ПАРА́СІЙ (Parrasios) з Эфеса, старажытнагрэчаскі жывапісец 2-й пал. 5 ст. да н.э. Сын і вучань жывапісца Евенора. Працаваў у Афінах. У творах, якія вызначаліся пластычнасцю контурнай лініі, па-майстэрску перадаваў фіз. пакуты і ўнутр. перажыванні людзей: «Праметэй», «Філактэт», «Адысей сімулюе вар’яцтва», «Дэмас» (не захаваліся).

т. 12, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСЕ́КЛІС (Auseklis; сапр. Крогземіс Мікеліс Якабавіч; 18.9.1850, г.п. Алоя, воласць Унгурпілс, Латвія — 6.2.1879),

латышскі паэт. Прадстаўнік рамантызму ў лат. літаратуры. Праследаваўся за вальнадумства. Аўтар зб. «Вершы» (1873). Выступаў супраць ням. баронаў і лат. духавенства, услаўляў свабодалюбства лат. народа, па-майстэрску выкарыстоўваў фальклорныя сюжэты, вобразы.

М.​Абала.

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАШЫНДЖАГЯ́Н (Геворк Захаравіч) (28.9.1857, г. Сігнахі, Грузія — 4.10.1925),

армянскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1879—83) у М.К.Клота.Зазнаў уплыў А.І.Куінджы. Працаваў у Тыфлісе. Лепшыя пейзажы прасякнуты эпічным адчуваннем прыроды, па-майстэрску перадаюць эфекты асвятлення («Бярозавы гай», 1883, «Севан у пахмурны дзень» (1897), «Возера Севан у летні дзень», 1903, «Арарат», 1912, «Севан у месячную ноч», 1914).

Г.Башынджагян. Севан у пахмурны дзень. 1897.

т. 2, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРБЕ́Т ((Curbet) Уладзімір Козмавіч) (н. 5.3.1930, с. Суслень Аргееўскага р-на, Малдова),

малдаўскі балетмайстар. Нар. арт. Малдовы (1967). Нар. арт. СССР (1981). З 1950 кіраваў самадз. танц. калектывамі, з 1957 педагог-рэпетытар, з 1958 маст. кіраўнік і гал. балетмайстар ансамбля нар. танца Малдовы «Жок». Сярод пастановак: «Жок», «Сырба», «Мэрунцыка», «Бэтута», «Хора», «Малдавеняска», «Кэлушарый», «Рэзэшаска», «Крэйцэле», «Цэрэняска» і інш., дзе па-майстэрску ўвасоблены пластычны каларыт з захаваннем аўтэнтычнасці малд. танц. фальклору.

т. 9, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНУА́ (Мікалай Лявонцьевіч) (13.7.1813, С.-Пецярбург — 23.12.1898),

рускі архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1836), выкладаў у ёй (з 1857 праф.). Дабудоўваў буйныя ансамблі, у т. л. Пецяргоф (цяпер Петрадварэц, 1848—59), па-майстэрску імітаваў розныя гіст. стылі — неаготыку (будынак пошты, 1850), неабарока (фрэйлінскія дамы, 1847—52, дом Апраксіна, 1858, усе ў Пецяргофе), рэтраспектыўна-рускі (цэрквы ў с. Лісіна-Корпус, 1858, Высокае, 1868, каля Пецяргофа), раманскі (каталіцкая царква Марыі ў Пецярбургу, 1857), тактоўна ўпісваў свае збудаванні ў арх. ансамблі ці паркавыя комплексы («Швейцарскі домік» у Кускове, 1870, Масква). Пабудаваў шэраг чыг. вакзалаў з выкарыстаннем новых метал. канструкцый.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

т. 3, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАБАРЛЫ́ (Джафар) (20.3.1899, в. Хізы Апшэронскага р-на, Азербайджан — 31.12.1934),

азербайджанскі пісьменнік, рэжысёр. Засл. дз. маст. Азербайджана (1932). Скончыў Азербайджанскі ун-т (1929). Друкаваўся з 1915. Выступаў у жанрах апавядання, сатыр. верша, п’есы. Сярод твораў: гіст. драмы «Насрэддзін-шах» (1916), «Нявеста агню» (паст. 1928), п’есы «Айдын», «Актай Эль-аглы» (паст. 1922—23), «Алмас» (паст. 1931), «Яшар» (паст. 1932) і інш. Вастрыня драм. канфліктаў, па-майстэрску пабудаваны дыялог — адметныя рысы яго твораў. Аўтар лібрэта опер, кінасцэнарыяў, літ.-крытычных артыкулаў. Пераклаў на азерб. мову асобныя творы Я.​Купалы.

