Лах1, ла́ха, ла́хі, ла́хэ ’лахман, рызман’ (Сіг.), ’старое, паношанае адзенне’ (ТСБМ), ’адзенне, якое насіць больш нельга’ (навагр., Нар. лекс.), ’шматы, транты’ (КЭС, лаг.), ’шмаццё, барахло’ (Нар. словатв.), іўеў. ’рызман’, арш. ’адзежына’, брасл. ’бялізна’, гродз. ’шматок’, (Сл. паўн.-зах.), у выразе: лахі пад пахі ’хутка пайсці’, ’вельмі паспешліва ўцячы’ (Лінгв. зб., Янк. БФ., Янк. БП). Укр. лах, лаха, лахи ’рызман’, ’адзенне ўвогуле’, рус. ёнаўск. (ЛітССР), прэйл. (ЛатвССР) лахи ’рэчы’, ’манаткі’, польск. łach, łacha ’адзенне’, ’вясельны ўбор’, ’чалавек, які носіць такое адзенне’, ’бадзяга’, чэш. lach, lachy, славац. lachy. Паводле Слаўскага (4, 403), — гэта паўн.-прасл. lachъ ’лахман, ануча’, роднаснае да ст.-грэч. λακίς ’тс’ (< λακίξω ’дзяру’), лац. lacer ’парваны’, lacīnia ’акравак’, ’адзенне’, літ. lãkatas ’абрэзак’, ’акравак, анучка’, lakataĩ ’лахі’, лат. lakats ’хустка’. І.‑е. *lak‑so‑ (< *lek‑/*lǝk ’раздзіраць’). Агляд этымалагічнай літаратуры там жа.

Лах!2 — пра беганіну (мсц., ісл., Нар. лекс.). Да літ. làg, якое перадае імкненне, рух, бег. Параўн. таксама лахаць1.

Лах!3 — пра моцны ўдар па корпусу (полац., Нар. лекс.). Магчыма, гэта кантамінацыя гукапераймальных выклічнікаў лясь! і бах!

Лах!4 — пра балбатню (мсцісл., Нар. лекс.). Другаснае аддзеяслоўнае ўтварэнне ад лахаць (гл.), як мах! < махаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адначасова, адначасна, адным часам, у адзін час, у той жа час, разам, разам з тым, зараз, адразу, заадно, за адным; заразом (абл.) □ за адным заходам, адным махам, за адзін мах

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

стро́іць 1, строю, строіш, строіць; заг. строй; незак.

1. што. Разм. Рабіць, майстраваць. Хто цягнуў з лесу жэрдзе для стаўбоў, хто ўвіхаўся з сухастоінаю — ялінаю, апрацоўваючы яе на рубель, хто строіў кассё, хто майстраваў да парога ці да калодкі бабку. Гартны.

2. што. У думках ствараць, намячаць, накідваць (планы, здагадкі і пад.). Каля Гнілога балота пастануць часамі дзядзькі, глядзяць, мяркуюць, праекты строяць. Колас. Вечарамі іншы раз, сабраўшыся сям’ёй за чаем,.. [Кудзіны] строілі планы на будучае, і ў гэтых планах цэнтральнае месца належала ёй, Марынцы. Хадкевіч. / у паэт. ужыв. Да працы ўсе, хто чуе сілу, Пад сцяг Чырвоны, Вольны сцяг! Капайце ворагам магілу, К Камуне стройце вольны шлях. Чарот. // Ладзіць, рабіць (прычоску). Марыйка ўзнімае галаву, падхоплівае рассыпаныя па плячах кучаравыя валасы, падыходзіць да люстэрка і пачынае строіць мудрагелістую прычоску. Ус.

3. што. Разм. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнне са значэннем дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. І .. [бродаўцы] ўсе ў адзін мах: — Яўгена!!! — Не трэба хітрыкаў строіць. Баранавых. Над ёю [Марысяй] схілілася і строіла вясёлыя грымасы Ліна. Хомчанка.

