Турля́цца ‘штурхацца, піхацца’ (Жд. 3, ТС). Параўн. укр. турля́ці ‘піхаць, ганяць’, рус. турля́ться ‘кідацца, піхацца’, польск. turlać sie ‘куляцца’, мажліва, сюды і славен. turláti ‘праколваць, пранізваць’, адносна якога Сной (Бязлай, 4, 250) сцвярджае: «вакалізм славянскага кораня няясны, мажліва, экспрэсіўны». Вытворнае ад гукапераймальнага па паходжанні турліць, гл. Польск. turlać разглядаюць як варыянт tulać ‘каціць, куляць’ (Варш. сл.). Сюды ж турля́жка ‘тачка, вазок на двух колах вазіць зямлю’ (Ласт.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Куле́ш ’рэдкая мучная каша’ (ТСБМ, Нас., Шат., Сл. паўн.-зах., Нік. Очерки, Шн., Серб., Бяльк., Федар. Рук., Мат. АС, Малч., Мядзв., Вешт., Грыг., Гарэц., ТС, Касп.). Укр. куліш, рус. кулеш ’тс’, балг. куляша ’від кашы’, серб.-харв. ку̀леш ’мамалыга’, польск. kulesz ’каша з кукурузнай мукі’, славац. kuľaša ’тс’. Мадэль словаўтварэння даволі празрыстая: *kulexъ > kulešь, як lem‑exъ > lemešь (SP, 1, 72, 77). Да kuliti, kuljati (гл. куляць1). Параўн. кулага (гл.). Іншая версія: да венг. köles ’проса’ (Якабсон, Slavic Word, 2, 1955, 612), параўн. Трубачоў, Slavia, 29, 1960, 9.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́чка ’каляска на адным коле, якую штурхаюць перад сабой’ (ТСБМ, Арх. Вяр.), ст.-бел. тачка ’тачка’ (1679 г., КГС), ’невялікі вазок’ (Сл. ПЗБ). Укр., рус. та́чка ’вазок на адным коле’, польск. taczka, часцей мн. л. taczki ’тс’, ст.-чэш. táčka, чэш., славац. táčky мн. ’тачка (для пяску); двухколка’, серб.-харв. та̀чке, та̏чке ’тс’. Прасл. *tačьka ’павозка, вазок’ ад прасл. *tačati ’перасоўваць (на колах, куляючы і пад.)’, параўн. стараж.-рус. такати ’гнаць, паганяць’, пазней тачати ’тс’, тачити ’гнаць; ездзіць’, польск. taczać ’пасоўваць нешта круглае, куляць’, з суф. ‑ьk‑a (Борысь, 625).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́варат ’бервяно ў зрубе, над прасценкамі, над вокнамі і над дзвярамі’ (брагін., Шатал.), ’тс’ і ’верхні вушак у дзвярах’ (жытк., Нар. сл.), на́варатня ’бервяно, якое кладзецца над вокнамі і дзвярыма’ (цэнтр.-палеск.), на́воротні ’бярвенні з выдзяўбанымі паглыбленнямі, у якія ставяць кроквы’ (пінск., Нар. лекс.), на́варацень ’бервяно, якое кладзецца на куравіцы і на якім умацоўваецца вясло (на плыце)’ (падзеш., Нар. сл.). Мяркуючы па семантыцы, найбольш верагодна ад вароты ’праём, прастора паміж дзвюма вертыкальнымі апорамі’, тады на́варат і пад. ’тое, што перакрывае такі праём’; менш верагодна ад навярну́ць ’накаціць’, варочацькуляць, варочаць’, хаця не выключана, што для плытагонскага тэрміна гэта зусім магчыма.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кула́га ’саладуха, ягады, звараныя з мукой, зацірка, кулеш’ (Сл. паўн.-зах., Мат. Гом., Касп., Нік. Очерки, Арх. ГУ, Грыг., Чач., Вешт., Др.-Падб., Маш., Гарэц., Шн., Мат. АС, Янк. Мат., Мат. Маг., Нар. словатв., Бяльк., Сержп. Грам., КЭС, лаг., Яўс., Серб.). Укр. кулага, рус. кулага ’тс’. Параўн. кулеш (гл.). Унутраную форму слова кулага можна ўбачыць у такіх дзеясловах, як кулажыцца, кулажыць ’паказваць на дождж’ (Нас. Сб., Юрч.). Адсюль відаць, што першаснае значэнне было ’вадкая сумесь’. Словаўтваральна мадэль з суфіксам ‑ага. Першасны дзеяслоў, на жаль, надзейна не рэканструюецца, але серб.