Кула́к1кісць рукі з прыгнутымі к далоні пальцамі’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Яруш., Нік., Няч., Бяльк., ТС). Укр. кулак, рус. кулак ’тс’. У беларускай і ўкраінскай мовах (а таксама ў некаторых іншых) запазычанне з рускай. Іншамоўныя крыніцы або ўнутраная форма рускага слова надзейна не вызначаны. Паводле Фасмера (2, 408), з цюрк. kulak ад kol, kul ’рука’ (параўн. Корш, AfslPh, 9, 513; Локач, 95).

Кула́к2 ’багаты селянін-уласнік’ (ТСБМ). Да кулак1 (гл.).

Кула́к3 ’драўляны малаток’ (Сл. паўн.-зах.). Да кулак1 (гл.).

Кула́к4 ’асобны шып кулачнага кола, што круціць шасцярню пасавага кола’ (КЭС, лаг.), ’зуб у шасцярні’ (Шат., Кліх). Параўн. кулак3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гвозд1 ’цвік’ (БРС, Нас., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Рус. гвоздь, укр. гвоздь, гвіздь, в.-луж. hózdź, польск. gwóźdź, ст.-слав. гвоздь і г. д. Прасл. *gvozdъ, gvozdь ’тс’. Паводле Трубачова, Эт. сл., 7, 185–186 (там і агляд літ-ры), значэнні ’гвозд’ і ’лес’ (параўн. гвозд2) звязаны; праформай з’яўляецца і.-е. *guos‑d‑ (параўн. ням. Quast, Quaste, с.-в.-ням. quast(e)кісць, пучок, мяцёлка, венік’).

