расхіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

1. Адхінуўшы, адкінуць, развесці ў бакі краі, крыссе адзення. Расхінуў тут дзед халат Ды з кішэні-бакавушкі Выняў дудку-весялушку. Колас. Падпалкоўнік расшпіліў кіцель і расхінуў на грудзях кашулю. Асіпенка. // Адхінуць, адвесці ў бакі што‑н. прыхінутае адно да аднаго. Я падпоўз да сяла, калі гаснулі зоркі, Расхінуў асцярожна кусты і знямеў — Каміны ... каміны... Дух пажарышча горкі. Панчанка. Расхінеш траву, а там — гняздзечка з яечкамі або птушаняты рассыплюцца, як гарох, у розныя бакі. Якімовіч. // Распасцерці, развесці ў бакі. Бусел расхінуў крылы. □ — Не схіляй, — крычалі, — галавы, Расхіні свае ў палёце крылы! Бялевіч.

2. Раскрыць (дзверы, акно, заслону і пад.). Людзей поўна, яблыку недзе ўпасці, а заслону на сцэне быццам некаму расхінуць. Гроднеў.

3. Разгарнуць што‑н. (згорнутае, складзенае). Расхінуць палатку. □ Дзядзька расхінуў лісток лінаванай паперы. Баранавых. Вось скруткі белага льнянога палатна, Нібы сама заснула ў іх зіма, Здаецца, расхіні — дыхнуць буранам снежным. Танк.

4. Раскрыць, зрабіць вольным доступ куды‑н., да чаго‑н. [Віцька] тыцнуў Глечыку пару ануч і зноў расхінуў торбу. Быкаў.

5. перан. Рассунуцца, расшырыцца. — Трэба, каб з твайго нарыса было відаць, як Савецкая ўлада расхінула перад былымі цёмнымі, занядбанымі сялянамі ўсе дарогі ў жыццё. Сабаленка.

•••

Расхінуць душу — тое, што і адкрыць душу (гл. душа). Мне захацелася расхінуць сваю душу перад гэтай жанчынай, расказаць ёй усю праўду. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак., што.

1. Расправіць, расцягнуць што‑н. згорнутае ў даўжыню або шырыню. І вось Алёнка, самая бойкая з пяцікласніц, паднялася на сцэну і разгарнула вышыты партрэт Леніна. Скрыпка. Столькі выткала маці кроснаў, Што калі разгарнуць іх на травах росных, То яны б увесь свет абнялі. А. Астапенка.

2. Вызваліць ад абгорткі; зняць тое, чым было што‑н. загорнута, закрыта. Дзяўчынка села на траву, разгарнула фартух, — там былі кветкі. Краўчанка. Ганна Лявонаўна дастала з партфеля пакунак у жоўтай упаковачнай паперы, разгарнула яго і ахнула. Корбан.

3. Раскрыць што‑н. складзенае. — А зараз пачнём урок, — Іван Сяргеевіч разгарнуў класны журнал. Курто. Галіна Фёдараўна зараз жа разгарнула раскладушку, кінула на яе падушку, прасціну, коўдру. Паслядовіч. // Расхінуць, рассунуць што‑н. у бакі; развесці. Хлопец разгарнуў рукамі чарот, выбег на палянку. Гамолка. Задаволены Кулік разгарнуў прысак і пачаў даставаць печаную бульбу, яна прыемна пахла. Гурскі. // Разабраць. За ім ішла сястра: яна паказала хвораму месца на ложку ў куце і хуценька разгарнула пасцель. Быкаў. // перан. Зрабіць даступным зроку, як бы разаслаць перад вачамі. А Дняпро з лясоў дрымучых Праз мой родны край плыве. Увабраўшы нашы рэкі, Разгарнуў блакітны плёс. Светлым поясам навекі Наш звязаў братэрскі лёс. Бялевіч.

4. Выпрастаць, расправіць, развёўшы ў процілеглыя бакі. [Стафанковіч:] — Я яшчэ .. магу разгарнуць свае плечы, я яшчэ моцна трымаю гэбаль у руках. Чорны. Рукі .. [Алены] навярэджаны, і яна адчувае сябе, як набітая, а назаўтра не можа рук разгарнуць. Колас. // Раскрыць, распусціць (кветкі, лісце). Разгарнула пялёсткі шыпшына — ужо пяць гадзін раніцы, падняў угору галоўку жоўты адуванчык — лічы шэсць гадзін. Хомчанка. // Спец. Начарціць на плоскасці паверхню геаметрычнага цела. Разгарнуць мнагаграннік.

5. перан. Падрабязна выказаць, выкласці, апісаць што‑н.; раскрыць сутнасць, змест чаго‑н. — Тады я мог бы разгарнуць і пачуцці, і паказаць душэўныя зрухі, словам, тут бы ў мяне ўсё разраслося вельмі шырока. Скрыган. Тут Сымонка сваю душу Мог прад дзедам разгарнуць. Колас.

6. перан. Даць чаму‑н. (сілам, здольнасцям) свабодна і поўна праявіцца, развіцца. Разгарнуць музыкальныя здольнасці. // Павялічыўшы аб’ём, паглыбіўшы змест, зрабіць буйнейшым па жанру (літаратурны, музычны твор). Вось гэтую невялікую байку Змітрок Бядуля паспрабаваў разгарнуць у вялікую аповесць. Кучар.

7. Зрабіць, арганізаваць што‑н. у шырокіх маштабах. Разгарнуць будаўніцтва. Разгарнуць спаборніцтва. □ — Камуністам трэба таксама, — гаварыў далей падпалкоўнік, — разгарнуць самадзейнасць. Мележ.

8. Падрыхтаваць да дзеяння, функцыяніравання. [Радыст] выбраў пад елкай высокую купіну, хутка разгарнуў рацыю, закінуў на елку антэну, нацягнуў супрацьвагу і пачаў працаваць. Ваданосаў. // Спец. Размясціць у шырыню па лініі фронту, прыняць баявы парадак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)