сумле́нна, прысл.

З годнасцю, як належыць. На судзе .. [Клінцэвіч] трымаўся смела і бадзёра, як чалавек, які сумленна выканаў свой абавязак перад партыяй і народам. Машара. Я ведаю толькі, што вашы сыны Сумленна, па-людску загінулі. Аўрамчык. [Лена:] — Жыві, Алесь, сумленна, любі людзей, рабі для іх усё, што можаш зрабіць, а шчасце само прыйдзе. Ваданосаў. // Старанна, шчыра. Працу [бабка Параска] любіла і працавала сумленна, бо іначай ёй нельга было жыць. Колас. Міша Грузд сумленна выканаў даручэнне. Адрас Віці, які яму далі ў настаўніцкай, нельга было ні забыць, ні пераблытаць. Жычка. // Без хітрасцей, выкручвання. [Міхал:] — Наадварот, я хачу, каб іх [законы] выконвалі сумленна. Карпаў. // Без падману, ашуканства, хлусні. Мы працавалі горача, каб ты Стаў сапраўды, рубель наш, залатым! Зароблены сумленна, ты ў хаты Нясеш усё, чым наш Саюз багаты. Панчанка. [Дзядзька Іван:] — Не ўмеў [зяць] сумленна з працы жыць, дык цяпер вось разлічваецца... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абысці́ся, абыдуся, абыдзешся, абыдзецца; пр. абышоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. абыдзіся; зак.

1. Задаволіцца тым, што ёсць; знайсці выйсце са становішча, абмяжоўваючыся наяўнымі сродкамі. Ды зрабілі хлопцы з толкам, абышліся без вяроўкі: паяскі свае сабралі, у адзін усе звязалі. Дубоўка. // Здолець пражыць без каго‑, чаго‑н., не выкарыстаць каго‑, чаго‑н. Бацька, дзед і прадзед ўмелі іграць на скрыпцы і былі скамарохамі для ўсяе акругі. Ніводнае вяселле без іх не абышлося. Гарэцкі.

2. Так ці інакш паставіцца да каго‑, чаго‑н., выявіць пэўныя адносіны. Абысціся па-людску. Ветліва абысціся. □ Тут дзед пачаў пералічаць усе здарэнні, дзе з сялянамі абышліся несправядліва. Колас.

3. Выклікаць пэўныя расходы, страты; каштаваць. Перавозка грузаў абышлася ў 50 рублёў. □ Маёрава смерць дорага абышлася немцам. Гурскі.

4. Закончыцца добра, без непрыемнасцей; уладзіцца. Андрэй быў рады, што ўсё абышлося шчасліва. Шахавец. [Шафёр:] — Добра, што ўсё так абышлося. Кулакоўскі.

•••

Абысціся ў капейку (капеечку) — дорага каштаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

растрэ́сці, ‑трасу, ‑трасеш, ‑трасе; ‑трасём, ‑трасяце; пр. растрос, ‑трасла і ‑трасла, ‑трэсла і ‑трасло; зак., каго-што.

1. Трасучы, раскідаць, рассыпаць. Растрэсці сена. □ [Іван:] — Чорныя латы Саломы вецер растрос ля дарогі. Танк.

2. Разм. Разгубіць дарогай. Пуд сена рас трос за дарогу. // перан. Страціць, згубіць. — Годз[е] ўжо, Папас, не бі ты, І так розум ён [Сымон] растрос. Колас. [Загорскі:] — А раскольнікі — харошы, цвярозы, працавіты народ. Памяць аб мачысе сваёй, — мову, звычаі — збераглі, не растрэслі... Караткевіч.

3. Разбурыць, прымусіць распасціся. Растрэсці сноп. □ [Бабка:] — Зноў смыкаеш тую цыбулю? Увесь вянок зараз растрасеш! Каліна. — Гняздо маё Растрэсла навальніца І з дзеткамі мне недзе прытуліцца, — Чырыкаў Верабей пра зорачка сваё. Валасевіч. // Зрабіць непрыгодным, няспраўным; разбіць. Я пашкадаваў ужо, што так не па-людску абышоўся з Карлам — яшчэ, чаго добрага, растрасе калымагу. Сачанка.

4. Натаміць, намучыць пры трасучай яздзе. — Растрасяце хлопца па шашы, а тут ці мала яго натузалі. Чарнышэвіч. Легкавой машыны .. няма, а на грузавой бакі растрасеш па карчах. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакры́ць, ‑кры́ю, ‑кры́еш, ‑кры́е; зак., каго-што.