Гвозд2. Палес. слова (’сухая ўзвышаная мясціна сярод балот, прастора, пакрытая густым лесам’), якое мае сувязі ў зах.-слав. і паўд.-слав. мовах. Аб магчымасці яго існавання гл. Талстой, Геогр., 61–62 і наст. Гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 7, 185–186; Мартынаў, Этимология 1968, 14 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рука́ ’верхняя канечнасць чалавека або малпы’ (ТСБМ). Укр., рус. рука́, польск. ręka, палаб. rǫkǎ, чэш., славац. ruka, славен. roka, серб.-харв. ру́ка, макед. рака, балг. ръка́. Прасл. *rǫka і і.-е. адпаведнікі: літ. rankà ’рука’, лат. rùoka, ст.-прус. rancko ’рука’, а таксама літ. riñkti ’збіраць; набіраць; выбіраць’, paranka ’збор, збіранне’ (параўн. грэч. паралель ἀγοστός ’далонь, кісць рукі, рука’ і ἀγείρω ’збіраць’) сведчаць пра тое, што на і.-е. узроўні *uronkā (*wronkā́) мела першапачатковае значэнне ’тое, чым збіраюць, зграбаюць, хапаюць’ < і.-е. *u̯er‑ ’браць, хапаць’ (Фасмер, 3, 515; Чарных, 2, 127; Глухак, 534; ESJSt, 13, 781; Рэйзак, 549). Выказаныя раней меркаванні пра магчымае запазычанне з балтыйскіх моў у праславянскую (Развадоўскі, RS, 5, 35; Бернштэйн, Фонетика, 91–92) з-за адсутнасці ў апошняй зыходнага дзеяслова не прымаюцца большасцю даследчыкаў, гл. Анікін, Опыт, 18 (з літ-рай); Жураўлёў, Язык и миф, 580.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кі́та ’вязанка, цюк’, ’сноп бобу, льну’, ’мажная тоўстая жанчына’ (Сл. паўн.-зах., Мат. АС, Нар. лекс., КЭС, лаг., Сцяшк.). Параўн. кіціца (гл.). Укр. кита ’гронка, мяцёлка, пучок, кутас’, рус. кита ’сцябло’, балг. китка ’букет, вязка’, серб.-харв. кита ’галінка, пучок, вязка’, китка ’жаночы галаўны ўбор’, славен. kita ’каса (валасоў), вязка, пучок’, польск. kita ’султан на шлеме, пучок, вязка’, чэш. kytice, kytka ’букет, вязка’, славац. kyta ’вязка’, kitka ’гронка’, в.-луж. kita ’гронка, пучок’. Прасл. kyta не мае верагоднага этымалагічнага тлумачэння. Зусім умоўны характар мае версія аб kyta < Z*kūp‑ іа (сюды ж чуб) (Бернекер, 1, 679). З прасл. kystь (гл. кісць) таксама нельга выводзіць kyta, бо kystь (kyt‑tь) вытворнае ад kyta. Існуе, аднак, іншая магчымасць тлумачэння, на якую звярнуў увагу Праабражэнскі (1, 310), параўнаўшы kyta з kyką: ст.-слав. кыка ’валасы на галаве’, балг. кика ’каса (валасоў)’ (параўн. славен. kita, kitica ў тым жа значэнні), серб.-харв. кика ’тс’, кичица ’чубок’, рус. кика ’жаночы галаўны ўбор’ (параўн. серб.-харв. китка ў тым жа значэнні), бел. кічка (гл.) ’гронка’. Параўн. укр. кита ў тым жа значэнні. Дублет kyta/kyką мы тлумачым змяшэннем k’ і /’ у праславянскай мове. Яно на карысць таму прасл. kyką разглядаецца як першаснае. Яно мае надзейную этымалогію ў адрозненне ад kyta (Мартынаў, Слав. акком., 65–66).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́па1, ла́пка ’ступня або ўся нага ў некаторых жывёл і птушак’ (ТСБМ, Сцяшк., Бес., Сл. паўн.-зах., Клім., Яруш., Мат. Гом., Бяльк.) (экспр.) ’нага чалавека’, ’ножка стала, ложка, услона’ (Сл. паўн.-зах., Нас., Шатал.), ’ступня чалавека’ (ігнал., даўг., Сл. паўн.-зах.), ’рука’ (Нас.), даўг. лапкакісць рукі’ (Сл. паўн.-зах.), драг. ла́па, ла́пыско ’вялікая ступня’ (Нар. лекс.), ла́па ’расплюшчаны і загнуты канец у некаторых інструментах, прыстасаваных для выцягвання цвікоў’ (ТСБМ, Сцяшк., Мат. Гом.), драг. ’для сцягвання ботаў’ (І. Лучыц-Федарэц; Сл. паўн.-зах.), в.-дзв. ’для абдзірання галовак ільну’ (Шат.), ’зуб у вілах’ (навагр., З нар. сл.), ’ручка ў сасе, плузе’ (Тарн., Смулк., Шатал.; лях., ганц., Сл. паўн.-зах.), ’матыка’ (глыб., Сл. паўн.-зах.), ’чапяла’ (кобр., ДАБМ, к. 251), ’камплект панажоў у кроснах’ (Бяльк., Мат. Маг., Уладз., Мат. Гом.), ’дошчачка ў калаўроце, на якую наступаюць нагой пры прадзенні’, малар. ’стойкі ў калаўроце, паміж якімі знаходзіцца кола’ (Уладз.), лельч. ’водаўдарная дошчачка на вобадзе вадзянога кола’ (ЛАПП), ’шып на канцы бервяна, які ўстаўляецца ў выемку другога бервяна пры звязванні іх у вянец’ (ТСБМ), ’паз у бервяне ў вугле’ (Мат. Гом.), (перан.) ’удар па далоні лінейкай як від пакарання ў дарэвалюцыйнай школе’ (Нас., Бяльк.; маладз., Хрэст. дыял., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), у выразе: лапамі араць ’упірацца, не даваць згоды’ (КЭС, лаг.), ст.-бел. лапица ’след’. Укр. лапа, зах.-укр. ла́ба, рус. лапа ’тс’, смал. лапы ’рукавіцы’, польск. łapa — апрача асноўнага значэння ’нага’ польская моўная тэрыторыя звязваецца з беларускімі значэннямі ’частка калаўрота’, ’панажы ў кроснах’, якія адсутнічаюць у рускіх гаворках; усх.-польск. łaba, каш. łapca (< łapica), чэш. tlapa, мар. dlapa (< прасл. lapa) — t‑/d‑ тут пад уплывам ням. Tatze ’лапа’ (Ільінскі, РФВ, 78, 194), а, паводле Шмілаўэра (Махэк₂, 645), чэш. tlapa — вынік кантамінацыі слав. łapa і ням. Tappe ’лапа’; славац. laba, славен. lapa, якое, паводле Плятэршніка (1, 499), са ст.-слав.; балг., макед. лапа ’нага некапытнай жывёлы’. Прасл. lapa ’ступня, нага некапытных жывёл’ з’яўляецца працягам і.-е. *lāpā ’рука, далонь, лапа’ (Слаўскі, 4, 465), параўн. адпаведнікі з іншых і.-е. моў: літ. lópa ’лапа жывёл, якія не маюць капытоў’, ’кісць рукі, нагі’, лат. lãpa ’лапа’, гоц. lōfa, ст.-ісл. lófi ’далонь’ (Бернекер, 690; Буга, Rinkt., 2, 170; Покарны, 1, 679; Брукнер, 306; Траўтман, 160; Фрэнкель, 339–340; Фасмер, 2, 458). Сабалеўскі (РФВ, 70, 95) без падстаў рэканструяваў прасл. *tlapa зыходзячы з чэш. формы tlapa.

