луза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Разгрызаючы, ачышчаць ад шалупін і есці (гарбузікі, сланечнік і пад.); лушчыць (у 2 знач.). На адыходзе бабка.. насыпала.. [Стасю] гарбузікаў яшчэ і ў кішэню. — Бяры, унучак, па дарозе будзеш яшчэ лузаць. Вітка.

2. Тое, што і лушчыць (у 1 знач.). Лузаць гарох. □ Да самага снегу мы пакрысе лузалі сухія стручкі [фасолі], малацілі іх на падлозе пранікамі. Сяркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павесяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць, зрабіцца вясёлым, весялейшым. Дзеці разварушыліся, павесялелі і выйшлі з таго стану замкнёнасці, у якім яны яшчэ так нядаўна былі. Колас. А калі Міхаська пачаў бегаць у школу ды пакрысе чытаць буквар, бацька павесялеў яшчэ больш. Якімовіч. // Стаць, зрабіцца лепшым, прыгажэйшым і пад. Горад, здавалася, пасвятлеў і павесялеў. Грахоўскі. Добра расце ўсё, зямля неяк павесялела, быццам бы маладою стала. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прытво́рства, ‑а, н.

1. Няшчырыя, ілжывыя паводзіны з мэтай увесці ў зман. Увогуле ўзаемаадносіны паміж людзьмі на заводзе.. [Славіку] падабаліся. Няма той інтэлігенцкай ветлівасці, як на студыі, але няма і прытворства. Шамякін. Халуста пакрысе пачаў рабіцца такім, якім ён быў заўсёды на людзях, і Беразоўскі не мог зразумець, дзе пачынаецца і канчаецца яго прытворства. Чарнышэвіч.

2. Тое, што і прытворнасць. — Мы яшчэ не паспелі пазнаёміцца, а ўжо быццам як сварыліся. — Няўжо? — здзіўлена ўсклікнуў Хрупак, і Залуцкі адчуў у яго здзіўленае прытворства. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Маці, мама. — Матка! А калі гэта да нас Шпак .. прыходзіў? — спытала адна маладзіца сваю свякроў, бабку Таццяну. Колас.

2. Самка жывёл і насякомых, якая выводзіць патомства. Малыя ягняты, .. адбіўшыся ад матак, на момант спыняліся. Крапіва. Пчолы-разведчыкі знаходзілі .. вуллі і пакрысе абжывалі іх, каб потым прывесці сюды матку з роем. Кулакоўскі.

3. Унутраны палавы орган жанчын і самак жывародзячых жывёл, у якім развіваецца зародак.

4. (звычайна ў прыдатку). Аб тым, што з’яўляецца самым родным і блізкім. Апранула зямля-матка Кажушок зялёны. Колас. Я тут бачыў свой край, поле, рэчку, бор, Сваю катку-зямлю — Беларусь. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няві́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Маральна чысты, бязгрэшны. Нявіннае дзіця. □ Калі Алесь узняў галаву і ўбачыў.. [сястрын] прыгожы нявінны тварык, які не кранулі яшчэ ні бяда, ні гора, ні клопаты і турботы, жыцця, у самога яго твар пакрысе пачаў праясняцца. Чарнышэвіч.

2. Наіўны, прастадушны. Прыкінуўся хлопчык Нявінным такім, Як быццам бабулькі Не бачыць зусім. Гілевіч. Сумныя яго [Антуся] вочы глядзелі на ўсё гэта яшчэ ўсё з нявінным непаразуменнем. Чорны.

3. Бяскрыўдны, бясшкодны. Нявіннае жаночае какецтва.

4. Цнатлівы. Перад уяўленнем паўстала яна — нявеста — у падвянечным плацці з вэлюмам, чыстая, харошая, нявінная. Карпаў.

5. Тое, што і невінаваты. [Лабановіч:] — Праўда, Лапаткевічу і Гуліку баяцца няма чаго, бо яны нявінныя: іх подпісы не стаяць пад пратаколам. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. Станавіцца цяжкім (у 1–3 знач.) або больш цяжкім. Чым далей адыходзілі ад маёнтка, тым болей цяжэў мяшок з кнігамі. Каваленка.

2. Станавіцца цяжкім, рухацца, паднімацца, працаваць з цяжкасцю (пра часткі цела, галаву і пад.). Адчуўшы, як цяжэюць ногі, як калючым болем заходзіцца сэрца, .. [Косця] зразумеў, што яму не дагнаць .. [Надзю]. Лынькоў. Слесарэнка адчуваў, што яго хіліць у сон, што цела цяжэе, становіцца чужым. Бураўкін.

3. Набрыньваць, абвісаць. Пакрысе набрыньвалі вільгаццю і цяжэлі каляныя шынялі. Быкаў. // Налівацца сокам; спець. Прыязджайце, як маці-зямля Малаком сваю ніву напоіць — І колас цяжэе. Арочка. Была.. пара, блізкая да восені, калі ў садах пачынаюць цяжэць яблыкі. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аднаві́ць, ‑наўлю, ‑новіш, ‑новіць; зак., што.