4. каго-што. Ставіць у строй (у 1 знач.). Строіць полк.

•••

Смешкі строіць — насміхацца, смяяцца з каго‑н.

Строіць вочкі каму — какетліва паглядваць на каго‑н.

Строіць дурня — прыкідвацца дурнем.

Строіць дурня з каго — выстаўляць каго‑н. дурнем.

Строіць жарты (жарцікі) — жартаваць з каго‑н., насміхацца над кім‑н.

Строіць з сябе каго — прыкідвацца кім‑н., імкнуцца выдаць сябе за каго‑н., кім‑н.

Строіць камедыю — тое, што і ламаць камедыю (гл. ламаць).

Строіць кепікі (кпіны) — смяяцца, пакепліваць з каго.

Строіць міну — тое, што і рабіць міну (гл. рабіць).

стро́іць 2, строю, строіш, строіць; зак., каго-што.

Зрабіць трайным, размясціць, злучыць па тры, у тры разы, у тры столкі. Строіць рады. Строіць ніці. □ [Бадзягін:] — Заўтра ўсе як адзін павінны выйсці на ўборку. Здвоіць, строіць коней і працаваць на жняярках. Федасеенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзі́н, аднаго́, м.; адна́, адно́й (аднае́), ж.; адно́, аднаго́, н.; адны́, ‑ы́х; ліч. кольк.

1. Лік. Адзін плюс два. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай «1». Адзін метр. Адзін кілаграм. Адна кніга. □ У хаце быў я адзін, бацька і маці пайшлі на радзіны да Нічыпара, у яго нарадзіўся сын. Кулакоўскі. Сем раз адмерай, адзін — адрэж. Прыказка. / у знач. наз. адзі́н, аднаго, м.; адна́, адно́й (аднае́), ж. Пра чалавека. Сямёра аднаго не чакаюць. Прыказка. Адзін і пры месяцы робіць, а другі і пры сонцы спіць. Прыказка.

2. у знач. прым. Без іншых, асобна ад іншых, у адзіноце. Распусціўшы сучча У глухім прыволлі, Сам адзін расце ён [дуб] На далёкім полі. Купала. Дзед Талаш ізноў адзін і ў паходзе. Колас. Даспявае маліна У зялёным садку; Ходзіць красна-дзяўчына Адна па цяньку. Куляшоў. [Славіку] сапраўды ў той міг нясцерпна хацелася падхапіць.. [Машу] на рукі і панесці ў невядомую даль, ад людскіх вачэй, дзе б яны маглі застацца адны. Шамякін. // Пусты, пакінуты, адзінокі. Думаў дзед і пра сваю хату, што праз колькі дзён застанецца адна без гаспадароў. Колас. [Прамоўца:] — Вы будзеце не адны: шмат, кажу, такіх ёсць. Маўр. // Тое, што ёсць, без наяўнасці чаго‑н. другога. Аб адной вадзе сыт не будзеш. Прыказка.

3. у знач. прым. Ніхто іншы або нішто іншае, акрамя названага тут. Не спадабаўся балет адной пані Вашамірскай. Бядуля. / У спалучэнні з выдзяляльна-абмежавальнай часціцай «толькі». Адно толькі стажарышча, прысыпанае снегам, чарнелася засохлымі дубовымі галінамі. Колас. І кожны, хто мяне спытае, Пачуе толькі адзін крык: Што хоць мной кожны пагарджае, Я буду жыць! — бо я мужык! Купала. // Ужываецца для выдзялення і ўзмацнення значэння таго слова, да якога адносіцца. Зямля мая савецкая, нідзе я Такой красы і велічы не бачыў. Ты ў нас адна, адна такая ў свеце. Панчанка. У бацькі твар зрабіўся дробны, высах і пажаўцеў. Пальцы тонкія і вострыя — адны косці. Бядуля. / у знач. наз. адно́, аднаго́, н. Пра яго мы ведаем адно: ён быў студэнтам.