Ла́па2, ла́пка ’галінка хвоі, елкі’ (Нас., Яруш., Сцяшк., Бяльк., Касп., Шат.; глус., Янк. Мат., Сл. паўн.-зах.), ла́пнік ’тс’ (Бяльк.), ’галіна дрэва з лісцем’ (карэліц., лях., ганц., Сл. паўн.-зах.), ’гронка вінаграду’ (карэліц., Шатал.), ганц. ла́пкі ’сцяблы і лісце бульбы’ (ДАБМ, с. 867), ’амяла, Viscum L.’ (Маш.). Рус. ла́пина ’галінка дрэва, дубчык’, ла́па ’тс’, ла́пник, ла́пняк ’шырокія лапы ялін, якімі пакрываюць на зіму двары’. Балтызм. Параўн. літ. lãpas ’ліст’, лат. lapa ’галіны дрэў з лісцем, якія падкладваюцца пад стог ці тарпу’.

*Ла́па3, воўча ла́па, кото́вые (котя́чі) ла́пкі ’ткацкі ўзор, малюнак якога нагадвае след жывёл’ (Уладз.). Параўн. таксама лат. lapa ’узор вязання рукавіц’, укр. лапки́ (мн. л.) ’род узору для вышывання’. Да ла́па1 (гл.).

Ла́па4 ’лапік, латка’ (пін., ДАБМ, 925), ла́пка ’тс’ (езярышч., віц., бярэз., пін., светлаг., ДАБМ, 924–925). Балтызм. Параўн. літ. lõpas ’тс’ (Лаўчутэ, Балтызмы, 117–118). Канчатак ‑а пад уплывам лексемы лата ’латка’. Сюды ж ла́піна ’латка’ (ДАБМ, к. 324), ла́пінка ’тс’ (ДАБМ, с. 924–925; Федар. I, Федар. 3, Сцяшк., Нар. сл.; міёр., Нар. словатв.), ’пустое месца на полі, непакрытае гноем’ (Жд. 2), ’прагаліна’ (Мат. Гом.; міёр., Нар. словатв.); навагр. ла́піна ’ануча’ (Нар. сл.), ’праталіна’ (Некр.), ’невялікая плошча зямлі, на якой расце што-небудзь’ (Жд. 1), ’частка поля, сенажаці ў 4–6 м²’ (Шат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рука́, ‑і, ДМ ‑руцэ; мн. рукі, рук, ж.

