схілі́цца, схілю́ся, схі́лішся, схі́ліцца; зак.

1. Нагнуцца, нахіліцца над кім-, чым-н.

С. над калыскай дзіцяці.

Вярба схілілася над возерам.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павярнуць да якіх-н. межаў (часавых або прасторавых).

Дзень схіліўся к вечару.

3. перан. Згадзіўшыся з чым-н., абдумаўшы што-н., зрабіць адпаведны вывад.

С. на бок калектыву.

|| незак. схіля́цца, -я́юся, -я́ешся, -я́ецца.

|| наз. схіле́нне, -я, н.

4. перан. Пакарыцца каму-, чаму-н.; падпарадкавацца каму-, чаму-н.

Не с. перад ворагам.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

нахілі́цца, ‑хілюся, ‑хілішся, ‑хіліцца; зак.

Прыняць нахільнае становішча, пахіліцца набок; нагнуцца. Шулы ў варотах абселі і нахіліліся. Галавач. Дзяўчына раптам нахілілася да бацькі, узяла за руку і заглянула ў вочы. Шамякін. На пагорках і паўднёвых схілах пабялела жыта, нахілілася долу важкімі калоссямі. Асіпенка. // Прыгнуць, нагнуць верхнюю частку тулава ўперад. Камандзір ступіў да дзвярэй, нахіліўся і нырнуў у цемру. Новікаў. Бацюня нахіліўся над чалавекам, які стагнаў. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

урадлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які вызначаецца ўрадлівасцю (у 1 знач.). Зямля тут [у Суханах] была ўрадлівая, але, як амаль і ўсюды на Беларусі, цяжкая і працаёмкая. Машара. На спрадвечнай багне, ператворанай рукамі людзей ва ўрадлівыя палі, густою сцяною паднялося жыта. Шахавец. Кірыла ішоў берагам Дняпра па знаёмай дарозе і не пазнаваў некалі ўрадлівых палёў. Гурскі.

2. Тое, што і ураджайны (у 2 знач.). Урадлівы год. □ Па дарозе трапляліся такія ўрадлівыя кусты чарніц, што каб хаця на хвіліну нагнуцца, то поўныя былі б і рот і прыгаршчы. Кулакоўскі. Яшчэ нядаўна гарэлі яркай пазалотай урадлівыя мачужыцкія сады, а сёння яны скінулі апошняе лісце. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Накуве́сіцца ’наваліцца, навіснуць?’, параўн., Вот немец пракляты, вот ірад накувесіўся на нашу волаву (В. Поляк, ЛіМ, 19 лютага 1971 г.), наковёсіцца ’нахмурыцца (пра надвор’е)’, наковёсіць ’нахмурыць’: брові наковесіў (ТС), наку‑ вёзіцца ’прыстаць, прычапіцца без дай прычыны’ (парыц., Янк. Мат.). Фармальна і семантычна блізкае да серб.-харв. накве̏сит сенагнуцца, нахіліцца, схіліцца, скрывіцца’: Што си ми се наквесио ту више главе? (Елезовніі Г. Речник косовско-мето- хиског диалекта, 1. Београд, 1932, 437), натквесим се ’звесіцца, навіснуць над чым-небудзь ці над кім-небудзь’ (ђирићљ. Говор Лужнице. Београд, 1983, 147), якія Скок адносіць да kvečiti se Загібацца’ (Скок, 2, 252), аднак несумненная сувязь з беларускім словам дае падставы меркаваць пра агульнае паходжанне ці развіццё ў аднолькавым напрамку на кбжнай з адзначаных тэрыторый. Хутчэй за ўсё да прасл. *vesiti, гл. весіць, вісець, з экспрэсіўнай ko‑ (ky‑, k‑) прэфіксацыяй, адносна якой гл. Дебеляк, Slavistična revija, 5–7, 1954, 169 і інш.; Фасмер, 2, 271 і інш. З у накувёзіцца ў выніку азванчэння с у інтэрвакальным становішчы або збліжэння да вязаць, вязацца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пахілі́цца, ‑хілюся, ‑хілішся, ‑хіліцца; зак.

