сінаго́га, ‑і, ДМ ‑гозе, ж.
Яўрэйскі малітоўны дом. Мала хто з яўрэяў разумеў словы, якія гаварыў [Моська] богу ў сінагозе ці дома. Корбан. Тут [у мястэчку] ёсць цагляная лазня, царква св. Магдалены, два млыны, дзве школы, сінагога, касцёл і камяніца Базыля Трайчанскага. Колас.
[Ад грэч. synagōgē — сход.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
франто́н, ‑а, м.
Трохвугольная або цыркульная верхняя частка фасада будынка, абмежаваная схіламі даху і карнізам. Сярэдзіна сяла. Стары высокі касцёл даўняй архітэктуры, з франтонам, без ніякіх купалоў. Пестрак. Дом у Салаўя на местачковы манер: абшаляваныя дошкамі сцены, зялёныя аканіцы, франтон з акенцам. Навуменка.
[Фр. fronton.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бязбо́жнік, ‑а, м.
1. Чалавек, які не прызнае, адмаўляе бога, не верыць у яго існаванне; атэіст. Казалі, што.. [Ян] бязродны і бязбожнік. Не ходзіць у касцёл. Пестрак.
2. Уст., лаянк., пагард. Пра несумленнага, нахабнага чалавека. [Павал:] — Хоць ты і бацюшка, але я не пабаюся сказаць табе ў вочы — бязбожнік ты, мяцежнік. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
езуі́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да езуіта (у 1 знач.), езуітаў. Езуіцкі касцёл. □ Косю перавялі вучыцца ў езуіцкую жаночую гімназію. Карпюк.
2. перан. Хітры, крывадушны, вераломны. [Янка Рыбалтовіч] чытаў, маліўся над магілкамі сваіх дзядоў па-лацінску, з езуіцкай лісінай пакорай хадзіў па вёсках, носячы людзям «збаўленне ад бязбожнага камунізма...» Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пара́фія, ‑і, ж.
1. Акруга, тэрыторыя, якая адносіцца да аднаго касцёла і падпарадкоўваецца аднаму ксяндзу; прыход. Касцёл хоць быў і вялікі, але ўласнай парафіі не меў і лічыўся капліцай. Чарнышэвіч.
2. перан. Тэрыторыя, якая знаходзіцца ў чыім‑н. уладанні, падпарадкоўваецца каму‑н. [Леўчык:] — Паедзем усюды. У нас у запасе вунь колькі часу. Усюды з’ездзім, усю вашу лясную парафію агледзім. Сабаленка.
[Лац. parachia ад грэч. paroikia — тое, што можна аб’ехаць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Кальва́рыя ’гара, на якой стаяў ці стаіць касцёл, а таксама многа капліц вакол яе’ (вілен., мін., Яшк.), ’могілкі’ (мін., Яшк.). Слова, відаць, з польскага перыферыйнага дыялекта, у беларускай мове, як паказваюць крыніцы, распаўсюджання не атрымала. Польск. kalwaria ’цыкл малюнкаў або іншых вобразатвораў, якія адлюстроўваюць розныя сцэны мукі Хрыста; месца, дзе яны размешчаны’ з лац. calvāria, (Calvariae locus) назва гары. на якой Ісус Хрыстос быў пакараны на крыжы, а лац. да арамей. gulgoltā (Golgothē — Галгофа); суадносіцца з calva, calvus ’чэрап’, адносна семантыкі параўн. прыклад Дарашэўскага, 3, 484: Lysa Góra.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
царква́, ‑ы; мн. цэрквы, ‑аў; ж.
1. Рэлігійнае аб’яднанне духавенства і веруючых на аснове агульнасці веры, вучэння і абрадаў набажэнства. Праваслаўная царква. Каталіцкая царква. Будыйская царква. □ Царква ў Расіі была неад’емнай часткай дзяржавы, адным з яе ведамстваў. «Звязда».
2. Будынак, у якім адбываецца праваслаўнае набажэнства. [Надзя:] А куды вы цяпер маліцца хадзіць будзеце: у царкву ці ў касцёл? Козел.
•••
Евангелічная царква — агульная назва рада пратэстанцкіх (галоўным чынам лютэранскіх) цэркваў.
Адлучыць ад царквы гл. адлучыць.
Адлучэнне ад царквы гл. адлучэнне.
[Ад грэч. kyriakē літаральна — божы дом.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нацкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго на каго-што, з дадан. сказам і без дап.
1. Падахвоціць сабак да нападу на каго‑н. Нацкаваць зграю сабак на воўка. □ — Ты чаго? — прыўстаў Юрка. — На мяне Сцёпа Палкана нацкаваў... — усхліпваючы, прашаптаў Рыгорка. — Ледзь не парваў мяне... Курто.
2. перан. Разм. Падбухторыць да якіх‑н. варожых дзеянняў супроць каго‑н. Пан староста Наўроцкі, вядома, не ўспомніў, што нядаўна ксяндзы нацкавалі асаднікаў і мясцовую шляхту, каб адабраць царкву пад касцёл у адной вёсцы. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
то́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.
Хадзьбой, яздой пракладваць (дарогу, шлях і пад.). А прыгледзішся — і выходзіць: сцежка тая не сцежка, а дарога, бо торыць і брукуе яе народ. Лужанін. Кожны па-свойму ўмудраўся, лаўчыўся. Кожны торыў дарогу з лесу да свайго гумна. Бядуля. // перан. Пракладваць шлях у жыццё, у будучыню. Самі мы шляхі наперад торым. Лойка. Вашы продкі і вы з цемры торылі шлях, Ад якога цяпер больш дарог у жыццё, Чым на небе святых. Занядбаў я касцёл. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напамі́нак, ‑нку, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. напомніць. Зрабіць без напамінку. Падзякаваць за напамінак. Не чакаць напамінку.
2. Паведамленне, зварот, якія напамінаюць аб чым‑н. Прыйсці пасля другога напамінку. Атрымаць напамінак. □ Гэта быў напамінак, дакор самому сабе: дзе б ты ні быў, як бы сябе не адчуваў — пішы! Лужанін. // Прадметы, словы і пад., якія напамінаюць аб чым‑н. Толькі касцёл застаўся, як напамінак аб страшным мінулым. Чарнышэвіч. З-пад ложкаў відаць чамаданы, як напамінак аб тым, што гаспадары не асабліва могуць разлічваць на гэты пакой. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)