Кайданы́ ’злучаныя ланцугом жалезныя кольцы, якія надзяваюцца на рукі і ногі тых, хто абвінавачваецца ў цяжкіх злачынствах’ (БРС, ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Нас., Яруш.). У гэтай жа форме слова вядома і ў іншых мовах: рус. (паўд. і зах., паводле Даля, смален., СРНГ), укр. кайдани, польск. kajdany. Па сутнасці, бел.-укр. лексема (польск. з укр., гл. Слаўскі, 2, 24, там і літ-pa). Магчыма, аб укр. крыніцы неабходна меркаваць і для бел. слова. Першапачаткова — араб. kajdani — форма парнага ліку ад kajd ’завязка, пута’ (так у Міклашыча, 110). Слова распаўсюджвалася, верагодна, праз цюрк.-тат. пасрэдніцтва. З літаратуры параўн. Бернекер, 1, 469.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абало́на, абалоніна, бальна, бальніна ’знешнія вільготныя слаі дрэва, якія знаходзяцца пад карой’ (Шат., Сцяшк.) абалонка, абалонь ’верхнія слаі драўніны з жывымі яшчэ клеткамі’ (Бяльк., Касп., Яруш.), абалонь ’тс’ (Маш., Янк. I, КЭС), оболона ’тс’ (КСТ), абалонь ’гадавыя кольцы на пні дрэва’, абалоністы ’зроблены з верхніх слаёў дрэва’ (Шат.). Рус. болонь, заболонь (= бел. абалонь), чэш. blána, oblana ’тс’. Іншыя славяне, відаць, гэтага слова не ведаюць. Ці не балтызм? Параўн. літ. bálnis ’ачэсанае ад кары дрэва’ (∼ bálnis ’белы, белая масць’). Семантычная паралель: польск. biel ’абалонь’. Укр. болона, польск. błona, чэш. blána і г. д. у значэнні ’тонкая плеўка’, мабыць, сюды не адносяцца; гл. абалонка. Параўн. балонь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарары́нка ’від клямара, скабы (у коле воза)’ (нясвіж., Нар. словатв.), тарары́лка ’дэталь у возе’ (шарк., Цыхун, вусн. паведамл.). Укр. дыял. тараре́нька, тарари́нька ’жалезны хамуцік, якім змацоўваецца вось, падушка і падвосьнікі ў возе; хамуцік на восі воза, які не дае змазцы пыліцца і выцякаць’, палес. тарари́нка, тари́нок, три́нка, трайри́нок ’жалезнае колца, што злучае вось з навосьнікам і насадам’, таралі́нка ’ўнутраная гайка восі’ (Нікан., Трансп.), польск. дыял. trarynkiкольцы, якімі насад у возе мацуецца да восі’. Слова нямецкага паходжання, параўн. н.-ням. Teerring ’дзягцярнае кола’, старое ’дзягцярнае кола на восі воза’ складаецца з Teer ’дзёгаць, смала’ і Ring ’круг; кола’ (ЕСУМ, 5, 520). Гл. таксама тарадынка, тардынка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ву́сы, ‑оў; адз. вус, ‑а, м.

1. Валасяное покрыва над верхняй губою (у мужчын). Дзед Мірон закурвае люльку і з-пад парыжэлых вусоў выпускае кольцы дыму. Даніленка.

2. Шчаціністыя валасы па баках верхняй губы ў некаторых жывёл.

3. Тое, што і вусікі (у 2 знач.).

4. Тое, што і вусікі (у 3 знач.).

•••

Кітовы вус — гнуткія, пругкія рагавыя пласціны на верхняй сківіцы кіта, якія выкарыстоўваюцца для дробных вырабаў: карсетаў, шчотак і пад.

І ў вус (сабе) не дзьме гл. дзьмуць.

Матаць (сабе) на вус гл. матаць ​1.

Пасмейвацца ў вусы гл. пасмейвацца.

Самі з вусамі гл. сам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фо́рма, ‑ы, ж.

