імітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

1. Па-майстэрску пераймаць каго‑, што‑н., з дакладнасцю ўзнаўляць, падрабляючыся пад каго‑, што‑н. Імітаваць воўчы голас. Імітаваць рухі. Імітаваць пажар. □ [Выстрал] дамоўлена было імітаваць з дапамогаю дошкі, якою сам Цімошка ў патрэбны момант павінен быў за кулісамі ляснуць аб падлогу. Краўчанка.

2. Рабіць імітацыі (у 2 знач.). Імітаваць мармур. Імітаваць жэмчуг.

3. Паўтараць музычную тэму або матыў у другім голасе на які‑н. інтэрвал вышэй або ніжэй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сало́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Памяшканне для дэманстрацыі тавараў і пад., а таксама крама для продажу прадметаў гандлю, мастацкіх вырабаў і твораў мастацтва або атэлье, цырульня і пад., дзе заказы выконваюцца па-майстэрску.

Мастацкі с.

С. жаночага адзення.

С.-цырульня.

2. Парадная гасціная або зала для прыёму гасцей у багатым доме (уст.), а таксама агульная гасціная ў атэлі, гасцініцы.

3. Літаратурны або грамадска-палітычны гурток з вядомых асоб арыстакратычнага асяроддзя, якія збіраліся ў доме якой-н. прыватнай асобы (уст.).

4. Унутранае памяшканне аўтобуса, самалёта, цеплахода для пасажыраў, а таксама зала для чакання ў цырульні, атэлье і пад.

|| прым. сало́нны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дасту́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, да якога можна прайсці, падысці. Глухое, даступнае толькі заядлыя рыбакам,.. [возера] сягоння стала зборышчам людзей. Арочка. // Адкрыты для зроку. Даступны для назірання.

2. Магчымы, пасільны для ўсіх, многіх. Даступныя цэны.

3. Лёгкі для разумення, даходлівы. Перадаць думку ў даступнай форме. □ Купала па-майстэрску перадае старажытны тэкст у форме, лёгка даступнай нашаму мастацкаму ўспрыманню. Палітыка.

4. Які лёгка выклікае прыхільнасць да сябе; просты, абыходлівы. Невысокі, кучаравы, у панто[ф]лях і чорнай рабочай кашулі, .. [К. Чорны] быў увесь нейкі хатні, даступны. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

варажы́ць, ‑ражу, ‑рожыш, ‑рожыць; незак.

1. Адгадваць будучае або мінулае па картах, лініях рукі і пад. К твайму аконцу каля ганка Падходзіць варажыць цыганка. Багдановіч. [Ліза] з Наталлю дасталі з-за люстэрка растрыбушаную, як вата, калоду карт і варажылі. Чорны. Варожаць сёстры. Над лучынай Льюць воск у поўнае вядро. Бялевіч.

2. Меркаваць, рабіць здагадкі. [Люба:] — Чалавек дзесяць перапытала. Адны гавораць, паехалі на Ру дню, другія — к Дняпру. Вось тут і варажы. Шамякін. [Папас і Галіна] варажылі, як будзе заўтра, ці прыйдуць на свята сяляне з суседніх вёсак. Галавач. [Начальнік заставы:] — Што тут доўга варажыць, Хочаш разам з намі жыць? А. Александровіч.

3. Прадракаць, прадказваць. [Дзед:] — Прыйдуць дні, аб якіх вякі варажылі, Пра якія ў казках адно гаварылі. Танк. Мой дзед ведаў прыкметы надвор’я. З вечара, гледзячы ўгору, варажыў пагоду на раніцу. Грамовіч. Зязюлі варожаць і кнігаўкі жаляцца, І глушаць усіх салаўі. Панчанка.

4. Разм. Вабіць, зачароўваць. І чаруе, і варожыць шаўкавістая трава. Хведаровіч. І струны на гуслях, І струны ў сэрцы, Як вокліч у пушчы, Завуць і варожаць. Бядуля.

5. перан. Разм. Па-майстэрску, падобна чараўніку, працаваць над чым‑н. [Скульптар] варажыў над пластылінам. Скрыган.

•••

Бабка надвае варажыла гл. бабка ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскры́ць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., што.