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. Баку, 1969.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКЕ́Й (Іван Юр’евіч) (1882, в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.7.1955),

бел. нар. казачнік. Парабкаваў, працаваў у Беластоку на тэкстыльных ф-ках, у пякарні. З 1904 жыў у в. Алексічы каля Зэльвы. Там у 1946 удзельнікі фальклорнай экспедыцыі БДУ пад кіраўніцтвам Л.​Р.​Барага запісалі ад яго каля 30 казак. М. «разыгрываў» казку ў асобах, па-майстэрску перадаваў інтанацыі, міміку, рухі і паходку персанажаў, надаваў казкам асаблівую сюжэтную напружанасць, арыгінальна спалучаў камічныя і драм. сюжэты. Адна з лепшых чарадзейных казак рэпертуару М. «Кіёчак» апубл. ў зб. «Чарадзейныя казкі» (ч. 1, 1973) і ў перакладзе на ням. мову ў зб. «Беларускія народныя казкі» (10-е выд., Берлін, 1980).

Літ.:

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969. С. 242—243.

т. 9, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫ́КІНА (Людміла Георгіеўна) (н. 10.6.1929, Масква),

руская спявачка. Нар. арт. СССР (1973). Герой Сац. Працы (1987). Скончыла Маскоўскае муз. вучылішча імя М.​М.​Іпалітава-Іванава (1969). З 1947 салістка Рус. нар. хору імя М.​Я.​Пятніцкага, з 1951 — хору рус. песні Усесаюзнага радыё, з 1960 — Масканцэрта. З 1977 маст. кіраўнік і салістка ансамбля «Расія». Мае моцны, глыбокі голас багатай тэмбравай афарбоўкі. Дасканала валодае класічнай нар. манерай спеву, па-майстэрску выконвае рус. нар. і аўтарскія песні рас. і інш. кампазітараў («Разанскія мадонны» А.​Далуханяна, «Цячэ Волга» М.​Фрадкіна, «Арэнбургская пуховая хустка» Р.​Панамарэнкі і інш.). Аўтар кн. «На перакрыжаванні сустрэч» (2-е выд. 1988), «Цячэ мая Волга» (1997) і інш. Ленінская прэмія 1970. Дзярж. прэмія Расіі 1983.

Літ.:

Завадская Н. Людмила Зыкина. М., 1978.

Л.Г.Зыкіна.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́ ((Corot) Каміль) (16.7.1796, Парыж — 22.2.1875),

французскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў рэаліст. школы ў франц. пейзажным жывапісе. Вучыўся ў А.​Мішалона і В.​Бертэна (1822—24). Працаваў з натуры. У творах 1820—40-х г. па-майстэрску паказаў прыгажосць франц. і італьян. прыроды і арх. помнікаў («Шартрскі сабор», 1830). Класіцыстычная тэндэнцыя адчуваецца ў гіст. пейзажах («Гамер і пастухі», 1845, і інш.). З 1850-х г. творчасць К. набыла паэтычны характар; жывапісная манера стала больш лёгкай і трапяткой, каларыт узбагаціўся тонкімі валёрнымі гармоніямі ў серабрыстых тонах, што набліжае К. да імпрэсіяністаў («Вечар», канец 1850-х г.; «Сажалка ў гушчары», «Званіца ў Аржантэйлі», «Парыў ветру», 1860-я г.; «Краявід з возерам», паміж 1860—73; і інш.). Пісаў партрэты, працаваў у графіцы.

В.​Я.​Буйвал.

К.Каро. Шартрскі сабор. 1830.

т. 8, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПЕ́РЦЫЙ (Секст) (Sextus Propertius; каля 50 да н.э., г. Асізі, Італія — каля 15 да н.э.),

рымскі паэт. Вучыўся ў Рыме. Належаў да гуртка Гая Мецэната. Выдаў 4 кнігі элегій (28—16 да н.э.), у якіх па-майстэрску адлюстраваў дыялектыку любоўнай страсці. Большасць з іх прысвяціў сваёй каханай Кінфіі (сапр. Гостыя). Узбагаціў жанр рым. элегіі новымі тэмамі. У «вучоных» элегіях, напісаных на ўзор Калімаха, звяртаўся да нац. рым. сюжэтаў, тлумачыў паходжанне рэліг. культаў, звычаяў, помнікаў. Выкарыстаў міфы як сродак паэтызацыі. Мова П. сціслая і цяжкая, стыль вызначаецца патэтычнасцю і выразнасцю.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Валерый Катулл;

Альбий Тибулл;

Секст Проперций. М., 1963;

У кн.: Античная лирика. М., 1968.

Літ.:

Савельева Л.И. Идеал и действительность в творчестве Тибулла и Проперция // Античность и современность. М., 1972.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)