1. Нахіліцца, нагнуцца. Над вадою адзінютка Нахілілася вярбіна. Колас. Націнне бульбы завяла, нахілілася ў барозны, якія глыбокімі шрамамі выглядаюць на гладкім.. полі... Чарот. // Нагнуць верхнюю частку тулава (пра чалавека). Віднелася збоку глыбокая варонка. А каля варонкі пахіліўся салдат. Грамовіч. Хаім Крокес абярнуўся назад і пахіліўся да Вінцуся Шавеля. Гартны.

2. Пакасіцца, нахіліцца ўбок. Слуп.. амаль напалову згніў і пахіліўся набок. М. Ткачоў. Агароджа двара нахілілася, і там-сям бялелі ў ёй свежыя дошкі. Ракітны. Старасвецкі драўляны домік з амшэлай гонтавай страхою, дажываючы век, абапёрся на чатыры драўляныя калоны, якія з усім домікам пахіліліся ўперад. Пестрак.

3. перан. Адчуць прыхільнасць, пацягнуцца да каго‑, чаго‑н. Мы ўсе былі закаханыя ў Таню. І ўсе адносіліся да яе, як рыцары. Не прыставалі, не надакучалі сваімі прызнаннямі. Па маўклівай згодзе мы чакалі, да каго з нас пахіліцца яна сама. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхілі́цца, ‑хілюся, ‑хілішся, ‑хіліцца; зак.

1. Нахіліцца, нагнуцца трохі ўніз, да зямлі. Нікне трава ад жаласці, а дзерава пад тугою к зямлі прыхілілася. Купала.

2. Шчыльна наблізіцца да чаго‑н., абаперціся аб што‑н. Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца. Лынькоў. Міхась прыклыпаў да дзвярэй, прыхіліўся плячом да вушака — роўна стаяць было яму цяжка. Савіцкі.

3. Прытуліцца, прыпасці да каго‑н. Але хлопчык і не варухнуўся, глянуў спадылба на Косцю, прыхіліўся бліжэй да Ірыны. Арабей. Тады Стася зусім блізка прыхілілася да .. [бацькі] і яшчэ цішэй, ледзь чутна запытала: — А як з мамкай? Зарэцкі. // перан. Знайсці спагаду, спачуванне ў каго‑н.; адчуць прыхільнасць да каго‑н. — Людзі нашы нядрэнныя. Вядома, цёмныя мы, прыхіліцца не да каго, — Алесь зразумеў, што .. [Марыніч] кажа Калачыкавы словы. Чарнышэвіч. Няма да каго прыхіліцца, няма каму пра сваё гора расказаць. Якімовіч. Ранняй часінай к табе я лячу, Позняй парою, Толькі к табе прыхіліцца хачу Сэрцам, душою. Русак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схілі́цца, схілюся, схілішся, схіліцца; зак.

1. Нахіліцца, нагнуцца. Над Нёманам схіліліся рабіны. Грахоўскі. З дзесятак галоў Схілілася ўміг над паперай. Танк. Чырвонажалобныя сцягі Схіліліся ў горы. Глебка. // на што. Апусціўшы, прыхіліць да чаго‑н., пакласці на што‑н.; апусціцца на што‑н. Засне сяло... Нідзе нікога... Не спіцца ўвечар аднаму, — Каня сядлаеш варанога, На грыву схілішся яму Ды мчышся віхрам на дарогу. Трус. // перан. Пакарыцца каму‑, чаму‑н.; падпарадкавацца каму‑, чаму‑н. [Сонца:] — Прыгрэю я — і твой мароз міне, а прыпяку — слядоў яго не стане! Павінен ты схіліцца да зямлі перада мной, маёй бязмежнай сілай! Дубоўка. Сам [Каўпак] ад іх [хлопцаў] прысягу Прымае пад сцягам: Кожны хай клянецца Нідзе не схіліцца, Покуль сэрца б’ецца, За Радзіму біцца. Зарыцкі. Ішлі ка мне то сцежкай, то гасцінцам бацькі і дзеці, сёстры і браты — усе, хто не схіліўся прад чужынцам, хто ў прысаку застаўся... Федзюковіч. // перан. Прызнаць чый‑н. аўтарытэт, зведаць пачуццё павагі да чаго‑н. Схіліцца перад веліччу ленінскіх ідэй.