1. Знешні контур, вонкавы выгляд, знешняе аблічча прадмета. У форме шара. □ Пры .. дарозе ляжаў у полі вялікі, як гара, камень дзіўнай формы. Чорны. Найбольш, падыходзяць для зімовай вуды маленькія паплаўкі кроплепадобнай або прадаўгаватай формы. Матрунёнак. З каморы.. [Аксіння] выносіла больш ёмістыя пакункі. І па іх форме, аб’ёму лёгка было здагадацца, што гэта былі кавалкі адборнага сала або кольцы кілбас. Ракітны. Паволі набліжаючыся, хмара бясконца мяняла сваю форму і адценне. Ваданосаў. // толькі мн. (фо́рмы, форм). Абрысы, контуры чалавечага цела, фігуры. [Касцюм] выгадна падкрэсліваў яе танклявы стан і кволыя формы і ў той жа час затушоўваў, хаваў яе падлеткавую цыбатасць і вуглаватасць. Мехаў. // У скульптараў, мастакоў — аб’ёмнасць, контуры прадмета. // звычайна мн. (фо́рмы, форм). Абрысы, выгляд архітэктурных збудаванняў, уласцівых якому‑н. кірунку. Формы архітэктуры гатычнага стылю.

2. Від, тып, спосаб арганізацыі чаго‑н.; структура чаго‑н., абумоўленыя пэўным зместам. Формы праўлення. Формы класавай барацьбы. Формы землеўладання. □ [Андрэй:] «Пара скончыць з аджытымі формамі гаспадарання на вузкіх палосках». Колас. Арэнда і розныя іншыя формы феадальнай і капіталістычнай эксплуатацыі разаралі селяніна, ператваралі яго ў батрака, у наёмнага рабочага. Івашын.

3. Катэгорыя філасофіі — спосаб існавання, унутраная арганізацыя зместу. Адзінства формы і зместу. // У логіцы — структура, спосаб пабудовы думак. Сілагічная форма.

4. Спосаб ажыццяўлення, праяўлення якога‑н. дзеяння. Ніколі гаспадароў шал не дасягаў гэткіх страшэнных форм. Зарэцкі. Гэта была хада ў форме танца. Чорны. // Спосаб, характар выказвання. Салавей зноў вельмі абыходліва, толькі ў другой форме, паўтарыў сваё пытанне. Ермаловіч. [Выказванне Скуратовіча] ў сціслай форме перадае ўсю сутнасць жыццёвай філасофіі кулака. Барсток. // Характар працякання якога‑н. захворвання. Жыццё павольна пакідала маленькае кволае цела, зламанае цяжкай формай дыфтэрыі. Шамякін.

5. Пэўная сістэма мастацкіх сродкаў як спосаб выяўлення зместу твораў мастацтва. Мова і стыль — гэта тыя формы, у якіх паддаецца чытачу думка твора. Чорны. Якуб Колас патрабуе ад беларускіх пісьменнікаў твораў, дзе б мастацкая форма поўнасцю адпавядала высокім ідэям. «Полымя». // Від арганізацыі, пабудовы музычнага, літаратурнага твора. Кніжка [«Дзесяць тыдняў у Злучаных Штатах Амерыкі» І. Новікава] пытаецца з цікавасцю, і гэта лепшае сведчанне, што форма рэпартажу аўтарам была абрана ўдала. «Полымя». // Жанр, разнавіднасць твораў мастацтва. Манументальныя формы ў скульптуры. Апавядальная форма. Форма санаты.

6. Прыстасаванне для надання чаму‑н. пэўных контураў, пэўнага знешняга выгляду; шаблон. Формы для капелюшоў. □ Лука Фаміч звычайна даваў нам абаім форму для вырабу цэглы. Парахневіч. [Глушакоў:] — Не люблю таго хлеба, што пячэцца ў фермах. Мяжэвіч. // У ліцейнай справе — прыстасаванне, куды ўліваюць расплаўлены метал. Разліць метал у формы.