4. у знач. прым. Той самы, тоесны; аднолькавы. Стаяць на адным месцы. □ І песня нейкая жывая У дружны тон адзін спявае І з гэтым небам і зямлёй. Колас. Коні розных масцей, Стрэльбы розных гатункаў, Толькі людзі па веры І гарту адны. Броўка. / У спалучэнні са словамі «і той», «і тая», «і тое», «і тыя». Адзін і той чалавек. Адна і тая песня. Адно і тое пытанне. Адны і тыя падзеі. / у знач. наз. адно́, аднаго́, н. Гаворыць адно і тое. □ Куды ні глянь — адно і тое: Усюды стрэльбы і «шнуры» — Стаяць па пары і па трое На скрыжаваннях «каўняры». Колас.

5. у знач. прым. Суцэльны, непадзельны, адзіны. Пераблытаны галіны У адзін [ш]алаш жывы. Колас. [Кулямётчык] ляжаў.. і здаваўся адным целам з кулямётам. Лынькоў. / у знач. наз. адно́, аднаго́, н. [Коркія:] — Вы ведаеце, што азначае сіла ўсяго працоўнага народа, з’яднаная ў адно?! Самуйлёнак.

6. у знач. займ. З прыназоўнікам «з» ужываецца для выдзялення асобы, прадмета, з’явы і пад. або некалькіх асоб, прадметаў з якой‑н. катэгорыі, асяроддзя, раду. Адзін з гасцей параіў быў праз суд спагнаць з Грамабойчыка ўтратнае. Крапіва. Спачатку Лясніцкі меркаваў, што здраднік — адзін з гэтых шаснаццаці. Шамякін.

7. у знач. прым. У спалучэнні з «другі» ужываецца пры пералічэнні, проціпастаўленні шэрагу прадметаў, з’яў, асоб. Праходзіць момант, адзін і другі, праходзяць хвіліны нясцерпнай цішыні. Колас. Адзін чалавек — высокі, з густой барадой, другі — зусім яшчэ малады хлопец. Чорны. / у знач. наз. адзі́н, аднаго́, м.; адна́, адно́й (аднае́), ж.; адно́, аднаго́, н. Гаварыць адно, а думаць другое. Адно другому не замінае. // у знач. ліч. парадк. Першы з пералічаных прадметаў, з’яў, асоб і пад. Адзін жаўнер сядзеў на санях і таптаў сена, другі падаваў яго бярэмямі, а трэці разбіраў стажок. Колас. Адзін пень гарэў, а другі спіну грэў. Прыказка.

8. у знач. прым. У спалучэнні з «другі» ужываецца пры супастаўленні якіх‑н. якасцей, уласцівасцей, дзеянняў і пад., якія, мяняючыся, робяць прадмет, асобу, з’яву і пад. іншымі. Адна справа — паэзія, другая — проза.

9. у знач. неазн. займ. Якісьці, нейкі. [Дзядзька:] — На вайне гэта было.. Фарсіравалі мы адну раку на Палессі. Корбан. Адзін багаты пан вельмі любіў слухаць казкі. Якімовіч. [Гарлахвацкі:] Што ж гэта за выкапень? [Туляга:] Гэта далёкі продак аднае нашай хатняй жывёліны. Крапіва.

•••

Адзін-адзінокі — які жыве ў адзіноце, не знаючыся ні з кім.

Адзін-адзінюткі — абсалютна адзін. Яшчэ ў пачатку ліпеня бывае зжаўцее адзін-адзінюткі лісток на бярозе. Чорны.

Адзін-адным (адна-адною, адно-адным) — зусім адзін (адна, адно). Хіба ўсе павыміралі, а ён адзін-адным астаўся. Бядуля.

(Адзін) бог ведае гл. бог.

Адзін другога варты — пра людзей, якія ў аднолькавай ступені маюць адмоўныя якасці, рысы.

