Лой, лый, лаёк ’топлены авечы або ялавічны нутраны тлушч’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Бяльк., Вешт., Клім., ТС, Булг., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’авечы тлушч’ (Гарэц., Касп., Шат., Бес.), ’ялавічны тлушч’ (Яруш., Мат. Бых.), ’свечачнае сала’ (Грыг.; паўд.-усх., КЭС), ’свіное сала’ (горац., маг., КЭС). Укр. лій, рус. лой, польск. łój, чэш. lůj, славац. loj; славен. lǫj ’лейка’, серб.-харв. ло̑ј, макед. лой, лујот, балг. лой, ц.-слав. лои. Прасл. lojь ’топлены тлушч жывёл’. Утворана ад liti ’ліць’ (як bojь ад biti і да т. п.) і першапачаткова было nomen actionis (’ліццё’), пасля перайшло ў разрад nomen acti ’тое, што льецца, топіцца’ (Слаўскі, 5, 259; Фасмер, 2, 513). Сюды ж лоевы ’тлушчавы (аб свечцы)’ (Нас., ТС), лаёвы, лаевый ’тс’ (Гарэц., Др.-Падб., Грыг., Нас.), а таксама сувалк. łoi̯ić ’біць’, якое разам з чэш. slíti se ’ўхіліцца ад абавязкаў, не прыйсці куды-небудзь’, ulít se ’сачкануць’, ulejvák ’лодыр, сачок’, балг. радоп. лойам съ ’сцерагчыся, каб не ўдарылі пры гульні ў мяч’, ’пазбягаць цяжкай працы’ і інш., дазваляюць гіпатэтычна меркаваць аб тым, што ў адыменнага прасл. lojiti было апрача значэння ’намазваць тлушчам’ (гл. Слаўскі, 5, 146–147) таксама значэнне ’ісці, хутка рухацца, пазбягаць’ (Варбот, Этимология–73, 29–31; яна ж, СБЯ, 1981, 57).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сыры́, ‑ая, ‑ое.

1. Прасякнуты, насычаны вільгаццю; вільготны. Сырыя дровы. Сырое адзенне. □ Рыдлёўка была вельмі цяжкая. Відаць, наліпла зямля, сырая, непрасохлая гліна. Лынькоў. Досвітак быў халодны, і на ўсім ляжаў сыры малочны туман. Мыслівец. // З вялікай колькасцю дажджоў, ападкаў. Стаяла восеньская сырая пара. Дарогі зрабіліся што каша. Астрэйка. // Забалочаны, з вялікай колькасцю вільгаці ў глебе. Утульней развесілі голле Яліны ў нізінах сырых. Колас. Я спыніўся ў сырым рэдкім хмызняку і прыслухаўся. Нікановіч. / У народнай паэзіі — пастаянны эпітэт да слова «зямля». Абняўся з зямлёю сырой, Упаў ён [сын], ніколі не ўстане. Бялевіч.

2. Які не варыўся, не смажыўся, не кіпяціўся і пад. (аб прадуктах харчавання). Сырое мяса. Сырая вада. □ [Мікалай] слухаў радасна і прагна, смачна ядучы халодную бульбу з сырым салам. Шамякін. / у знач. наз. сыро́е, ‑ога, н. У мяшках наша начная здабыча. Мы з ёю маглі б даўно расправіцца, але баімся многа есці сырога. С. Александровіч.

3. Недавараны, недасмажаны, недапечаны. Сыры хлеб.

4. Неканчаткова выраблены. Сырое ліццё. // перан. Не да канца апрацаваны, не адшліфаваны як след (пра літаратурны твор. мову і пад.). У «Звяздзе» .. была надрукавана мая паэмка, праўда, сырая, расцягнутая. Лужанін.

•••

З зямлёю сырою ажаніцца гл. ажаніцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)