2. Узяць кірунак, павярнуць да якіх‑н. межаў (часавых або прасторавых). Ужо і дзень схіліўся к вечару. Чорны. Сонца толькі-толькі схілілася з самага зеніту і пячэ неміласэрна. С. Александровіч. Месяц схіліўся за лес, і на крутых паваротах дарогі было цёмна. Мяжэвіч. // Пра гутарку, разважанне. Гаворка схілілася да хвалюючай тэмы.

3. Аддаць перавагу якой‑н. думцы, перакананню і пад. — Бясконца адступаць не будзем, некалі трэба прарывацца з блакады, — да такой думкі схілілася большасць камандзіраў. Новікаў.

4. перан. Паддаўшыся ўгаворам, згадзіцца на што‑н. З-пад Нарачы рыбацкія хваляванні пашырыліся на ўсю азёрную частку Заходняй Беларусі .. Буржуазны друк, напалоханы размахам падзей, заклікаў урад прымірыцца .. Урад схіліўся на шлях кампрамісаў. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сагну́цца, ‑гнуся, ‑гнешся, ‑гнецца; ‑гнёмся, ‑гняцеся; зак.

1. Выгнуцца, прыняць форму дугі. Цвік сагнуўся. □ Карн быў вялізны, бо лёска напялася, як струна, а вудзільна сагнулася ў дугу. Рунец. Яловыя лапкі стомлена сагнуліся пад цяжарам снегу. С. Александровіч. І перш, чым у новы тунель уцягнуцца, Цягнік дасць гудок і сагнецца дугой, Нібы хоча ён на тунель азірнуцца, Які ўжо знікае за шызай смугой. Гаўрусёў.

2. Сагнуць спіну; нагнуцца. Цёмныя фігуры выбеглі на сноп пражэктара, сагнуліся над тым месцам, дзе хлопцы заклінілі стрэлкі. Жычка. [Хурс] сагнуўся напалам, уваходзячы ў карчомныя сенцы. Чорны. // Нахіліцца ад цяжару, мукі, болю. Сцішыўшы крок, Аксіння, здаецца, яшчэ больш сагнулася пад сваёй ношай, каб нікога не бачыць, каб да яе не загаварылі. Ракітны. // Скласціся пад вуглом у суставе. Рука сагнулася ў локці.

3. Згорбіцца ад старасці, скурчыцца ад сцюжы, хваробы, ссутуліцца і пад. Не той быў цяпер Глушак: пасушэў яшчэ, сагнуўся, як груган, ссівеў нашчэнт. Мележ. Палкана старасць даканала. Сагнуўся ён, падціснуў хвост, сапсеў. Корбан. // перан. Стаць спарахнелым, трухлявыя (пра будынкі і пад.). Хата шчытам сваім сагнулася. Баранавых.

4. перан. Пакарыцца чыёй‑н. сіле, прымірыцца з чым‑н., адмовіўшыся ад барацьбы. Ды толькі не здаўся народ Беларусі, Не стаў на калені, не паў, не сагнуўся, А ворага стрэціў ударам мяча. Броўка. І ад таго, што гэтае дзіцянё не сагнулася і не сагнецца і ідзе сабе моцна па дарозе, — стала мне радасна. Чорны.

5. Стаць скарабачаным, пагнутым. У агні жалеза сагнулася. Бляшанка сагнулася. □ Размахнуўся.. [старэйшы брат], грукнуў булавою — толькі булава сагнулася. Якімовіч.

