Сухадрэ́ўка, сухадрэ́ўца ’бружмель, Lonicera xylosteum L.’ (Кіс., Расл. св.). Да сухі (паводле ўласцівасцей драўніны) і дрэва (гл.); параўн. сухадрэ́віна ’засохлае на карані дрэва’ (ТСБМ), іншую зафіксаваную назву расліны дрэва сухое (гродз., Кіс.) у якасці батанічнага тэрміна з польск. suchodrzewka, suche drzewko ’бружмель’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

карана́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае тоўстыя, моцныя карані. [Петрык] недалёка перад сабой убачыў самы сапраўдны дуб — каранасты, разгалісты, з рэдкім пажоўклым лісцем на магутнай кране... Якімовіч.

2. Невысокі, шыракаплечы, моцнага целаскладу; каржакаваты. Віка падумала, што ён прыгожы, іх бацька: сярэдняга росту, каранасты, у генеральскім мундзіры, які вельмі яму да твару. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Раскарані́цца ’абзавесціся сям’ёй’ (Сл. ПЗБ). Відаць, ад карані́цца ’разрастацца, укараняцца’, параўн. ст.-бел. корень, якое акрамя значэння ’корань’, мела таксама значэнне ’племя, род’ (Ст.-бел. лексікон). Важна адзначыць, што роднасная форма літ. *keróti значыць не толькі ’пускаць карані’, але і ’разрастацца ўшыркі’, ’выпускаць новыя галіны (пра наземную частку дрэва, куста)’. Гл. ко́рань.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ко́рань, -я, мн. карані́, каранёў, м.

1. Падземная частка расліны, пры дапамозе якой яна замацоўваецца ў зямлі і атрымлівае пажыўныя рэчывы.

Выкапаць куст з коранем.

2. Частка зуба, ногця, воласа і пад., якая знаходзіцца ў целе.

К. зуба.

3. перан. Пачатак, аснова чаго-н.

К. зла.

4. У граматыцы: асноўная частка слова без суфікса і прыстаўкі.

Правільна вызначыць к. слова.

5. У матэматыцы: лік, які пры ўзвядзенні ў пэўную ступень дае дадзены лік.

Квадратны к.

Здабыць к.

Глядзець у корань (разм.) — унікаць у сутнасць якой-н. справы.

Вырваць з коранем — канчаткова пазбавіцца ад чаго-н.

На корані — пра расліны: не зжаты, не скошаны.

Пад корань

1) ля самай асновы (ссякаць, зразаць што-н.).

Высякаць кусты пад корань;

2) канчаткова (разбураць, знішчаць).

Пусціць карані — трывала, надоўга абаснавацца дзе-н.

У корані

1) зусім, абсалютна (не згаджацца з чым-н.);

2) у самай аснове, карэнным чынам (змяняць і пад.).

У корані змянілася жыццё.

|| памянш. карэ́ньчык, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 і 2 знач.).

|| прым. каранёвы, -ая, -ае (да 1, 2 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

вузлава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вузлы. Пастушок бег па вуліцы і паляскваў вузлаватаю пугаю. Чорны.

2. Які мае патаўшчэнні, бугры, наросты. Вузлаватыя вены. Вузлаватыя карані. Вузлаватыя пальцы. □ Каля іх [танкаў] паўкругам высіліся каржакаватыя дубы, раскінуўшы ўгары вузлаватае галлё. Мележ.

3. перан. Заблытаны, складаны. — Не хачу я, каб ты ішоў па маёй вузлаватай сцежцы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́рці, пру, прэш, прэ; пром, праце́, пруць; пёр, пе́рла; пры; незак. (разм.).

1. Ісці, рухацца.

Прэ пасярэдзіне дарогі.

2. Ісці, рухацца куды-н., не лічачыся з перашкодамі, з забаронай.

Куды прэш напралом!

3. каго-што. Гнаць, выганяць.

П. чужога сабаку з двара.

4. каго-што. Валачы (што-н. цяжкае, грувасткае).

П. мяшок бульбы.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). 3 сілай выходзіць вон, праяўляцца.

Карані пруць з зямлі.

Злосць з яго так і прэ.

6. што. Прагна есці.

Прэ як не ў сябе.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

спрэс, прысл.

