Абжа́ ’аглобля ў сасе’ (Касп.). Рус. паўн. обжа, обга, рус. курск. вобжа ’тс’, польск. obdza ’тс’ (Ці не сюды ж польск. obdza, obza ’вяроўка, шнур для прывязі жывёлы напашы’?), ст.-рус. обьжа ’мера зямлі’. Лат. abža ’аглобля’ з паўн.-бел. ці рускага. Па адной версіі < *o‑bъg‑ja ’гнутая’ да бгаць (гл.) — Патабня, РФВ, 5, 124; Ільінскі, РФВ, 62, 256, па іншай < *ob‑jъg‑ja да іга (гл.) — Мікала, IF, 26, 295; Далабко, ZfslPh, 3, 129–130; Турска, SFPS, 5, 115. Першая этымалогія выклікае пярэчанні фанетычнага характару. Супраць рэканструкцыі ‑bъg‑ сведчаць рускія формы обежь, обежка і ст.-рус. обьжа (Турска, там жа, 114). Другая этымалогія таксама мае свае цяжкасці фанетычнага характару: ‑bj‑ у ob‑jъg‑ja павінна было даць blʼ (Далабко, там жа, 129). Заўвага Далабка аб тым, што слова абжа як арэальна абмежаванае ўзнікла адносна позна, пасля таго як завяршыўся пераход bj > blʼ, непрымальная, бо ў тым жа слове рэалізаваўся пераход gj > ž (ці, можа, у апошнім выпадку адбылася субстытуцыя?). Варбот (Балто-слав. иссл., 42–48) суадносіць як генетычна тоесныя абжа і абза (гл.), зыходзячы з прасл. obьza/obьža (< *obьzja) ’луска’ (літ. ìžti лушчыцца’, išaiža ’шалупінне’) і верагоднасці семантычнага развіцця ад лыкавай вяроўкі (лыка) і скуранога рэменя (скуры) да часткі драўлянай сельскагаспадарчай прылады. Для прыняцця гэтай этымалогіі даводзіцца прызнаць існаванне шэрага семантычных пераходаў і дэрывацыйных пераўтварэнняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абза́ (БРС, Бір. дыс., Касп., Мядзв.), абзой (Бір. дыс., Сцяшк., Бяльк.), абзол ’апошні знадворны слой дрэва’ (Бяльк., Пятк., КСТ). Абзоістая дошка — дошка, якая ідзе за аполкам (калі робяць дошкі з бервяна). Варыянты гэтага слова (абза, абзой, абзол), магчыма, гавораць аб запазычанні, але крыніца пакуль што не знойдзена. Наступныя разважанні можна разглядаць толькі як рабочыя гіпотэзы. Найбольш верагодна абзой (> абзол, як назой > назол) < абзой < эзяць (словаўтваральна як серб.-харв. осо́ј < сја̏ти). Гэта версія мае семантычныя цяжкасці. Параўн., аднак, обзол ’упадзіны, якія застаюцца пры апілоўванні або часанні няроўнага ствала’ (КСТ), «абза ў тым месцы, дзе бярвенні прылягаюць адно да аднаго, але не шчыльна» (Мядзв.), літ. žiógauti (< žióti) ’пазяхаць, зяваць’ і žiōgris ’плот з планак (няшчыльна прыгнаных)’, гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2. Параўнанне з польск. obza ’прывязь жывёлы, якая пасецца’ ў Свобады Зб. Унбегауну, 247, трэба прыняць пад увагу, калі ўлічыць значэнне obza ’ліпавая аборка’. Каб прыняць гэта супастаўленне, трэба аддзяліць польск. obza (obdza) у значэнні ’вяроўка, аборка’ ад obdza ў значэнні ’аглобля ў сасе’, якая да бел. абжа (параўн. Турска, SFPS, 5, 112–113). Наўрад ці сюды ж чэш. obza ’скура на клубах каля хваста’ (этымалогію гэтага слова гл. Махэк₂, 408). З іншых спроб этымалагізавання неабходна адзначыць: рус. обзельные доски, доски c обзелом, обзолом, обзолком, да ob‑zelъ, zelъ (Патабня, Из записок, III, 66) і obьzaліт. ìžitiлушчыцца’ (Варбот, Балто-слав. исслед., 47). Параўн. абжа (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́рхаць1, пя́рхаць, по́рхаць ’дробныя лусачкі рагавых клетак скуры галавы’ (ТСБМ; Сл. ПЗБ; ЛА, 3), ’шалушэнне (скуры)’ (мін., віц., маг., гом., ЛА, 3); перхаць, пе́рхыць, перьхаць, пэрхоць, порхаць ’перхаць у жывёл’ (ЛА, 1), перхута́, пархота́ (навагр., пін., там жа). Рус. перхоть, перх, перша, польск. pjerch, parch(y), каш. pjëřx, н.-луж. sṕerchliny, в.-луж. pjerchizny, славен. perhọ̑t, prhȗt, pŕha, prhȃj, prhljȃj, prhȃlj, серб.-харв. пр̏хут, макед. пршај, балг. пъ́рхот. Прасл. *pьrxotь і *pьrxutь, роднаснае лат. pā̀rsla ’сняжынка’, ’касмыль воўны’, ст.-ісл. fors ’вадапад’, ст.-інд. pŕ̥ṣant‑ ’стракаты, апырсканы’ (Шмід, Voc. 2, 28–29, 501; Траўтман, 206; Мюленбах-Эндзелін, 3, 176; Младэнаў, 539; Фасмер, 3, 248). Параўноўваюць яшчэ лат. porrīgo ’парша, струп’ (Эрліх, Zur indogerm. Spr., 77; Вальдэ-Гофман, 2, 342), што Сной (гл. Бязлай, 3, 120) дапускае магчымым. Мяркулава (Этимология–1970, 152–153) на падставе дыялектных рус. пск. пе́рхнуць, пе́рхать, першитьлушчыцца’, першастый ’няроўны, шурпаты’ рэканструюе на прасл. узроўні *pьrxnąti, *pьršiti, *pьrxъ, *pьrša, *pьrxotь, *pьrxątь.