7. У паліграфіі — друкарскі набор, заключаны ў раму, а таксама паверхня з рэльефным адбіткам, прызначаная для друкавання. Лаборная форма.

8. Строга ўстаноўлены парадак у чым‑н. Весці допыт па ўсёй форме. Форма пратакола. Звесткі прадстаўлены не па форме. // Афіцыйная папера, запоўненая або якая павінна быць запоўнена па пэўнаму ўзору. [Сакратар:] — Сакратар факультэцкага бюро скардзіўся, што затрымліваеш звесткі аб паспяховасці. Форму атрымала? Здай... Карпаў. // Прынятая норма звароту, паводзін, манер, абыходжання і пад. — Што з табой, Люда? — спалохана спытаў я, у той час адчуваючы, як лёгка і прыемна прыйшла да мяне гэтая форма звароту «ты» і «Люда». Радкевіч.

9. Знешні выгляд, знешні бок чаго‑н., якія не выяўляюць сутнасці справы і нават супярэчаць унутранаму зместу. Партызаны,.. перабягаючы ад хаты да хаты, стралялі болей для формы. Навуменка. Мы заўжды з нецярплівасцю чакалі.. звароту [маці] са сходу і адразу пыталі: што гаварылі?.. хвалілі ці лаялі? Пра лаянку, папраўдзе, мы запытвалі дзеля формы, бо ў душы лічылі: не павінны б нас лаяць. Лось.

10. Адзінае па колеру, крою і другіх прыметах адзенне для асоб пэўных катэгорый. Парадная форма. Школьная форма. Форма сувораўца. □ Адзін з мужчын быў цывільны, у цыліндры, з маноклем, другі — у форме флоцкага ваеннага афіцэра. Маўр. Па калідоры хадзілі студэнты ў форме з блішчастымі гузікамі. Хведаровіч. Сёння Алесь апрануты па форме: на новай яшчэ гімнасцёрцы блішчаць медалі і ордэн Слава. Брыль.

11. звычайна мн. (фо́рмы, форм). Разнавіднасць жывёльнага або расліннага арганізма, мінерала. Малюскі прэснаводных і наземных форм.

12. У лінгвістыцы — сродак выражэння граматычных катэгорый, узаемаадносін слоў у сказах. Кароткая форма прыметнікаў. Неазначальная форма дзеяслова. Формы множнага ліку назоўнікаў. □ Аднародныя члены не заўсёды маюць аднолькавую граматычную форму. Цікоцкі. // Наогул — выгляд, аблічча, у якім выступае слова. Многія беларускія словы выступаюць і цяпер у сваёй спрадвечнай форме.

13. толькі адз. Стан чалавека, які дазваляе выявіць свае здольнасці, сілы, уменне. Шахматыст у бліскучай спартыўнай форме. // Наогул пра стан здароўя і пад. [Гэля:] — Зойдзем да нас. — Другім разам, — сказаў Бондар. — Сёння не ў форме. Відаць, прастудзіўся. Навуменка.

14. У алгебры — аднародны мнагачлен ад некалькіх пераменных. Лінейная форма. Квадратычная форма.

•••

Малыя формы — віды твораў мастацтва, для якіх характэрны невялікі аб’ём і нескладаная кампазіцыя.

Суплетыўныя формы — формы аднаго слова, утвораныя ад розных асноў.

Формы грамадскай свядомасці — палітычныя, прававыя, рэлігійныя, маральным, мастацкія, філасофскія і іншыя грамадскія ідэі, погляды, уяўленні, што адлюстроўваюць грамадскае быццё.

Формы мыслення — тыпы або спосабы будовы думкі.

Па ўсёй форме — як належыць, як трэба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́зці, лезу, лезеш, лезе; пр. лез, ‑ла; заг. лезь; незак.

1. Хапаючыся рукамі і чапляючыся нагамі, карабкацца, узбірацца, падымацца ўверх або спускацца ўніз. Лезці на дрэва. □ Немцы лезлі ўгару па ўсходах. Чорны. [Яначка] ідзе ў хату, лезе на печ і лажыцца плячыма на чарэнь. Крапіва.

