*Ачэ́пка, очы́пка ’чэпчык’ (Шпіл. Моз.), очыпочкакаптур, чэпчык’ (стол., Дзіц. фальк., 596), укр. очіпок ’галаўны ўбор замужняй жанчыны накшталт чэпчыка’, рус. оче́пок, очи́пок ’від жаночай шапачкі’, польск. oczepek ’від жаночай шапачкі, ужыванай пры ачэпінах’, чэш. očepek ’шапачка, дэталь у цэпе’. Утворана ад ачапі́ць (очэпіць) ’надзець, накласці зверху, павесіць’, гл. чапа́ць; адносіны да польск. і чэш. слоў застаюцца няяснымі; параўн. Фасмер, 3, 178, які выводзіць рус. і ўкр. формы ад чепец.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́пар1, капёр ’металічная або драўляная канструкцыя (козлы) для забівання паляў’ (ТСБМ, Сцяшк., Федар. Рук.; КЭС, лаг.), лельч. ка́пар, ка́пор ’вага ў студні з жураўлём’ (Нар. сл., ДАБМ). Рус. копёр, капер, укр. копе́р, ка́пар, польск. kafar. Мяркуюць, што гэта запазычанне з ням. Käpfer ’галоўка бруса’, з с.-н.-ням. kepere ці з гал. keper (Фасмер, 2, 318; Шанскі, 2 (К), 303–304). Аб запазычанні ст.-бел. капаръ, капоръ са ст.-польск. kafar гл. Булыка, Запаз., 139, і Корчыц, Дасл. (Гродна), 31. Гл. таксама ЕСУМ, 2, 407 і 566.

Ка́пар2 ’дзіцячая або жаночая цёплая шапка прамавугольнага пакрою з завязкамі пад падбародкам’ (ТСБМ, Інстр. I; полац. ДАБМ), капе́р (докш., ДАБМ). Рус. ка́пар, ка́пор і роднасныя: укр. капа, ст.-польск. kapa ’спецыяльнае прыстасаванне для закрывання галавы ад укусаў пчол’, в.-луж. kapa, khapa ’чапец, каптур’, славен. kápa ’пакрыццё галавы’, серб.-харв. ка̏па ’від шапкі’, балг. капа ’шапка’. Лексема капар запазычана з гал. kaper ’шапка’ < гал. kap, якое з італ. capparo, capero < познелац. cappa ’накрыццё галавы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)