•••

Сагнуцца ў дугу — скарыцца; стаць пакорным, угодлівым. Ён не хапае з неба зорак, Умее ўслужыць, умее памаўчаць, Умее ўсміхнуцца ветліва, лагодна, Паведаміць начальству радасную навіну, Сагнецца ў дугу прад ім ахвотна, А сябру ў бядзе дасць кухталя ў спіну... Валасевіч.

Сагнуцца ў тры пагібелі — а) вельмі нізка нахіліцца; сагнуцца; б) перан. праявіць празмерную ўгодлівасць.

Сагнуцца крукам; сагнуцца ў крук — а) моцна выгнуцца, заўзята працуючы; б) перан.; стаць рабалепным, уніжаным перад кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свабо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ведае прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення, які карыстаецца свабодай (у 2 знач.). Пачуцці і мыслі народаў свабодных Лунаюць на Ўсходзе Далёкім. Колас. // Уласцівы краіне, народу, якія не ведаюць прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення. У свабоднай працы, у адпачынку, у весялосці, у чаканні новых радасцей дні і тыдні ляцелі незаўважна. Шамякін.

2. Які валодае дзяржаўнай незалежнасцю, суверэнны. Саюз непарушны рэспублік свабодных З’яднала навекі Вялікая Русь. Гімн СССР.

3. Які не з’яўляецца рабом, прыгонным. Свабодны селянін. □ Зярняты свабодны сявец З сяўні сее ў пульхны загон. Махае касою касец, Пазбыўшы галодны прыгон. Купала.

4. Які мае права, магчымасць распараджацца сабою па ўласнаму жаданню; незалежны, не звязаны ні з кім якім‑н. абавязкамі, адносінамі. Свабодны мастак. // Які адбываецца па сваёй волі, жаданню, без прымусу. За кожнай саюзнай рэспублікай захоўваецца права свабоднага выхаду з СССР.

5. Які не ведае перашкод, абмежаванняў. [Лукавіцып].. быў патайным прыхільнікам «свабоднай любві». Крапіва. Толькі ж ім [ворагам] свабодны рух Не стрымаць ніколі! Колас. // Не абмежаваны пэўнымі нормамі, правіламі, формамі. Канструкцыя свабоднай формы.

6. Бесперашкодны, неабмежаваны законам. Свабодныя выбары. Свабодны гандаль. Свабодны абмен думкамі. □ Свабоднае слова, ты, роднае слова! Зайграй ты смялей, весялей! Купала.

7. Які адбываецца, працякае лёгка, без перашкод, цяжкасцей. Свабоднае дыханне. Свабоднае валоданне французскай мовай. // Не напружаны (пра позу, рухі і пад.). Свабодная пасадка ў сядле.

8. Нікім, нічым не заняты; пусты, вольны. У аўтобусе былі свабодныя заднія месцы, і селі ўсе трое. Пташнікаў. Калі сенцы ад лучыны асвятліліся, ён [салдат] агледзеў свабодную лаву і прысеў. Лобан. // Нічым не заняты (пра рукі і інш.). Першы коннік, маёр, ловіць свабоднай рукой галлё, пад якое нельга нагнуцца. Брыль. // Нікім не замешчаны, вакантны. Свабодная адзінка.

9. Разм. Які не знаходзіцца ў дадзены момант у карыстанні. Свабодныя грошы. Тэлефон свабодны.

10. Больш чым дастатковы па велічыні; раскошны. Свабодны касцюм. Паліто свабоднага крою.

11. Які ні да чаго не прымацаваны, ні з чым не злучаны. Свабодны канец вяроўкі.

12. Які не перадае руху іншым часткам механізма, вызвалены ад счаплення, ад нагрузкі. Свабоднае кола. Свабодная шасцярня.

13. Які не знаходзіцца ў хімічным злучэнні з чым‑н. Свабодны кісларод.

•••

Свабоднае падзенне цела — падзенне цела пад уплывам сілы цяжару.

Свабодны ўдар гл. удар.

Свабодныя электроны гл. электрон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)