Ву́лей (БРС, Грыг., Бяльк., Шат., Сцяшк. МГ, Анох.), ву́ляй (чэрв., рагач., З нар. сл.), уле́й (віл., воран., З нар. сл.), вуль, уль (Касп., глыб., віл., слаўг., бялын., З нар. сл., палес., Анох., Нар. лекс.), укр. ву́лій, ву́лень, ву́лік, дыял. вуль (Лысенка, СПГ), ву́лий ’бочка для залення бялізны’, рус. у́лей, польск. ul, чэш. úl, славац. úľ, н.-луж. huľ ’вулей, выдзеўбаная калода’, палаб. väul, славен. úlj ’дуплістае дрэва, борць, вулей’, серб.-харв. уља̀ник ’вулей’, мн. л. у́љеви ’чарва’, макед. улиште ’вулей’, балг. у́лей, дыял. радоп. вулʼ ’дрэва з дуплом, драўляная труба для вады ў млыне, вулей’. Прасл. ulьjь, uljь ’дупло, пустая калода, вулей’; дакладны семантычны і словаўтваральны адпаведнік слав. uljьліт. aulỹs, лат. aũlis; паколькі такая форма ўспрымалася як зборны назоўнік, то для ўзмацнення адзінкавасці атрымала дадатковы фармант ulь‑jь; параўн. салаве́й (*solvь‑jь) (Мартынаў, Деривация, 56 і наст.); характэрна, што нарашчэнне атрымала таксама адпаведная літоўская форма avilỹs (Атрэмбскі, Gramatyka, 122). Іншыя і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. aulis ’галёнка’, aulinis ’халява’, грэч. αὐλός ’труба, дудка’, лац. alvus ’поласць жывата, трыбух’, alveus ’поласць, карыта, вулей’, што дазваляе рэканструяваць і.-е. *au‑lo‑s ’труба, падоўжная поласць’ (Фасмер, 4, 159; Брукнер, 593; Младэнаў, 651; Махэк₂, 668; Слаўскі, SP, 1, 80, 83 адносна суфікса ‑jь: «выступае ў функцыі фарманта, які пашырае розныя архаічныя словаўтваральныя катэгорыі, накладваючыся на першасныя ўтварэнні»). Беспадстаўна Булыка (Запазыч., 329) выводзіць ст.-бел. уль з польск. ul.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прасве́т, ‑у, М ‑свеце, м.

1. Светлая паласа, пляма, утвораная светлавымі праменямі на чым‑н. неасветленым. Сонца нядаўна схілілася з паўдня, але хавалася ўжо за лесам, і на дзялянку падаў доўгі зубчасты цень, дзе-нідзе разрэзаны сонечнымі прасветамі. Шамякін.

2. Прамежак, свабодная прастора паміж якімі‑н. блізка размешчанымі прадметамі. У прасветах паміж будынкамі відаць было жытнёвае поле. Хадкевіч. Велізарнае шэрае неба мільгае ў прасветах між дрэвамі. Гамолка. // перан. Перапынак паміж справамі, часовая палёгка ў рабоце. Яшчэ гадзіну таму назад .. [Паўлу Пятровічу] здавалася, што ў яго, як і заўсёды, на працягу рабочага дня не будзе прасвету, каб нават падумаць аб чымсьці, не звязаным з яго працай. Прокша.

3. перан. Радасць, шчасце ў звычайна бязрадасным жыцці. — Ай, браце Якаў... — Піліп безнадзейна махнуў рукой. — Няма прасвету... Чарнышэвіч. Пад цяжкім гнётам знемагалі людзі, Чыгуннай глыбай гнёт заціснуў грудзі, І не было прасвету у жыцці. Буйло.

4. Спец. Шырыня аконнага ці дзвярнога праёму. // Адтуліна, шчыліна ў чым‑н. Прасвет вены.

5. Падоўжная палоска на пагонах. Нейкаму сынку, Недзе там на хутары, Сніліся пагоны З прасветам залатым. Броўка. Збіўшыся ў кучку,.. [хлопцы] насцярожана разглядвалі на плячах конніка пагоны: зялёнае поле з чырвоным прасветам, а на ім чатыры зорачкі. Курто.