Пе́рхаць2 ’сутаргава, залішне часта пакашліваць ад раздражнення ў горле’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Растарг., Сцяшк. Сл., маладз., Янк. Мат.; навагр., Жыв. сл.), ’кашляць лёгкім сухім кашлем’ (Варл.), перхэ́каць ’тс’ (Растарг.), прэ́хатэ ’тс’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), сюды ж перхата́ ’кашаль’ (Інстр. 2), пе́рхъла, пірхе́къла ’хто часта кашляе’ (міёр., З нар. сл.). Укр. пи́рхати ’пырхаць, пыхкаць’, рус. паўд. перха́ть ’пакашліваць’, перхану́ть ’кашлянуць, папярхнуцца’, польск. prychać ’фыркаць, пырхаць’, славен. pȓhati, балг. пръ́хам, пръхтя ’тс’. Гукапераймальнае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́па1 ’губа чалавека, жывёлы’ (маладз., Янк. Мат.; Мікуц., Сцяц., Сл. ПЗБ; сувалк., Карт. Атл. Беласточчыны), łupufka ’губны гармонік’ (там жа), лу́пы ’губы’ (мін., КЭС), лу́па ’морда жывёлы’ (Мядзв.). Балтызм, параўн. літ. lū́pa ’губа’, лат. lũpa (Буга, Rinkt., 2, 48; Урбуціс, Baltistica, 5, 64 і 160; Liet. term., 181; Пальцаў, Лекс. балтызмы, 37; Зданцэвіч, LP, 8, 344). Булыка (Запазыч., 192) вызначае ст.-бел. лупы ’губы’ як запазычанне са ст.-польск. łupy ’тс’. Супраць Непакупны (Baltistica, 11, (1), 109). Сюды ж лупа́ты ’чалавек з вялікімі, тоўстымі губамі’ (Сцяшк., Шат.; бялын., докш., Янк. Мат.; віц., КЭС; драг., полац., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ), сувалк. łupaty ’тс’; лаг. лупазу́бы ’бяздзейны, разінькаваты падлетак’, лупа́ч ’мужчына з тоўстымі вуснамі’ (КЭС, лаг.; шальч., Сл. ПЗБ), ’губаты’ (міёр., З нар. сл.).

Лу́па2, лу́пы ’губа, губавыя грыбы, Polyporaceae’ (паст., Жыв. сл.). Да лу́па1. Аб семантычным пераходзе ’губа’ — ’грыб’ гл. гу́ба.