-харв. ку́ља ’мамалыга’ дае яшчэ адну падставу для выдзялення ў кулага суфікса ‑ага. Слаўскі (3, 347) бачыць рэлікты зыходнага дзеяслова ў kuliti, kuljati (гл. куляць1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пракулі́ка ’нешта незвычайнае, цуд (аб чалавеку)’ (слонім., Нар. лекс.). Дэрыват ад *пракулікаць з суф. ‑а або, паколькі няясна значэнне прыстаўкі, утварэнне з прыстаўкай пра- ад * кулі к (гл.). У такім выпадку, відаць, звязана з кулікушкі ’гульня ў жмуркі’, пры якой той, што жмурыць кугікае (пераймае крык куліка?), параўн. рус. кули кіі ’дзіцячая гульня ў хованкі’. Больш верагодна, аднак, непасрэдная сувязь з рус. кулік ’пераадзеты’, куликать ’п’янстваваць’, польск. kulik, kulig ’масленічная забава, калі пераапранутыя едуць на санях з музыкай і песнямі і адведваюць па дарозе суседзяў’, ст.-польск. kulig, kulik ’удзельнік масленічнай забавы’. Польскія і рускія словы параўноўваюцца з назвай птушкі кулік, паколькі гэтая забава ў Польшчы мае назву kiłliga gonić, na kuliga jeździć (m. Брукнер, 281; Фасмер, 2, 411). Паводле Банькоўскага (2, 851), завадзіла ў гэтай забаве быў у масцы з доўгім птушыным носам, удзельнікаў называлі ’начнымі кулікамі”, а сам звычай трапіў у Польшчу ’z Rusi”. Слаўскі (3, 350 і наст.) лічыць гэту версію народнай этымалогіяй і спасылаецца на параўнанні Мікпашыча (147) і Мацэнаўэра (LF, IX, 37) з лат. kulnas lėkt ’гуляць на масленіцу, браць удзел у маскарадзе’, якія, паводле Мюленбаха (2, 309), роднасныя лат. kuls ’грамада’, kula разам5, ст.-інд. kida‑ ’грамада’. На карысць гэтай версіі, магчыма, і акупіць ’адрынуць, адцурацца, аднесціся з пагардай’ (Нас.), што звязваюць з куляць (гл. акупяцца). Сувязь гэтай групы слоў з рус. о‑кула ’падманшчык’ і далей з лац. occulere ’ўкрываць, таіць’ < і.-е. *kel‑ ’зачыняць’, якую прапануе Патабня (РФВ, 3, 167 і наст.), Фасмер (2, 411) лічыць сумнеўнай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́чка1 ’мядзведка, Gryllotalpa gryllotalpa’ (Сержп., Байк. і Некр., Мат. Гом., ТС, ПСл; бяроз., Ск. нар. мовы; лельч., Жыв. НС), ’крот’ (ТС), ты́чка ’тс’ (іван., ЖНС), ту́чка ’мядзведка’ (ТС), ты͡эчка ’тс’ (лун., Арх. Вяр.), tòčka, tu͡ečka ’крот’ (Тарн.), ’сараканожка, Myriapoda’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. дыял. ту͡очка ’мядзведка’, то́чка ’палёўка’, каш. točk ’крот’, ’мыш Cletrionomys glareolus’, палаб. tücai̯kă ’крот’, славац. дыял. točka ’тс’. Да тачы́ць ’грызучы, праядаючы, рабіць дзіркі, пашкоджваць што-небудзь’ (гл.) < прасл. *točiti, адным са старажытных значэнняў якога акрамя ’прымушаць цячы, бегчы’ (< *tekti ’цячы, бегчы’) было ’круціць, пракручваць’. Паводле Папоўскай–Таборскай (Бел.-польск. ізал., 106), гэта перыферыйны праславянскі (палабска-кашубска-палескі) архаізм або, магчыма, арэальная праславянская інавацыя (Szkice, 2, 35), падтрыманая наяўнасцю ідэнтычна матываваных ням. Wühler, Wühlwurm, Erdwühler ’крот’. Борысь (SEK, 5, 154) мяркуе пра незалежнае развіццё назвы на славянскіх тэрыторыях. Цікавасць уяўляе выпадак этымалагічнай магіі: “як пачынаюць закормліваць на ўбой вепрука ці свінню, то даюць ім зьесці точку, каб яны хутко сыцелі” (Сержп. Прымхі, 151); тут назва набліжана да тук, тучыць, гл.