•••

На прасвет (глядзець, разглядаць і пад.) — супраць святла. На момант .. [Назарчуку] здалося, што гэтыя грошы не сапраўдныя. Паглядзеў на прасвет, але фальшу не знайшоў. Грошы былі, як грошы. Сабаленка.

Не бачыць прасвету гл. бачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каба́н1 ’кныр; дзікая свіння, дзік’ (БРС, ТСБМ). Укр. кабан, рус. кабан ’дзік, непакладаны кабан’. Лічыцца запазычаннем (для рус. мовы) з тат., параўн. тур. kaban ’тс’, гл. Фасмер, 2, 149; Слаўскі, 2, 8–9 (там і літ-pa). Бел. і ўкр. словы або запазычаны з рус. мовы, або, як паказвае геаграфія бел. слова (гл. ДАБМ, к. 291 «Назвы непакладанага кабана»), вынік узаемадзеяння гаворак. Гл. яшчэ аб бел. слове Асоўскі, Зб. Мілецічу, 257.

Каба́н2 ’певень’ (ДАБМ, Шатал.). Вузкі арэал распаўсюджання ўказвае па запазычанне, рэлікт або інавацыю. Версія аб рэліктавым паходжанні прадстаўлена Асоўскім (SOc., 27, 1968, 167–171), які мяркуе, што кабан < *koban, якое да *kob‑ ’чары, варажба’. Як адзначыў Краўчук (Веснік БГУ, IV, 3, 1970, 64), гэта версія не пераконвае ні фанетычна, ні семантычна. Краўчук (там жа) мяркуе, што калі гэта не жартаўлівае ўжыванне назвы самца свінні для абазначэння пеўня, то запазычанне з ням. дыял. Kapphahn ’каплун’. Аднак такое ўжыванне не абавязкова было жартаўлівым. Мог адбыцца перанос ад назвы кабана як непакладанага самца, але гэтаму пярэчыць лінгвагеаграфія: слова кабан вядома на ўсходзе Беларусі (Магілёўшчына). Што датычыць другой версіі Праўнука, то звесткі аб значным працэнце нямецкага насельніцтва для некаторых раёнаў Беларусі (гл. Харузін, Слав. жил., 23–24) дапускаюць яе верагоднасць.