*Лу́па3, лу́пы ’вочы’, лупачы́ ’тс’ (Юрч. Вытв.), сувалк. zalać łupe ’ўпіцца’, якое адпавядае драг. залэ́тэ го́чэ (горі́лкію) ’тс’; рус. перм., урал. лу́пы ’вочы’, алан., валаг. лу́пачи́ ’вытрашчаныя вочы’, уладз. лупа́нда ’вірлавокі’, укр. правабярэжна-палес. лупа́тий і мсцісл. лупа́ч ’тс’. Генетычна ўзыходзіць да прасл. lupъ (параўн. бел. ё‑луп), якое Мартынаў (Этимология–1984, 129–130) рэканструюе з пратэзай як glupъ. Сюды ж бел. лупа́ты ’вірлавокі’ (ТСБМ, Гарэц., Мал., Дразд., Янк. 1, Шат., Мат. Гом., Нас., Растарг.; бых., Янк. Мат.; клец., Нар. лекс.; пух., Сл. ПЗБ; ТС), лупава́ты (Мат. Гом.), лупа́сценькій ’тс’ (мсцісл., Нар. словатв.), лупачы́ ’лупатыя вочы’ (капыл., Жыв. сл.; свісл., Сцяшк. Сл.).

Лу́па4 ’яечня, непадкалочаная мукой’ (круп., Сл. ПЗБ) — перанос назвы з першапачатковага лупа ’яечня непадкалочаная’, параўн. гом., чач. лупа́ ’яечня’, асіп. лупа́тая яешня ’яечня нераскалочаная’. Аналагічна рус. глазу́нья, чэш. volská oka ’тс’ (літаральна ’валовы вочы’). Да лу́па3 (гл.).

Лу́па5 ’павелічальнае дваякавыгнутае шкло ў аправе’ (ТСБМ). З рус. лу́па ’тс’, якое на пачатку XIX ст. з франц. loupe непасрэдна або праз ням. Lupe (Фасмер, 2, 534; Крукоўскі, Уплыў, 72). Канчаткова — да лац. lupa ’ваўчыца’ і ’круглая пухліна’, ’круглае шкло’.

Лупа́ ’адходы пры ачыстцы зерня і інш. збожжавых’ (Мат. Гом.; лун., ЛАПП), ’астаткі пасля прасейвання мукі’ (Ян.; ганц., Сл. ПЗБ), ’лупіны, шалупіны, высеўкі, вотруб’е’ (ТС). Укр. лупа́ ’тс’, ’луска рыбы’, ’перхаць’, зах. лу́па ’лупіна, скурка’, рус. лупа́ ’слой скуркі, які лушчыцца’, ’перхаць’, ’дранка’, ’наносы на рацэ’, ’азёрная трава’; польск. łupa ’лупіна агародніны, шалупайка’, ’кара’, ’трэска, палена’, ’луста’, ’куча гною, смецця’, ’кратавіны’, в.-луж. łupa ’лупіна, мяккая кара, лыка’, славац. lupy ’лушпіны’, серб.-харв. лу̏па ’біццё, таўчэнне, стук’. Прасл. lupa ’лупіны ў агародніне’, ’шалупайка яйка’, ’высеўкі’, ’кара дрэў’ (Слаўскі, 5, 317–319). Да і.-е. *leu‑p‑ ’здзіраць скуру, лупіць’; ‑p‑ у гаворках выступае часам у варыянце ‑sp‑ > ‑шп‑. Самыя блізкія і.-е. адпаведнікі: лат. laupa ’здабыча’, lupa ’шкарлупіна, кавалачак, ануча’, lupis ’лясны рабаўнік’; літ. lupà ’кара; лыка (луб), лупіна’: lupti, лат. lupt, làupît ’драць, здзіраць, лупіць’, ’біць’, lùptis ’лупіцца, лушчыцца’, aplaupýti ’абдзіраць, аблупіць’ (Скок, 2, 331–332; Фасмер, 2, 534–535).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́заць ’гаварыць’ (маладз., Янк. Мат.), ’назаляць словамі, набрыдаць’ (КЭС, лаг.), рус. пск., цвяр. лузжа́ть ’уніжана прасіць’, лузга́ ’дакучлівы чалавек, папрашайка’. Сюды ж, відаць, і серб.-харв. lȕzati ’гаварыць многа і пры гэтым выбалбатаць праўду’, lȕzav, lȕzavec ’пустамеля, лапатун’. Балтызм. Параўн. літ. lū́dzoti, лат. lūdzīt, lūgt ’прасіць, вымольваць’, lūdzejs, ludzošs ’той, хто вымольвае, выкленчвае, выпрошвае’, lūdzu! ’калі ласка’. Гэтак жа і Лаўчутэ (Сл. балт., 119). Скок (2, 333) суадносіць серб.-харв. лексемы з (класічным) лац. ludere, якое з lūdus ’гульня’ — не зусім пераканаўча.

