су́дна 1, ‑а, н.

Плавальнае збудаванне, прызначанае для транспартных, тэхнічных, навуковых і ваенных мэт. Судна на падводных крылах. □ Непадалёк, за эстакадай прайшло ваеннае патрульнае судна берагавой аховы. Лынькоў. Да ракеты набліжалася многа суднаў — беласнежныя яхты, лёгкія катэры, глісеры, маторныя лодкі. Гамолка.

су́дна 2, ‑а, н.

1. Пасудзіна для спаражнення, якая падаецца ляжачым хворым. Падкладное судна.

2. Абл. Вядро. Ідучы вуліцай, Глушкевіч убачыў, як насустрач яму ад студні набліжалася рослая жанчына з суднамі вады. Дуброўскі. І пасля на працы, ўсюды Пасаблялі хто ў чым: То суцешаць Кацярыну, То ёй песню запяюць, То сажнуць яе часціну, То ёй судны паднясуць. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шлейф, ‑а, м.

1. Доўгі падол жаночай сукенкі, які цягнецца ззаду. Яна [Міхаліна], напрыклад, запрасіла Мсціслава на заручыны: — Будзеце трымаць корд жаніха, — ласкава схіліла галаву. — Або мой шлейф. Караткевіч. Я ведаў, што Таня любіць апранаць на сябе што-небудзь незвычайнае, каб валаклося ўслед, як шлейф, па падлозе. Сачанка. // перан. След, паласа ў паветры, на вадзе і пад. ад руху чаго‑н. Дарога злёгку пыліла, за машынай слаўся рэдзенькі белаваты шлейф, які адносіла на зялёныя палеткі. Асіпенка. З-за павароту вынырнуў цеплаход на падводных крылах. Ён, шустра завярнуўшы, адкінуў на бераг пеністы шлейф. Гаўрылкін.

2. Тое, што і валакуша (у 2 знач.). Выраўноўванне глебы шлейфам.

3. У геалогіі — паласа адкладанняў, якая ахінае ніжнюю частку якога‑н. узгорка, узвышша.

[Ням. Schleife.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэйд 1, ‑а, М ‑дзе, м.

Месца стаянкі суднаў на якары каля берага. У порт Дзіксан мы не заходзілі, таму што наш карабель меў у запасе і ваду, і паліва, і прадукты. Мы сталі на рэйдзе. Бяганская. Не стаіць ён [карабель] на рэйдзе пры гавані, Хоць наперадзе шторм або шквал, А заўжды ў кругасветным ён плаванні Сярод рыфаў падводных і скал. Аўрамчык.

[Гал. rede.]

рэйд 2, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Пранікненне войск, звычайна конніцы або партызанскіх атрадаў, у глыб варожай тэрыторыі з якой‑н. баявой мэтай. Хутка танкі прарваліся ў варожы тыл. Гэта быў першы глыбокі рэйд у баявым жыцці Шутава. Мележ.

2. Нечаканая рэвізія, праверка, якая праводзіцца групай актывістаў па заданню грамадскіх арганізацыя. Асталося зусім мала часу да канца перапынку, а трэба паспець арганізаваць спрытную брыгаду, каб увечары адправіцца ў рэйд. Якасць. Вось чаго будзе дамагацца камсамольская брыгада ад рудніка. Мікуліч.

[Англ. raid.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раке́та, ‑ы, ДМ ‑кеце, ж.

1. Напоўнены піратэхнічнай сумессю снарад, які пасля выстралу ярка свеціцца ў паветры і ўжываецца для феерверкаў і светлавых сігналаў. Усё вакол грымела і грукатала, ракеты асвятляла хмызняк і балота. Краўчанка. Дзесьці непадалёку ўжо ўзвіваліся сігнальныя ракеты нямецкіх патрулёў. Лынькоў.

2. Лятальны апарат з рэактыўным рухавіком. Лунай жа горда над усёй планетай, Як першы госць, як першы наш дазор, Імклівая касмічная ракета, Рубінавым святлом крамлёўскіх ясных зор. Хведаровіч. // Баявы снарад, які прыводзіцца ў дзеянне рэактыўнай сілай. Фугасная ракета.

3. Невялікае пасажырскае судна на падводных крылах.

•••

Балістычная ракета — ракета дальняга дзеяння, якая рухаецца па балістычнай траекторыі пасля спынення дзеяння рухавіка.

Глабальная ракета — ракета, здольная данесці баявы зарад у любы пункт зямнога шара.

Звышдалёкая ракета — міжкантынентальная ракета.

Ракета-зонд — беспілотная ракета з радыёперадатчыкам для перадачы навуковай інфармацыі з космасу або з вялікіх вышыняў на Зямлю.

Ракета-носьбіт — шматступеньчатая балістычная ракета для вывядзення ў космас штучных спадарожнікаў Зямлі, касмічных караблёў, аўтаматычных міжпланетных станцый і пад.

Ракета-спадарожнік — кіруемы ракетны баявы снарад, выведзены на арбіту спадарожнікам Зямлі.

[Іт. rocchetta.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фантасты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Прасякнуты фантастыкай (у 1 знач.), заснаваны на фантастыцы, на казачных матывах. Кравец наслухаўся ад людзей самых неверагодных і фантастычных апавяданняў пра ведзьмароў і чарцей. Чорны. Дзе-нідзе тырчэлі вялізныя карчы-вываратні, падобныя .. да фантастычных жывёлін. Бядуля. Героі, кніг .. пабывалі ўжо і пад зямлёй, і на Месяцы, і на Марсе, і ў розных дзівосных краінах, і прыдумалі ўсе цудоўныя фантастычныя машыны і апараты. Якімовіч. Міхась Зарэмба марыў пра флоцкае жыццё, .. Янук заўсёды маляваў тушшу на яго грудзях фантастычныя якары і парусы. Асіпенка.

2. Які не існуе ў рэчаіснасці, выдуманы. Пра .. [Аню] хадзілі самыя фантастычныя чуткі. «Маладосць».

3. Які не грунтуецца на рэальных даных; неверагодны, нездзяйсняльны. Фантастычныя планы. □ [Мікола:] — Сцэнарый нам патрэбен дні праз тры. Так што выручайце. — Тэрміны фантастычныя. — Юнак зацягнуўся папяросай. Гаўрылкін. У Анінай галаве зноў пачалі ўзнікаць фантастычныя ідэі помсты Косцю. Карпюк.

4. Падобны на фантазію, чарадзейны, вычварны. Было штось страшнае ў гэтых пералівах чырвані і ў яе фантастычным палыханні ў глыбінях агорнутага мрокам неба. Колас. Музыка перанесла .. [Банжына] ў нейкі фантастычны свет, далёкі ад усяго таго, што трывожыла хвіліну назад. Шыцік. Сіняватыя прамяні месяца асвятлялі .. [воблакі] нейкім фантастычным святлом. Новікаў. Самаробная «амуніцыя» некаторых падводных плыўцоў мае часам вельмі фантастычны выгляд. «Маладосць».

5. Разм. Незвычайны, звышнатуральны. Ганс Лемке быў не з палахлівага дзесятка, але тут яго апанаваў страх. Людзей з такой фантастычнай вытрымкай і адвагай перамагчы цяжка. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)