буя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. Бурна расці; пышна красаваць. Ярына на полі буяла, высыпала. Чорны. [Ніну] ўразіла, што навокал гэтага спусташэння яркай вясковай зелянінаю, бела-ружовым цветам буялі дзе-нідзе ўцалелыя яблыні. Мележ. // перан. Жыць, красавацца. [Арцюшыха] усім сэрцам разумела маладую жанчыну, жыццё якой пераламалася акурат тады, калі яму сама трэба буяць. Сабаленка.

2. Расці ў націну (пра бульбу, памідоры і пад.), у салому (пра жыта, пшаніцу і пад.); разрастацца на шкоду плоданашэнню. Бульба ў агародзе буяе. □ Цяпер там [на балоце] буйным коласам долу нікне жыта, зялёным шоўкам разгарнуліся травы, густым лесам буяе кукуруза. Дуброўскі. Унізе быў даволі глыбокі яр, у якім густа буялі вялікія і дробныя дрэвы. Мележ.

3. Буяніць, бушаваць. Калі на жоўтым полі буяюць вятры, калі навальніца цісне грудзі зямлі, тады жыта ламаецца, а ў пачуццях чалавека роспач. Каваль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

красава́цца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Тое, што і красаваць (у 1 знач.). Жыта красуецца.

2. Прыцягваць увагу, вылучацца сваёй прыгажосцю. Як красаваўся, красавацца Чырвоны сцяг над намі будзе. Купала. Ізноў, нібы кветка, красуецца Варвара, некалі самая прыгожая дзяўчына ў вёсцы, а зараз знатны брыгадзір. Васілевіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзіцца на відным месцы; вылучацца, віднецца. На стале красаваліся засмажаныя парасяты, скруткі каўбас, мяса розных гатункаў. Колас. Мікодыму гадоў пад пяцьдзесят. На яго шырокім твары красаваліся заліхвацкія рыжыя вусы. С. Александровіч.

4. Выстаўляць сябе напаказ, любавацца сваім выглядам. Разгладжваючы вусы, прыстаў кожны дзень красаваўся ў гарадку. Чорны. Верхам едзе паніч, перад любай красуецца. Лужанін.

5. перан. Быць у росквіце, паспяхова развівацца. Красуйся на векі вечныя, Палеская зямля, свяціце незгасальныя зоры! Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)