2. Забірацца куды‑н., у што‑н., пранікаць унутр чаго‑н. Андрэй хапае каласнік і зноў лезе ў паравозную кабіну. Васілёнак. Уся белая, лезла ў акно чаромха. Васілевіч. // Паўзком, сагнуўшыся, пранікаць куды‑н., а таксама выбірацца адтуль. Лезці пад стол. Лезці з пограба. □ Адзін за адным [рабочыя] з вялікімі перасцярогамі лезлі пад падлогу. Лынькоў. // Уступаць, улазіць у што‑н.; забірацца. [Мірон:] — Эх, не хочацца зноў лезці ў сцюдзёную ваду! Маўр. [Тата] збірае грыбы і ўсё лезе туды, дзе густа стаяць калючыя ёлачкі. Брыль. // Глыбока апускацца, ўлазіць у што‑н. мяккае; грузнуць. Ногі [быкоў] у зямлю лезуць. Колас. Мох прарваўшы, коні капытамі Лезлі ўсё глыбей у глей густы. Бялевіч. // Пранікаць куды‑н. Дым з камінка лезе ў вочы. Колас. З балот хмарамі плылі камары і надакучліва лезлі ў вочы, вушы, упіваліся ў лоб, абсядалі рукі. Новікаў. // перан. Пранікаючы, назойліва дакучаць (пра гук, пах і пад.). Акрамя шуму ветру, больш нічога не лезла ў вушы. Дамашэвіч.

3. Пранікаць, уваходзіць куды‑н. тайком, крадучыся (з мэтай грабяжу, забойства). Усю ноч [Койферу] трызнілася, што хтосьці паўзе да дома, рэжа вартавых і лезе праз акно да яго. Шамякін.

4. Забірацца рукой унутр чаго‑н. Лезці за пазуху. Лезці ў кішэню.

5. (звычайна з адмоўем). Уваходзіць, змяшчацца. Грэбень не лезе ў валасы. Шафа не лезе ў дзверы. Кнігі не лезуць у партфель. // Надзявацца, быць якраз (пра абутак, адзенне). Чаравік не лезе на нагу. □ Рука гарэла, як у агні, набухала, не лезла ў рукаў сарочкі. Лынькоў. Абяцаная шапка на вушы не лезе. Прыказка.

6. Прабівацца, выбівацца наверх. Глядзелі мы, як з моху лезе За грыбам грыб у летні час. Бялевіч. У гародчыку пад акном лезуць з-пад прызбы зялёныя парастачкі дзікай вяргіні. Пташнікаў. // перан. Настойліва ўзнікаць, з’яўляцца (пра думкі, пачуцці і пад.). Лезла ў грудзі крыўда, Матчын стогн і крык. Бядуля. Баязліваму страх у вочы лезе. Прымаўка.

7. Насоўвацца, налазіць. З грукатам і звонам адна на адну лезлі цыстэрны. Федасеенка. [Вецер] сагнаў хмары ў адно месца, і яны лезлі адна на адну, ачышчаючы неба. Чорны. // Спускацца, спаўзаць, дрэнна трымацца. [Хлапчук] вёў за сабой старога, выглядаючы дарогу з-пад шапкі-кучомкі, што лезла на вочы. Ракітны. / Пра валасы, кудзеркі. Чорныя кольцы валасоў растрапаліся, прыліпалі да лба, лезлі ў вочы. Васілевіч.

