Начле́г ’начоўка; пасьба коней ноччу’ (Яруш., ТСБМ), ’вывад коней на пашу ўначы’ (Бяльк.), ночле́г ’тс’ (ТС), сюды ж начлягава́ць ’пасвіць коні ноччу’ (Жд. 2), ’начаваць’ (Сл. ПЗБ), начле́жкі ’вячоркі’ (Мат. Маг., Сл. ПЗБ), начл́жнік, начле́зьнік ’той, хто пасе коней ноччу’ (Шн. 2, Сл. ПЗБ; навагр., З нар. сл.), ночле́жнік ’той, хто водзіць коней на начлег; той, хто просіцца пераначаваць або начуе ў чужых’ (ТС), нацле́жнік ’хто начуе не дома; начны стораж коней, што пасуцца ў полі’ (вілен., гродз.; ковен., Нас.), укр. ночлі́г ’пасьба коней ноччу пастухамі’, рус. ночле́г ’начоўка; пасьба коней ноччу’, польск. nocleg ’месца начнога адпачынку і сам адпачынак па-за домам’, noclegowaćначаваць у час падарожжа; пасвіць коней уначы’, чэш. nocleh ’начоўка’, славац. nocľah ’тс’. Ад ноч і ляжаць, гл. Фасмер, 3, 86; утворана шляхам непасрэднага словаскладання, што сведчыць пра архаічны характар слова, параўн. ст.-рус. ночьлѣгъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

праважа́ты, ‑ага, м.

Разм. Той, хто суправаджае каго‑н. з мэтай аховы яго або каб паказаць дарогу. Праважаты наш начаваць не застаўся, як ні ўгаворвалі яго партызаны, ведаючы, што можна ў такую завіруху збіцца з дарогі ў полі. Шамякін. // Той, хто праводзіць каго‑н. на поезд, самалёт і пад. Правадніца папярэдзіла праважатых, каб пакінулі вагон. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дабе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; пр. дабег, ‑ла; заг. дабяжы; зак.

Бягом дасягнуць якога‑н. месца; прыбегчы. Пакуль Лабановіч дабег да станцыі, яго парадкам пакрапіў дождж. Колас. Кравец дабег да суседняй вёскі і там астаўся начаваць. Чорны. // перан. Хутка рухаючыся, дасягнуць чаго‑н., данесціся (пра хвалі, гукі і пад.). [Вада] шырокаю стужкаю, хвалюючыся, бяжыць па нізкіх лагчынах, як бы хоча хутчэй дабегчы ў нейкі далёкі-далёкі край. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

днява́ць, днюю, днюеш, днюе; незак.

Праводзіць дзень, рабіць днёўку дзе‑н. Ішлі.. [партызаны] раз на заданне і заляглі ў гушчары дняваць. Карпюк. Толя вяртаўся да сваіх, у тую вёску, дзе сёння днявала разведка. Брыль. // Адпачываць, хавацца днём (пра дзікіх жывёл, птушак.). [Ласіха] днявала ў векавых лазняках з двума малымі. Пташнікаў.

•••

Дняваць і начаваць — праводзіць дзе‑н. увесь час, многа часу. Некалькі дзён Якаў нікуды не выязджаў з гаража, тут дняваў і начаваў. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ператрэ́сціся, ‑трасуся, ‑трасешся, ‑трасецца; ‑трасёмся, ‑трасяцеся; пр. ператросся, ‑трэслася і ‑траслася, ‑трэслася і ‑траслося; зак.

1. Змарыцца ад працяглага трасення. Дзеці ператрэсліся на калёсах за дарогу і не сталі есці.

2. Перазябнуць, празябнуць. Пастух ператросся за дзень на холадзе.

3. Пахвалявацца, патрывожыцца некаторы час. [Параска:] — Ператрэслася я. У адных [гаспадароў] дзве ночы начаваць баялася. Лобан.

4. Уладзіцца, упарадкавацца. [Начальнік] лёг у бальніцу. Праляжаў там з месяц, думаў, ужо ўсё ператрэслася, перацерлася за гэты час. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перае́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; зак.

1. што і цераз што. Праехаць цераз што‑н., на другі бок чаго‑н. Пераехаць цераз мост. Пераехаць гасцінец. □ Пераехалі [сябры] сухі луг і спыніліся начаваць. Якімовіч.

2. каго. Наехаўшы, задушыць, пакалечыць калёсамі, гусеніцамі. — Сцеражыся, дзядзечка, а то пераеду! Васілевіч. Другое дзіця, таксама хлопчыка, пераехаў цягнік. Навуменка.

3. Перамяніць месцапрабыванне; перасяліцца, перабрацца. Рагуля паведаміў Філістовічу, што ён можа пераехаць у Лувен і там скончыць універсітэт. Паслядовіч. Новая кватэра, куды пераехалі Віталік і Раман, знаходзілася ў доме з шыльдай «Дзіцячы свет». Даніленка. [Мікола:] Я мяркую, што Настасся Рыгораўна павінна ў наш калгас пераехаць. Крапіва.

4. Разм. Праехаць — пра ўсіх, многіх. Пакуль Наталька спраўлялася ў сталоўцы, па вуліцы перайшло і пераехала шмат народу. Колас.

5. каго-што. Заехаць далей, чым патрэбна, мінуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спадаба́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., каму.