1. Накрыць, услаць чым‑н. паверхню чаго‑н. Я думаў пра тое, што хутка прыйдзе зіма і пакрые пушыстым снегам зямлю. Ігнаценка. Адшапацеў над Бугам лістапад, Лістота дол астуджаны пакрыла. Лось. // Ахапіўшы, закрыць сабой што‑н. Хмары пакрылі неба. Туман пакрыў зямлю. // Выступіць, распаўсюдзіцца па паверхні чаго‑н. Чырвань пакрыла твар.

2. Зрабіць дах над чым‑н. Пакрыць дом чарапіцай. □ [Гаварушка:] — Свінарнік кончылі? [Шафёр:] — Так бы і кончылі. Дранкі пакрыць не хапіла. Лобан.

3. Нанесці на якую‑н. паверхню тонкі слой якога‑н. рэчыва. Пакрыць сцены фарбай. Пакрыць падлогу лакам.

4. Заглушыць, зрабіць нячутным (пра гукі). Гром апладысментаў пакрыў апошнія словы Кацярыны Казіміраўны. «Звязда».

5. Замяніць, папоўніць што‑н. патрачанае, зрасходаванае і пад. Пакрыць растрату.

6. Утаіць які‑н. учынак, віну, віноўніка чаго‑н. і пад. [Ураднік:] — Шэльма! Хто яго правяраў бы, каб ён пахаваў па-людску гэтую няшчасную? Ніхто! Я са свайго боку пакрыў бы гэтую справу. Чарнышэвіч.

7. Прайсці, праехаць і пад. якую‑н. адлегласць за пэўны час. Лыжнік пакрыў двухкіламетровую дыстанцыю за 10 хвілін.

8. У картачных гульнях: пакласці вышэйшую карту, чым тая, з якой хадзілі. Пакрыць валета тузам.

9. Апладніць (пра жывёл).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лю́дскі, ‑ая, ‑ае.

1. Чалавечны, пачцівы. Людскае абыходжанне.

2. Такі, як трэба; прыстойны. Максіму крыўдна станавілася за сваё жыццё, за тое, што ў яго і касцюма няма людскага, бо ўсе грошы забірае мачыха. Дайліда. [Тварыцкі:] — Каб людская жонка, можна было б разам з ёю рабіць усё, а то туляйся, як ад ворага. Чорны. / у знач. наз. лю́дскае, ‑ага, н. [Зіна:] Каб яе перуны высмалілі гэту вайну. Цяпер будзеш чакаць Івася можа тры гады... А колькі таго жыцця ў чалавека, а маладосці яшчэ менш. Ды я яшчэ людскага і не зазнала ў жыцці. Кучар.

3. Добры, прыгодны для чаго‑н. [Колас:] Пажар гэты я добра помню, бо я адзін быў пры маці і нічога людскага выхапіць з агню мы не змаглі. Лужанін. За кузняй сапраўды дзірванеў пустыр.. Яма на яме і адно каменне з жарствою. Там нават трава людская не расце. Якімовіч.

людскі́, а́я, ‑о́е.

1. Які мае адносіны да людзей, належыць людзям (у 1 знач.). Дзе-нідзе праснуе людская фігура і зараз жа знікне невядома куды. Колас. Сярод адвечнай цішыні першабытных лясоў рэдка сустракаліся людскія паселішчы. В. Вольскі. Знаць не знаў Паўночны полюс Урачыстасці такой. Тут спакон вякоў, ніколі Не было нагі людской. А. Александровіч. // Які складаецца з людзей. Людскі паток. □ Узнялася магутная людская хваля, ударыла громам воплескаў. Шамякін. // Які робіцца, ажыццяўляецца чалавекам, людзьмі. Людскія справы. □ Маўчыць усё навокала, не чутна гамонкі людской. Нікановіч.

2. Уласцівы людзям (у 1 знач.); чалавечы. Людскі лёс. Людская памяць. □ Вынікла новае мора, Пакорнае волі людской. Колас. [Салігорцы] шануюць слаўную памяць аб героях партызанах, якія аддалі тут сваё жыццё за шчасце людское. Кулакоўскі.

3. Які мае адносіны да людзей (у 2 знач.); іншы. — Хадзі ў калгас на работу, як людскія жонкі, будзеш мець і грошы і хлеб. Пальчэўскі.

4. Уст. Прызначаны для прыслугі. Запас .. [сухароў] Язэпка рабіў два апошнія дні — па кавалачку ад скупых лустак, што перападалі яму на людской кухні і ў лесарубнай арцелі. Якімовіч.

5. у знач. наз. людска́я, ‑ой, ж. Уст. Памяшканне для прыслугі пры панскім маёнтку. Пакінуўшы адурэлых паноў за віном, Пятро зачыніў іх у пакоі.., а сам прыйшоў у людскую і сказаў кухарцы: — Апошнія часы. І жывуць не па-людску, і пюць, як перад пагібеллю. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)