1. Вярнуць да ранейшага стану, выгляду што‑н. пашкоджанае, парушанае, заняпалае; адрадзіць; узнавіць. Аднавіць разбураную гаспадарку. Аднавіць завод. Аднавіць камсамольскую арганізацыю. Аднавіць пашкоджаны тэкст. □ Зарастуць травой магілы; Мы адновім нашы сілы, Адбудуем край. Бядуля.

2. перан. Прыпомніць, нанава ўявіць што‑н. забытае; узнавіць. Спачатку.. [Стафанковіч] не ўспомніў таго моманту гісторыі гэтага фрэнча, калі ён знік з яго кватэры. Але пакрысе, момант за момантам, памяць яго аднавіла ў сабе гэтую справу. Чорны.

3. Вярнуць каму‑н. ранейшае службовае ці прававое становішча. На праўленні Станіслава Лінкевіча аднавілі ў правах члена арцелі «Светлы шлях». Дуброўскі.

4. Пачаць зноў перарванае дзеянне, адносіны. Аднавіць знаёмства.

5. Выдзеліць з хімічных злучэнняў кісларод і далучыць вадарод.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уцягну́цца, уцягнуся, уцягнешся, уцягнецца; зак.

1. Прасунуцца ў вузкую адтуліну. Нітка ўцягнулася ў іголку.

2. Прыняць удзел у чым‑н. [Сымон] пакрысе ўцягнуўся ў гаворку і нарэшце сам пачаў гаварыць гладка і цікава. Чорны. Вера шмыгнула да сваіх кароў. Не хацелася ёй адказваць на кпіны, каб не ўцягнуцца ў пустую балбатню. Гаўрылкін.

3. перан. Паступова прывыкнуць, прызвычаіцца да чаго‑н.; асвоіцца з чым‑н. Уцягнуцца ў работу. □ [Павел Іванавіч:] — Канешне, на першых часах нялёгка будзе, але пачнеш вучыцца, уцягнешся, і ўсё стане на сваё месяца. Кулакоўскі. Часам.. бывае так, што от чалавек нясе ношку, і хоць яна нялёгкая, аднак уцягнецца і нясе. Сабаленка.

4. перан. Прыахвоціцца да чаго‑н. — Так уцягнуўся Анціп у гарэлку — рады няма, — казаў Архіп Архіпавіч. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зблі́зіцца, збліжуся, зблізішся, зблізіцца; зак.

1. Перамясціцца на больш блізкую адлегласць, наблізіцца адзін да аднаго. Машыны зблізіліся. Касмічны карабель зблізіўся з арбітальнай станцыяй.

2. Уступіць у блізкія (сяброўскія, інтымныя і пад.) адносіны з кім‑н.; стаць блізкім адзін другому. Калі дзядзька стаў калгасным пастухом, .. Алесь яшчэ больш зблізіўся з ім. Сіняўскі. Хіма, якая доўга жыла нелюдзем, пакрысе зблізілася з суседзямі, зрэдку заходзіла і да Дашынай маці. Ракітны. // перан. Блізка пазнаёміцца з чым‑н., заняцца чым‑н. Там ён яшчэ больш зблізіўся з тэхнікай і пасля дэмабілізацыі, ужо сталым камсамольцам, адразу ж падаўся вучыцца ў Магілёўскую школу механікаў МТС. «Звязда».

3. Стаць падобнымі, выявіць падабенства. Словы зблізіліся па значэнню. □ Пасля вызвалення ад польска-шляхецкага прыгнёту шляхі ўкраінскага і беларускага народаў не разышліся, а яшчэ больш зблізіліся. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

псава́цца, псуюся, псуешся, псуецца; псуёмся, псуяцеся; незак.

1. Прыходзіць у стан няспраўнасці, станавіцца непрыгодным. Улетку, калі «студэнтачка» была дома, у.. [Тодзіка] каля яе хаты што-небудзь псавалася ў аўтобусе, а рамонт працягваўся доўга. Чорны. Плод.. [ігрушы] мог ляжаць усю зіму і не псаваўся, а ўсё смачнеў. Кулакоўскі. // Паддавацца пашкоджанню. Ад чытання ў прыцемку псуюцца вочы. □ Я заўсёды ёй гаварыў: «Наталка, не прывыкай да цукерак, ад цукерак зубы псуюцца». Пянкрат.

2. Рабіцца непрыемным, брыдкім; пагаршацца. Калі .. [Васіль] глядзеў на няскончаны зруб клуба, заўсёды псаваўся настрой. Шамякін. Прыемна было ісці пешшу, асабліва ў лесе. Праўда, пачало псавацца надвор’е. Неба пакрылася смугою, якая пакрысе засланяла сонца. Чарнышэвіч.

3. Набываць дрэнныя схільнасці, станавіцца дрэнным. [Падпалкоўнік:] — Салдату нельга доўга сядзець у казармах, бо ён псуецца без работы, як іржавее без работы добры аўтамат! Лынькоў.

4. Зал. да псаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)