Поўнасцю, цалкам; зусім. Аднекуль навалакліся хмары — спрэс зацягнулі неба. Сабаленка. За ноч наваліла столькі снегу, што нідзе не было ні сцежкі, ні дарогі, спрэс цалік. Чарнышэвіч. [Колас:] — Я думаю пра Аляксандра Грына. Яго летуценнікі.. — гэта ўжо нешта спрэс новае. Лужанін. // Скрозь, усюды; цалкам. Карані спрэс павыпіналіся з зямлі цэлымі вузламі. Сачанка. Рудымі жалудамі была засыпана спрэс уся зямля. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́рань, ‑я; мн. карані, ‑ёў; м.

1. Падземная частка расліны, пры дапамозе якой яна замацоўваецца ў зямлі і атрымлівае пажыўныя рэчывы. Галіністы корань. Вырваць дрэва з коранем. □ У глыб зямлі ўвайшлі Карані яго. Крэпка дуб стаіць, Не варушыцца! Колас. // Драўніна або рэчыва гэтай часткі расліны. Дзед кадраў у бары сасновых каранёў і пачаў плесці кош. Якімовіч. // Сцябло тытуню, з якога прыгатаўляюць махорку ​2. Пакрышыць корань. □ Дубовік зноў набіваў піпку, трушчачы ў потнай і цвёрдай руцэ карані самасаду. Сіўцоў.

2. Частка зуба, ногця, воласа і пад., якая знаходзіцца ў целе. Корань зуба. // Месца злучэння органа з целам. Корань языка.

3. перан. Пачатак, аснова, крыніца чаго‑н. Корань зла. Корань недахопаў. // Разм. Род, пачатак пакалення. — Няхай жа гарыць, выгарае [панскі палац], каб і кораня панскага не засталося... Лынькоў.

4. Асноўная частка слова (без суфікса і прыстаўкі), якая далей не раскладваецца на значымыя састаўныя часткі.

5. Матэматычная велічыня, якая пры ўзвядзенні яе ў пэўную ступень дае даны лік. Здабыць корань. Квадраты корань.

•••

Фіялкавы корань — карнявішча некаторых відаў касачоў, у склад якіх уваходзіць эфірнае масла.

Вырваць з коранем гл. вырваць.

Глядзець у корань гл. глядзець.

Корань жыцця — адна з назваў жэньшэня.

На корані — не зжаты, не скошаны (пра траву, злакі).

Пад корань — а) ля самай асновы (ссякаць, зразаць што‑н.). Высякаць лазу пад корань; б) зусім, канчаткова (разбураць, падрываць і пад.). Развіццё чыста капіталістычнай наёмнай работы падрывае пад корань сістэму адработкаў. Ленін; в) усіх пагалоўна, нікога не пакідаючы (нішчыць, забіваць і пад.).

Пусціць карані гл. пусціць.

У корані — а) абсалютна, зусім (не згаджацца з чым‑н.). — Не так, Мацвей Пятровіч. У корані не так. Ракітны; б) у самай аснове, карэнным чынам (змяняць і пад.). У выніку перамогі сацыялізма ў корані змянілася аблічча народнай гаспадаркі нашай краіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рады́ска, ‑і, ДМ ‑дысцы; Р мн. ‑дысак; ж.

1. Аднагадовая агародная скараспелая караняплодная расліна сямейства крыжакветных.

2. зб. Невялікія ядомыя круглыя або падоўжаныя карані гэтай расліны з белай або чырванаватай мякаццю і чырвонай скуркай. Нарваць радыскі. □ [Гануля] ішла з гарода і несла ў кошыку маладзенькую радыску. Чарнышэвіч.

3. Асобны караняплод гэтай расліны. Пакаштаваўшы радыску, вырваную прама з градкі, Рыгор зазірнуў за амшанік. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плаву́шка1 ’казялец вадзяны, Ranunculus aquatilis L.’ (дзятл., Сцмшк. МГ; Кіс.), ’раска, Lemna minor L.’ (кобр., саліг., ЛА, 1), плаву́чкси паплаву́шка, паплаву́ха, пуплавепь ’тс’ (Расл. св.). Да плаву́ха, якое з плаваць (гл.): гэтыя расліны рассцілаюцца (“плаваюць”) па вадзе ці ў вадзе (карані), як у рус. калуж. плаву́шник ’вадаперыца, Hottonia palustris L.’.

Плаву́шка2 насеннік дзеразы’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Да плыць, плысці (гл.). Матывацыя: пылок дзеразы -’выплывае” (- ’высыпаецца, выпаўзае’) з насенніка. Параўн. драг. просо плывэ, выплыла ’высыпаецца, высыпалася з мяцёлкі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)