Луза́ць ’біць, караць’ (Янк. 1, Мат. Гом.), лузану́ць ’секануць’ (жлоб., Мат. Гом.), ’сцебануць’, ’пайсці (пра дождж)’ (Ян.), лузану́цца, лу́знуцца ’моцна стукнуцца, ударыцца’, лу́знуць ’стукнуць’ (клец., Жыв. сл.; ТС). Рус. пск. лузжи́ть ’біць’, цвяр. лу́знуть ’дзюбнуць, выпіць віна’, ’сцебануць’; пск., цвяр. лу́знуться ’паслізнуцца і ўпасці; моцна ўдарыцца’, лызга́ть ’слізгацца па снезе, катацца на каньках’, тамб. слы́зить, слызну́ть ’злякацца’, рус. лызгону́ть ’даць лататы’, ’вышмыгнуць’; ст.-чэш. lyziti sě ’ўсміхацца’, валаш. lyziť sa ’прыдуркавата смяяцца’, lizoniť sa ’вышчэрвацца’, славац. luznuť ’ударыць па твары’, ’даць у вуха’, ’наступіць’, luzniť sa ’песціць’; серб. ц.-слав. лузгати ’жаваць’, серб.-харв. (жаргоннае) і макед. luzati ’біць, валіць’, балг. лу́згам ’штурхаю’, пірдопск. лу́згам, лу́скам, лу́зна ’б’ю, мучу’, хаскоўск. лузгъм съ, лу́знъ ’катаюсь’, лъ́згам се ’катаюсь на санках або на нагах’, радоп. лизгам са, лизгна са ’тс’. Сюды ж і бел. лузаць ’разгрызаючы, ачышчаць ад шалупін і есці, лушчыць’ (ТСБМ, Шат., Янк. 1, Мат. Гом.), ’лушчыць (гарох, фасоль’), ’чысціць’ (Ян.; калінк., Сл. ПЗБ). Укр. луза́ти і лузга́ти, луза́ть ’лушчыць’, луза́тисялушчыцца’, лузга́ ’шалупінне’, зах. лу́зати ’здабываць насенне, гарох і да таго пад.’; рус. арл., ленінгр. лузжи́ть ’лузаць, лушчыць’, зах.-бран., кур. луза́ть ’тс’. Усх.-слав. дыялектны дублет да лузга́ць (гл.). Уваходзяць у групу слоў з рухомым зыходным элементам: luzg‑/lyzg‑/lusk‑/lysk‑/lušp‑/lusp‑ з агульным значэннем ’лушчыць, знімаць скуру (кару)’ і з пашыральнікамі кораня ‑z‑/‑zg‑/‑sk‑/‑sp. Іх семантычная мадэль на славянскім моўным арэале характарызуецца наступным наборам значэнняў: ’біць, ударыць, сцябаць’ — ’лупіць, лушчыць, здзіраць, ачышчаць ад шалупін’ — ’луска’ — ’жэрці, жлукціць’ — ’коўзацца’ — ’шмыгнуць, знікаць’ — ’усміхацца’ (Куркіна, Этимология–72, 68–73). Слав. luzg‑/lusk‑ адпавядаюць літ. láužti ’ламаць’, lū́žti ’разбівацца, ламацца’, lū̃žis ’расколіна, трэшчына’, lusnà ’шалупінне’, nu‑lùzgęs, lùzgis ’абадранец’, lùzgana ’лупіна’, лат. laûzt ’ламаць’, laûska ’абломкі’ (Махэк₂, 345; Фасмер, 2, 530; Слаўскі, 5, 374–377; БЕР, 3, 492–493; Скок, 2, 333).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)