луж. płód, чэш., славац. plod, славен. plǫ̑d, серб.-харв. пло̑д, макед. плод, балг. плод, плодът, ст.-слав. плодъ, плодьнъ, пдодовитъ; непдоды ’бясплодная жанчына’. Прасл. *plodъ, роднасныя якому ст.-англ. bloed ’плод дрэва’, ’палявыя плады’, ’збожжа’, с.-нідэр. blāt ’пасаджагая палявая культура’, франк. *blād > франц. blé, праванс., каталон. blat ’збожжа’ (Махэк₂, 461–462); Бязлай (3, 60) у якасці найбліжэйшых адпаведнікаў падае кімр. llwdn ’хлопчык, дзіцёнак’, ст.-ірл. loth, брэтонск. loen, с.-брэтонск. loen ’жарабё’. Міклашыч (251), Мее (RS, 6, 132), Фасмер (3, 283–4), Персан (Beitr., 668) гавораць пра старажытную аснову лексемы на ‑ŭ *p(h)łodŭ звязаную чаргаваннем галосных з *pled‑men (гл. пле́мя). Ісачанка (Зб. Гаўранку, 1, 124) у аснове *pled‑ бачыць і.-е. *pelə‑ ’напаўняць’, Варбат (Диал. исслед. по рус. яз., 1977, 262) вылучае корань і.-е. *pel‑ са значэннем ’папаўняць’, ’нараджаць’. Сюды ж пло́жаць ’пладзіцца’ (Ян.), якое можна, відаць, супаставіць са славен. plȍha, plȅh, харв. кайк. plȅšina ’племя, род, парода’, адносна якіх Скок (2, 683) зыходзіць з *plodъ і plemę і выводзіць іх з *pled‑s‑. Бязлай (Этимология–1973, 187) прымае да ўвагі (у сувязі са славен. і харв. лексемамі) і зах.-слав.: славац. upľahnuc se ’нарадзіцца (пра жывёл)’, чэш. валаш. pléhnúť sa, pléhnit sa ’пладзіцца, расплоджвацца, разводзіцца’, в.-луж. plahować, н.-луж. plagowaś, zblagnuś, польск. pląć się, plęgnąć się, plagować ’выхоўваць, прыводзіць да парадку’, якія нібыта сведчаць аб першапачатковым *plęg‑. Варбот (Этимология–1978, 23–25) дапускае, што plęgti — другаснае, што яму папярэднічала plegli (як слав. sękti ў адносінах да літ. sèkti) ’цячы, напаўняць’. Семантыка гнязда *pel‑ вельмі блізкая да кола значэнняў plęgti ’пладзіцца, вырастаць’ і *plex‑/*plox‑ ’род, парода’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)