1. Выклікаць пачуццё сімпатыі да сябе. Валерыю Урублеўскаму дзядзька Рыгор спадабаўся з першага знаёмства. Якімовіч. Неабходна было абавязкова спадабацца гаспадару, паказаць сябе з найлепшага боку. Гамолка. // Выклікаць схільнасць (у асоб іншага полу). Учора Шэвель казаў мне, што пляменніку яго ты спадабалася больш ад усіх дзяўчат. Лынькоў. Ужо другі год, як Зоська спадабалася Макару. Бядуля.

2. Прыйсціся па густу каму‑н. Жанчына збоку наглядала за сваім госцем, шчаслівая, што яму абед спадабаўся. Гурскі. Афіцэру спадабалася Вайтовічава прапанова. Пальчэўскі. Прафесія фотакарэспандэнта .. [Мельнікаву] вельмі спадабалася. Васілёнак. // Пакінуць добрае ўражанне. Можа якраз не заганарыцца, падыдзе і спытае, ці спадабалася яго песня? Гроднеў. // безас., з інф. Атрымаць задавальненне ад чаго‑н. Маладому вераб’ю, што не меў яшчэ і года, спадабалася начаваць у ластаўчыным гняздзе. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вандрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. Падарожнічаць, рабіць падарожжа. Трэба часцей вандраваць па роднай краіне, трэба больш яе вывучаць! В. Вольскі. // Разм. Доўга хадзіць, ездзіць дзе‑н.; блукаць. Кожны дзень пасля школы.. [вучні] вандравалі па мястэчку. Чарнышэвіч. Усюды ў прысадах зелянелі ўжо вербы, за вёскаю на паплавах, у лужынах вады, вандравалі даўганогія буслы. Лупсякоў. // Разм. Пераходзіць ад аднаго да другога, з аднаго месца ў другое на працягу доўгага часу (аб прадметах, з’явах і пад.). З вуснаў у вусны вандравала навіна [аб прыездзе гасцей]. Бядуля.

2. Жыць, часта мяняючы месца жыхарства, пастаянна перамяшчацца; бадзяцца. Калектыў увесь час «жыў на калёсах», вандраваў па вёсках і мястэчках. «ЛіМ». Каб зарабіць, я летам з бацькам Па розных вёсках вандраваў. Журба.

3. Весці неаселы спосаб жыцця, пераязджаць з месца на месца; начаваць. Першабытныя людзі не мелі сталага жыхарства і ўвесь час вандравалі з месца на месца групамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакі́нуць, -ну, -неш, -не; -кінь; -нуты; зак.

1. Адправіўшыся, не ўзяць з сабой каго-, што-н. (наўмысна або забыўшыся).

П. запісную кніжку дома.

П. дзяцей у вёсцы.

П. рэчы ў машыне.

П. пра сябе добрую памяць (перан.). П. след у навуцы (перан.).

2. што. Захаваць, прыберагчы.

П. агурок на насенне.

П. за сабой права зрабіць што-н. П. газету для сяброўкі.

3. каго-што. Захаваць у якім-н. становішчы, стане.

П. браму адчыненай.

П. закон у сіле.

П. каго-н. у разгубленасці.

П. пытанне адкрытым (не вырашыць). Пакінь мяне ў спакоі (не дакучай мне). П. вучня на другі год (не перавесці ў наступны клас). П. у дурнях (перан.: падмануць, паставіць у няёмкае становішча).

4. што. Перадаць каму-н., даць у чыё-н. карыстанне.

П. спадчыну.

5. каго-што. Прымусіць, прапанаваць застацца ці знаходзіцца дзе-н.

П. госця начаваць.

6. каго-што. Пайсці ад каго-, чаго-н., не маючы больш справы з кім-, чым-н.

П. сям’ю.

Сілы пакінулі мяне.

Ён не пакінуў таварыша ў бядзе.

П. ззаду каго-н. (апярэдзіць у спаборніцтве).

7. каго-што і без дап. Не даць чаго-н.

П. без абеду.

П. ліст без адказу.

8. што. Спыніць, перастаць чым-н. займацца.

П. непатрэбныя размовы.

Пакінь кпіць!

|| незак. пакіда́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1—7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

незнаёмы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога не ведаюць, з якім не сустракаліся раней; невядомы. Дзед Талаш і Мартын маўчаць, не спускаюць з вока незнаёмага чалавека. Колас. Спускацца паблізу на парашуце таксама нельга было.. Давялося выскачыць далекавата ад пляцоўкі над незнаёмымі зараснікамі. Кулакоўскі.

2. Неўласцівы для каго‑н.; чужы. — Калі ты завяла .. [жонку ў бальніцу]? Раніцою ж нічога не было, — сказаў ён незнаёмым самому сабе голасам. Арабей. І вуліца, і людзі, і сонца здаваліся [цётцы Эміліі] новымі, незнаёмымі. Маўр.

3. Які не зведаў, не зазнаў чаго‑н. Светлыя хмаркі — дзеткі прастору — Ціха па небе плывуць, Ім незнаёмы слёзы і гора, Смутак і жаль іх не рвуць. Колас.

4. Які не належыць да ліку знаёмых каго‑н. [Памешчык:] — Ты хто, нешта цябе я не памятаю? — Я таксама з табой незнаёмы... не даводзілася сустракацца... — працадзіў дзед скрозь зубы. Лынькоў.

5. у знач. наз. незнаёмы, ‑ага, м.; незнаёмая, ‑ай, ж. Той (тая), каго не ведаюць, хто не належыць да ліку знаёмых; чужы чалавек. Дзед Аляксей, запытаўшыся «хто там», прапусціў незнаёмага ў кухню. Паслядовіч. — Незнаёмых, сынок, начаваць не пускай. — А як раптам хто свой? — Свой? А ты адгадай, Свой, ці не? Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)