8. перан. Разм. Настойліва ісці, праходзіць, пранікаць куды‑н., нягледзячы на забарону, перашкоды, цяжкасці. Дзянікінцы лезлі назойліва, лезлі ўпарта, як раненыя драпежныя звяры, і нічога не магло іх стрымаць, бо тая пазіцыя, якую займалі чырвоныя, была незвычайна важная. Колас. // Імкнуцца прыняць удзел, умяшацца (у бой, бойку, сварку і пад.). Лезці ў спрэчку. □ Меў .. [Кулага] гонар ці быў такі сарамлівы, але ў гутарку ніколі не лез, а ўсё толькі слухаў. Шахавец. // Неадабр. Умешвацца (у чыё‑н. жыццё, чужыя справы і пад.). [Шмульке:] — Ты слесар, Бруно, там твая і работа. У другое не ўмешвайся, не лезь, не заўважай. Лынькоў. — Не лезь не ў свой клопат, — скрывіўся Сева і .. сціснуў кулакі. Карпаў. // Настойліва, назойліва звяртацца з чым‑н. да каго‑н., прыставаць, дакучаць. [Саламон:] — Перастань! Не лезь з глупствам! Бядуля.

9. Разм. Імкнуцца стаць, зрабіцца кім‑н., заняць больш высокае становішча, пасаду. Лезці ў начальнікі. □ Я — салдат, радавы і ў страі і ў паэзіі. Да высокіх пасад не імкнуся, не лезу я. А. Вольскі.

10. Выпадаць (пра валасы, поўсць). Валасы лезуць.

11. Разм. Распаўзацца, рвацца (пра тканіну, скуру і пад.). Сукенка лезла па швах.

•••

Аж вочы на лоб лезуць гл. вока.

З горла лезе (валіцца, прэ) — мець вельмі многа чаго‑н. Пільнуй панскае дабро, а ў князя Радзівіла яно і так з горла лезла, не вартуючы. Лужанін.

Кусок (кавалак) у горла не лезе гл. кусок.

Лезці к чорту ў зубы — рашацца на што‑н. небяспечнае для жыцця.

Лезці (перціся) на ражон — рабіць што‑н. рызыкоўнае, загадзя асуджанае на няўдачу.

Лезці на сцяну — моцна раздражняцца, злавацца.

Лезці не ў сваё карыта — умешвацца не ў свае справы.

Лезці пад рукі каму — перашкаджаць каму‑н. працаваць, займацца чым‑н.

Лезці (вылузвацца) са скуры — старацца з усіх сіл.

Лезці сляпіцаю (асою) у вочы — назойліва прыставаць; дакучаць. Была, толькі адна бяда — машкара. І ўдзень і ўночы стаяла яна над галавою, лезла сляпіцай у вочы... Капыловіч.

Лезці ў бутэльку — раздражняцца, злавацца на каго‑н. (часта беспадстаўна).

Лезці ў бяду — апынацца ў цяжкім, крытычным становішчы.

Лезці ў вочы — а) старацца быць увесь час на віду, назойліва тырчаць перад вачыма; б) быць асабліва прыкметным, кідацца ў вочы. У .. [Мікуця] усё замітусілася ў ваччу, і ён толькі ўвесь час, пакуль хадзілі па ўсіх прамысловых, індустрыяльных і тэхнічных павільёнах выстаўкі, без плана і сістэмы азіраўся на ўсё адразу, што лезла ў вочы навокал яго. Чорны; в) назаляць чым‑н. [Сухалета:] — Што ты мне з гэтым мяшком у вочы лезеш? Вітка.

Лезці ў галаву — неадчэпна з’яўляцца ў памяці.

Лезці ў душу чыю — умешвацца ў чые‑н. асабістыя справы, пачуцці, перажыванні.

Лезці ў пятлю (вяроўку) — рызыкаваць жыццём; шукаць на сябе згубы.

На вочы лезці — імкнуцца быць заўсёды на віду.

Не лезе ў галаву — тое, што і не ідзе ў галаву (гл. ісці).

Не лезці ні ў якія вароты — быць ні на што не падобным.

Пішчом лезці — намагацца з усяе сілы, магчымасці.

У горла (у рот) не лезе што — няма ніякага жадання з’есці што‑н.

Хоць у пятлю лезь — аб пачуцці адчаю, бяссілля ад немагчымасці што‑н. зрабіць, каб выйсці з цяжкага становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)