То́чка2 ’кропка’ (Бяльк.), ’колік, які служыць межавым знакам’ (Некр.), ’метка ў канцы адмеранага ўчастка’ (люб., Бел. дыял., 2); у выразах: точка ў точку ’вельмі падобны’ (ТС), ni papaŭ ŭ tòczku ’не змог нешта зрабіць, сказаць; няўдала ажаніўся’, tòczka ŭ tòczku ’пра штосьці добра падабранае, напр., коней (калі адзін аднаго даганяе, але застаюцца на аднолькавай адлегласці, то так гавораць)’ (ваўк., Федар. 4). Параўн. укр. то́чка ’пункт, кропка’, рус. то́чка, чэш. teczka, славен. tóčka, серб.-харв. та̏чка, балг. то́чка, макед. точка ’тс’. Прасл. *tъčьka < *tъčь (< *tъknǫti/*tykati) ’месца, куды ткнулі’, параўн. ты́чка ’знак забароны’ (Жд. 2). Паводле семантыкі аналагічна лац. punctum ’кропка’ < pungere ’калоць’ (Фасмер, 4, 90; Махэк₂, 638; Чарных, 2, 254; ЕСУМ, 5, бі 1). Гл. таксама точ, тоц.

То́чка3 ’магазін’ (Сцяшк. Сл.), ’радыёкропка’ (Сл. ПЗБ, Вруб.), з рус. то́чка ’тс’, скарочана з афіцыйна-канцылярскіх назваў: торго́вая то́чка, радиото́чка ’тс’.

То́чка4 ’гайня, зграя сабак, ваўкоў у час цечкі’ (слонім., Шн. 3; Сл. ПЗБ; слонім., Жыв. сл.; зэльв., слонім., ЛА, 1; Сцяц.). Параўн. укр. дыял. ті́чка, те́чка ’гайня ваўкоў; касяк рыб’. Да тачы́цца (< тачы́ць < *točiti) ’круціцца’, што ўрэшце да *tekti, *tokъ (гл. цякаць, цячы, ток2) (ЕСУМ, 5, 578; Страхаў, Palaeoslavica, 13, 2, 20). Гл. це́чка.

То́чка5 ’кружок, які дзеці выкарыстоўваюць пры катанні’ (ваўк., Арх. Федар., Вруб.). Да тачыць (гл.); параўн. асабліва польск. taczać ’гнаць наперад нешта круглае, куляць’, toczyć ’каціць’, toczek ’кружок, колца’.

То́чка6 ’вяха, якая забараняе карыстацца дарогай’ (Шат), ’забіты ў дно ракі кол для прывязі рыбацкага чаўна’ (мазыр., Яшк.), ’тычка на фасоль’ (Мат. Гом.). Да у‑ткну́ць, ты́каць, ад асновы якіх утварылася (з суф. *‑jь) *točь ’месца, куды ўваткнулі што-небудзь’, пазней — ’тое, што ўтыкалі’. Відаць, сюды ж: то́чка ’ўчастак зямлі (для пасадкі, поліва ці ўборкі буракоў), выдзелены для апрацоўкі яго адным работнікам у калгасе’ (лельч., ЛА, 2); гэты ўчастак мог быць абазначаны ўваткнутымі вешкамі. Гл. таксама тычка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)