Каба́н3 ’цаглянае скляпенне ў печы’ (КСТ; пасож., бых., КЭС; Мат. Гом.), ’топка печы’ (Шушк.). Укр. пал. кабан, кобан ’скляпенне печы’. Рэгіянальнае ўтварэнне ад кабан ’драўляная форма для скляпення ў печы’, падрабязней гл. кабыла2. Аб такім жа працэсе, магчыма, сведчыць укр. ковбиця ’печ, жарало печы’ і ’чурбан’. Рус. кабанчик ’пячная (гжэльская) цагліна бруском, вузкая, падоўжная, палавінчатая’, а таксама назвы жывёл паказваюць, што для бел., укр. кабан магчымы перанос па форме (форма скляпення і форма жывёлы). Параўн., аднак, кебка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трам ’апорная бэлька ў хаце пад столлю’ (Бяльк., Байк. і Некр., В. В., Мат. Гом., Гарэц.; мсцісл., З нар. сл.; гродз., мін., мсцісл., ельск., ЛА, 4), ’падоўжная бэлька, якая падтрымлівае папярочныя’ (Пятк. 2, Сцяшк., Шушк., ТС), ’ствол дрэва’ (Мат. АЛА), ’кіль’ (Некр. і Байк.), ’калок’ (Яруш.), трамкі́ ’апошнія вянкі зруба’ (ельск., ЛА, 4), тран ’апорная бэлька’ (іўеў., слонім., рэч., ЛА, 4), прам ’тс’ (лун., там жа), отра́м, атра́м ’тс’ (бяроз., чашн., там жа), штрам ’тс’ (брасл., шарк., глыб., лаг., ЛА, 4) і штра́ма ’тс’ (віл., лаг., там жа), а таксама тра́ма ’тс’ (ТСБМ, Бяльк., Кал., Шат., Касп., Сцяшк., Гарэц., Шушк., ТС; гродз., мін., ЛА, 4; Сл. ПЗБ), ’прастора паміж бэлькай і столлю’ (Жд. 1), ’бэлька ў столі’ (брагін., Шатал.). Ст.-бел. трамъ ’бервяно, бэлька’ (XVII ст.; Ст.-бел. лексікон, КГС). На беларускай тэрыторыі сышліся, магчыма, два варыянты адной і той жа лексемы (рэаліі) — тра́м(а) і атра́ма, якія, аднак, могуць мець рознае паходжанне. Лексема трам (польск. tram, tranдыял. паўд.-усх. ’падваліна, падруба’, паўн.-усх. trama ’апорная бэлька’, в.-луж. trama, н.-луж. tramʼ, trama ’дручок, дубіна’, ’апорная бэлька’, ст.-чэш., славац. trám ’бэлька, брус’, харв. кайк. trȃm, славен. trȃm, tramȗ ’бервяно, брус’) запазычана з с.-в.-ням. trām, drām ’бервяно, бэлька’, параўн. с.-н.-ням. trāme ’бэлька’, ст.-фрыз. trām(e) ’брус, бэлька’, нарв. tram ’драўляны парог’ (Клюге, 785; ЕСУМ, 5, 617) і праз заходнеславянскія мовы (пераважна праз польскую) трапіла на беларускую (і ўкраінскую) моўную тэрыторыю (Брукнер, 574–575; Махэк₂, 649; Скок, 3, 490; Бязлай, 3, 211; Сной₂, 776; Булыка, Запазыч., 323; Голуб-Копечны, 388; Голуб-Ліер, 486). Лексема атра́ма пашырылася з балтыйскай моўнай тэрыторыі, параўн. літ. atramà ’падпорка’, ’апірышча’, ’спінка крэсла, канапы’, atramstýti ’падперці/падпіраць, прыхіліць/прыхіляць’ (Цыхун, Лекс. балтызмы, 50; Лаўчутэ, Балтизмы, 41). Назіраецца іх узаемадзеянне (трам‑а, а‑трам). Далей ням. тэрмін суадносяць са ст.-грэч. τέρεμνον ’сені, гасцёўня’, з лац. trabs < і.-е. *drabma, альбо адносяць да і.-е. асновы *ter‑ ’прабірацца, дасягаць’, ’праходзіць праз што-небудзь’, узмоцненай фармантам *‑т; дапускаецца мажлівасць існавання праславянска-прагерманскай лексемы (Скок, там жа). Петр (В. В., 21, 207–217) дапускае роднаснасць прасл. *tramъ са ст.-грэч. τραφηξ, лац. trabs ’бервяно’, ’дрэва’, ’карабель’, што даволі сумніўна. Сюды ж тру́ма, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сліж1 ‘галец’ (Сцяшк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ‘невялікая сомападобная рыбка’ (Нар. лекс.), слі́жык ‘галец’ (Гіл.), ‘дробная рыбка’ (Бяльк.), ‘дробная рыбка, падобная на ўюна’ (Нар. лекс.), сліж, слі́з ‘галец’ (Сцяшк.), ‘уюн’ (Скарбы), ‘малюск’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. слижъ ‘галец’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. сліж ‘галец, Cobitis barbatula’, рус. слиз ‘рыба Biennius, з пароды вугроў’, польск. śliz, śliż, śliżyk ‘галец, Nemalhilus barbatula’, в.-луж. sliž ‘уюн’, šliž ‘галец’, н.-луж. sliž ‘смоўж’, славац. slíž ‘рыба галец’, чэш. дыял. slíž, šlíž, šliž ‘тс’. Паўночнапраслав. *slizъ, *slizi̯o‑ (Фасмер, 3, 671). Звязана з слізкі (гл.), таму што гэтыя рыбы пакрытыя тоўстым слоем слізі (Міклашыч, 307; Праабражэнскі, 2, 322), паколькі большасці з названых рыб характэрна выдзяленне слізі (Каламіец, Рыбы, 40). Сумненні ў Махэка₂ (555) з прычыны таго, што назва адносіцца да розных рыб, але, відаць, яны неапраўданыя. Басай і Сяткоўскі (Słownik, 380–381) адводзяць меркаванне пра запазычанне польск. śliżek праз чэш. sližek з ням. Schleisse ‘рыба Nemachilus barbatulus’.