Адзін душою — толькі адзін, больш нікога; без блізкіх. [Пракоп] адзін душою, што ён будзе рабіць, калі не прыйдзе сын? Баранавых.

Адзін за адным; адзін за другім — услед, па чарзе, паслядоўна. Паказаліся адзін за адным, з брызентавымі кузавамі і акенечкамі ў іх, два грузавікі. Янкоўскі.

Адзін канец гл. канец.

Адзін крок гл. крок.

Адзін на адзін — а) тое, што і з вока на вока; сам-насам; б) без удзелу іншых. Вечар быў позні, партызаны разышліся па зямлянках, і яны [Цярэшка і Уладзік] засталіся адзін на адзін. Краўчанка. У кабінеце яны былі адзін на адзін. Гроднеў.

Адзін пад адзін (адна пад адну, адно пад адно) — усе роўныя па росту, па сіле.

Адзін пад адным — адзін за другога меншы (пра дзяцей).

Адзін перад адным (адна перад адной, адно перад адным) — не адстаючы, спаборнічаючы. Салому цяпер скідалі проста на ток, рабіць было лёгка, усе трое як бы хваліліся адзін перад адным. Мележ.

Адзін пры адным (адна пры адной, адно пры адным) — вельмі блізка, побач, шчыльна, густа. Бязвусыя чатырохкантовыя каласы ў паўтары далоні велічынёй стаялі адзін пры адным. Краўчанка.

Адзін у адзін (адна ў адну, адно ў адно) — адборныя, падабраныя па аднолькавая велічыні, якасці. Кідаліся ў вочы, распальвалі апетыт белыя грыбкі, адзін у адзін, маленькія, цвёрдыя. Шамякін.

Адзін час гл. час.

Адзін чорт гл. чорт.

Адзін як кол; адзін як колас; адзін як палец; адзін як пень — адзінокі, зусім адзін.

Адна нага тут, другая там гл. нага.

Адна (толькі) назва гл. назва.

Адна трасца гл. трасца.

Адна, як былінка ў полі — толькі адна, больш нікога; без блізкіх.

Аднаго поля ягадкі гл. ягадка.

Аднаго разу гл. раз.

Адно за адным — пра шэраг падзей, непрыемнасцей і пад., якія ідуць адна за другой.

Адно што — толькі. Не вераць сябрукі, чаму ён з сіняком, — На довады — адно што рагаталі. Корбан.

Адной нагой у магіле (стаяць) гл. нага.

Адны гады; у адных гадах гл. год.

Адны косці гл. косць.

Адным вокам (глянуць, паглядзець, зірнуць і пад.) гл. вока.

Адным вухам чуць гл. чуць.

Адным дыхам (духам) гл. дых.

Адным заходам гл. заход.

Адным махам; за адным махам гл. мах.

Адным мірам мазаны гл. мазаны.

Адным словам гл. слова.

За адным — за адным разам.

За адным скрыпам гл. скрып.

Іграць у адну дудку гл. іграць.

На адзін зуб гл. зуб.

На адзін капыл гл. капыл.

На адзін лад гл. лад.

На адзін манер гл. манер.

На адзін твар гл. твар.

На адной назе гл. нага.

Па адным — не ўсе разам, адзін за адным.

Пад адным дахам гл. дах.

Ставіць на адну дошку гл. ставіць.

Стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень гл. стрыгчы.

У адзін голас гл. голас.

У адзін міг (момант, імгненне) гл. міг.

У адно слова гл. слова.

У адной меры гл. мера.

У адну дарогу гл. дарога.

У адных гадах гл. год.

Усе да аднаго — абсалютна усе.

(Усе) як адзін — усе аднадушна; усе да аднаго. Возьмуць стрэльбы самі, як адзін паўстануць на ворагаў. Купала.

Усё адно — ніякай розніцы, аднолькава.

Усё (усе) на адзін капыл гл. капыл.

Як адну капейку гл. капейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)