1. Верхняя канечнасць чалавека ад плечавога сустава да канца пальцаў. [Гаспадыня] прысеўшы на кукішкі, накладала сабе на руку пасечаныя Валодзем дровы. Арабей. // Гэтая ж канечнасць ад запясця да канца пальцаў; кісць. На чорным фоне адзежы белая рука з адтапыраным пальцам была вельмі выразна белая, як мармуровая. Чорны. — Дзякую, — сказаў Бярозін і шчыра паціснуў руку Шусту. Шчарбатаў. // Пярэдняя канечнасць у малпы. / у перан. ужыв. Аднойчы ранкам непадалёку ад нас падняў у неба сваю магутную руку вежавы кран. Гарбук. З гора замахае доўгімі рукамі, Быццам папярхнуўшыся мукой, вятрак. Танк.

2. Верхняя канечнасць чалавека як прылада працы. — Вы ў такім стане, што я не магу вам дазволіць рабіць аперацыю. Для гэтага патрэбна спакойная рука... Шахавец. — Кожнаму чалавеку даецца права абрабляць зямлю сваімі рукамі, — заўважыў Іваніцкі. Мурашка. // След, вынік чыёй‑н. дзейнасці. Ва ўсім адчувалася вока і руплівая рука добрага гаспадара. «Беларусь». Ва ўсім відаць клапатлівую дзявоцкую руку. Мурашка.

3. толькі мн. (ру́кі, рук). Людзі, якія выконваюць работу; рабочая сіла, работнікі. А лішнія калгасныя рукі паехалі на зарабаткі. Баранавых. Але вядома, браце мілы: Тут рукі трэба, сілы, сілы, А іх няма, заўважце самі. Колас.

4. толькі адз. Манера пісьма, почырк; стыль. І ў тым і ў другім творы відаць рука аднаго аўтара. Шкраба.

5. перан. Пра чалавека, краіну і пад., як уладу над кім‑н., як уладальніка чаго‑н. [Тапурыя:] — Пакутаваў бы ты пад гаспадарскай рукой да старасці год. Самуйлёнак. Хата стаяла тая ж самая і на тым жа месцы, але людзі, якія цяпер жылі ў ёй — маці Ціхамірава прадала хату, як сабралася ехаць гады праз два пасля вайны ў Сібір, — не ведалі Ціхаміра, бо гэта былі ўжо нават не дубраўцы, а прыезджыя, і хату яны куплялі таксама з другіх рук. Чыгрынаў.

6. Ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі, а таксама з азначэннямі «правая», «левая», ужываецца ў значэнні: старана, бок. Па правай руцэ цягнуўся ельнік уперамешку з маладымі хвоямі. Колас. З правай рукі, на поўдні, грымела таксама. Брыль.

7. перан. Ужываецца для абазначэння ўласцівасці і якасці характару чалавека. Жалезная рука. Цвёрдая рука. □ Пакуль калгас быў малы, у ім усё ішло ўсталяваным ладам, да таго ж у старшыні ў раёне была шчодрая рука. Дуброўскі.

8. толькі адз. Разм. Пра чалавека, які можа пасадзейнічаць, аказаць пратэкцыю, падтрымку каму‑н. [Таркайла:] — З’явіліся нейкія людзі.. Заб’юць. Было ўжо так. Ніхто не скардзіцца. У іх, кажуць, у судзе рука. І вам не раю, калі часам атрымаеце... Караткевіч. — Што яму, пану, зробіш? Ён дзе ні пайшоў — усюды ў яго свая рука... Якімовіч.

