дзяржа́ва, ‑ы, ж.
1. Палітычная арганізацыя пануючага класа краіны для захавання існуючага парадку і падаўлення супраціўлення іншых класаў, а таксама краіна з такой палітычнай арганізацыяй. Феадальная дзяржава. Імперыялістычная дзяржава. □ Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік ёсць сацыялістычная агульнанародная дзяржава, якая выражае волю і інтарэсы рабочых, сялян і інтэлігенцыі, працоўных усіх нацый і народнасцей краіны. Канстытуцыя СССР. Рабочы клас — нязломны волат: Усемагутнаю рукой Ён адкаваў і серп, і молат У Герб дзяржавы маладой. Бялевіч.
2. Гіст. Эмблема ўлады манарха ў выглядзе шара з каронай або крыжам наверсе. На шыльдзе ў камендатуры сядзеў чорны арол. І хоць не раўня ён быў колішняму царскаму арлу са скіпетрам і дзяржавай, але ўсё ж арол. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самадзе́йнасць, ‑і, ж.
1. Праяўленне асабістага пачыну, ініцыятывы ў якой‑н. справе; актыўная самастойная дзейнасць. Сваю шматгранную культурна-асветную работу прафсаюзныя арганізацыі фабрык і заводаў рэспублікі наладжвалі на аснове самадзейнасці і актыўнасці шырокіх працоўных мас. «Весці». // Творчыя адносіны, самастойны падыход да справы. У адпаведнасці з мэтамі камуністычнага будаўніцтва грамадзяне СССР маюць права аб’ядноўвацца ў грамадскія арганізацыі, якія садзейнічаюць развіццю палітычнай актыўнасці і самадзейнасці, задавальненню іх разнастайных інтарэсаў. Канстытуцыя СССР. // Разм. іран. Самаініцыятыва, якая не ўвязваецца з арганізаванымі мерапрыемствамі. [Андрыюк:] — [Медыкаменты] я маю магчымасць даставаць... Але трэба грошы і сталая сувязь. Прадуманая арганізацыя, а не самадзейнасць. Навуменка.
2. Творчасць (музычна-харавая, тэатральная, харэаграфічная) народных мас, для якіх мастацтва не з’яўляецца прафесіяй. Мастацкая самадзейнасць. // Разм. Удзельнікі самадзейнага мастацтва. Прыехала самадзейнасць. Спяваць будзе самадзейнасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэрыто́рыя, ‑і, ж.
Зямельная прастора з пэўнымі межамі. Тэрыторыя дзяржавы. Тэрыторыя калгаса. Тэрыторыя завода. □ Тэрыторыя Беларускай ССР не можа быць зменена без яе згоды. Граніцы паміж Беларускай ССР і іншымі саюзнымі рэспублікамі могуць зменьвацца па ўзаемнаму пагадненню адпаведных рэспублік, якое падлягае зацвярджэнню Саюзам ССР. Канстытуцыя БССР. // Частка якой‑н. краіны (вобласць, раён і пад.). Уражаны і здзіўлены Пракоп запыніўся, ступіўшы на тэрыторыю пасёлка, бегла акінуў поглядам калгасны двор і будынкі. Колас. Праз хвіліну бензасклад узарваўся са страшэннай сілай, раскідаўшы полымя па ўсёй тэрыторыі станцыі — на будынкі, вагоны, склады. Шамякін. На тэрыторыі Сіпаковага староства адбываліся вельмі часта розныя непажаданыя здарэнні. Лынькоў. // Вобласць пашырэння, распаўсюджання якіх‑н. з’яў. Ізаглосы .. перасякаюць .. моўную тэрыторыю ў розных напрамках, што дазваляе выдзеліць больш дробныя падгрупы ў складзе паўднёвазаходніх гаворак. Мацкевіч.
[Лац. territorium.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саве́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да Савета (у 1 знач.), заснаваны на кіраванні Саветамі як органамі дзяржаўнай улады. Савецкая ўлада. Савецкая дзяржава. Савецкая краіна. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Савецкі апарат.