Сліж2 ‘праснак’ (Сцяшк.), ‘печыва з мукі’ (ЛА, 5), сліжы ‘праснакі, якія ядуць на калядную Куццю з цёртым макам’ (Сцяшк. Сл.), ‘клёцкі’ (смарг., Сл. ПЗБ), ‘піражкі’ (ашм., шальч., Сл. ПЗБ), слі́жыкі ‘тс’ (Нас.; гродз., Сл. ПЗБ), ‘піражкі’ (паст., іўеў., воран., Сл. ПЗБ), слі́зік ‘праснак’ (Сцяшк. Сл.), слі́зікі ‘кавалачкі пшанічнага цеста, адвараныя ў вадзе і залітыя макавай сумессю’ (Скарбы). Польск. śliż(yk), чэш. sliž ‘від ежы’, дыял. slíž(ek), славац. slíž, у тым ліку і ‘мучныя клёцкі, якімі кормяць гусей перад забоем’. Беларускае, лічачы па лакалізацыі, відаць, з польскай. Махэк₂ (555) этымалогію лічыць няяснай, але не выключае, што гэта дэрыват ад слізкі; да гэтага параўн. тлумачэнне Насовіча (Нас., 590): іх ядуць з сытой або макавым малаком, ад чаго яны робяцца слізкімі.

Сліж3 ‘доўгае бервяно, якое кладзецца па баках маста для ўмацавання насцілу’ (Сцяшк., ПСл; віл., лід., Сл. ПЗБ; ЛА, 5), ‘бервяно, па якім спускаюць на ваду лодку’ (ТС), ‘бервяно, па якім усцягваюць наверх цяжкія калоды’ (ПСл, ЛА, 5), сліжакі́, сліжы́ ‘лагі’ (воран., віл., Сл. ПЗБ), слеж ‘падваліна’ (брэсц., кобр., Нар. сл.), сле́жык ‘аснова печы’ (іван., Нар. сл.), слі́жка ‘шасток у хаце для адзежы’ (Касп.), слізпадоўжная бэлька ў гаспадарчых будынках на сохах’ (ЛА, 4), сліс, сліш ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Укр. слиж ‘папярочны брус у столі з прутоў’, сляж ‘тс’, сле́жык ‘адзін з слупоў, на якіх пастаўлена печ’; сюды ж ст.-польск. śleżej ‘бервяно пры будове моста’, польск. дыял. śleżyna ‘доўгая жэрдка, да якой прыбіваюцца штакеціны’, чэш. slizej ‘ледарэз; бервяно, што ахоўвае млын ад ільдзін’, sluzuj, sluzej ‘бервяно ў аснове моста’, славац. дыял. šlezaj ‘бервяно, перакінутае праз раку; бервяно паверх насцілу моста’. Махэк₂ (559) меркаваў, што заходнеславянскія тэхнічныя тэрміны грунтуюцца ў рэшце рэшт на ням. Schleuse ‘шлюз’ (гл. шлюз, слюз), а зыходнымі трэба лічыць формы з ‑u‑ (< ням. ‑eu‑), параўн. слюга (гл.). Борысь (Etymologie, 599–601) атаясамлівае паходжанне заходнеславянскіх і ўсходнеславянскіх форм, што ўзыходзяць да *sъlěga/*sъlęgti, прыставачных дэрыватаў *legti, *ležati, *lěgati ‘лажыць, лажыцца’, гл. ляжаць, слега. Усё гэта не выключае ўзаемнага ўплыву на форму і семантыку народнага і запазычанага тэрмінаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)