9. толькі адз. Ужываецца ў некаторых спалучэннях у значэнні: згода на шлюб з кім‑н. Калі будавалася [Міхаліна], не было адбою ад леснікоў і шафёраў: кожны халасты прапаноўваў сваю руку, угаворваў выйсці замуж. Ракітны. Прыйшоў не насмяяцца, а прасіць яе [Раісы] рукі. Гроднеў.

10. У вінавальным склоне адз. л. з прыназ. «пад» і азначэннем. Азначае стан, настрой і пад. Пад гарачую руку. Пад п’яную руку.

•••

Рабочыя рукі — рабочыя, рабочая сіла.

Абедзвюма рукамі трымацца гл. трымацца.

Абедзвюма рукамі ўхапіцца гл. ухапіцца.

Абы з рук — абы-як, недабраякасна (рабіць што‑н.).

Адбівацца рукамі і нагамі гл. адбівацца.

Адбіцца ад рук гл. адбіцца.

Адваліліся рукі — прапала ахвота (што‑н. рабіць).

Адмахвацца рукамі і нагамі гл. адмахвацца.

Ад рукі — рукой (пісаць, чарціць і пад.).

Ад рук і ног адстаць гл. адстаць.

Апусціць рукі гл. апусціць.

Астацца без рук гл. астацца.

Без рук — не дакранаючыся; не б’ючы.

Без рук, без ног — а) ляжаць нерухома, не валодаючы ні рукамі, ні нагамі; б) быць вельмі стомленым пасля доўгай хады, цяжкай працы і пад.

Браць (узяць) голымі рукамі гл. браць.

Браць ногі ў рукі гл. браць.

Браць (узяць) сябе ў рукі гл. браць.

Браць (узяць) у рукі каго-што гл. браць.

Валіцца з рук гл. валіцца.

Выпусціць з рук гл. выпусціць.

Выпусціць лейцы з рук гл. выпусціць.

Вялікай рукі — які валодае вышэйшай ступенню якой‑н. якасці.

Гаварыць у руку гл. гаварыць.

Глядзець з рук каго або чыіх гл. глядзець.

Грэць рукі гл. грэць.

Гуляць па руках гл. гуляць.

Даць волю рукам гл. даць.

Даць (сунуць) у руку гл. даць.

Дзіравыя рукі — пра няўмелага, нязграбнага чалавека, у якога ўсё валіцца з рук.

Доўгія рукі ў каго — аб тым, хто мае схільнасць да кражы.

Забраць у свае рукі гл. забраць.

Заламаць рукі гл. заламаць ​1.

Залатыя рукі — а) пра чые‑н. умелыя рукі. Інструментаў у .. [кузні] было мала, але рукі ў каваля былі залатыя, і неабходны інструмент ён рабіў сам. Машара; б) пра ўмелага, дзелавітага чалавека. [Сіман:] Добра, — Цябе я знаю: залатыя рукі. Клімковіч.

Запусціць руку гл. запусціць ​1.

Збыць з рук гл. збыць.

Звязаць па руках і нагах каго; звязаць рукі каму гл. звязаць.

З голымі рукамі — без усялякай зброі; нічога не маючы ў руках.

З другіх (трэціх) рук — праз пасрэднікаў (атрымаць, даведацца і пад.).

Злажыць рукі гл. злажыць.

З лёгкай рукі чыёй — пра чыё‑н. удалае пачынанне, прыклад.

З-пад рук — у час патрэбы (браць, хапаць у каго‑н.).

З першых рук — непасрэдна ад каго‑н., без пасрэднікаў (атрымаць, уведаць і г. д.).

З пустымі рукамі — нічога не маючы пры сабе; нічога не атрымаўшы, не дастаўшы (з’явіцца, прыйсці, апынуцца, вярнуцца і інш.).

З рук — не ў магазіне (купіць, прадаць і інш.).

З рукамі адарваць гл. адарваць.

З рукамі і нагамі — ахвотна, з прыемнасцю.

З рук вон гл. вон.