2. Які мае адносіны да Краіны Саветаў, да СССР, належыць Краіне Саветаў. Савецкая канстытуцыя. Савецкі ўрад. Савецкая навука. Савецкая Армія. Савецкая літаратура. Савецкае студэнцтва. // Здабыты, зроблены, ажыццёўлены ў Краіне Саветаў. Савецкія аўтамабілі. Савецкія трактары. □ Прывітанне, Зямля! З касмастанцыі Першай Савецкай! Гілевіч. // Уласцівы Краіне Саветаў. Савецкая дэмакратыя. Савецкая законнасць. □ Работа рэдакцыі абумоўлена святымі прынцыпамі нашага савецкага друку — выступаць толькі з праўдай. Ракітны. // Уласцівы народу Краіны Саветаў. Савецкая ідэалогія. Савецкі патрыятызм. Савецкі быт. Савецкі ўклад жыцця. □ [Страмілін:] Ну, жадаю вам жыць у згодзе і любві ды збудаваць моцную савецкую сям’ю. Крапіва.
•••
Герой Савецкага Саюза гл. герой.
Савецкая гвардыя гл. гвардыя.
Савецкая сацыялістычная рэспубліка гл. рэспубліка.
Савецкі народ гл. народ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыту́лак, ‑лку, м.
1. Месца, дзе можна схавацца ад каго‑, чаго‑н., адпачыць, прабыць патрэбны час. Амаль кожная кватэра давала прытулак двум, тром ці нават чатыром сем’ям. Мележ. Сафрон Дзядзюля .. цёрся каля бежанскай фурманкі, пакуль высокі гаспадар яе хадзіў па хатах і апытваў прытулку. Чорны.
2. У дарэвалюцыйнай Расіі — дабрачынная ўстанова для сірот, беспрытульных дзяцей, старых і інш. Камітэт па справах бежанцаў змясціў хворую ў бальніцу, а сямігадовую Галіну накіраваў з партыяй дзяцей у адзін з дзіцячых прытулкаў Мінска. Галавач. Прыйшлі людзі, пагаравалі і, гледзячы на сірот, сказалі: — Куды іх цяпер? Застаецца адно — у прытулак. Данілевіч.
3. Права бяспечнага пражывання, што дае якая‑н. дзяржава іншаземным грамадзянам, якіх праследуюць улады іншых краін. Беларуская ССР дае права на прытулак іншаземцам, якія праследуюцца за абарону інтарэсаў працоўных і справы міру, за ўдзел у рэвалюцыйным і нацыянальна-вызваленчым руху, за прагрэсіўную грамадска-палітычную, навуковую або іншую творчую дзейнасць. Канстытуцыя БССР.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зако́н, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а. Абавязковае для ўсіх правіла, устаноўленае вышэйшым органам дзяржаўнай улады, якое мае найвышэйшую юрыдычную сілу. Канстытуцыя — асноўны закон Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Кодэкс законаў аб працы. Рабіць усё па закону.
2. ‑у. Наказ, загад, які з’яўляецца неаспрэчным, абавязковым для каго‑н. Загад камандзіра — закон для падначаленых.
3. ‑у. Агульнапрынятае правіла грамадскіх паводзін; звычай. Закон гасціннасць Законы сяброўства.
4. звычайна мн. (зако́ны, ‑аў). Асноўныя палажэнні ў якой‑н. справе, абумоўленыя яе сутнасцю. Законы правапісу. Законы вершаскладання.
5. ‑у. Пастаянная, аб’ектыўна існуючая сувязь паміж з’явамі, якая выцякае з прыроды саміх рэчаў; заканамернасць. Законы развіцця прыроды. Законы класавай барацьбы.
•••
Закон божы — асноўныя палажэнні хрысціянскай рэлігіі, як прадмет выкладання ў дарэвалюцыйнай школе.
Воўчы закон — пра адносіны ў грамадстве, дзе пануе самавольства дужых.
Закон не пісан для каго або каму — пра таго, хто ігнаруе агульнапрынятыя правілы, нормы паводзін.
Па-за законам — у становішчы, калі хто‑, што‑н. не ахоўваецца законам, пазбаўлены заступніцтва з боку дзяржаўных органаў.
Сухі закон — забарона ўжываць алкагольныя напіткі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)