1. Рассунуць, расхінуць, паказаць што‑н. [Міхалка] ужо адчуваў радасную хвіліну ў змучанай голадам сям’і, калі там ён раскрые перад усімі мяшок! Чорны. // перан. Зрабіць што‑н. даступным, магчымым для каго‑н. То — год семнаццаты Раскрыў нам далі І парадніў народы Між сабой. Прыходзька.

2. Вызваліць ад таго, што накрывае каго‑, што‑н.; агаліць. [Клава], не зважаючы, пачала набіраць салому і раскрыла .. [Мішу] ўсяго. Чорны. Сарваўшы кастрыцу з вільчыка, вецер адарваў паплеціну і раскрыў цэлы рад саломы. Пальчэўскі. [Маша] раскрыла дзежку, удыхнула прыемны, кіслы пах рошчыны і раптам адчула, што ёй страшэнна хочацца .. квасу. Шамякін. // Зняць страху з чаго‑н. Раскрыць пуню.

3. Разгарнуць, раскласці, распасцерці (што‑н. складзенае). Раскрыць кнігу. □ І хаця ад дажджу застаўся толькі ўспамін, .. [дзяўчына] раскрыла над галавой парасон. Шыцік. // Распячатаць, распакаваць. Раскрыць канверт. Раскрыць пасылку. // Распусціць (пра пупышкі, кветкі). [Бэз:] — На час пялёсткі я раскрыў І зноў заплюшчу неўзабаве... Кляўко. // Развесці, распасцерці ў бакі (рукі, крылы). Адзін з буслоў, стоячы ў гняздзе, раскрыў шырокія крылы і з сілай пачаў узмахваць імі. В. Вольскі.

4. Адкрыць (пра рот, вочы). Сашка ад здзіўлення аж рот раскрыў, утаропіўшыся на вусы Тодара Казлянка. Даніленка. Вялічка заварушыўся і раскрыў вочы. Чорны.

5. Выявіць, зрабіць вядомым што‑н. невядомае, таемнае. Сакрэты ксяндза Аўгусціна ў той жа дзень мне раскрыла панна Марыся. Бажко. [Роля ў камедыі] раскрыла мяне з другога боку, як кажуць, раскрыла акцёрскія камедыйныя здольнасці. Сяргейчык. // Растлумачыць, паказаць сутнасць чаго‑н. Раскрыць характар героя. □ Трэба паглядзець на п’есу вачыма сучасніка, смела раскрыць яе глыбокі сацыяльны змест. «Звязда». [Маці] першая раскрыла перада мной хараство казак Пушкіна, вершаў Лермантава, твораў Талстога. Агняцвет. // Падрабязна і паслядоўна выкласці што‑н. Каб раскрыць тэму, трэба было карыстацца многімі архіўнымі фондамі. «Полымя». // Выкрыць. І, можа, ніхто не раскрыў бы Ніякай парубкі-пакражы, Бо ўмеў па-майстэрску Каліна Сляды за сабой заціраць. Танк.

6. Знайсці, устанавіць, адкрыць у выніку назіранняў, даследаванняў. Рыса нейкай нездаволенасці пракідалася праз усю яе гаворку і клала на твар пячаць глыбокай задуменнасці, чаго раней ніколі не было. Прычыну гэтага Валя скора раскрыла. Чорны. Шамяткоўцы з дапамогай мясцовага насельніцтва і партызанскіх сувязных раскрылі месцазнаходжанне двух аэрадромаў рэзервовай танкавай дывізіі і некалькіх складаў з боепрыпасамі. Курто.

7. Расказаць аб сваіх думках, пачуццях. Нешта перашкаджала .. [Аляксею Мікалаевічу] раскрыць перад Гарнастаем свае думкі і сумненні, пагаварыць душа ў душу. Навуменка.

•••

Раскрыць дужкі — зрабіць пэўнае матэматычнае дзеянне над выразам, заключаным у дужкі.

Раскрыць вочы каму — тое, што і адкрыць вочы (гл. адкрыць).

Раскрыць душу (сэрца) — тое, што і адкрыць душу (сэрца) (гл. адкрыць).

Раскрыць рот — тое, што і адкрыць рот (гл. адкрыць).

Раскрыць (свае) карты — перастаць трымаць у тайне свае намеры, планы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)