праме́нь, ‑я; мн. прамені, ‑яў і прамяні, ‑ёў; м.

1. Вузкая паласа святла, якая ідзе ад якой‑н. крыніцы святла або прадмета, які свеціцца. Тонкаю ніткаю прашыўся з неба прамень сонца. Арабей. У левай руцэ Фёдар Цімафеевіч трымаў ліхтар, які кідаў уперад нядоўгі, але шырокі прамень святла. Васілёнак. // перан.; чаго. Хуткае, нечаканае праяўленне чаго‑н., пробліск. [Лютынскі:] Ніводзін прамень славы іх [бальшавікоў] не ўпадзе на тваю галаву. Крапіва.

2. звычайна мн. (прамяні́, ‑ёў). Спец. Лініі распаўсюджання энергіі хваль (электрамагнітных, светлавых і пад.). Рэнтгенаўскія прамяні. Прамяні радыя.

•••

Інфрачырвоныя прамяні — нябачныя прамяні, якія складаюць частку спектра, што працягваецца далей бачнай часткі ад чырвонага яго канца.

Касмічныя прамяні — асобыя прамяні, якія пранікаюць у атмасферу з космасу і нясуць у сабе вялікую энергію.

Катодныя прамяні — паток электронаў, які наглядаецца пры электрычным разрадзе ў трубцы з разрэджаным газам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́паліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Спаліць, знішчыць агнём, жарам. Пажар выпаліў увесь лес. Сонца выпаліла траву. / у безас. ужыв. Бацька некалі меў светлыя вочы і ўсё бачыў, як і кожны здаровы чалавек. Яму выпаліла зрок, калі ён працаваў на заводзе, дзе выплаўлялі медзь. Лынькоў. // Ачысціць абпальваннем. Выпаліць арганічныя прымесі. // перан. Выкараніць, знішчыць бясследна. Памяці аб вас [загінуўшых] з душы маёй ні выпаліць, ні сцерці. Глебка.

2. Прапаліць, выпечы чым‑н. распаленым. Выпаліць дзірку. // Зрабіць распаленым жалезам знак, метку і пад. на паверхні чаго‑н. Выпаліць узор. □ Агонь на крылы маладыя плёснуў І выпаліў нязмыўнае таўро. Пысін.

3. што і ў чым. Кончыць паліць; прапаліць. Раніцай жанчына выпаліла ў печы, прыгатавала снеданне. Федасеенка.

4. Вырабіць абпальваннем. Выпаліць цэглу.

5. Разм. Выстраліць. Рыль.. трошкі адчуваў сябе як бы вінаватым перад дзедам Талашом, што ў яго такі хвацкі карабін, з якога можна выпаліць сем разоў у адзін зах[о]д. Колас.

6. перан. Разм. Нечакана і хутка сказаць што‑н. — Зброя ў цябе ёсць? — ва ўпор выпаліў адзін з паліцэйскіх. М. Ткачоў. Вася адным дыханнем выпаліў свой нядоўгі жыццяпіс. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

малы́, ‑ая, ‑ое.

1. Нязначны па велічыні, памерах; невялікі. Наша школа здалася нам, помню, малой І малым здаўся сад, і малым — школьны двор... Куляшоў. Гальштук быў новы, бліскучы і слізкі, і вузел атрымліваўся то вялікі, то малы, то крывы. Шыцік. // Невялікі ростам, нізкі. І дуб-крапак і куст малы Стаяць у мудрым задуменні. Колас. // Не доўгі, кароткі. У момант праскочыць .. [хутаранец] з мястэчка на хутар. Аж шкода, што гэтакая малая дарога. Чорны.

2. Нязначны па колькасці. Малы атрад. // Нядоўгі (пра час). Праз малы час .. [Бумажкоў] назначаецца дырэктарам.. завода. Чорны.

3. Меншы, чым патрэбна. Малыя туфлі.

4. Які праяўляецца ў нязначнай ступені, слабы. Пагашаюць яны [вятры] аганёчак малы, А вялікі — крапчэй раздуваюць. Багдановіч. // Які не мае істотнага значэння; малаважны. І дзіўна стала: з гэтай малой справы, з гэтых гаворак пачалося штосьці большае. Чорны.

5. Які займае нязначнае службовае або грамадскае становішча. Нічым [мае знаёмыя] не слаўны і не значны, Усё людзі простыя, малыя. Колас.

6. Малалетні. Марта з двума малымі дзецьмі жыла на выгане ў старой хатцы. Бядуля. / у знач. наз. малы́, ‑ога, м.; мало́е, ‑ога, м.; мала́я, ‑ой, ж. Кастусь выязджаў ужо з двара, калі выбег з агарода Юзік і з плачам кінуўся наўздагон. Хлопец прыпыніў .. [каня] і ўзяў малога на воз. С. Александровіч.

7. У складзе некаторых назваў і ўласных імён. Малы тэатр. Малая канферэнц-зала.

•••

Малая калорыя гл. калорыя.

Малая Мядзведзіца гл. мядзведзіца.

Малая скорасць (спец.) гл. скорасць.

Малы ход гл. ход.

Малыя формы гл. форма.

Ад малога да вялікага — усе да аднаго, абсалютна ўсе.

Без малога — амаль (не), чуць (не).

Бяда малая гл. бяда.

З малых гадоў (год) гл. год.

І стары і малы гл. стары.

Самае малое — найменш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)