З рук не выпускаць чаго гл. выпускаць.

З рук у рукі — непасрэдна каму‑н., ад аднаго другому (аддаць, здаць).

(І) карты ў рукі каму гл. карта.

Ірваць з рук гл. ірваць ​1.

Ісці міма рук гл. ісці.

Ісці рукою гл. ісці.

Караючая рука каго-чаго (высок.) — той (тое), хто (што) карае. Нехта сачыў за кожным крокам фашыстаў і ўмела накіроўваў караючую руку народных мсціўцаў. Мяжэвіч.

Круціць рукі каму гл. круціць.

Ламаць рукі гл. ламаць.

Лезці пад рукі гл. лезці.

Лёгкая рука ў каго; лёгкі на руку — пра таго, хто прыносіць шчасце, удачу.

Лізаць рукі каму гл. лізаць.

Майстар на ўсе рукі гл. майстар.

Махнуць рукой на каго-, што‑н. гл. махнуць.

Мець руку гл. мець.

Набіць (наламаць) руку гл. набіць.

На борздую (скорую) руку — паспешліва, хутка.

Нагрэць (пагрэць) рукі гл. нагрэць.

Налажыць (накласці) на сябе рукі гл. налажыць.

Налажыць (накласці) руку на што гл. налажыць.

На руках чыіх, у каго — а) пад апекай у каго‑н., на ўтрыманні ў каго‑н. (быць, знаходзіцца і г. д.). [Мігуцкі:] Даўно я вас не бачыў. [Гудовіч:] Я вас таксама. З таго часу, як вы кінулі мяне з раненай жонкай на руках. Крапіва; б) пад наглядам, пад адказнасцю. Уся ферма была на руках загадчыка; в) у чыім‑н. карыстанні (быць, знаходзіцца і г. д.). Кніга паўгода была на руках.

На рукі — каму‑н. у асабістае распараджэнне (даць, выдаць, раздаць і г. д.).

На руку — выгадна, зручна, супадае з чыімі‑н. інтарэсамі.

Насіць на руках гл. насіць.

На ўсю (поўную) руку — на ўсю сілу, моц.

Не з рукі каму — а) нязручна, нявыгадна. Але ці гожа, ці прыстойна? Не — для дзяўчыны не з рукі. На крок адважыцца такі. Колас; б) не варта, не згадзіцца (рабіць што‑н.). — Паляваць з беркутам на машыне — не з рукі казаху. Беразняк.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) рукі дзець (падзець) гл. ведаць.

Не ідзе ў руку гл. ісці.

Не мінуць (маіх, тваіх, яго і г. д.) рук гл. мінуць.

Не пакладаючы рук гл. пакладаючы.

Ні рук, ні ног — не магчы нічога рабіць.

Ні рук, ні ног не чуць гл. чуць.

Няма за што рук (рукі) зацяць (зачапіць) гл. зацяць.

Нячысты на руку гл. нячысты.

Падаць з рук — тое, што і валіцца з рук гл. валіцца.

Падаць (працягнуць) руку дапамогі гл. падаць.

Падняць (узняць) руку на каго-штогл. падняць.

Падпісацца абедзвюма рукамі пад чым гл. падпісацца.

Пад рукамі (пад рукой) — блізка, так што можна дастаць, выкарыстаць (быць, знаходзіцца, мець і пад.).

Пад руку — не да месца, замінаючы (гаварыць), калі хто‑н. што‑н. робіць.

Пад руку (ісці і пад.) — абапіраючыся рукою на чыю‑н. сагнутую ў локці руку або прытрымліваючы каго‑н. рукою за локаць ці вышэй локця.

Пайсці па руках гл. пайсці.

Паклаўшы руку на сэрца гл. паклаўшы.

Папасціся (трапіць) у рукі каго, чые, каму гл. папасціся.

Першай рукі — які валодае вышэйшай ступенню якога‑н. майстэрства, якой‑н. якасці.

Правая рука чыя — першы памочнік.

Прайсці праз рукі каго, чые гл. прайсці.

Прыбраць да рук гл. прыбраць.

Прылажыць (прыкласці) рукі да каго-чаго гл. прылажыць.

Прылажыць руку да чаго або пад чым гл. прылажыць.

Пэцкаць рукі гл. пэцкаць.

Работа (усё) гарыць у руках гл. работа.

Развесці рукі (рукамі) гл. развесці.

Развязаць рукі каму гл. развязаць.

Рука не задрыжыць у каго, чыя — хопіць смеласці, рашучасці, адвагі (зрабіць што‑н.).

Рука (не) падымецца; рукі (не) падымуцца — не хапае рашучасці (зрабіць што‑н.).

Рука руку мые — аб адносінах людзей, калі яны пакрываюць дрэнныя ўчынкі адзін другога.

Рука ў руку — а) узяўшыся за рукі; б) сумесна, дружна.

Рукі адваліліся ў каго — надта стаміўся ад работы рукамі.

Рукі апусціліся — прапала жаданне або здольнасць рабіць што‑н.

Рукі атрэсці гл. атрэсці.

Рукі кароткія — няма дастатковай магчымасці, права (зрабіць што‑н.).

Рукі не адваляцца — нічога не здарыцца з кім‑н. ад таго, што ён выканае якую‑н. работу.

Рукі не дайшлі (не даходзяць) — не было часу, не выпадала, не хацелася.

Рукі па нівах — па стойцы «смірна», з выцягнутымі ўдоўж тулава рукамі (стаяць, трымацца і г. д.).

Рукі свярбяць у каго — а) на каго хочацца пабіцца. пабіць каго‑н.; б) хочацца заняцца чым‑н.

Рукі ўгору! — загад каму‑н. падняць рукі, каб пазбавіць магчымасці супраціўляцца.

Рукой дастаць гл. дастаць.

Рукой падаць гл. падаць.

Скласці рукі гл. скласці.

Склаўшы рукі гл. скласці.

Сон у руку гл. сон.

Схапіць за руку гл. схапіць.

Сысці з рук гл. сысці.

Сядзець злажыўшы рукі гл. сядзець.

Сярэдняй рукі — сярэдні, нічым не вызначаецца па сваіх здольнасцях, становішчы і пад.

Трапіць пад руку гл. трапіць.

Трымацца рукамі і зубамі гл. трымацца.

Трымаць лейцы ў руках гл. трымаць.

Трымаць сябе ў руках гл. трымаць.

У адны рукі — аднаму чалавеку (прадаваць, адпускаць і пад.).

Узяць лейцы ў рукі гл. узяць.

Умыць рукі гл. умыць.

У руках каго, чыіх, у каго — а) у залежным становішчы (быць, знаходзіцца і г. д.); б) у карыстанні, у распараджэнні каго‑н. (быць, знаходзіцца і г. д.).

У рукі плыве гл. плысці.

У рукі просіцца гл. прасіцца.

Усе козыры ў руках у каго гл. козыр.

Ухапіцца абедзвюма рукамі за што гл. ухапіцца.

Хай адсохнуць (у мяне) рукі і ногі гл. адсохнуць.

Хоць рукамі бяры гл. браць.

Цягнуць руку чыю, каго гл. цягнуць.

Цяжкая рука; цяжкі на руку — а) пра таго, хто моцна і балюча б’е; б) пра таго, хто прыносіць няўдачу ў справе.

Чужымі рукамі — не самастойна, выкарыстоўваючы працу, энергію, сілы і пад. іншых.

Чужымі рукамі жар заграбаць гл. заграбаць.

Як без рук без каго-чаго — бездапаможны без каго, чаго‑н.; не быць у стане што‑н. зрабіць без каго‑, чаго‑н.

Як рукой зняло гл. зняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)